Вы тут

Чым заняць дзяцей на канікулах?


Зусім нядаўна, вераснёўскай раніцай, мы выпраўлялі школьнікаў у краіну ведаў. Прайшло няшмат часу, і вось лістота змяніла афарбоўку, цёплыя курткі і шалікі — лёгкае адзенне, на вуліцы на ўсю моц уладарыць залатая восень, а ў школьныя журналы паволі выстаўляюцца чацвяртныя адзнакі. Гэта значыць, што зусім хутка ў школьнікаў пачнуцца першыя ў навучальным годзе вакацыі. Васьмідзённы перадых — якраз тое, што трэба пасля першай адаптацыйнай чвэрці, калі яшчэ свежыя ўспаміны аб трохмесячнай вольніцы. Для першакласнікаў гэтая чвэрць і зусім стрэсавая: у іх жыцці пачаўся новы перыяд — з раскладам, дысцыплінай, з чужымі дарослымі і незнаёмымі дзецьмі. Таму асабліва важна, як будзе арганізаваны гэты невялікі адпачынак, з якімі ўражаннямі дзеці вернуцца ў школу.


Вольнаму часу школьнікаў падчас канікул традыцыйна ўдзяляюць шмат увагі. На момант пачатку адпачынку, а то і раней кожная школа падрыхтавала план мерапрыемстваў у дні канікул. 

Як расказалі ў Міністэрстве адукацыі, самым папулярным, бяспечным і беспраблемным для бацькоў відам адпачынку іх дзяцей застаюцца аздараўленчыя лагеры дзённага знаходжання. Толькі ў Мінску такія лагеры змогуць прыняць каля 14 тысяч школьнікаў. Наведванне лагера прадугледжвае розныя актыўнасці і пазнавальныя экскурсіі, спартыўныя мерапрыемствы і развіццёвыя гульні. 

Дзеці прадоўжаць займацца любімай справай у клубах па інтарэсах. А могуць свой адпачынак прысвяціць добраўпарадкаванню роднай зямлі. У прыватнасці, старшакласнікам прапануюць стаць удзельнікамі рэспубліканскага праекта «#ЗаДело», дзе справай для сапраўдных патрыётаў стане навядзенне парадку на малой радзіме. У рамках праекта можна таксама наведаць пажылых людзей і дапамагчы ім з нарыхтоўкай агародніны на зіму, напрыклад, даставіць вітамінныя прадукты з восеньскіх кірмашоў.

11 кастрычніка кіраўнік дзяржавы даў старт рэспубліканскай акцыі — «Дай лесу новае жыццё!» Далучыцца да яе можа кожны школьнік і пасадзіць сваё дрэва ў агульным беларускім лесе, дапамагаючы такім чынам аднаўленню ўчасткаў ляснога фонду, якія пацярпеў ад летняй стыхіі.

Канікулы — зручны час для вучняў выпускных класаў задумацца аб сваёй будучыні і вызначыцца з прафесіяй. Дапамагаюць у гэтым дні адчыненых дзвярэй у ВНУ і ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі. 

У першыя лістападаўскія дні ў сценах беларускіх універсітэтаў і каледжаў можна назіраць групы школьнікаў, якія з цікавасцю знаёмяцца з жыццём навучальных устаноў. Старшакласнікі з усіх рэгіёнаў краіны размаўляюць са студэнтамі, выкладчыкамі, задаюць пытанні членам прыёмнай камісіі, наведваюць музеі універсітэтаў і каледжаў.

Наведванне месцаў гістарычнай памяці — яшчэ адзін важны момант адпачынку дзяцей на канікулах. У кожным рэгіёне Беларусі ёсць знакавыя мясціны. Важна, каб дзеці аб іх ведалі, цікавіліся гісторыяй краіны ў цэлым і сваёй малой радзімы ў прыватнасці. Школьнікі з рэгіёнаў — частыя госці сталіцы. У Мінску яны знаёмяцца з экспазіцыямі музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, наведваюць Нацыянальную бібліятэку, сталічныя тэатры, іншыя месцы.

Аб тым, як будзе наладжаны восеньскі адпачынак дзяцей у шостай гімназіі Мінска, расказвае дырэктар установы адукацыі Наталля КАЗАК.

— У гімназіі вучацца больш за дзве тысячы дзяцей, і, вядома, іх вольны час у канікулы — гэта наш клопат. Запланавана мноства мерапрыемстваў для максімальнай занятасці дзяцей. Хочам зрабіць канікулы актыўнымі і карыснымі. Па-першае, на гэты перыяд у гімназіі будзе адкрыты аздараўленчы лагер, які наведаюць больш за сто дзяцей, у асноўным вучні малодшых класаў. Для іх прадугледжаны сняданак, абед і падвячорак. Дзённы сон у рэжыме таксама ёсць.

У лагеры будуць профільныя атрады: тэатральна-танцавальны, ваенна-патрыятычны і спартыўны — дзеці, такім чынам, будуць не толькі атрымліваць асалоду ад адпачынку, але і ўдзельнічаць у цікавых, пазнавальных і карысных мерапрыемствах, — зазначыла дырэктар гімназіі.
Паводле яе слоў, для кожнага класа складзена свая праграма, аб гэтым паклапаціліся класныя кіраўнікі. 

Там ёсць і паездкі па гістарычных і памятных мясцінах, экскурсіі ў музеі, пешаходныя экскурсіі па Мінску і гэтак далей. Што датычыцца работы самой гімназіі, то, як і ва ўсіх установах сярэдняй адукацыі краіны, гурткі і секцыі, творчыя майстэрні, спартыўная зала і музейны пакой будуць працаваць у звычайным рэжыме.

Таксама Наталля Казак адзначыла, што для часткі нашых вучняў канікулы стануць часам падрыхтоўкі да чарговага, раённага, алімпіяднага этапу. 

А для тых, каму трэба падцягнуць веды, арганізаваны дадатковыя заняткі.

Завершацца восеньскія канікулы 3 лістапада. Адукацыйны працэс другой чвэрці пачнецца 4 лістапада і працягнецца да 24 снежня. 

Зімовы адпачынак будзе больш працяглым — 14 дзён. На канікулы школьнікі адправяцца 25 снежня 2024 года і вернуцца да заняткаў 8 студзеня 2025 года. 

Па традыцыі самай доўгай застаецца трэцяя навучальная чвэрць — амаль тры месяцы — з 8 студзеня да 22 сакавіка. Вясновыя канікулы будуць такімі ж непрацяглымі, як і восеньскія, — восем дзён — з 23 да 30 сакавіка 2025 года. 

Чацвёртая чвэрць будзе самай кароткай — з 31 сакавіка да 30 мая. Завяршаюць яе раней 23 мая толькі навучэнцы 9 і 11 класаў.

Самы доўгачаканы і працяглы адпачынак школьнікаў чакае ўлетку. 
Асноўная маса навучэнцаў будзе адпачываць 92 дні — з 1 чэрвеня да 31 жніўня. Дзевяцікласнікаў у першай дэкадзе чэрвеня чакаюць іспыты за курс базавай школы, таму на вакацыі яны адправяцца на 82 дні — з 11 чэрвеня да 31 жніўня. 

Дадатковыя канікулы прадугледжаны для самых маленькіх школьнікаў — 1-2 класаў, а таксама 3 класаў з ліку вучняў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця з пяцігадовым тэрмінам навучання на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Адпачываць яны будуць сем дзён — 
з 17 да 23 лютага.

Алена ВІНАГРАДАВА

Фота Лізаветы Голад

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.  

Грамадства

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Мерапрыемства пачнецца на Віцебшчыне.

Грамадства

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці 

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.