Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: «І Беларусь, і Расія павінны абараняць свой рынак»


Прэзідэнт правёў сустрэчу з першым віцэ-прэм’ерам Расійскай Федэрацыі. Размова, у прыватнасці, ішла аб сумесных беларуска-расійскіх праектах, якія найперш датычацца авія- і аўтамабілебудавання. Як звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, апошнім часам з расійскім кіраўніцтвам шмат гаворыцца аб тым, што Захаду так і не ўдалося паставіць Беларусь і Расію на калені, прыціснуць і нахіліць. У гэтым, па словах кіраўніка дзяржавы, вялікая заслуга тых сектараў эканомікі, якія ўзначальвае Дзяніс Мантураў.


«Перш за ўсё — прамысловасць, — канкрэтызаваў беларускі лідар. — Мы паставілі перад сабой амбіцыйную задачу — зноў разам з расіянамі пераадолець залежнасць ад імпарту — і сур’ёзна заняліся імпартазамяшчэннем. Я думаю, што гэта вялікі кавалак работы вашай у Беларусі з нашым урадам, каб вызначыцца, як будзем дзейнічаць далей». 

Аляксандр Лукашэнка ўдзячны Прэзідэнту і ўраду Расіі за фінансаванне многіх сумесных імпартазамяшчальных праектаў. Сярод іх — такі знакавы і глабальны праект, як вытворчасць самалёта «Асвей». «Для нас гэта ўвогуле, можна сказаць, новая гісторыя, — адзначыў Прэзідэнт. — Можа быць, з гэтага самалёта і пачнецца эра авіябудавання ў Беларусі. Вы чалавек вядомы ў гэтай сферы, у прамысловасці ў тым ліку, і, думаю, ваша падтрымка для нас будзе вельмі важная». 

Па словах кіраўніка дзяржавы, сумесных праектаў дастаткова. «Нават больш, чым мы дамаўляліся, аб’ёмаў грошай, якія Расія вылучыла ў якасці крэдытаў, — удакладніў ён. — Магчыма, мы дамовімся аб тым, што Расія будзе зацікаўлена ў новых нашых праектах і будзе павялічана гэтае фінансаванне». 

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што калісьці ў Беларусі адкрывалі новую эру ў вытворчасці аўтамабіляў. «Таксама вельмі важнае пытанне, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Вы ў Расіі больш, чым хто-небудзь, разумееце ў гэтай справе. Хацелася б, каб тыя непаразуменні або нейкія недагаворкі ў сувязі з імпартазамяшчэннем па легкавых аўтамабілях мы маглі пераадолець і на нашым сумесным рынку мы б выраблялі беларускія і расійскія аўтамабілі перш за ўсё».

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ні для каго не сакрэт, што і Беларусь, і Расія павінны абараняць свой рынак. «А каб не трапіць з агню ды ў полымя, як я часта кажу (нашы калегі гэта разумеюць цудоўна), шляхі супрацоўніцтва з такімі дзяржавамі пазначаны, яны ёсць, каб не атрымалася так, як з заходнікамі: сышлі, усё кінулі, „працаваць не будзем“, — канкрэтызаваў ён. — Праўда, сышлі — дзякуй. Няхай сыходзяць. Кампетэнцыі і людзі засталіся, сыравіны і рэсурсаў у нас хапае. Будзем вырабляць і замяшчаць іх тавары сваімі».

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ад гэтага візіту першага намесніка старшыні ўрада Расійскай Федэрацыі ў Беларусь многае залежыць. «Мы з Прэзідэнтам Пуціным аб гэтым гаварылі і чакаем ва ўрадзе Расіі вынікаў вашага візіту ў Беларусь, — удакладніў ён. — Для таго, калі будуць нейкія пытанні да прэзідэнтаў, мы маглі ў бліжэйшы час іх вырашыць. 5 студзеня — саюзны Вышэйшы дзяржсавет. Таму трэба расставіць усе кропкі над „і“. Пажадана на ВДС. Каб і будучыя, і наступныя гады былі зразумелыя для Беларусі і Расіі ў супрацоўніцтве».

У сваю чаргу, Дзяніс Мантураў падзякаваў за магчымасць абмяняцца меркаваннямі па пытаннях, якія стаяць у двухбаковым парадку дня. «Вы абсалютна правільна адзначылі, што эра развіцця Беларусі як дзяржавы з авіяцыйнай прамысловасцю актыўна сёння развіваецца, — акцэнтаваў увагу першы віцэ-прэм’ер Расіі. — І не толькі з улікам праекта „Асвей“. Мы актыўна ўзаемадзейнічаем з прадпрыемствамі грамадзянскіх авіяцыйных заводаў Беларусі па вытворчасці кампанентаў. Гэта датычыцца і самалёта „Іл-76“, і „Ту-214“. Я разлічваю, што гэта тэндэнцыя будзе захоўвацца. Мы лінейку і самалётаў, і наменклатуры, і колькасць кампанентаў будзем пашыраць. У вас вельмі кампетэнтныя спецыялісты. Ёсць і тэхналагічнае абсталяванне і, самае галоўнае, калектывы людзей, якія гатовы рэалізоўваць гэты праект». 

Па словах Дзяніса Мантурава, у планах — абмеркаваць і сумесныя кірункі па імпартазамяшчэнні. «Нашай сумеснай тэхналагічнай незалежнасці ад заходніх краін, — удакладніў ён. — Сапраўды, гэта больш за 100 мільярдаў рублёў прадастаўленых пазык з боку Расійскай Федэрацыі па многіх сектарах прамысловасці. Гэта і мікраэлектроніка, і машынабудаванне, і металургія, хімія. Гэта сапраўды будзе добры ўнёсак у нашу з вамі агульную скарбонку Саюзнай дзяржавы па нарошчванні кампетэнцый і індустрыяльнага патэнцыялу». 

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

У тэму

Як адзначыў у размове з журналістамі першы намеснік старшыні ўрада Расійскай Федэрацыі Дзяніс МАНТУРАЎ, узаемадзеянне паміж дзвюма краінамі актыўна развіваецца. Асабліва, па яго словах, цяпер, калі Захад імкнецца аказваць максімальны ціск на Расію і Беларусь з пункту гледжання пастаўкі тэхналагічнага абсталявання і камплектуючых агрэгатаў. «Мы паставілі перад сабой задачу — выйсці на ўзровень тэхналагічнага суверэнітэту, які будзе дазваляць мець і свае асноўныя фонды (маюцца на ўвазе станкі, абсталяванне, свае агрэгаты і камплектуючыя) для таго, каб забяспечыць вытворчасць той прамысловай прадукцыі, у якой ёсць неабходнасць дзвюх эканомік — Расіі і Беларусі, — канкрэтызаваў першы віцэ-прэм’ер Расіі. — Мы з Аляксандрам Рыгоравічам зверылі гадзіннікі па тых праектах, па якіх Расія прадаставіла пазыку на 100 мільярдаў рублёў. Гэта датычыцца галіны мікраэлектронікі ў першую чаргу, хіміі, металургіі, машынабудавання — там, дзе мы бачым сумеснае выкарыстанне той прадукцыі, якая будзе вырабляцца на тэрыторыі Беларусі».

Кажучы аб узаемадзеянні ў авіяцыйнай індустрыі, Дзяніс Мантураў паведаміў, што самалёт «Асвей» ужо знаходзіцца ў актыўнай фазе распрацоўкі і будзе вырабляцца на тэрыторыі дзвюх краін. 

Акрамя таго, на сустрэчы з Прэзідэнтам абмяркоўваліся пытанні рэалізацыі дэкрэта № 3 Саюзнай дзяржавы па адзінай прамысловай палітыцы ў частцы выкарыстання мер, інструментаў фінансавай падтрымкі дзвюх дзяржаў. 

Што датычыцца павелічэння аб’ёмаў фінансавання сумесных праектаў, Дзяніс Мантураў паведаміў, што гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца і ў далейшым на перагаворах ва ўрадзе Беларусі з прэм’ер-міністрам Раманам Галоўчанкам і профільным віцэ-прэм’ерам. Пры гэтым наведванне ў рамках гэтага візіту першым намеснікам старшыні расійскага ўрада прадпрыемстваў «БЕЛАЗ» і «БЕЛДЖЫ», па яго словах, таксама дасць дадатковую магчымасць для разумення, у якіх кірунках можа быць пашырана індустрыяльная кааперацыя, у тым ліку ў частцы магчымых дадатковых крыніц фінансавання гэтых праектаў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як ідзе галасаванне ў самым маладым раёне сталіцы?

Як ідзе галасаванне ў самым маладым раёне сталіцы?

«Абавязак кожнага беларуса — прагаласаваць за сваю будучыню».

Эканоміка

Эксперт: «Выкананне прагнозных паказчыкаў — задача складаная, але рэальная»

Эксперт: «Выкананне прагнозных паказчыкаў — задача складаная, але рэальная»

Мы змаглі пераадолець наступствы заходняга санкцыйнага ціску.

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.