Палац Незалежнасці з’яўляецца рэзідэнцыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Галоўны адміністрацыйны будынак краіны размяшчаецца ў паўночна-заходняй частцы беларускай сталіцы побач з плошчай Дзяржаўнага сцяга. Яго можна па праве назваць візіткай Беларусі. Аляксандр Лукашэнка ніколі не хацеў адасабляць Палац Незалежнасці ад гарадской забудовы, таму дзверы дадзенага аб’екта па асабістым распараджэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у вызначаны час адчынены для экскурсій.
Такім чынам, тут апынулася Дар’я Біцукова, навучэнка сярэдняй школы № 14 г. Маладзечна. Карэспандэнту «Звязды» яна расказала, чым Школа міру, у якой яна вучыцца, адрозніваецца ад любой іншай, а таксама падзялілася першымі эмоцыямі пасля экскурсіі па знакавым месцы нашай краіны.
«Сюды прыехалі рабяты, якія актыўна займаюцца як міратворчай, так і валанцёрскай дзейнасцю. Мы ўдзельнічаем у пошукавых работах, у велапрабегах, у прыборках помнікаў і абеліскаў. У нашай школе вельмі часта праходзяць урокі міру. Лічу, што быць міратворцам — вельмі цікава і важна, бо можна ўдзельнічаць у вялікай колькасці мерапрыемстваў, якія дапамагаюць захоўваць мір. Міратворчасць — гэта тое, што нас аб’ядноўвае і што нам па душы. Наведаць Палац Незалежнасці — вялікі гонар для мяне, я заўсёды хацела тут пабываць. Калі сказалі, што ў мяне ёсць магчымасць сюды прыехаць, я адразу ж пагадзілася і ні кроплі не шкадую. Тут вельмі маштабна і прыгожа, такога я яшчэ не бачыла».
Старшыня Маладзечанскай раённай арганізацыі ГА «Беларускі фонд міру» Святлана Чыжыкава расказала, які ўплыў школы міру аказваюць на далейшы лёс Беларусі.
«Нядаўна мы адкрылі тры Школы міру, таму што і дзецям, і дарослым міратворцам вельмі важна, у чые рукі ў будучыні перададуць нашу дзяржаву і хто будзе несці грамадзянскую адказнасць у далейшым і па станаўленні нашай краіны, і па яе росквіце. Фонд міру — адна з найстарэйшых грамадскіх арганізацый, ёй больш за 60 гадоў, таму нам вельмі дорага тое, чым мы займаемся. У нас шмат праграм сацыяльнай накіраванасці, вялікія міратворчыя праекты, патрыятычнае выхаванне моладзі. Апошняе з’яўляецца адным з ключавых кірункаў нашага руху».
Начальнік Спецыялізаванага ліцэя Міністэрства ўнутраных спраў, палкоўнік міліцыі Яўген Абрамовіч расказаў, наколькі радасна і важна было даведацца выхаванцам Спецыялізаванага ліцэя МУС пра тое, што яны трапяць у Палац Незалежнасці: «Сёння тут знаходзяцца выхаванцы Спецыялізаванага ліцэя МУС, якія маюць высокія вынікі ў вучобе, спорце і ў іншых дасягненнях ліцэя. Яны рыхтаваліся некалькі дзён да гэтага мерапрыемства. Пабываць у „сэрцы“ нашай краіны, дзе працуе Прэзідэнт і дзе сустракаюць дэлегацыі рознага ўзроўню, — заўсёды пачэсна. Рабяты заслужылі гэтую паездку сваім розумам, вучобай, яны досыць эмацыянальна прымаюць удзел у экскурсіі і вельмі рады такой магчымасці».
Юныя экскурсанты былі вельмі прыемна ўражаны экскурсіяй — пра гэта сведчаць іх ўсмешкі, мноства сэлфі, а таксама жаданне разгледзець кожны элемент знакамітага будынка.
Яўгеній КСЯНДЗОЎ
фота аўтара
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.