У вёсцы Зарэчная Слабада Чашніцкага раёна праблемы мясцовых жыхароў дапамагае вырашаць старэйшына Марыя Рабцава. Нягледзячы на паважны ўзрост (а ёй ужо 81 год) жанчына не перастае клапаціцца аб узроўні жыцця вяскоўцаў.
Калі ўзнікаюць пытанні, старэйшына наўпрост тэлефануе старшыні Празямлянскага сельвыканкама Мікалаю Яроху. Ён заўсёды на сувязі і ніколі не адмовіць. Кажа, што Марыя Рабцава — самая актыўная са старэйшын. Уся грамадская тэрыторыя Зарэчнай Слабады, дзе налічваецца 61 двор, выкашана дзякуючы Марыі Іванаўне. Калі людзі не прыводзяць у парадак участкі каля сваіх дамоў, неабыякавая аднавяскоўка зверне на гэта ўвагу і знойдзе метады для матывацыі.
Калі старшыня Празямлянскага сельвыканкама прапанаваў ёй узяць на сябе пэўную долю адказнасці за тое, што адбываецца ў вёсцы, Марыя Іванаўна думала нядоўга. Кажа, пайшла насустрач кіраўніку органа мясцовага кіравання таму, што выдатна разумела: адзін старшыня нічога не зробіць, яму патрэбна падтрымка ў асобе дэпутацкага корпуса, старэйшын. Ну а актыўнай пазіцыяй вызначалася яшчэ ў маладосці, ніколі не была абыякавай да таго, чым жывуць раён, родная гаспадарка, вёска.
Бывала, зімой, не чакаючы работнікаў ЖКГ, Марыя Рабцава брала ў рукі лапату і сама чысціла снег на мосце, што злучае Чашнікі і вёску, пасыпала соллю. Даводзілася самой прыбіраць каля смеццевых кантэйнераў. Між тым, па назіранні старэйшыны, смецяць там не толькі вяскоўцы, але і жыхары з найбліжэйшых дамоў райцэнтра.
«Работа вулічнага асвятлення, утрыманне дарожнай сеткі, забеспячэнне жыхароў вёскі добрай пітной вадой — тыя пытанні, з якімі людзі ідуць да дэпутата. Я ў Зарэчнай Слабадзе жыву з 1974 года, усіх вяскоўцаў добра ведаю, магу расказаць, хто чым жыве. І іх праблемы для мяне не чужыя», — дзеліцца старэйшына.
Вяскоўцы раёна карыстаюцца вадой з нецэнтралізаваных крыніц водазабеспячэння, у тым ліку з шахтавых калодзежаў. Калодзеж — не толькі галоўны атрыбут вясковага жыцця, у многіх вёсках ён застаецца адзінай крыніцай вады. Але іх стан часам далёка ад ідэалу. Вось і калодзеж па вуліцы Цэнтральнай у вёсцы Зарэчная Слабада некалькі гадоў таму быў у іх ліку, аднак сітуацыя змянілася ў най лепшы бок.
Па словах Марыі Іванаўны, гэта адзіны калодзеж, у якім бяруць ваду для піцця практычна ўсе жыхары Зарэчнай Слабады. Ёсць у населеным пункце цэнтральнае водазабеспячэнне, толькі якасць вады вымушае жадаць лепшага. Як сцвярджаюць мясцовыя, не дапамагаюць нават фільтры. Вось і ратуе стары калодзеж. З часам ён струхлеў і пачаў разбурацца. Надбудова была ў дзірках, праз якія траплялі пыл, дажджавая вада. Патрабаваўся рамонт. Жыхары пачалі звяртацца па ўсіх інстанцыях у сельсавет, жыллёва-камунальную гаспадарку. Збіраліся нават арганізоўваць падваровы абход, каб адшукаць сродкі на рамонт.
Падтрымаў аднавяскоўцаў Юрый Каралёў, ураджэнец Зарэчнай Слабады. З ранніх гадоў ён памятае стары грамадскі калодзеж. Цяпер мужчына жыве ў Мінску, працуе ў будаўнічай фірме, якая займаецца ўстаноўкай шклопакетаў, цяпліц і альтанак. Не змог ён глядзець, як калодзеж руйнуецца, і вырашыў зрабіць падарунак для землякоў: аднавіць яго. Прывёз неабходны інструмент і будаўнічыя матэрыялы.
Марыя Іванаўна расказала, што папрацаваў Юрый са сваімі братамі добрасумленна, усё зрабілі акуратна і прыгожа. Новая надбудова надзейна ўмацавана, шчылін у ёй няма. Афарбавалі канструкцыю, замянілі ланцуг, вядро. Цяпер калодзеж выглядае эстэтычна, і карыстацца ім стала значна зручней. Вяскоўцы не стамляюцца радавацца і дзякаваць свайму земляку за добрую справу.
Быў у практыцы старэйшыны і вопыт камунікацыі з праблемнымі бацькамі. Сама жанчына выгадавала пяцярых дзяцей, ведае, што яны — самая вялікая каштоўнасць. Таму заўсёды выхоўвала, пераконвала тых, хто мог прамяняць малых на вясёлую кампанію; дапамагала дзецям.
Дарэчы, у дапамозе Марыя Іванаўна не адмаўляе нікому. Не можа 86-гадовая суседка схадзіць у краму — прадукты ёй даставіць старэйшына. І такіх момантаў набіраецца нямала, менавіта з іх і складваецца паспяховая праца народнага выбранніка з насельніцтвам.
Цяжкасцяў у сваёй рабоце старэйшына не адчувае. «Я ж амаль сорак гадоў адпрацавала даяркай, 18 галоў за гадзіну дваццаць хвілін даіла. Ці мне баяцца складанасцяў? Ды і аднавяскоўцам заўсёды можна растлумачыць, што той жа парадак каля дома навесці — гэта ж ім толькі на карысць», — дзеліцца жанчына.
У сваім паважным узросце Марыя Іванаўна спраўляецца на агародзе, садзіць кветкі, а ў халодную пару года вяжа дыванкі. А яшчэ — умела карыстаецца інтэрнэтам і мабільным тэлефонам.
«Вядома, давер трэба апраўдваць. Старэйшына на вёсцы — самы блізкі да народа чалавек. Якія ў мяне прывілеі? Галоўная — магчымасць рабіць жыццё аднавяскоўцаў найлепшым і больш камфортным», — гаворыць Марыя Іванаўна.
Аляксандра ГВОЗДЗЕВА
Фота «Чырвоны прамень»
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.