У лютым на Адзіным дні галасавання былі выбраны 40 дэпутатаў Брэсцкага гарадскога Савета 29-га склікання. Саветам утворана пяць пастаянных камісій, у якіх працуюць дэпутаты. Многія народныя выбраннікі з першых дзён вызначыліся актыўнасцю ў сваіх акругах, іншыя плённа працуюць у камісіях. Прайшло крыху больш за паўгода работы ў новым скліканні. Пра некаторыя вынікі першага паўгоддзя, добрыя справы дэпутатаў, праблемы, якія вырашаюцца, сённяшняя наша гутарка са старшынёй Брэсцкага гарадскога Савета Андрэем ФІЛАНОВІЧАМ.
— На нядаўнім выязным семінары Палаты прадстаўнікоў па пытаннях рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў, які праходзіў у Брэсцкай вобласці, згадвалі ў якасці прыкладу надзвычай цікавую грамадзянскую ініцыятыву жыхароў Брэста пад назвай «Здаровы горад». Прапаную пачаць гаворку з расповеду аб тым, як ідзе работа па ажыццяўленні праекта.
— Гэта адна з пяці ініцыятыў, якія выйгралі ў абласным конкурсе, арганізаваным абласной асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў. Спачатку нарадзілася ідэя ўстанавіць у скверы па вуліцы Маскоўскай вулічныя трэнажоры для трэніровак, для падтрымання фізічнай формы людзей усіх узростаў. Ініцыятарам, ідэйным натхняльнікам, а пазней адным з арганізатараў выступіла дэпутат гарадскога Савета Наталля Арцыменя. Пачалі з пошукаў нераўнадушных, зацікаўленых людзей з ліку жыльцоў навакольных дамоў. Апошнія выказалі гатоўнасць фінансава ўдзельнічаць у добрай справе. Па ўмовах конкурсу пэўную частку фінансавання павінны ўзяць на сябе грамадзяне, яшчэ частку — спонсары, астатняе — большая частка грошай — выдзяляецца з бюджэту. Так і сталася ў нашым выпадку. Рашэннем гарвыканкама выканаўцам работ было вызначана прадпрыемства КУП «ЖРЭУ г. Брэста». Усе сродкі сабраны на адным рахунку, днямі падпісаны дагавор на ажыццяўленне работ. Праўда, у сувязі з правядзеннем тэндараў справа закупак крыху зацягнулася, але ж разлічваем, што ў пачатку лістапада будуць праведзены неабходныя закупкі, і арганізацыя пачне падрыхтоўку пляцоўкі пад мантаж абсталявання. Апошняе пастаўшчык абяцае правесці ў сціслыя тэрміны.
Гэта быў першы вопыт падобнай работы. Лічу яго вельмі паказальным для ўсіх. Мы будзем яго абагульняць, расказваць насельніцтву аб тым, што пры мінімальным удзеле кожнага талакой можна зрабіць патрэбную, карысную справу для ўсіх. А ў тым, што вулічныя трэнажоры патрэбныя гараджанам, ніхто не сумняваецца. Там будуць прыстасаванні, якія запатрабаваны, напрыклад, у асяроддзі пенсіянераў. На гэтым ад пачатку рабіўся асаблівы акцэнт. Людзям сярэбранага ўзросту, якія маюць шмат вольнага часу, важна займацца фізічнымі практыкаваннямі на карысць здароўя. А яшчэ гэта будзе пляцоўка для іх камунікацый, для знаёмства, для сумеснага карыснага правядзення часу.
— Такім чынам вырашаецца не толькі задача стымулявання фізічнай актыўнасці гараджан, але і іх усебаковага аздараўлення. Вы лічыце, што пляцоўка здольная паспрыяць дружбе, адзінству суседзяў па вуліцы і двары?
— Вядома. Пералічанага вамі так не хапае. Ці вам казаць, што цяпер у вялікіх гарадах мы жывём і не ведаем суседзяў па пад’ездзе, а то і па лесвічнай пляцоўцы. А на сумесных занятках фізкультурай людзі паглядзяць адно на аднаго, усміхнуцца, а нехта і пазнаёміцца. Гэта важна, а яшчэ там сустрэнуцца грамадзяне розных пакаленняў. Да трэнажораў прыйдуць студэнты, маладыя бацькі з дзеткамі. І галоўнае, на што мы разлічвалі, калі пачыналі праект, —людзі, якія прымалі ўдзел у фінансаванні, будуць беражліва ставіцца да абсталявання, сачыць за парадкам і папярэджваць выпадкі вандалізму, якія на жаль, здараюцца ў нашых гарадах.
Нядаўна я гаварыў аб гэтым на сустрэчы са старшынямі жыллёвых кааператываў, расказваў пра спосаб паляпшэння дваровых тэрыторый на прынцыпах сумеснага фінансавання грамадзян і бюджэту. Магчымасці шырокія, трэба толькі не ленавацца, шукаць ініцыятыўных людзей, як след афармляць праект і паэтапна рухацца па шляху правядзення яго ў жыццё. І яны, старшыні ЖБК, зацікавіліся. Як паказвае вопыт, важна пачаць, а потым і сам парадуешся вынікам работы па добраўпарадкаванні, паляпшэнні, упрыгажэнні тэрыторыі. Часам, дарэчы, і без збору грошай можна многае зрабіць, калі толькі аб’яднаць намаганні многіх людзей.
— Маеце на ўвазе працоўныя акцыі накшталт такой, якая праводзіцца цяпер у лясным масіве паблізу абласной бальніцы?
— Так, гэта вельмі важная і вельмі значная справа, якую за адзін суботнік, нават за месяц альбо два не адужаеш. Але ў нас ёсць вопыт. У цяперашнім складзе гарадскога Савета ёсць дэпутаты, якія працавалі і ў папярэднім скліканні. Яны актыўна ўдзельнічалі ў працоўных акцыях па добраўпарадкаванні, паляпшэнні, я б нават сказаў, аднаўленні парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў. Гэта асаблівае месца для брастаўчан, якія жывуць ва ўсходняй частцы горада. У названым парку гуляюць матулі з каляскамі ўжо некалькі дзесяцігоддзяў. Але паступова парк стаў зарастаць дрэвамі, кустоўем, у асобных месцах ён пачаў нагадваць дзікі лясны масіў. Такія глухія мясціны аблюбавалі асобы не самых узорных паводзін, дзе ладзілі свае «тусоўкі» з выпіўкамі. Такім чынам парк станавіўся не самым прывабным і бяспечным месцам. Некалькі гадоў таму паляпшэнне парку стала справай усяго Маскоўскага раёна, дэпутацкага корпуса, далучыліся многія прадпрыемствы і арганізацыі. Цяпер нават цяжка назваць колькасць суботнікаў, працоўных акцый, праведзеных там. На ўсё пайшоў ладны адрэзак часу, але мы паступова прасеклі, прачысцілі парк, ён стаў праглядацца, зрабіўся светлым, я б сказаў, прыветлівым. За кошт бюджэту там правялі дадатковае добраўпарадкаванне, дабавілі лавак, ліхтароў. І мясціна стала сапраўдным сямейным паркам. Зайдзіце ў любы выхадны дзень, паглядзіце, колькі там сем’яў з дзецьмі гуляе! Малыя кормяць вавёрак, якіх там жыве вельмі многа. Сем’і гуляюць і дыхаюць свежым паветрам. У будныя дні можна сустрэць кампаніі шаноўных пенсіянераў, якія сустракаюцца і абмяркоўваюць свае справы. Нядаўна я зазірнуў у кафэ на цэнтральнай алеі, пацікавіўся, што найлепш прадаецца. Дык яны сказалі, што прадаюць больш за ўсё чаю, кавы, салодкіх вырабаў, хоць у асартыменце ёсць і слабаалкагольныя напоі. Пачутае надзвычай парадавала і стала яшчэ адным сведчаннем, што парк Воінаў-інтэрнацыяналістаў стаў месцам сямейнага адпачынку.
Дык вось па гэтым прынцыпе мы падышлі да работы з лесапаркавым масівам у раёне вуліцы Медыцынскай. Гэты масіў, вобразна кажучы, служыць лёгкімі вялікага медыцынскага гарадка, у склад якога ўваходзіць не толькі абласная клінічная бальніца, але яшчэ і некалькі стацыянарных бальнічных устаноў. У цёплую пару года там гуляюць людзі, якія праходзяць курс лячэння, а свежае паветра, як вядома, спрыяе хутчэйшаму выздараўленню. Ідзём ужо вывераным шляхам. Праводзім працоўныя акцыі, суботнікі, прарэджваем, прачышчаем лясны масіў, каб ён стаў больш прывабным для прагулак. Варта адзначыць, што ў такіх працоўных акцыях актыўнасць праяўляюць маладыя людзі.
— Знаю, што вы ўдзяляеце вялікую ўвагу рабоце з Маладзёжным парламентам. Раскажыце, калі ласка, аб гэтым больш падрабязна.
— Так, у нас ужо сфарміраваны гарадскі маладзёжны парламент, у склад якога ўвайшлі 40 чалавек. Іх, дарэчы, выбіралі больш чым з сотні кандыдатаў. У адрозненне ад некаторых Саветаў, мы не павышалі ўзроставую планку, пакінулі ранейшую — 15 гадоў. Такім чынам, у нашым маладзёжным парламенце ёсць тры школьнікі, некалькі студэнтаў. Але ж асноўны акцэнт зроблены на маладых людзей, якія працуюць. Найперш для таго, каб яны прадстаўлялі інтарэсы маладых працаўнікоў, а мы мелі зваротную сувязь, ведалі, што хвалюе моладзь, што яе цікавіць, чым яна жыве. Важна таксама, каб прадстаўнікі маладога пакалення прымалі актыўны ўдзел у грамадскім жыцці горада і краіны. Нездарма ж у апошняй рэдакцыі Канстытуцыі была ўнесена норма аб тым, што дзяржава садзейнічае ўсебаковаму развіццю асобы, стварае неабходныя ўмовы для яе свабоднага і эфектыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці, рэалізацыі патэнцыялу моладзі ў інтарэсах усяго грамадства.
Цяпер у вялікіх гарадах мы жывём і не ведаем суседзяў па пад’ездзе, а то і па лесвічнай пляцоўцы. А на сумесных занятках фізкультурай людзі паглядзяць адно на аднаго, усміхнуцца, а нехта і пазнаёміцца. Гэта важна, а яшчэ там сустрэнуцца грамадзяне розных пакаленняў. Да трэнажораў прыйдуць студэнты, маладыя бацькі з дзеткамі. І галоўнае, на што мы разлічвалі, калі пачыналі праект, — людзі, якія прымалі ўдзел у фінансаванні, будуць беражліва ставіцца да абсталявання, сачыць за парадкам і папярэджваць выпадкі вандалізму, якія на жаль, здараюцца ў нашых гарадах.
Зусім нядаўна, у кастрычніку, мы правялі першае пасяджэнне Маладзёжнага парламента, на якім былі абраны старшыня, яго намеснікі, склад камісій. А яшчэ рашэннем гарадскога Савета за кожным з членаў маладзёжнага парламента мы замацавалі дэпутата ў якасці настаўніка.Такім чынам, малады чалавек разам са старэйшым таварышам можа ўдзельнічаць у прыёмах грамадзян, у патрыятычных акцыях, гарадскіх мерапрыемствах і атрымліваць пэўны вопыт.
І яшчэ. Нават з першых стасункаў з нашай маладой зменай я заўважыў у іх сапраўдны інтарэс да жыцця горада, яны маюць свой погляд на вырашэнне некаторых задач у плане гарадскога жыцця і, галоўнае, выглядаюць зацікаўленымі, нераўнадушнымі, што, вядома ж, усяляе аптымізм. А мы падзелімся з імі вопытам работы: ад падрыхтоўкі пытання на сесію да правільнага афармлення дэпутацкіх запытаў.
— Дарэчы, як ідзе работа над выкананнем наказаў выбаршчыкаў?
— Усе наказы, якія прагучалі падчас сустрэч нашых дэпутатаў, калі яны яшчэ былі кандыдатамі і сустракаліся з выбаршчыкамі, абагулены і зведзены ў адзін дакумент. Гарадскі Савет трымае гэтыя мерапрыемствы на кантролі. Напрыклад, у раёне новабудоўляў па вуліцы Луцкай падсыпана дарожка ў бок вуліцы Валгаградскай для праходу людзей. Такі наказ атрымала Святлана Шукайла, калі балатавалася ў гарсавет. Вядома, калі будоўля там скончыцца, дарожкі будуць добраўпарадкаваны, але ж людзі там ходзяць і цяпер, калі выбіраюцца на работу, у школу, у магазін. А прайсці, асабліва пасля дажджу, мокрага снегу, становіцца праблемай. Таму пасля належным чынам аформленага дэпутацкага запыту адна з арганізацый атрымала даручэнне, у выніку была праведзена падсыпка дарожкі. Цяпер хадзіць там стала нашмат больш камфортна.
Падчас сустрэч з кандыдатам у дэпутаты Дзмітрыем Прошыным жыхары мікрараёна Дуброўка выказвалі прапановы па паляпшэнні мясціны ў раёне СШ № 33. І вось філіял «Бярэсце-шклоопт» ТАА «Шклоопт», якое ўзначальвае Дзмітрый Прошын, зрабіла сапраўдны падарунак жыхарам названага раёна. Стыльныя дэкаратыўныя лаўкі ў выглядзе літар упрыгожылі былую пустку. Дзякуючы зялёным насаджэнням, арыгінальнай падсветцы ўся кампазіцыя склалася ва ўтульны куток адпачынку.
Пералік можна працягваць. Скажу толькі, што да запытаў дэпутатаў гарадскога Савета ўсе ўстановы і арганізацыі горада ставяцца адказна. Апошняе ўжо ў нашай традыцыі.
— А яшчэ якія добрыя традыцыі мае гарадскі орган прадстаўнічай улады?
— Я б вылучыў традыцыю пераемнасці ў гарсавеце. Дэпутаты мінулых скліканняў не страчваюць сувязь з гарадскім Саветам, цікавяцца жыццём горада. Я, напрыклад, не саромеюся спытаць парады ў свайго папярэдніка Мікалая Васільевіча Красоўскага, а ён з задавальненнем дзеліцца багатым вопытам. І яшчэ адна з нашых традыцый — працаваць у цеснай звязцы з дэпутатамі усіх узроўняў. Літаральна нядаўна разам са старшынёй гарвыканкама Сяргеем Лабадзінскім мы правялі сустрэчу з нашымі парламентарыямі: Валянцінай Пух, Вольгай Сцёпусь, Уладзімірам Баравенкам, Андрэем Крупенькіным. Сустрэча атрымалася даволі канструктыўнай. Акцэнт быў зроблены на пытаннях правапрымяняльнай практыкі і на магчымасці сумесных намаганняў па ўнясенні змяненняў у асобныя законы. Дамовіліся, што ў кожны прыезд парламентарыяў для работы ў акругах будзем актыўна камунікаваць, абменьвацца інфармацыяй, выпрацоўваць планы сумеснай работы. Варта сказаць, што нашы парламентарыі — сапраўдныя патрыёты любімага горада. Скажам, на агульнагарадскім суботніку 19 кастрычніка ўсе яны працавалі разам са сваімі выбаршчыкамі.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота Брэсцкага гарадскога Савета
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.