Саміт БРІКС, які на мінулым тыдні прайшоў у Казані, дагэтуль у топе абмеркавання СМІ ва ўсім свеце. Удзел у гэтым прадстаўнічым мерапрыемстве Прэзідэнта Беларусі (па выніках саміту наша краіна атрымала статус партнёра) выклікаў вялікі інтарэс з боку журналістаў.
Магчымасцю задаць пытанні беларускаму лідару скарысталіся буйныя замежныя СМІ. Мы ўжо пісалі пра падрабязнасці інтэрв’ю Аляксандра Лукашэнкі тэлеканалу «Бі-Бі-Сі» і выданню «Известия». Сёння раскажам пра размову з журналістамі «Цэнтральнага тэлебачання» на НТВ і Паўлам Зарубіным, які працуе на тэлеканале «Расія».
Журналісы НТВ у Аляксандра Лукашэнкі найперш пацікавіліся перспектывамі ўступлення Беларусі ў БРІКС. Кіраўнік дзяржавы расказаў, што Беларусь перад тым, як стаць членам БРІКС, спачатку павінна папрацаваць з арганізацыяй у якасці партнёра. Адпаведны статус, паводле яго слоў, узгоднены на саміце ў Казані.
«І гэта ступень для ўсіх цяпер абавязковая. Такое прынята рашэнне пастаяннымі членамі БРІКС: той, хто хоча ўступіць у БРІКС, павінен прайсці гэту ступень. Таму Беларусь — краіна-партнёр для БРІКС», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Журналісты адзначылі, што напярэдадні саміту міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў назваў уступленне ў БРІКС марай Беларусі.
«Наш міністр гэта так успрымае, што гэта мара. Я б так ужо вызначана, мякка кажучы, не выказваўся, паколькі наша мара ў тым, каб БРІКС стала марай для многіх дзяржаў, — пракаментаваў гэту заяву Прэзідэнт. — Давайце шчыра (вы гэта бачыце не горш за мяне): у самой арганізацыі ёсць праблемы. Многа, мала — пытанне густу, але праблемы ёсць. Нават паміж вядучымі дзяржавамі — заснавальніцамі гэтай арганізацыі. Можа быць, БРІКС і дапаможа пераадолець усе гэтыя праблемы».
Кіраўнік дзяржавы, у прыватнасці, звярнуў увагу, што ў час саміту многія краіны больш выказваліся аб сваіх праблемах, чым аб нейкіх глабальных ініцыятывах. Расія ж, наадварот, унесла вельмі сур’ёзныя прапановы, заўважыў Аляксандр Лукашэнка. «Не проста тое, што датычыцца толькі Расіі, але датычыцца ўсіх сёння або закране заўтра», — адзначыў ён.
Размова, напрыклад, аб ініцыятыве распрацаваць новую міжбанкаўскую сістэму, якая магла б замяніць SWІFT або працаваць паралельна з ёй.
«Пакуль я яшчэ не магу сказаць, што гэта разумная прапанова Расіі падтрымана. Як і іншыя. Пра што гэта гаворыць? Што нават заснавальнікі (пяць краін) і тыя, якія сталі пастаяннымі членамі БРІКС, сёння зыходзяць з таго, „наколькі гэта мяне будзе датычыцца“. Кожны бачыць там сябе, а арганізацыя для таго, каб бачыць агульныя праблемы. Вось чаго пакуль не хапае БРІКС», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што насцярожана ўспрымае і бюракратычны бок пытання — працэс прыёму ў члены арганізацыі.
«Да прыкладу, чаму б Турцыю не прыняць у склад БРІКС? Гэта вельмі сімвалічна, і буйная краіна. Сімвалічна ў чым? Гэта пакуль адзіная краіна НАТА, якая прапанавала свой удзел у БРІКС. Не, з падачы нейкіх, можа, бюракратаў пачалі выпрацоўваць нейкія крытэрыі прыёму: калі ты адпавядаеш гэтым крытэрыям, мы табе даём партнёра, а потым ужо будзем думаць, прымаць цябе ці не прымаць, хутчэй за ўсё, прымем. Я баюся, што гэты бюракратызм можа ўтапіць, як і многія іншыя арганізацыі, і БРІКС», — сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў з’яўлення БРІКС былі як суб’ектыўныя прычыны — жаданне краін працаваць разам, так і аб’ектыўныя — імкненне да шматпалярнага свету. «Гэта аб’ектыўны фактар, яго сёння прытушыць, прыціснуць немагчыма. І сёння, калі свет шалёна мяняецца, вельмі хутка час мяняецца, трэба паспяваць за гэтым часам. Калі мы не здольныя паспяваць, то гэтая арганізацыя можа стаць з часам (прытым у найбліжэйшай будучыні) арганізацыяй маргінальнай», — лічыць беларускі лідар.
«Больш за тое, вельмі важна, што калектыўны Захад, перш за ўсё Злучаныя Штаты Амерыкі, сёння разгарнуў шалёную барацьбу супраць БРІКС для таго, каб не дапусціць гэты шматпалярны свет, за які спрабуе выступаць БРІКС. Таму вельмі шмат яшчэ праблем», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Пляцоўку саміту ў Казані беларускі бок выкарыстаў і для правядзення двухбаковых перагавораў, бо тут можна было сустрэць прадстаўнікоў розных кантынентаў. І гэта, несумненна, адзін з плюсаў такіх фарматаў.
«Але мы чакаем вырашэння ў БРІКС агульных праблем, якія будуць хваляваць усе дзяржавы, а не толькі асобныя», — рэзюмаваў беларускі лідар.
Гаворачы аб расійска-ўкраінскім канфлікце, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што прапанаваны Уладзімірам Зяленскім план не адпавядае сітуацыі на фронце. «У нас з вамі выпрацаваўся наратыў, што мір ва Украіне залежыць ад Штатаў і Еўропы: захочуць яны — будзе мір, не захочуць — не будзе. Апошнім часам, на мой погляд, сітуацыя памянялася: амерыканцы, бачачы сітуацыю на фронце і ў Курскай вобласці, і асабліва еўрапейцы, міру жадаюць больш, чым сам Зяленскі. Больш за ўсё цяпер упіраецца Зяленскі, прапаноўваючы розныя фарматы, розныя планы мірных перагавораў, якія больш падобныя да лозунгаў. І гэтыя прапановы, самае галоўнае, сёння не адпавядаюць таму, што адбываецца на зямлі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што Расія павольна, але наступае на асноўных напрамках ва Украіне, а частка ўкраінскіх падраздзяленняў ужо выцесненая з захопленай імі тэрыторыі Курскай вобласці. «Расіяне трэць захопленай тэрыторыі вызвалілі, — канстатаваў Прэзідэнт. — На сённяшні дзень, можа, і больш. Але, самае галоўнае, у Курскай вобласці расіяне навучыліся з імі ваяваць, бо яны зайшлі групамі: дыверсійна-разведвальнымі групамі, потым іншыя падраздзяленні, групамі тактычных батальёнаў. Гэта было крыху нечакана для расіян у цэлым і ў прыватнасці вайна гэтымі групамі — партызанскія дзеянні ўкраінцаў. Расіяне хутка адаптаваліся да гэтага і пачалі выцясняць украінцаў».
Расійскія вайскоўцы заяўляюць, што да канца снежня могуць вызваліць усю тэрыторыю Курскай вобласці. А значыць, гэта аперацыя стане для Украіны правалам, заявіў кіраўнік дзяржавы. Расіяне паспяхова наступаюць і ў Данецкай вобласці. «І вось мірны план Уладзіміра Аляксандравіча Зяленскага і тое, што адбываецца на фронце і ў Курскай вобласці, не карэлююцца. „План перамогі“ яго называюць. Дзіўная назва тут ужо не да перамогі, дай бог спыніцца», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы заявіў, што падтрымлівае падключэнне КНР і Бразіліі да спроб мірна ўрэгуляваць канфлікт ва Украіне. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Кітай і Бразілія не сапернікі Расіі, але хочуць мірнага ўрэгулявання канфлікту. Цяпер абедзве краіны прасоўваюць сумесна распрацаваны мірны план па ўрэгуляванні ўзброенага канфлікту ва Украіне. «Я падтрымліваю само ўключэнне ў гэты працэс кітайцаў і бразільцаў», — сказаў беларускі лідар. Канкрэтныя ж пытанні, такія як тэрытарыяльнае размежаванне, умовы спынення ваенных дзеянняў і адвод войскаў ад лініі судакранання, павінны вырашацца паміж бакамі канфлікту выключна за сталом перагавораў, перакананы Прэзідэнт. «Самае галоўнае цяпер — пасадзіць усіх за стол перагавораў», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Гэтую ж мэту ставяць Кітай і Бразілія, дадаў ён.
У інтэрв’ю Аляксандр Лукашэнка заявіў, што пэўныя кантакты паміж Беларуссю і Украінай захоўваюцца. Прэзідэнт растлумачыў, што ў СМІ мільгаюць навіны аб пасрэдніцтве ААЭ ў абмене целамі і ваеннапалоннымі паміж Расіяй і Украінай, але сам працэс арганізаваны пры непасрэдным удзеле беларусаў. «Гэта ўсё адбываецца на нашай тэрыторыі. Гэта ўсё адбываецца нашымі рукамі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён нагадаў, што апошнія такія абмены адбыліся літаральна нядаўна. «І далей, калі расіяне гэтага захочуць (украінцы хочуць), мы будзем садзейнічаць гэтаму працэсу. Значыць, ва ўкраінскага боку няма адпрэчвання таго, што яны будуць працаваць з намі і практычна на нашай тэрыторыі. Мы гэтую гуманітарную місію выконваем і будзем выконваць, у тым ліку і па дзецях — упаўнаважаны іх, упаўнаважаны ваш па правах дзіцяці, наш упаўнаважаны і дэпутаты нашага парламента ў гэта ўключаны. Я гэта падтрымліваю», — падкрэсліў Прэзідэнт.
«Таму ў нас нармальныя з імі (украінцамі. — „Зв.“) кантакты, мы можам перадаць ім любы сігнал. Калі ў іх ёсць пытанні, яны могуць іх задаць нам і могуць праз нас перадаць нейкія пытанні Расійскай Федэрацыі, перш за ўсё ваенным. Калі ёсць такія пытанні, мы перадаём адразу ж», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
На адпаведныя кантакты, паводле яго слоў, упаўнаважаны некаторыя дэпутаты, дыпламаты і ваенныя. «Усё, на што ўкраінцы згодны», — сказаў Прэзідэнт.
Кіраўніка дзяржавы папрасілі пракаментаваць сцвярджэнні аб тым, што Паўночная Карэя адправіла ва Украіну войскі для ўдзелу ў баявых дзеяннях на баку Расіі. Дарэчы, такое пытанне Прэзідэнту Беларусі журналісты задавалі ў Казані неаднаразова.
«Я ўжо спытаў (можа быць, жартам) у свайго добрага сябра Эрдагана: «Вы (НАТА. — „Зв.“) аб паўночнакарэйскіх вайскоўцах кажаце (ён жа член НАТА) для таго, каб знайсці падставу для ўводу натаўскіх войскаў ва Украіне?» — расказаў Аляксандр Лукашэнка аб незвычайнай размове з турэцкім лідарам. Аднак што адказаў на гэта пытанне Рэджэп Таіп Эрдаган і чым у прынцыпе завяршылася гутарка двух лідараў, кіраўнік беларускай дзяржавы расказаць не паспеў: журналіст вырашыў адвесці размову ў іншы бок.
Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што не верыць у прысутнасць ваенных Паўночнай Карэі ва Украіне, тым больш ніхто так і не прадставіў ніякіх доказаў. Ды і ў Расіі няма неабходнасці прыцягваць да канфлікту трэці бок, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
«Гэта можа быць эскалацыяй канфлікту (калі Расіі іншыя краіны дапамагаюць, значыць, увядзём натаўскія кантынгенты, каб усё ж дабіць Расію, як яны планавалі). Думаю, што гэта, як вы сказалі, укід для таго, каб атрымаць нагоду для нейкіх дзеянняў. Магчыма, для ўводу сваіх падраздзяленняў або дазволу дальнабойнай зброяй біць па тэрыторыі Расіі (у іх жа ў партфелі шмат хацелак з боку Украіны)», — выказаў меркаванне кіраўнік дзяржавы.
У інтэрв’ю расійскаму журналісту Паўлу Зарубіну, адказваючы на пытанне аб маючай адбыцца выбарчай кампаніі ў Беларусі, кіраўнік дзяржавы заявіў: «Добра пройдуць (выбары. — „Зв.“). Я ў гэтым ніколькі не сумняваюся. Так, напэўна, ты і сам не сумняваешся, што мы справімся ў складанай сітуацыі — разабрацца з гэтымі палітычнымі пытаннямі».
Гаворачы аб перспектывах завяршэння канфлікту ва Украіне, Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Цяпер гэта ўжо залежыць не столькі ад калектыўнага Захаду, колькі ад самога Уладзіміра Зяленскага. Гэта ўжо такі маленькі паварот. Нядаўна, сустракаючыся з прадстаўнікамі Захаду, я зразумеў, што яны хочуць міру, але яны не могуць націснуць на Зяленскага. Таму што было абяцана: ціску не будзе — будзе ўсялякая падтрымка».
«Яму зусім свой народ не шкада?» — задаў удакладняльнае пытанне журналіст.
«Яму пляваць на гэта. Зыходзячы з яго паводзін. Хоць так падумаеш, я ж яго добра і да гэтага ведаў — недурны чалавек. Але, відаць, амбіцыі займелі месца. Але гэта не месца для амбіцый. Таму сапраўды — не шкада», — адказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён канстатаваў, што сітуацыя мяняецца кожны дзень. «І ўжо непакоіць тое, што Расія можа ўсіх паслаць і сказаць: „На зямлі сітуацыя змянілася“. Гэта значыць, не пайшлі ў свой час на перагаворы, а сёння сітуацыя памянялася, і сур’ёзна на карысць Расіі, — сказаў Прэзідэнт. — Мне здаецца, што, як кажуць расійскія вайскоўцы, Курскую вобласць яны вызваляць да канца снежня. Вельмі шмат загінула там украінцаў. І расіянам, вядома, няпроста. Забіваем адзін аднаго без патрэбы. А на асноўнай лініі фронту зрухі вельмі сур’ёзныя».
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што «пуцінская стратэгія» — крок за крокам, спакойна рухацца наперад — падзейнічала. У Данбасе лінія фронту ссоўваецца на захад. «Таму адсюль і лозунгі Зяленскага, якія ён называе „план перамогі“. Таму што сур’ёзная сітуацыя на фронце», — зрабіў выснову беларускі лідар.
Паводле прэс-службы Прэзідэнта
Хораша там, дзе моладзь ёсць!
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.