Вы тут

Жыллёвы «квадрат» ва ўласнасць


Павышэнне ўзроўню даступнасці жылля з’яўляецца адной з мэт праекта канцэпцыі дзяржаўнай жыллёвай палітыкі да 2030 года. Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва распрацавала праект указа Прэзідэнта, у якім прадугледжваюцца меры па ўзмацненні дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве жылля. Гэтыя змены важныя для ўсіх, паколькі датычацца сапраўды важнага пытання — камфортных умоў жыцця.


«Забеспячэнне чалавека камфортным жыллём было і застаецца адным з найважнейшых прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнай палітыкі нашай дзяржавы. На сёння ў Беларусі для грамадзян, якія стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, рэалізоўваецца велізарны спектр розных формаў дзяржаўнай падтрымкі, як прамой, так і ўскоснай», — адзначыла намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення будаўніцтва і жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Іна Пінкоўская.

Паводле яе слоў, на канец мінулага года на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў у Беларусі, знаходзілася каля 569 тысяч сем’яў і грамадзян. За пяць гадоў колькасць чаргавікоў скарацілася на 12,3%. Іна Пінкоўская падкрэсліла: штогод для такіх людзей будуецца даволі вялікая колькасць жылля. Каля 25 тысяч чалавек кожны год на працягу пяці гадоў палепшылі свае жыллёвыя ўмовы.

«Дзяржава рэалізоўвае розныя формы і віды дзяржпадтрымкі грамадзян. Так, чаргавікі, якія стаяць на ўліку, могуць самастойна будаваць жыллё з наступным набыццём яго ва ўласнасць. Падобнае жыллё будуецца з такімі відамі дзяржаўнай падтрымкі, як ільготныя крэдыты і субсідыі па Указе Прэзідэнта № 240. Пры гэтым грамадзянін, які рэалізоўвае сваё права на атрыманне льготных крэдытаў на будаўніцтва жылля, дадаткова да льготнага крэдытавання мае права атрымаць фінансавую дапамогу ў пагашэнні льготных крэдытаў. У нас вызначаны катэгорыі, якім такое права даецца, — гэта шматдзетныя сем’і і маладыя сем’і», — пералічыла Іна Пінкоўская.

Арэнда ў трэндзе

Павялічваюцца аб’ёмы ўзвядзення арэнднага жылля, паколькі гэты спосаб паляпшэння жыллёвых умоў больш блізкі маладому пакаленню.

«Дзяржава не толькі падтрымлівае грамадзян, якія самастойна будуюць жыллё. Усё больш запатрабаваным з кожным годам становіцца арэнднае жыллё, аб’ёмы будаўніцтва якога працягваюць нарастаць. Асаблівай папулярнасцю гэты від жылля карыстаецца ў маладых спецыялістаў, якія толькі працаўладкаваліся на прадпрыемства або ў арганізацыю», — заўважыла прадстаўнік Мінбудархітэктуры.

Гэты спосаб паляпшэння жыллёвых умоў не толькі дазваляе павысіць мабільнасць працоўных рэсурсаў, але і дапамагае ў замацаванні маладых спецыялістаў на першых працоўных месцах. Таму аб’ёмы будаўніцтва арэнднага жылля з кожным годам павялічваюцца. Калі, напрыклад, у 2019 годзе ў Беларусі ўзводзілі 113 тысяч квадратных метраў падобнага жылля, то летась было ўведзена ў эксплуатацыю амаль утрая больш квадратных метраў арэнднага жылля (316 тысяч «квадратаў»). Сёлета планы па будаўніцтве арэнднага жылля яшчэ больш амбіцыйныя: да канца 2024-га ў планах увесці парадку 355 тысяч квадратных метраў арэнднага жылля.

«Паколькі такое жыллё запатрабавана ў грамадзян, цяперашнія аб’ёмы яго будаўніцтва не дазваляюць задаволіць у поўнай меры патрэбы грамадзян. Дзяржава шукае розныя дадатковыя крыніцы фінансавання яго будаўніцтва. На гэты момант узвядзенне арэнднага жылля ажыццяўляецца ў асноўным альбо за кошт сродкаў бюджэту, рэспубліканскага або мясцовага, альбо за кошт арэнднай платы», — пракаментавала Іна Пінкоўская.

Рэзервы росту

У Міністэрстве разлічваюць на тое, што пасля ўступлення ў сілу Указа Прэзідэнта № 344 ад 29 жніўня 2024 года дзяржаўныя арганізацыі і гаспадарчыя таварыствы пачнуць актыўна ўзводзіць арэнднае жыллё для сваіх работнікаў. Менавіта такім спосабам дзяржава шукае дадатковыя крыніцы фінансавання будаўніцтва кватэр. Дапамагчы можа рэалізацыя Указа № 344 «Аб субсідзіраванні юрыдычных асоб пры ўзвядзенні або набыцці жылых памяшканняў», які ўступіць у сілу з 1 студзеня наступнага года.

Па меркаванні спецыяліста, гэты дакумент прадугледжвае выдзяленне юрыдычным асобам (дзяржаўным арганізацыям і таварыствам з доляй дзяржавы ў статутным фондзе) субсідый на выплату часткі працэнтаў за карыстанне крэдытамі, якія гэтыя арганізацыі будуць атрымліваць на будаўніцтва арэнднага жылля для наступнага выдзялення яго сваім работнікам. Парадак і ўмовы выдзялення квадратных метраў будуць дыктаваць самі арганізацыі. У сваіх лакальных прававых актах яны вызначаць катэгорыі, у тым ліку пазачарговых, якія змогуць засяліцца ў зноў пабудаваныя кватэры. Але пры гэтым указам прадугледжана прамая норма, што не менш за 20 працэнтаў ад такога жылля арганізацыі абавязаны даць маладым спецыялістам і маладым работнікам.

«Мы плануем, што дзяржаўныя арганізацыі і гаспадарчыя таварыствы з уступленнем у сілу ўказа актыўна ўключацца ў будаўніцтва арэнднага жылля. На жаль, сёння арэнднае жыллё будуецца імі ў мінімальных аб’ёмах», — адзначыла Іна Пінкоўская.

Абнаўленне дзяржзаказу

У нашай краіне таксама хочуць адрадзіць цікавасць да будаўніцтва жылля дзяржаўнымі заказчыкамі для продажы чаргавікам. Праект адпаведнага ўказа ўжо распрацоўваецца ў міністэрстве. Яшчэ ў 2013 годзе быў падпісаны Указ № 215 «Аб некаторых мерах па ўдасканаленні будаўніцтва (узвядзення, рэканструкцыі) жылых памяшканняў», у адпаведнасці з якім быў уведзены дзяржаўны заказ на будаўніцтва жылля. Але потым указ рэалізаваўся не гэтак паспяхова, на працягу 3–4 гадоў ён «плыў па цячэнні», а далей будаўнікі перайшлі на долевае будаўніцтва жылля. У цяперашніх рэаліях было вырашана зноў прыступіць да такога віду жыллёвага будаўніцтва.

Указ № 215 прадугледжвае, што на першапачатковым этапе льготны крэдыт даецца дзяржаўнаму заказчыку на будаўніцтва жылля для наступнага продажу тым катэгорыям грамадзян, якія вызначаны ў дакуменце. Такі крэдыт даецца на ўвесь перыяд узвядзення дома, плюс тры месяцы пасля ўводу будынка ў эксплуатацыю. Прадстаўнік Мінбудархітэктуры адзначыла, што цяпер яны займаюцца карэкціроўкай гэтага заканадаўчага акту. У прыватнасці, прадугледжваецца павелічэнне на адзін месяц тэрміну карыстання крэдытам. Акрамя таго, з улікам існуючых умоў плануецца пашырыць пералік катэгорый грамадзян, якія маюць права набыць пабудаванае жыллё па дзяржаўным заказе.

Цяпер пабудаванае па дзяржзаказе жыллё могуць набыць толькі чаргавікі, якія маюць права на дзяржаўную падтрымку, патлумачыла спецыяліст. 

З пашырэннем пераліку прэтэндэнтаў заказчык атрымае права прадаваць кватэры і тым чаргавікам, якія правы на дзяржпадтрымку не маюць. Такіх шмат. І гэтыя людзі змогуць выкарыстоўваць для набыцця квадратных метраў як уласныя сродкі, так і крэдыты, выдзеленыя банкамі на агульных умовах. У прыватнасці, у рамках іпатэчнага крэдытавання.

Акрамя таго, праект указа прадугледжвае, што такое жыллё будуць набываць і дзяржаўныя арганізацыі і гаспадарчыя таварыствы з выкарыстаннем у тым ліку субсідый на пагашэнне крэдытаў, якія даюцца на набыццё жылля, для наступнага выдзялення сваім работнікам па дагаворах арэнды або найму жыллёвага фонду.

На думку Іны Пінкоўскай, пабудаванае па дзяржзаказе жыллё будзе ў поўным аб’ёме выкуплена да таго моманту, калі ў заказчыка скончыцца тэрмін карыстання льготным крэдытам. Яна лічыць, што такі спосаб паляпшэння жыллёвых умоў запатрабаваны. «Адзін з дамоў, будаўніцтва якіх было пачата па Указе № 215 сёлета, у канцы верасня быў уведзены ў эксплуатацыю ў Брэсце. На сёння ён цалкам укамплектаваны».

Шматдзетным сем’ям — у першую чаргу

Мінгарвыканкам выконвае распараджэнне кіраўніка дзяржавы і ў першую чаргу накіроўвае на будаўніцтва шматдзетныя сем’і, якіх неабходна забяспечыць жыллём на працягу года з моманту іх пастаноўкі на ўлік тых, хто мае патрэбу. Такой інфармацыяй падзялілася намеснік начальніка аддзела прававога рэгулявання і рэалізацыі жыллёвай палітыкі ўпраўлення жыллёвай палітыкі Мінскага гарвыканкама Таццяна Бухта.

На будаўніцтва ўжо накіраваны звыш 630 шматдзетных сем’яў. Яны пры наяўнасці падстаў атрымалі права на дзяржпадтрымку: ільготны крэдыт або права на атрыманне субсідый — у залежнасці ад таго, у які з графікаў фінансавання ўключаны дом, у якім такая сям’я заключыла дагавор долевага будаўніцтва.

Таццяна Бухта таксама згадала, што шматдзетныя сем’і могуць скарыстацца дадатковым відам дзяржпадтрымкі: датэрміновым распараджэннем сродкамі сямейнага капіталу пры будаўніцтве альбо ж атрыманнем пазыкі па месцы працы, што даецца грамадзянам, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу, калі ў прадпрыемства ёсць магчымасць выдаць такія пазыкі работнікам.

«Апошнія два гады Мінгарвыканкам даволі актыўна ўзгадняе такія пазыкі для супрацоўнікаў, якія будуюць жыллё не толькі ад прадпрыемства, але і ад мясцовага выканаўчага распарадчага органа», — пракаментавала намеснік начальніка.

Акрамя шматдзетных сем’яў, дзяржава імкнецца падтрымаць пры ўзвядзенні жылля і іншыя льготныя катэгорыі. Паводле апошніх звестак, 16 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, пачалі будаваць свае кватэры з атрыманнем дзяржпадтрымкі. Скарысталіся такім правам таксама грамадзяне, якія пражываюць у непрыдатных для гэтага дамах, і мінчане, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, якія маюць права на атрыманне дзяржпадтрымкі. Ужо сёння прыступілі да будаўніцтва жылля 50 такіх сем’яў.

«У прадастаўленні дзяржпадтрымкі ўведзена невялікае абмежаванне-новаўвядзенне: паводле яго асобныя катэгорыі грамадзян, якія накіраваны на будаўніцтва жылля ад месца працы, у выпадку звальнення, скасавання працоўнага дагавора абавязаны пакрыць прадстаўленую ім дзяржпадтрымку, — дадала прадстаўнік Мінгарвыканкама. — Такі ўказ быў выдадзены для замацавання на месцах работнікаў. Заўважу, што па сталіцы падобных выпадкаў не рэгістравалася».

Яна звярнула ўвагу на тое, што асноўнай умовай для атрымання дзяржпадтрымкі з’яўляецца знаходжанне на ўліку маючых патрэбу, яшчэ адна важная ўмова — накіраванне ад мясцовага выканаўчага распарадчага органа на будаўніцтва або заключэнне дагавора куплі-продажу. У Мінску такім правам могуць скарыстацца толькі шматдзетныя сем’і.

«Аднясенне да катэгорыі малазабяспечаных дазваляе атрымліваць дзяржпадтрымку, аднак гэтую катэгорыю неабходна пацвердзіць. Пры пацвярджэнні малазабяспечанасці і атрыманні накіравання ад мясцовага выканаўчага распарадчага органа чалавек звяртаецца з заявай аб выдзяленні яму дзяржпадтрымкі», — патлумачыла намеснік начальніка аддзела прававога рэгулявання і рэалізацыі жыллёвай палітыкі кіравання жыллёвай палітыкі.

Ільготнікам прапануюць кватэры і ў Смалявічах

Расце папулярнасць узвядзення жылля ў горадзе-спадарожніку Смалявічы, адзначыла Таццяна Бухта. Чаргавікі актыўна падаюць заявы на ўзвядзенне там жылля, якое будуецца з выдзяленнем дзяржаўнай падтрымкі.

Акрамя таго, гарадскімі жыхарамі вядзецца таксама будаўніцтва аднакватэрных домікаў у бліжэйшых населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 20 тысяч чалавек. Дзяржпадтрымка на гэтыя мэты даецца па-за чаргой.

Што датычыцца забудовы ўнутры МКАД, актыўнымі тэмпамі вядзецца будаўніцтва ў мікрараёнах Лошыца і Масюкоўшчына, у планах — узводзіць жыллё таксама ў сталічным мікрараёне Навінкі ў Цэнтральным раёне горада.

«Кропкавае будаўніцтва вядзецца па ўсім горадзе, дзе вылучаецца зямля на гэтыя мэты. Ускраіны асвойваюцца даволі дынамічна. Акрамя жылых дамоў, паралельна ўзводзіцца сацыяльная інфраструктура: дзіцячыя сады, школы, паліклінікі», — пералічыла Таццяна Бухта.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.