Вы тут

«Ідучы да людзей на экзамен, мы павінны сказаць, што мы зробім»


Размова ішла аб сітуацыі на зямлі ў цэлым, і найперш — у сельскагаспадарчых арганізацыях краіны. Кіраўніка дзяржавы цікавіла, з якімі вынікамі аграрыі завяршаюць сельскагаспадарчы год. Акрамя таго, закраналася дарожная тэма, пытанне якасці айчыннай прадукцыі. Гаварыў Аляксандр Лукашэнка і аб будучых прэзідэнцкіх выбарах: у адрас будучых кандыдатаў у Прэзідэнты прагучала канкрэтная парада. 


Сярод удзельнікаў нарады — намеснік прэм’ер-міністра Юрый Шулейка, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоль Ліневіч, старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Турчын і старшыня Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Уладзімір Кухараў. Калі профільныя віцэ-прэм’ер і міністр былі запрошаны ў Палац Незалежнасці для дакладу аб сітуацыі ў аграпрамысловым комплексе, то губернатар Мінскай вобласці, як заўважыў сам Прэзідэнт, — для аб’ектыўнасці гэтага дакладу. «Уладзіміра Яўгенавіча (Кухарава. — „Зв“.) запрасіў для таго, каб мы маглі публічна сказаць — чым мы сельскай гаспадарцы дапаможам у будучым годзе», — патлумачыў Аляксандр Лукашэнка. 

«Людзям трэба дастаць і пакласці»

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што, будучы губернатарам Брэстчыны, цяперашні віцэ-прэм’ер, які курыруе сферу АПК, Юрый Шулейка абураўся, што з боку сталіцы Мінскай вобласці аказвалася дапамога ў будаўніцтве малочна-таварных комплексаў. «І цалкам справядліва тады як губернатар паставіў пытанне: маўляў, чаму б і мне хаця б адзін жывёлагадоўчы комплекс Уладзімір Яўгенавіч не дапамог пабудаваць, бо малако Мінску Брэст пастаўляе, як і ўсе вобласці», — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. 

У сувязі з гэтым ён даручыў Уладзіміру Кухараву дапамагчы пабудаваць хаця б па адным малочна-таварным комплексе ў кожнай вобласці. «Нават калі ты ў Мінску не знойдзеш поўнасцю грошай на гэта, дык я ўжо падстаўлю плячо», — паабяцаў кіраўнік дзяржавы. 

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што сітуацыя сёння ў краіне такая, што проста расказваць і гаварыць ужо недастаткова — народ не прыме. «Людзям трэба дастаць і пакласці, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Гэта правільна. Таму, ідучы ў прэзідэнцкую кампанію, я ж вас прадстаўляю — уладу. Таму мы павінны народу сказаць: калі дарогі — дзе і як. Я ўжо агучыў: ад раённых цэнтраў да аграгарадкоў».

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы адзначыў, што многае ўжо зроблена, засталіся зусім невялікія работы. «Але, і міма праходзячы, да аграгарадкоў мы павінны задзейнічаць і буйныя вёскі, якія былі калісьці цэнтрамі гаспадарак, не забываць пра іх, — канкрэтызаваў пастаўленую раней задачу Прэзідэнт. — Так, у аграгарадках у асноўным будуць жыць людзі, але і ў гэтых буйных вёсках, ды і ў дробных — там жа вялікая колькасць нашых людзей. Асабліва старых, якіх мы нікому кінуць ні на чые плечы не зможам. Нам трэба пра іх паклапаціцца». 

«За наступную пяцігодку мы вырашым пытанне малочна-таварных комплексаў»

Кажучы аб якасці прадуктаў харчавання, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што яна пачынаецца з фермы, малочна-таварнага комплекса. І тут многае зроблена. «Мы ведаем, як, што рабіць, тэхналогіі, і гэтых комплексаў нямала пабудавалі, — канстатаваў беларускі лідар. — Мы павінны людзям прама сказаць, што за наступную пяцігодку мы вырашым пытанне малочна-таварных комплексаў. Дойны статак, каровы павінны стаяць у гэтым палацы. Для таго, каб атрымаць чыстае малако. У рэшце рэшт карова гэтага заслужыла».

Прыводзячы ў прыклад Мінскую вобласць, Прэзідэнт заўважыў, што засталося некалькі гадоў для таго, каб вырашыць гэтую праблему. Па яго словах, трэба падцягнуць Віцебскую, Магілёўскую, часткова Гомельскую вобласці. «Я не думаю, што там таксама ўжо такія вялікія праблемы, каб пабудаваць гэтыя комплексы, — перакананы Аляксандр Лукашэнка. — Самае галоўнае — мы ведаем, якія яны павінны быць і што там трэба. Пры тым гэта імпартазамяшчальны прадукт. Тут імпартнага нам нічога не трэба. Мы ўсё можам пабудаваць самі». 

Прыводзячы прыклады па ўзвядзенні і рэканструкцыі дарог, будаўніцтве малочна-таварных комплексаў, Прэзідэнт звярнуў увагу: «Ідучы да людзей сёння на экзамен (яны ў нас прымуць экзамен за пяцігодку), мы павінны сказаць, што мы зробім. Канкрэтна. Вось і ўся палітыка. А прыгожа гаварыць, балбатаць мы ўсе ўмеем». 

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы адзначыў, што і гэта трэба ўмець, асабліва палітыку, будучаму Прэзідэнту. «Але галоўнае — гэта канкрэтыка: што ты зробіш і што ў цябе за плячамі, — падкрэсліў ён. — Сітуацыя памянялася. Калі хтосьці са старым багажом сюды на выбары імкнецца выйсці, трэба быць вельмі акуратным. Таму вось ім парада — што ты зробіш і наколькі глыбока ты разумееш гэтыя праблемы».

«Трэба будзе скакаць»

Вяртаючыся да тэмы сельскай гаспадаркі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, нягледзячы на кадравыя змяненні ў гэтай галіне, асаблівага руху наперад не відаць. Пакуль, па яго словах, горш не стала, але і асабліва лепш таксама. 

«Можа быць, акрамя Мінскай вобласці, — удакладніў Прэзідэнт. — Бог пашкадаваў яго (Аляксандра Турчына. — „Зв“.) і дапамог у многім. Уладзімір Яўгенавіч дапамог. 20 комплексаў пабудавалі. Гэта таксама нямала. Так, мы нешта зрабілі. Вопыт у нас ёсць. Як будзем дзейнічаць далей?» 

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што трэба сялянам дапамагаць. Ён канстатаваў, што людзей у сельскай мясцовасці становіцца ўсё менш. «Уладзімір Яўгенавіч (Кухараў. — „Зв“.) высмоктвае з сяла ўсё, што можна, у Мінску, — дадаў Прэзідэнт. — Ужо два мільёны чалавек. Усё далей і далей.. Трэба каб аддача была і для сяла, бо людзей накарміць трэба. Гэтыя два мільёны ў Мінску, яны ж есці хочуць кожны дзень...» 

Кажучы аб якасці беларускай прадукцыі, Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што яму прыемна, калі ў іншых краінах запатрабаваны беларускія прадукты, а кіраўнікі дзяржаў нават просяць даслаць іх пакаштаваць. «Таму мы навучыліся гэта рабіць, але пакуль мы выйшлі на пэўную гарызантальную прамую і вышэй скокнуць не можам, — канстатаваў беларускі лідар. — А трэба будзе скакаць. І гэта галоўная наша задача і абяцанне беларускаму народу ў гэты прадвыбарны перыяд». 

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што профільныя віцэ-прэм’ер і міністр давалі клятву скончыць палявыя работы да 7 лістапада. «Колькі ў цябе буракоў на палях, бульба, можа, дзесьці засталася, капуста, яблыкі, грушы, можа, дзесьці яшчэ боўтаюцца на дрэвах? — пацікавіўся Прэзідэнт у міністра сельскай гаспадаркі і харчавання. — Кукурузу ці ўсю ты сабраў на зерне? Зябліва, пасяўная кампанія прайшла... Як выглядаюць азімыя, якія мы быццам своечасова пасеялі?» 

Характарызуючы сітуацыю на бягучы момант, Анатоль Ліневіч пачаў з кукурузы. «Ставілі задачу да 10 лістапада сабраць на зерне, — канкрэтызаваў ён. — 46 тысяч гектараў у нас засталося ўсёй кукурузы». 
«Колькі гэта працэнтаў ад таго, што мы планавалі на зерне сабраць?» — удакладніў Прэзідэнт.

Як паведаміў Юрый Шулейка, на зерне засталося сабраць 9% кукурузы. Усяго, па яго словах, ужо прыбрана 98% плошчаў, засеяных гэтай культурай. Кіраўнік дзяржавы ўдакладніў, чаму не завершаны работы прыборкі кукурузы на сілас. Яму паведамілі, што вядзецца праца на апошніх гектарах. 

«Май на ўвазе, я езджу на „Дажынкі“ па ўсёй краіне, — звярнуў увагу беларускі лідар. — І паглядзець, падзякаваць людзям — гэта адно. А другое, я ж гляджу, як Аляксандр Генрыхавіч (Турчын. — „Зв“.) выконвае маё даручэнне: арэ, як культура земляробства ў яго і гэтак далей. Я ж убачу, што вы там кладзяце ў траншэі». 

Прэзідэнту паабяцалі, што за шэсць-сем дзён, пры ўмове спрыяльнага надвор’я, кукуруза поўнасцю будзе сабрана: і на зерне, і на сілас. І гэта, як заўважыў Юрый Шулейка, будзе на тыдзень раней, чым летась.

Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА

У тэму

Як расказаў журналістам намеснік прэм’ер-міністра Юрый ШУЛЕЙКА, сельскагаспадарчы год фактычна завершаны. «Вынікі, абяцаныя Прэзідэнту, дасягнуты, — паведаміў ён. — Паўмільёна тон збожжа мы кладзём дадаткова ў засекі нашай краіны. Калі ёсць у нас сёння ўраджай, то гэта прадукцыя сельгасвытворчасці — мяса, малако дадатковыя. І ўсе мэтавыя паказчыкі, да якіх мы ідзём, — для вялікай скарбонкі нашай краіны».

Аб якасці, а ў сувязі з гэтым запатрабаванасці беларускай прадукцыі, па словах віцэ-прэм’ера, сведчыць тое, што львіная доля нашых прадуктаў харчавання пастаўляецца на экспарт. Апошні, як заўважыў віцэ-прэм’ер, па выніках гэтага года прагназуецца на суму 8,5 мільярдаў долараў. 

Кажучы аб будаўніцтве малочна-таварных комплексаў, Юрый Шулейка адзначыў, што на наступны год запланавана ўзвядзенне 60 такіх комплексаў. «Яны ўжо сфарміраваны, адкрыта фінансаванне», — канкрэтызаваў віцэ-прэм’ер. Па яго словах, у бліжэйшыя гады будзе забяспечана ўтрыманне ўсіх кароў у сучасных умовах, што паўплывае на высокую эфектыўнасць вытворчасці. Менавіта якасць канчатковай прадукцыі на сталах у людзей, як падкрэсліў намеснік прэм’ер-міністра, у немалой ступені залежыць ад умоў утрымання жывёл, іх кармлення.

Таксама Юрый Шулейка звярнуў увагу на важнасць дысцыпліны ў развіцці сельскай гаспадаркі і рэалізацыі намечаных планаў. На гэта пастаянна арыентуе і кіраўнік дзяржавы. 

Па словах міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоля ЛІНЕВІЧА, добрыя ўмовы надвор’я дазволяць аграрыям у бліжэйшы час завяршыць асноўныя палявыя работы. «Застануцца цукровыя буракі, але да 10 лістапада пры тых тэмпах, якія сёння арганізаваны, мы справімся, — удакладніў ён, дадаўшы, што падыходзіць час і збіраць з палёў капусту. — Застанецца заараць зябліва». У планах да канца года — закрыць і ўсе тэхналагічныя пытанні. 

Міністр адзначыў, што сёлета ўраджай збожжавых з рапсам перавысіў 10 мільёнаў тон. Разам з кукурузай, якую застаецца сабраць, выніковы каравай складзе 10 мільёнаў 250 тысяч тон збожжа.

«Тое, што гэты сельскагаспадарчы год даўся няпроста і нялёгка, гэта дакладна, — звярнуў увагу Анатоль Ліневіч. — Увесну прыходзілася дзесьці крыху парушаць агратэхнічныя тэрміны, бо глеба ў шматлікіх абласцях была пераўвільготненая. Даводзілася аператыўна „націскаць“, калі было добрае надвор’е. А з уборкай надвор’е нам спрыяе. Так што справіліся з задачай поўнасцю, плюс займелі паўмільёна тон ад агульнай лічбы ў адносінах да мінулага года».

Кажучы аб пастаўленай Прэзідэнтам задачы — узняць планку ў сельскай гаспадарцы, кіраўнік Мінсельгасхарча адзначыў, што ўвагу трэба будзе ўдзяліць развіццю раслінаводства, ад якога залежыць жывёлагадоўля. «Калі ёсць добрыя вынікі, то потым атрымаем і прыбаўленні ў вазе, і малако, — канкрэтызаваў ён. — Натуральна, настройваемся на ўраджай, вышэйшы за гэты год. Зімой будзем працаваць над планамі, назапашваннем угнаенняў, шукаць крыніцы, каб быць гатовымі да вясенняй пасяўной. Што датычыцца жывёлагадоўлі, разлічваем павялічыць удоі малака».

Выбар рэдакцыі

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.