Вы тут

Сямейны выбар


20 кастрычніка войскам сувязі споўнілася 105 гадоў. Унёсак воінаў-сувязістаў у гады Вялікай Айчыннай вайны ўвайшоў у гісторыю як прыклад самаахвярнасці і гераізму. У сённяшніх ваенных спецыялістаў не менш важныя задачы: забяспечыць бесперабойнай якаснай сувяззю войскі як падчас баявой падрыхтоўкі, так і ў перыяд паўсядзённай службы.


Дарэчы, гэта адна з тых воінскіх прафесій, якую з задавальненнем выбіраюць дзяўчаты. Нярэдка ў войсках сувязі маюць працяг афіцэрскія дынастыі, служаць цэлымі сем’ямі. 

У гэтым пераканаліся і карэспандэнты «Звязды», якія днямі наведалі 86-ю брыгаду сувязі.

Забяспечыць сувязь, захаваць тэхніку і падзяліцца вопытам

У гэтай воінскай часці Міхаіл і Дар’я Копылы служаць другі год. Прыйшлі сюды пасля заканчэння ваеннага факультэта БДУІР. Прызнаюцца, што ім вельмі пашанцавала вучыцца і служыць разам. Праўда, за ўвесь службовы дзень яны могуць нават не сустрэцца. Затое разуменне таго, што побач родны чалавек, які заўсёды дапаможа і падтрымае, павышае настрой і, безумоўна, станоўча ўплывае на працаздольнасць.

Міхаіл расказвае, што адразу не планаваў звязаць сваё жыццё з арміяй. Малады чалавек збіраўся паступаць на грамадзянскі факультэт БДУІР, але ў апошні час падаў дакументы на ваенны факультэт на спецыяльнасць «Інфакамунікацыйныя тэхналогіі», аб чым ніколі не пашкадаваў.

Міхаіл родам з Кобрына. З арміяй, увогуле сілавымі структурамі, ніхто з родных не быў звязаны, калі не лічыць тэрміновую службу бацькі. Але сям’я падтрымала выбар сына. Што такое сапраўднае армейскае жыццё, Міхаіл даведаўся ў першы месяц навучання — калі трапіў на пачатковую ваенную падрыхтоўку, якую, дарэчы, праходзіў у брыгадзе, дзе яны цяпер з жонкай служаць.

Чатыры гады ва ўніверсітэце праляцелі вельмі хутка. «Падчас навучання знаёміліся з усёй апаратурай, якая знаходзіцца ў войсках сувязі, таму ўнікаць у працэс непасрэдна на месцы службы не было складана», — кажа малады чалавек.

Міхаіл — начальнік аддзялення каналаўтварэння 86-й брыгады сувязі. Сярод задач, якія ўваходзяць у кампетэнцыю ваеннаслужачага, — забеспячэнне войскаў сувяззю, падтрыманне тэхнікі ў баявым стане, навучанне салдат тэрміновай службы.

«Асноўная задача ваенных сувязістаў — перадача інфармацыі, — звяртае ўвагу Міхаіл Копыл. — У параўнанні з нашымі папярэднікамі, якія ваявалі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, працаваць стала прасцей. Раней было вельмі шмат машын, за кожнай была замацавана канкрэтная задача. Цяпер адна машына замяняе пяць савецкіх. Пры гэтым растуць аб’ёмы інфармацыі, якая перадаецца з дапамогай відэасувязі, беспілотных лятальных апаратаў. Кіраваць усім гэтым нам дазваляе абсалютна новае лічбавае абсталяванне».

Матчын гонар

Са сваім будучым сужэнцам Дар’я пазнаёмілася ва ўніверсітэце: вучыліся ў адным узводзе. Дарэчы, менавіта ў той год, калі яна паступала, на ваенны факультэт БДУІР пачалі набіраць дзяўчат. Хто ведае, ці сустрэліся б калі-небудзь маладыя людзі, калі б не надумалі звязаць сваё жыццё з воінскай службай.

Дар’я родам з Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. На яе жаданне служыць у арміі паўплываў стрыечны брат, які праходзіць службу ва ўнутраных войсках МУС. «Добрая работа, заробак, усё стабільна — гэта як мінімум, я таксама натхнілася і вырашыла паступаць», — расказвае дзяўчына. Сваё рашэнне Дар’я агучыла ў 11 класе. Родныя рашэнне дачкі падтрымалі.

«Было няпроста, — успамінае лейтэнант. — Трэба было прыязджаць у Ваенную акадэмію для здачы нарматываў, праходзіць шырокую медкамісію, псіхалагічныя тэсты. Паколькі я была непаўналетняя, са мной заўсёды была мама. Не ўсё атрымлівалася з першага разу, мама настойвала, каб я не здавалася. Думаю, што цяпер яна ганарыцца мной».

Калі Дар’я вызначылася з будучай прафесіяй, то старанна трэніравалася. Яна ведала, што адзін з крытэрыяў паступлення — добрая фізічная падрыхтоўка. З гэтым падчас навучання праблем акурат не было. Складаней было прызвычайвацца да новага ўкладу жыцця. «Калі дагэтуль жывеш з мамай, а потым трапляеш у асяроддзе з шэрагам абмежаванняў, гэта няпроста, — тлумачыць яна. — Цяпер я вельмі разумею салдат тэрміновай службы».

З апошнімі, дарэчы, Дар’і нярэдка даводзіцца кантактаваць падчас службы. Яна — начальнік апаратнай. У абавязкі ваеннаслужачай уваходзіць забеспячэнне закрытай тэлефоннай сувяззю, а таксама відэа-канферэнц-сувяззю вышэйшага афіцэрскага саставу.

На роўных

Будучыя муж і жонка пазнаёміліся падчас пачатковай ваеннай падрыхтоўкі. Міхаіл прызнаецца, што яго прывабілі смеласць Дар’і, вытрымка, з якой яна праходзіла кожнае выпрабаванне.

«Мы ўсе знаходзіліся ў роўных умовах, таму ніякіх насмешак і непаважлівых адносін да дзяўчат не было, — расказвае афіцэр. — Як кажуць, у арміі няма дзяўчат і жанчын — ёсць ваеннаслужачыя. Гэта сапраўды так. Яны з адказнасцю ставяцца да пастаўленых задач і выконваюць іх не горш за нас, мужчын».

Дар’я прызнаецца, што спачатку не звяртала ўвагі на Міхаіла. Затым, па яе словах, нешта шчоўкнула — і паміж імі ўзнікла штосьці большае, чым проста сяброўства. На трэцім курсе пажаніліся.

У першую чаргу, як з жартам заўважае Міхаіл, афіцыйны шлюб значна аблегчыў ім вучобу. Дапамагалі адно аднаму са складанымі заданнямі, пэўныя задачы нехта з пары вырашаў адразу за дваіх.

Кажуць, што і служыць у адной воінскай часці ім значна лягчэй. «Выручаем адно аднаго, — кажа Дар’я. — Зручна, што аднолькавы распарадак дня, што дабіраемся на службу па адным маршруце. Адначасова заступаем у нарад, у выніку разам адпачываем».

Асаблівым гонарам для маладой сям’і стаў удзел у парадзе з нагоды 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Міхаіл ехаў на тэхніцы, якая везла сцяг брыгады. Дар’я ў складзе жаночай каробкі ішла ў пешым разліку.

«Падрыхтоўка да парада патрабавала шмат сіл, але гэта таго было варта: ганарова, калі на цябе глядзіць уся краіна, — прызнаецца Дар’я Копыл. — На трыбунах знаходзілася мама, таму гонар за сваю краіну адчувала і яна. А я — яшчэ большую адказнасць».

Сям’я ваеннаслужачых цвёрда ўпэўнена ў тым, што калісьці правільна вырашылі быць абаронцамі Айчыны. «Сёння створаны ўсе ўмовы для службы, дзяржава падтрымлівае ваеннаслужачых, але, самае галоўнае, няма больш высакароднай справы, чым насіць афіцэрскія пагоны».

Вераніка КАНЮТА

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Галасаванне: зручна і без эксцэсаў

Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы. 

Грамадства

Прыгажосць ствараем для сябе

Прыгажосць ствараем для сябе

Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна. 

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.