Летам 2022 года Прэзідэнт даў даручэнне пачаць рэалізацыю ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект». Гэтая падзея стала па-сапраўднаму знакавай для развіцця рэгіёнаў. А для некаторых з іх і ўвогуле адкрыла другое дыханне. Прызваная актывізаваць мясцовыя ініцыятывы ў частцы пошуку і ўвасаблення ў жыццё перспектыўных інвестыцыйных праектаў, праграма цалкам выконвае задачы. Дзякуючы ёй істотна паляпшаецца інвестыцыйны клімат у рэгіёнах, забяспечваецца іх збалансаванае сацыяльна-эканамічнае развіццё і скарачаецца разрыў па ўзроўні і якасці жыцця насельніцтва.
Трэба адзначыць, што мясцовыя ўлады без прамаруджвання ўключыліся ў гэтую работу і штогод колькасць праектаў толькі расце. Для параўнання: на пачатку рэалізацыі ініцыятывы было 129 праектаў, а да канца 2023-га — ужо 156 коштам 6,5 мільярда. Сёлета ў краіне ідзеработа па 208 праектах агульным аб'ёмам інвестыцый каля 8,8 мільярда рублёў. Па выніках іх завяршэння плануецца стварыць больш за 10 тысяч рабочых месцаў. Сёння амаль у палове ўсіх раёнаў будуць рэалізаваны па два праекты, у кожным дзясятым — па тры праекты, а ў Дзяржынскім раёне Мінскай вобласці аднамомантна будуць ажыццяўляцца ажно шэсць праектаў. Акрамя ўсяго іншага, варта адзначыць ярка выяўленую імпратазамяшчальную скіраванасць інвестпраектаў.
У Глускім раёне новы штуршок у развіцці набыла дрэваапрацоўка, а ў Асіповіцкім — вытворчасць шкла. Праграма «Адзін раён — адзін праект» арганічна ўпісваецца ў стратэгію Беларусі па дасягненні Мэт устойлівага развіцця. Гэта стварэнне сучасных вытворчасцяў, новыя працоўныя месцы, індустрыялізацыя, інавацыі, развіццё інфраструктуры, рост агульнага дабрабыту, ліквідацыя няроўнасці, актывізацыя інвестыцыйнай дзейнасці, умацаванне эканомікі раёна — усе прыкметы ў наяўнасці. Сёлета на тэрыторыі Магілёўскай вобласці на поўную моц запрацавалі два такія праекты, прычым абодва ў сельскай мясцовасці. Агульная колькасць створаных працоўных месцаў — болей чым 60. Вытворчы працэс набірае абароты, людзі задаволены, прадукцыя карыстаецца попытам на рынках — адным словам, стратэгія працуе.
Новы ўчастак падрыхтоўкі і сартавання шклабою на ААТ «Гродзенскі шклозавод» філіял «Ялізава», які базіруецца ў гарадскім пасёлку з аднайменнай назвай у Асіповіцкім раёне, дазволіў стварыць болей чым 20 працоўных месцаў. Каб адкрыць новую вытворчасць, прадпрыемству прыйшлося правесці рэканструкцыю былой кампрэсарнай № 2. Вытворчы ўчастак дазволіць сартаваць 50 тысяч тон змешанага шклабою ў год і забяспечваць сыравінай яшчэ і галаўное прадпрыемства — Гродзенскі шклозавод.
— Участак быў уведзены ў эксплуатацыю сёлета ў ліпені, — паведаміла начальнік аддзела эканомікі Асіповіцкага райвыканкама Аксана Аляксандрава. — Аб’ём інвестыцый па інвестпраекце склаў 15,8 мільёна рублёў. Фінансаванне ажыццяўлялася за кошт крэдыту Банка развіцця і ўласных сродкаў. Выгада ад рэалізацыі праекта каласальная і шматвектарная.
Спецыялісты кажуць, што шкляны бой выкарыстоўваецца як дадатак для эканоміі дарагіх рэсурсаў, паскарае працэс варэння шыхты, скарачае спажыванне энергіі пры вытворчасці і спрыяе павышэнню экалагічнасці шкляной вытворчасці за кошт зніжэння выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасферу. Работа перспектыўная і стабільная. Таму і людзі працуюць з задавальненнем. Некаторыя нават прыязджаюць з Бабруйска.
Аксана Аляксандрава ўдакладняе, што, акрамя гэтага праекта, раён рэалізоўвае яшчэ некалькі, якія не трапілі ў праграму, але там таксама ўкладаюцца сур’ёзныя інвестыцыі, мадэрнізуецца вытворчасць, ствараюцца новыя працоўныя месцы. На заводзе аўтамабільных агрэгатаў поўным ходам ідзе тэхпераўзбраенне, засвоена ўжо 15,7 мільёна рублёў інвестыцый, ва ўсіх цэхах абсталяванне паступова мяняецца на сучаснае. А на кансервавым заводзе ўкараняюць праект па арганізацыі фасоўкі і ўпакоўкі кансервавай плодаагародніннай прадукцыі. Засвоена ўжо 767 тысяч рублёў, створана 20 новых працоўных месцаў.
— За студзень — верасень у Асіповіцкім раёне засвоена амаль 156 мільёнаў рублёў інвестыцый, працаўладкавана за кошт стварэння новых прадпрыемстваў і вытворчасцяў 88 чалавек, — удакладніла начальнік аддзела эканомікі.
Драйверам для развіцця Глускага раёна стаў праект па арганізацыі дрэваапрацоўчай вытворчасці ТАА «ЗЕЛЯНВУД». Як яго ахарактарызавалі ў аддзеле эканомікі Глускага райвыканкама, вельмі перспектыўнае прадпрыемства. Маўляў, дрэваапрацоўкай у раёне і іншыя займаюцца, але не ў такіх аб’ёмах. У год фірма выпускае піламатэрыялаў абразных хвойных парод каля 16 тысяч кубаметраў, плюс 3,2 тысячы кубоў ацыліндраваных вырабаў.
Праект цалкам экспартаарыентаваны. Галоўны бухгалтар прадпрыемства Маргарыта Цімко паведаміла, што ўся прадукцыя ідзе на экспарт у Расію, Узбекістан, Таджыкістан, Азербайджан, былі невялікія пастаўкі ў Турцыю. Толькі за трэці квартал выраблена амаль 4300 кубаметраў дошкі, і ўсё без астатку адгружана на вываз за мяжу.
Вытворчы ўчастак размешчаны непадалёк ад вёскі Зелянковічы, тэрыторыя акультурана, пабудавана пад’язная дарога, адрамантаваны будынак майстэрні, абсталяваны офіснае і бытавыя памяшканні, устаноўлена новая мачтавая падстанцыя, узведзены навесы. Усяго тут створана 41 працоўнае месца. Працуюць жыхары не толькі з навакольных вёсак, але і з Глуска і нават Узбекістана. Прадпрыемстваў на тэрыторыі Глушчыны не шмат, і для мясцовага насельніцтва «ЗЕЛЯНВУД» — гэта гарантыя пастаяннага заробку. Па словах дырэктара прадпрыемства Шаралі Хамроева, стварыць свой бізнес менавіта на Глусчыне яго падштурхнула работа на аналагічнай фірме ў Асіповіцкім раёне. Сябар, які спакусіў яго прыехаць з Узбекістана ў Беларусь, у рэшце рэшт закрыў вытворчасць і вярнуўся дамоў. А Шаралі вырашыў працягваць займацца гэтай дзейнасцю далей, але ў іншым месцы.
Знайсці работу ў Глускім раёне няпроста. І для сужэнцаў Эдуарда і Вольгі Турко прадпрыемства «ЗЕЛЯНВУД» стала выратаваннем. Эдуард працуе тут начальнікам вытворчасці, жонка — бухгалтарам. На выхаванні сям’і — двое непаўналетніх дзяцей.
— Мы жывём у малым населеным пункце, і наяўнасць працоўных месцаў мае для нас вялікае значэнне, — кажа Вольга. — Прадпрыемства, дзе працуем, надзейнае. Зарплата годная і выплачваецца своечасова.
Вольга расказвае, што да таго, як уладкавацца на работу ў «ЗЕЛЯНВУД», паспела папрацаваць на мэблевай фабрыцы і ў сялянска-фермерскай гаспадарцы. Спачатку на дрэваапрацовачную вытворчасць працаўладкаваўся яе муж, а хутка высветлілася, што там ёсць неабходнасць у бухгалтары. Маладая жанчына пайшла і не шкадуе. Вытворчасць знаходзіцца недалёка ад Глуска, сацыяльны пакет ёсць. На думку Вольгі, вельмі важна, каб у невялічкіх раёнах такіх вось прадпрыемстваў, дзе шмат рабочых месцаў, было як мага больш. Тады і думкі з’язджаць у горад у пошуках шчасця не ўзнікала б.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва прадпрыемства «ЗЕЛЯНВУД»
— На 1 верасня, пачынаючы з 2023 года, на Магілёўшчыне рэалізавана дзевяць праектаў па праграме «Адзін раён — адзін праект, — адзначыў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар. — Два з іх — участак па сартаванні шклабою ў гарадскім пасёлку Ялізава і арганізацыя дрэваапрацоўчай вытворчасці ў Глускім раёне ТАА «ЗЕЛЯНВУД» — пачалі працаваць ужо сёлета. Па ўсіх праектах агульны аб’ём асвоеных інвестыцый у асноўны капітал склаў 447,5 мільёна рублёў, створана 907 новых рабочых месцаў. Да канца 2024 года плануецца завяршэнне яшчэ пяці такіх праектаў. Наогул, пералік інвестпраектаў у кожным раёне Магілёўшчыны са стварэннем не менш за 20 новых працоўных месцаў на перыяд 2021–2025 гадоў прадугледжвае рэалізацыю 31 інвестпраекта агульным коштам 1 280,6 мільёна рублёў. У планах — стварыць не менш за 1592 новыя працоўныя месцы. Адказнымі за рэалізацыю гэтых праектаў замацаваны старшыні адпаведных гар-, райвыканкамаў.
Плітка — буйным фарматам
На прадпрыемстве «Бярозабудматэрыялы» стварылі новую тэхналагічную лінію. Сёлета ў Брэсцкай вобласці рэалізоўваецца 24 праекты праграмы «Адзін раён — адзін праект». Зараз гаворка пойдзе пра адзін з іх, які ўжо ўвасоблены ў жыццё. У самым пачатку года на ААТ «Бярозабудматэрыялы» ўрачыста адкрылі ўведзеную ў эксплуатацыю новую тэхналагічную лінію па вытворчасці буйнафарматнай керамічнай пліткі.
Для раёна ААТ — адно з горадаўтваральных прадпрыемстваў, якое дае каля 17% валавой вытворчасці прадукцыі, што выпускаецца ў раёне. Тут працуе каля 1200 чалавек. Зразумела, што для Бярозы з колькасцю насельніцтва 29,3 тысячы такая вытворчасць мае вялікае значэнне.
Само прадпрыемства складаецца з трох вытворчых пляцовак, якія размешчаны на 37 гектарах. Цяпер бярозаўчане рэалізоўваюць буйны інвестыцыйны праект па пашырэнні вытворчасці керамічнай пліткі. Тэрмін вызначаны на бягучую пяцігодку (2020–2025 гады). У выніку значна павялічацца магутнасці, агульны аб’ём вытворчасці вырасце на 20%. Адным з першых крокаў на гэтым шляху стала набыццё ў 2021 годзе маёмаснага комплексу РУП «Бярозатара». Названае прадпрыемства было ліквідавана, а вытворчы комплекс плошчай каля 40 тысяч квадратных метраў на 15 гектарах стаяў без справы. Калі «Бярозабудматэрыялы» выступіла з ініцыятывай даць новае жыццё гэтай маёмасці, яго падтрымалі на высокім узроўні, і дзякуючы менавіта дзяржпадтрымцы планы ўдалося ажыццявіць. Некаторыя вытворчыя лініі, дарэчы, там запусцілі нанова. Так, напрыклад, на машыне лакіроўкі бляхі выпускаюць закатачныя крышкі, на другой — нарыхтоўкі для вёдзер пад фарбу.
Але ж галоўнае, што на гэтай пляцоўцы летась выканалі мантаж новага абсталявання для лініі па вытворчасці буйнафарматнай керамічнай пліткі і керамаграніту.
Керамаграніт выкарыстоўваецца для абліцоўкі фасаду будынкаў, прадукцыя сёння надзвычай запатрабаваная, як і буйнафарматная плітка. Паводле слоў генеральнага дырэктара прадпрыемства Віталя МІХНЮКА, ажыццяўленне праекта стала істотным крокам у справе павышэння якасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі. Новая лінія эфектыўна працуе на павелічэнне аб’ёмаў без страты якасці. Новыя магчымасці адкрыліся менавіта дзякуючы перадавому абсталяванню. Тут стаіць больш доўгая печ, чым на ранейшых вытворчасцях. Момант рэкуперацыі — адбору і паўторнага выкарыстання цяпла для эканоміі энерганосьбітаў — з гэтай лініі прымяняецца больш дакладна. Такім чынам эканоміцца да 5–7% цеплавой энергіі для вытворчасці прадукцыі, што зніжае сабекошт. Таксама ўстаноўлена новая лічбавая машына, якая дае магчымасць стварэння розных рэльефаў.
Урачыстая цырымонія запуску новай тэхналагічнай лініі, як ужо гаварылася, адбылася ў пачатку гэтага года. Намеснік прэм’ер-міністра краіны Анатоль СІВАК, які прысутнічаў на цырымоніі, гаварыў тады, што рэалізацыя праекта дэманструе, як выконваюцца даручэнні кіраўніка дзяржавы. Першае з іх датычыцца праграмы «Адзін раён — адзін праект», другое — паляпшэння якасці прадукцыі. «Калі рэалізавалі гэты праект, было вырашана некалькі задач. Задзейнічаны вытворчыя пляцоўкі, якія да апошняга часу не выкарыстоўваліся. Раён атрымаў новыя рабочыя месцы. Прадпрыемства, рэгіён атрымалі інвестыцыі», — сказаў віцэ-прэм’ер.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў па Пружанскай акрузе, у якую ўваходзіць і Бяроза, Юрый НАРКЕВІЧ не так даўно наведваў гэтае прадпрыемства, сустракаўся з калектывам. Карэспандэнту газеты дэпутат сказаў, што адкрытае акцыянернае таварыства «Бярозабудматэрыялы» ўяўляе сабой узор прадпрыемства, якое ўвесь час развіваецца: «Тут прыцягваюць інвестыцыі, працуюць над новымі праектамі. Апошні, напрыклад, даў магчымасць стварыць дадаткова 26 новых рабочых месцаў. Налета плануюць рэканструяваць маса-нарыхтоўчы цэх. І галоўнае, што людзі працуюць з добрым настроем. Сярэдняя зарплата даўно перавысіла 2000 рублёў. Прадпрыемства забяспечвае добры сацпакет, магчымасці для павышэння кваліфікацыі і кар’ернага росту працаўнікоў».
Старшыня камітэта эканомікі Брэсцкага аблвыканкама Наталлля АЛЯХНОВІЧ зазначыла, што з 24 праектаў праграмы «Адзін раён — адзін праект» на імпартазамяшчэнне накіраваны 18, гэта значыць абсалютная большасць. Рэалізацыя ўсіх праектаў дазволіць стварыць у рэгіёне дадаткова каля 980 рабочых месцаў.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота з адкрытых крыніц
Менавіта такі лозунг абрала для сваёй работы маладое прадпрыемства ў Бешанковіцкім раёне «Скорпіа-Кветка», якое спецыялізуецца на вытворчасці харчовых араматызатараў. Праект з’яўляецца імпартазамяшчальным і экспартаарыентаваным, носіць статус адзінага вытворцы харчовых араматызатараў, у тым ліку са статусам «натуральныя» ў Рэспубліцы Беларусь.
Таварыства з абмежаванай адказнасцю «Скорпіа-Кветка» адкрылася ў мінулым годзе ў рамках інвестыцыйнай праграмы «Адзін раён — адзін праект». Пры выбары месца для будучай вытворчасці восенню 2021 года вывучалі розныя пляцоўкі, але ў межах Віцебскай вобласці. Найлепшым варыянтам аказаўся Бешанковіцкі раён: тут у аграгарадку Будзілава пуставала памяшканне былога Каранеўскага дзіцячага сада — базавай школы. За кароткі тэрмін інвестар прарабіў усю неабходную падрыхтоўку, каб прыступіць да выпуску прадукцыі: былі адрамантаваны памяшканні будынка, закуплена і завезена абсталяванне. І, самае галоўнае, пастаўлена мэта — заняць лідзіруючае месца сярод прадпрыемстваў харчовай прамысловасці Беларусі і цалкам задаволіць патрэбы рынку з улікам развіцця праграмы імпартазамяшчэння.
«У адрозненне ад Расіі і Азіяцкага рэгіёна, дзе развіты невялікі прыватны бізнес, у Беларусі захаваліся буйныя прадпрыемствы, якімі славіцца краіна яшчэ з савецкіх часоў. Таму калі „Скорпио-Аромат“ разглядала варыянты развіцця, Беларусь выбралі з улікам прамысловага патэнцыялу харчовай галіны і геаграфічнага становішча», — расказвае дырэктар ТАА «Скорпіа-Кветка» Аляксандр Клубкоў.
Бізнэс дырэктар развівае разам з жонкай. Яна Клубкова адзначае, што мясцовыя ўлады аказалі інвестарам усебаковую падтрымку. «Спрацавалі бліскуча, гонар ім і хвала. Старшыня райвыканкама Галіна Унуковіч і намеснік старшыні па эканоміцы Таццяна Ждановіч распісалі план, што, навошта і як рабіць, паабяцалі дапамагчы аформіць дакументы — і слова стрымалі. Нам дапамаглі прайсці ўсе бюракратычныя этапы. Была школа, а цяпер прадпрыемства, таму трэба было вырашыць пытанні з рознымі службамі, зрабіць праект. Сышло нямала часу. І нарэшце запусціліся, пачалі рабіць свае араматызатары», — успамінае намеснік дырэктара.
Раней араматызатары на беларускія прадпрыемствы пастаўлялі з Польшчы, Літвы, Германіі, Францыі. Каб не залежаць ад палітычных капрызаў Захаду, Прэзідэнт паставіў задачу павышаць долю імпартазамяшчальных вытворчасцяў. Інгрэдыенты для харчовых араматызатараў у Беларусь завозяцца з дружалюбных краін — Кітая, Індыі і іншых.
Цяпер ТАА «Скорпіа-Кветка» абсталявала цэхі для вытворчасці сухіх і вадкіх араматызатараў і вырабляе шырокую лінейку араматызатараў уласнай вытворчасці для ўсіх галін харчовай прамысловасці па ліцэнзіі расійскага ТАА «Скорпио-Аромат», вытворцы больш за 10 000 рэцэптур араматызатараў у сухой, вадкай, пастападобнай і грануляванай формах. На дадзены момант араматызатары з гандлёвай маркай ТАА «Скорпио-Аромат», якія пастаўляюцца ТАА «Скорпіа-Кветка» як эксклюзіўным дылерам у Беларусі, выкарыстоўваюцца ўсімі вядучымі вытворцамі харчовай (кандытарскай і малочнай) прадукцыі краіны. Сярод іх — СТАА «Камунарка», ААТ «Чырвоны харчавік», ААТ «Чырвоны мазыранін», ААТ «Слодыч», ААТ «Бабуліна крынка», ААТ «Мінскі малочны завод № 1», ААТ «Мінскі маргарынавы завод», ТДА «Фірма АВС» і іншыя.
«Мы задэкларавалі каля 60 узораў нашай прадукцыі, найбольш запатрабаваных на прадпрыемствах харчовай галіны Беларусі, а іх тысячы, і ўсё гэта можна рабіць тут. Так што ёсць куды развівацца», — расказвае аб перспектывах дарэктар прадпрыемства Аляксандр Клубкоў.
З Кітая закупілі лініі разліву харчовых араматызатараў у дробную тару для пастаўкі іх у Расію. З пачатку рэалізацыі праекта ў яго ўкладзена больш за 600 тысяч рублёў. Важна, што інвестыцыйны праект стварыў для людзей новыя працоўныя месцы, што ў глыбінцы асабліва важна. Пакуль на прадпрыемстве працуюць 12 чалавек, амаль усе члены калектыву — людзі мясцовыя, некаторыя спецыялісты прыязджаюць з Віцебска. Кіраўніцтва ТАА «Скорпіа-Кветка» прапаноўвае работнікам канкурэнтную зарплату, каб людзі імкнуліся працаваць і атрымліваць больш. У памяшканні былой школы абсталяваны офісы, душавыя кабіны і пакой адпачынку для работнікаў, складскія памяшканні. На прадпрыемстве ўсталявалі ўласную сістэму ачысткі і абезжалезвання вады.
«Для нашага раёна, дзе прамысловыя прадпрыемствы можна пералічыць па пальцах адной рукі, любая створаная, нават невялікая вытворчасць мае вялікае значэнне. Гэта і новае жыццё пустым будынкам, і інвестыцыі, і падатковыя паступленні ў бюджэт. Вядома, новыя рабочыя месцы, прычым нават не ў райцэнтры, а ў аграгарадку, што асабліва каштоўна для нас. Гэты праект, які рэалізоўваецца ў рамках прэзідэнцкай ініцыятывы „Адзін раён — адзін праект“, цалкам адпавядае таму, на што нацэліў Кіраўнік дзяржавы: „Людзям патрэбна праца там, дзе яны жывуць“. Толькі так, ствараючы новыя вытворчасці, новыя працоўныя месцы ў глыбінцы, можна яе развіваць, спрыяць росту дабрабыту яе жыхароў», — адзначыла начальнік аддзела эканомікі Бешанковіцкага райвыканкама Людміла Хадзянок.
Аляксандра ГВОЗДЗЕВА
Фота з архіва прадпрыемства
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.