Такія насычаныя падзеямі і сустрэчамі рабочыя дні, як серада ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Казані, здараюцца нячаста нават у вопытных палітыкаў. Як трапна абазначыў планы кіраўніка дзяржавы тэлеграм-канал «Пул первого», «рабочую праграму Прэзідэнта нельга назваць насычанай — гэта спрынтарскі забег».
Менавіта з бегам на некалькі дыстанцый запар і сапраўды можна параўнаць рабочы графік Аляксандра Лукашэнкі ў сталіцы Татарстана, дзе гэтымі днямі праходзіць XVI Саміт БРІКС. Сёння беларускі лідар у пасяджэнні саміту ў фармаце «БРІКС плюс/аўтрыч». Лідары краін абмяркуюць актуальную міжнародную праблематыку, тэму ўмацавання ўзаемадзеяння ў фармаце БРІКС як адной з асноў шматбаковасці, павышэння з’яднанасці сусветнай большасці і хутчэйшага вырашэння існуючых рэгіянальных канфліктаў.
А ўчора літаральна за паўдня кіраўнік нашай краіны правёў на палях саміту БРІКС тры важныя міжнародныя сустрэчы — з лідарамі Венесуэлы, Лаоса і Эфіопіі. І даў тры інтэрв’ю — тэлеканалу Бі-бі-сі, Вользе Скабеевай, вядучай праграмы «60 мінут» на канале «Расія» і Першаму кітайскаму нацыянальнаму тэлебачанню — у журналістаў Прэзідэнт Беларусі заўжды нарасхват.
З Прэзідэнтам Венесуэлы Нікаласам Мадура Аляксандр Лукашэнка сустрэўся як з добрым сябрам. «Радуемся за цябе пастаянна, тваёй нязломнай мужнасці. Вельмі ўдзячныя за гэту мужнасць, за стойкасць. Гэта нам надае сілы і ўпэўненасць,» — звярнуўся ён да венесуэльскага калегі.
«Гэтыя сілы — яны ўзаемныя, — сказаў у адказ Нікалас Мадура. — Мы вядзем напружаную барацьбу, але гэта барацьба вядзе да перамогі. Цяпер у нас вельмі значныя планы , якія мы хочам рэалізаваць, каб дасягнуць будучыні».
Пры гэтым ён падкрэсліў вялікую ролю Уга Чавеса ў развіцці Венесуэлы і нарошчванні ўзаемадзеяння з Беларуссю. «Я памятаю аб тых вельмі цёплых, сяброўскіх адносінах, якія былі ў вас з Прэзідэнтам Чавесам, — звярнуўся Прэзідэнт Венесуэлы да беларускага лідара. — Цяпер наш венесуэльскі народ мае гэтыя цёплыя пачуцці ў адносінах да Беларусі».
Прэзідэнт Беларусі таксама аддаў належнае вялізнай ролі Уга Чавеса ў станаўленні Венесуэлы і фарміраванні двухбаковых адносін з Беларуссю. «Якія б мы з табой ні вялі перагаворы сёння, заўтра і ў будучым, з намі заўсёды будзе Уга. Нашы пачуцці да гэтага чалавека аднолькавыя», — падкрэсліў беларускі лідар. Ён таксама нагадаў, што цяперашні венесуэльскі кіраўнік Нікалас Мадура раней прысутнічаў на перагаворах Аляксандра Лукашэнкі і Уга Чавеса ў якасці кіраўніка МЗС і заўсёды яго пазіцыя была на карысць развіцця адносін дзвюх краін. «Ніколі не была на шкоду Беларусі», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. «Я да гэтага часу памятаю, калі мы з Чавесам вялі перамовы, ён заўсёды пытаўся: „Нікалас, так будзем рабіць ці інакш з Беларуссю? Якія будуць адносіны?“ І заўсёды тваё меркаванне было ў аснове тых адносін, якія тады складваліся і існуюць цяпер», — сказаў Прэзідэнт.
«Таму Нікалас Мадура, Прэзідэнт Венесуэлы цяперашні, яго палітыка — гэта як Чавес і яго палітыка тады. Я ўвогуле ўражаны тым, наколькі ты сам і твае прыхільнікі, якія цябе падтрымліваюць, адданыя Чавесу і той палітыцы, якую ён ажыццяўляў. Вы проста малайцы. Вы ні на ёту не адступілі ад той палітыкі. Гэта заслугоўвае найвялікшай павагі, » — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік беларускай дзяржавы нагадаў, што нядаўна па яго даручэнні Венесуэлу наведаў прэм’ер-міністр, «каб зрабіць першы крок да паглыблення адносін». "У тым ліку ажыццявіць рэвізію цяперашніх адносін, адкінуць тое, што ўжо не працуе, пакінуць тое, што нам трэба, і выпрацаваць новае, — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта значыць, мы цяпер працуем над тым, каб выпрацаваць новую дарожную карту нашых адносін, план будучыні. Думаю, гэтым шляхам трэба ісці.
Нікалас Мадура выказаў абсалютную згоду з такім падыходам.
Беларусь зацікаўлена ў пашырэнні і актывізацыі супрацоўніцтва з Лаосам, заявіў Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з Прэзідэнтам Лаоса Тханглунам Сісулітам.
«Павінен вам сказаць, што мы вельмі, вельмі добразычліва настроены адносна вашай краіны, — звярнуўся кіраўнік беларускай дзяржавы да лідара Лаоса. — Мы хацелі б паглыбіць нашы адносіны, мець на паўднёвым усходзе Азіі нейкі пункт апоры для Беларусі. І у сувязі з тым, што мы для Лаоса цікавыя і патрэбны (прабачце за нясціпласць), мы маглі б пашырыць наша супрацоўніцтва і больш актыўна супрацоўнічаць з вамі. Для гэтага ўсё ёсць.
У сваю чаргу Тханглун Сісуліт падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за магчымасць сустрэцца і ўзгадаў пра свой візіт у Мінск у 2013 годзе ў статусе намесніка прэм’ер-міністра — міністра замежных спраў Лаоса. У маі гэтага года ён таксама сустракаўся з Прэзідэнтам Беларусі ў час парада з нагоды Дня Перамогі ў Маскве.
«Я пастаянна сачу за навінамі. Хацеў бы павіншаваць вас з поспехам па кіраўніцтве краінай — Беларусь узмацніла сваю ролю на сусветнай арэне», — сказаў лаоскі лідр. Ён таксама выказаў падзяку Беларусі за супрацоўніцтва ў ваенна-прамысловай сферы і аказанне дапамогі ў падрыхтоўцы кадраў для Лаоса.
Пры гэтым тэмпы і ўзровень супрацоўніцтва, асабліва ў эканоміцы, пакуль не адпавядаюць магчымасцям дзвюх краін, асабліва ўлічваючы высокі ўзровень палітычнага ўзаемадзеяння і дружалюбныя адносіны Беларусі і Лаоса, перакананы Тхонглун Сісуліт.
Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся з гэтым тэзісам: «Адносіны нашы, як вы вельмі правільна сказалі, не адпавядаюць таму патэнцыялу, які ў нас існуе. Нам трэба смялей і энергічней рухацца па гэтым шляху. Трэба вызначыцца, што мы адзін аднаму павінны зрабіць. Думаю, мы гэта зробім у бліжэйшы час, і вы можаце не сумнявацца, спадар Прэзідэнт, мы сваю дарогу пройдзем і зробім так, каб было для вашага народа зручна і выгадна супрацоўнічаць з Беларуссю».
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў гатоўнасць супрацоўнічаць з Лаосам па многіх напрамках, якія маюць узаемную цікавасць. «Думаю, трэба, каб група спецыялістаў з вашага боку і група спецыялістаў з нашага боку выпрацавалі план на бліжэйшую і сярэднюю перспектыву, каб мы разумелі, у якім напрамку рухацца, якія тавары вас цікавяць у нас і што нас цікавіць у Лаоскай Народна-Дэмакратычнай Рэспубліцы. Усё гэта трэба цяпер склеіць і выпрацаваць канкрэтны план і пакласці нам на стол для зацвярджэння», — сказаў Прэзідэнт. Для вырашэння гэтых пытанняў ён прапанаваў абмяняцца візітамі. «Я вас заўсёды чакаю ў Мінску, тым больш вы ведаеце дарогу ў Мінск», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка, дадаўшы, што сам знойдзе час, каб пабываць у Лаосе.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на палях саміта БРІКС у Казані сустрэўся з Прэм’ер-міністрам Федэратыўнай Дэмакратычнай Рэспублікі Эфіопія Абіем Ахмедам Алі.
Прэзідэнт адзначыў, што Эфіопія для Беларусі хоць і далёкая, але ў той жа час і вельмі блізкая краіна, з ёю заўсёды стараліся супрацоўнічаць. «Апошнім часам неяк не вельмі атрымлівалася. І я ўдзячны вам за гэту сустрэчу. Думаю, што яна будзе садзейнічаць нейкаму руху ў нашых адносінах і што мы зможам выбудаваць нашы адносіны ў далейшым», — падкрэсліў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, асаблівую значнасць двухбаковае супрацоўніцтва набывае ў святле таго, што Беларусь зацікаўлена праз Эфіопію атрымаць доступ на рынак Афрыкі, разглядае гэту краіну як вароты ў Афрыку. «Таму нам вельмі цікава супрацоўнічаць з вамі. Думаю, што нам трэба не проста аднаўляць, а ўдасканальваць і мадэрнізаваць шляхі нашага супрацоўніцтва. Мы да гэтага гатовы,» — звярнуўся да субяседніка Аляксандр Лукашэнка.
«Хацелася б звярнуць увагу на цікавасць, якую наша краіна праяўляе да гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння з вашай краінай, — сказаў прэм’ер-міністр. — Перш за ўсё мы зацікаўлены ў сумеснай рабоце ў галіне сельскай гаспадаркі (мадэрнізацыя сельскай гаспадаркі з’яўляецца для нас прыярытэтам). Мы хацелі б папрацаваць разам у тэкстыльнай галіны, горназдабыўной прамысловасці, у сферы высокіх тэхналогій і гэтак далей».
У адказ Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў: «Мы людзі адкрытыя, мы гатовы быць вам карысныя там, дзе вы палічыце патрэбным». Кіраўнік дзяржавы прапанаваў арганізаваць візіт спецыялістаў Эфіопіі ў Беларусь, каб яны маглі на месцы вызначыцца з тымі сферамі і таварамі, якія ўяўляюць цікавасць для іх краіны, ці гэта сельская гаспадарка або ваенна-прамысловы комплекс. «Калі вы нешта знойдзеце карыснае для вас, скажыце, мы ў гэтым напрамку будзем вам дапамагаць і будзем з вамі супрацоўнічаць», — запэўніў Аляксандр Лукашэнка. Такім жа чынам Беларусь гатова дзяліцца патрэбнымі для Эфіопіі тэхналогіямі, прычым не проста іх перадаваць у гэтую краіну, але і праводзіць навучанне мясцовых спецыялістаў.
Адной з тэм размовы стала адсутнасць выхаду да мора ў абедзвюх краін.
Абій Ахмед Алі з вялікім шкадаваннем заўважыў, што ў Эфіопіі няма выхаду да мора. Ён лічыць, што з прычыны свайго геаграфічнага становішча Беларусь здольна зразумець, з якімі праблемамі сутыкаецца яго краіна. Прэм’ер-міністр растлумачыў, што Эфіопія мае вялікія запасы прэснай вады і на бязвыплатнай аснове супрацоўнічае з суседнімі краінамі, даючы ім прэсную ваду. «Але, спажываючы нашу прэсную ваду, нашы суседзі, на жаль, не спяшаюцца дзяліцца з намі доступам да мораў і акіянаў, — адзначыў ён. — Наша краіна другая па колькасці насельніцтва ў Афрыцы. Можаце ўявіць, калі такая шматмільённая краіна знаходзіцца без доступу да мора, наколькі цяжка нам выжыць». «Доступ да мораў і акіянаў, да фінансаў павінен быць раўнапраўным, размяркоўвацца пароўну. Мы не павінны ваяваць, сварыцца вакол рэсурсаў», — перакананы Абій Ахмед Алі. «Таму для нас такая важная пазіцыя Беларусі, якая ведае і падзяляе наш боль. У нас ёсць рэсурс, мы хацелі б дзяліцца ім, але на раўнапраўнай і ўзаемавыгаднай аснове», — дадаў ён.
Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў, што для Беларусі таксама знаёма і актуальна гэта тэма. Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што для Эфіопіі вырашэнне акрэсленай праблемы — гэта пытанне часу.
Пра што Аляксандр Лукашэнка гаварыў у інтэрв’ю журналісту Бі-бі-сі Стывену Розенбергу
У ходзе інтэрв’ю абмяркоўваліся розныя тэмы, у тым ліку цікавасць Беларусі ў БРІКС, СВА і перспектыва мірных перагавораў Расіі і Украіны, тэма ядзернай зброі, ці з’яўляецца яна фактарам стрымлівання і які механізм яе прымянення. Гаварылі таксама на прадмет нармалізацыі адносін з Захадам у цэлым і аб выхадзе так званых палітвязняў, перспектывах гэтых працэсаў. Убаку не засталася і тэма выбараў у Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, Беларусь і Расія выпрацавалі адзіную пазіцыю: для ўстанаўлення міру ў рэгіёне патрэбны перагаворы. Прэзідэнт нагадаў, што ў Стамбуле Расія і Украіна маглі прыйсці да пагаднення, аднак Захад сарваў гэтыя дамоўленасці.
«Я іх бачыў: яны мала да чаго кагосьці абавязваюць. З гэтага можна пачынаць, яны маюць агульны характар, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Адразу ж селі за стол перагавораў — можна весці размову аб спыненні агню, а потым аб разводзе ўзброеных сіл. Але гэта за сталом трэба вырашаць.
Журналіст зазначыў, што рашэнне Уладзіміра Пуціна аб правядзенні спецыяльнай ваеннай аперацыі не толькі стала катастрофай для Украіны, але і мела сур’ёзныя наступствы для самой Расіі.
«Вы блізка знаёмыя з Пуціным, камунікуеце з ім. Ён шкадуе аб тым, што прыняў такое рашэнне?» — спытаў Стывен Розенберг.
«Шкадуе ён ці не шкадуе — мы на гэтую тэму з ім не размаўлялі. Вядома, ён жа жывы чалавек. У гэтым канфлікце розныя сітуацыі бываюць, хтосьці наступае, хтосьці абараняецца. І адзін, і другі бок нясуць вялікія страты. Шкадуе аб гэтым Пуцін ці не? Вядома, шкадуе, ён жа жывы чалавек, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Але абсалютна перакананы ў тым, і будзьце ў гэтым упэўненыя (я не проста перакананы, я гэта ведаю): Пуцін цвёрда лічыць, што ён. мае рацыю, і ён матывуе гэта. Ён жа Захаду прапанаваў: вось прапанова Расіі, давайце дамовімся.
На думку кіраўніка дзяржавы, калі Захад не задавальняла тое, у якой форме ім зрабілі прапанову, яны павінны былі адказаць аналагічна, галоўнае — адказаць. Адна,к наогул прамаўчаўшы, яны такім чынам па-наплявальніцку паставіліся да інтарэсаў Расіі. «І Пуцін часта пра гэта кажа: галоўнае — гэта інтарэсы Расіі і расійскага народа. Ён прыхільны гэтым інтарэсам, ён абавязаны абараняць інтарэсы расійскага народа, і ён абараняе гэтыя інтарэсы. Ён у гэтым перакананы. Можам яго за гэта асуджаць, але ён так думае », - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Журналіст запярэчыў, што зараз Расію атакуюць беспілотнікі, а частка тэрыторыі і зусім акупаваная замежнымі войскамі — як гэта можа адпавядаць інтарэсам Расіі? Але, адказаў Прэзідэнт, невядома, як бы развівалася сітуацыя, калі б Расія не пачала спецыяльную ваенную аперацыю. Магчыма, усё было б яшчэ горш.
«Было б лепш у Расіі, калі б Украіна ўступіла ў НАТА і былі размешчаны ўзброеныя сілы НАТА на тэрыторыі Украіны з ракетамі і падлётам да пяці хвілін? Было б лепш для Расіі ці не? Узважваючы ўсё, Пуцін абраў гэты шлях. Па пэўных пытаннях шкадуючы: няўдачы былі. І атака дронамі, і захоп часткі тэрыторыі Расіі. І ён распачаў пэўныя дзеянні. Таму ўсялякае магло быць, мы можам толькі гадаць», — падсумаваў кіраўнік дзяржавы.
«Пуцін ніколі не прыменіць тую зброю, якая сёння размешчана на тэрыторыі Беларусі, без згоды Прэзідэнта Беларусі. Вы гэта дакладна павінны разумець і ўяўляць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У той жа час і Беларусь, калі б ішла размова аб прымяненні ядзернай зброі для абароны сваёй краіны, параілася б па гэтым пытанні з Расіяй. «Гэта наш саюзнік. Так і з амерыканцамі ўвесь Захад раіцца», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ядзерная зброя — гэта не страшылка, а магутны стрымліваючы фактар і ў выпадку неабходнасці ён будзе гатовы прымяніць яго. «Калі хоць адзін бот пераступіць граніцу Беларусі».
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка не стаў раскрываць алгарытм прыняцця рашэння аб выкарыстанні ядзернай зброі. «Скажу толькі адно: без майго дазволу гэтая зброя ўжытая быць не можа. Але калі трэба будзе Беларусі, яна будзе ўжытая. Але яшчэ раз кажу: размовы аб ядзернай зброі — сумная тэма. Вы спыталі — я адказаў. Нельга свет шантажаваць ужываннем ядзернай зброі. Мы яе не збіраемся прымяняць, калі будзе сітуацыя такая, як цяпер», — звярнуў увагу беларускі лідар
Аляксандр Лукашэнка ў час інтэрв’ю раскрыў падрабязнасці нядаўніх перагавораў з прадстаўнікамі заходніх дзяржаў.
«Мы з гэтымі людзьмі дамовіліся, што гэта закрытыя, канфідэнцыйныя перагаворы. Яны вельмі дасведчаныя, талковыя людзі. Яны папрасіліся да мяне на прыём, я іх прыняў», — расказаў ён.
Паводле яго слоў, перагаворы ішлі чатыры гадзіны, закраналіся самыя розныя пытанні. «Закраналіся пытанні канфлікту на Блізкім Усходзе. Зяленскі ўзнімае такое пытанне: дайце ракеты, я буду біць па Крамлі да Казані. Я папярэдзіў: хлопцы, вы акуратней з дальнабойнымі ракетамі і іншае. Да Пуціна могуць звярнуцца, напрыклад, хусіты: «Дайце берагавыя комплексы ». Якія могуць нанесці страшны ўдар па караблях. А калі ён у адплату, што вы пастаўляеце Зяленскаму дальнабойную зброю, паставіць хусітам комплексы «Бастыён» і будзе ўражаны хоць адзін авіяносец? Англійскі, амерыканскі і гэтак далей. «Гэта для нас непрымальна». Я кажу: «Я разумею. Але і для Пуціна непрымальна, калі вы будзеце пастаўляць дальнабойныя ракеты і біць па ўсёй Расіі». Пагадзіліся: «Так, сапраўды небяспечна».
Яшчэ адной тэмай сустрэчы стала Кітайская Народная Рэспубліка. Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што, калі Расія і Кітай аб’яднаюць усе магчымыя намаганні, ніхто не зможа супрацьстаяць ім. Паводле яго слоў, у тэхналагічным плане Кітай спыніць ужо немагчыма. «На гэту тэму шмат размаўлялі», — сказаў Прэзідэнт.
Абмяркоўвалася і ўнутрыпалітычная сітуацыя — у Беларусі, Расіі, на Захадзе. «Мы абмеркавалі многія пытанні, іх цікавіў мой пункт гледжання. Я яго выказаў», — падсумаваў Аляксандр Лукашэнка.
«Глупства! Гэта эскалацыя ваеннага канфлікту. Ніколі Пуцін не пойдзе на тое, каб кагосьці ўгаворваць, каб узброеныя сілы нейкай краіны ўвязваліся ў СВА і ў канфлікт ва Украіне, асабліва, як кажуць вайскоўцы, „на перадку“, на лініі судотыку», — пракаментаваў Аляксандр Лукашэнка інфармацыю аб магчымай прысутнасці вайскоўцаў з КНДР ва Украіне.
«Гэта значыць, КНДР не адпраўляе сваіх вайскоўцаў?» — удакладніў журналіст.
«Я ў гэта не веру. І ўчора паўночнакарэйцы заявілі, што гэта варажба на кававай гушчы. Ніколі такой размовы і перагавораў не было. Я гавару за Пуціна, ведаючы яго характар. У Расіі насельніцтва хапае, каб весці ваенныя дзеянні», — заўважыў Прэзідэнт..
«Калі гэта (удзел войскаў КНДР у канфлікце. — Зв.) пацвердзіцца, вас непакоіць такая сітуацыя?» — спытаў Стывен Розенберг.
«Гэта будзе крок да нейкай эскалацыі канфлікту, калі на лініі судакранання з’явяцца нечыя ўзброеныя сілы, нават беларускія. Нават калі б мы ўвязаліся ў вайну, гэта быў бы шлях да эскалацыі. Таму што вы, англасаксы, адразу б заявілі аб тым, што ў канфлікт увязалася саюзная краіна, значыць, НАТА мае права дапамагчы Украіне. Магчымы такі варыянт? Магчымы. Пуцін і гэты варыянт пралічвае — трэба яму гэта ці не? Але вы кажаце пра КНДР. — дзе Карэя, а дзе Беларусь? Пуцін ніколі перада мной не ставіў пытанне аб тым, каб мы ўвязаліся ў гэтую бойку. Ні ён, ні Шайгу, ні цяперашні міністр абароны Белаусаў. Ніколі не ставілі перад намі такое пытанне», — заявіў Аляксандр Лукашэнка
«Я заўсёды хацеў мець нармальныя адносіны з Захадам», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым ён звярнуў увагу, што нядаўнія памілаванні асоб, асуджаных за злачынствы пратэстнай накіраванасці, ніяк не звязаны з гэтым. Людзі былі вызвалены з гуманітарных меркаванняў, заявіў Прэзідэнт. «Вось і ўсё. І ніякі гэта не крок да паляпшэння адносін з вамі. Не хочаце вы з намі адносін — і не трэба. Мы перажывём і без вас», — заявіў беларускі лідар.
«Я ніколі не гаварыў аб тым, што мы зацікаўлены ў пагаршэнні адносін з Захадам. Гэта вы выбралі гэты шлях, пачалі супраць нас санкцыі ўводзіць па пэўных прычынах», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. «Прычыну можна прыдумаць, калі ёсць жаданне. Як не на пустым месцы?» — абурыўся Прэзідэнт.
Ён нагадаў, што пад абмежаванні патрапіў нават яго малодшы сын — фактычна дзіця. «Ён у чым вінаваты? Я, дарэчы, гэтым людзям з Захаду (у час нядаўніх перагавораў. — Зв.) задаваў пытанне. Яны апусцілі галаву, сказалі: «Гэта вар’яцтва», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Захад пачаў актыўна ўводзіць супраць Беларусі санкцыі пасля таго, як у Мінску быў пасаджаны самалёт, на борце якога знаходзіўся Раман Пратасевіч. Аднак ніякіх доказаў, што беларускія знішчальнікі перахапілі гэты самалёт, няма. «Вы поўныя вар’яты. Гэты самалёт ляцеў у Вільнюс. Чаму вы яго не пасадзілі ў Вільнюсе? Ён жа развярнуўся над Вільнюсам і вярнуўся ў Мінск. Дзе перамовы пілота з дыспетчарамі Вільнюса? Вось вашы санкцыі. У вас была мэта націснуць на Лукашэнку, а потым вы прыдумалі прычыны», — падкрэсліў беларускі лідэр.
Прэзідэнт таксама звярнуў увагу, што нават калі беларускія ўлады, як заяўляюць на Захадзе, і пасадзілі самалёт, то гэта можна было б назваць вялікай і філіграннай аперацыяй, бо ніводзін пункт міжнароднага паветранага права парушаны не быў. «Нас шантажавалі, папярэдзілі, што бомба ў самалёце. Факты мы вам паклалі на стол. Мы папярэдзілі пілота, што такая інфармацыя. Далей пілот выбірае — у Вільнюсе сесці або ў Мінску. Ён абраў Мінск. Я пры чым тут», — здзівіўся Аляксандр. Лукашэнка.
Журналіст спытаў аб магчымасці памілавання Марыі Калеснікавай. «У нас ёсць закон: чалавек усвядоміў сваю віну, ён звярнуўся да Прэзідэнта (як і ў многіх іншых краінах) з просьбай аб памілаванні — ну што ж, мы разгледзім. Калі будзе такі зварот Калеснікавай, я абавязкова разгледжу», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Разам з тым Прэзідэнт здзівіўся, чаму журналіст вылучыўў менавіта Марыю Калеснікаву, паралельна заяўляючы, што ў Беларусі «мільёны ў турме».
«Таму што ў яе няма допуску да сваёй сям’і ўжо», — паспрабаваў растлумачыць журналіст. «Якой сям’і? А дзе яе сям’я, вы хоць ведаеце? Вы нават не ведаеце, што за сям’я. Папрасіў бацька яе наведаць. Калі ласка, ідзі. Ён быў. Гэта сям’я? Хтосьці яшчэ хоча з родных, блізкіх наведаць яе, будзе просьба — мы яе разгледзім. Там, магчыма, такая сям’я, што ім, можа, і нецікава, як вам, наведаць Марыю Калеснікаву. Вы клапоціцеся за яе больш, чым родныя і блізкія Я кажу: разгледзім. „Так“, „не“ — гэта будзе бачна потым», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
«Я катэгарычна супраць, што вы пачынаеце асобы выдзяляць. Калі там „сядзіць мільён“, дык там усе людзі аднолькавыя. А Калеснікава і іншыя павінны адказаць перад гэтымі людзьмі, чаму яны там апынуліся. Яны многія і кажуць: „Мы ачумелі, адурэлі, нас падманулі “. Таму мы іх разглядаем у цэлым. Калі чалавек выправіўся, не парушае закон у калоніі папраўчай, калі нейкія паказанні па здароўі, мы абавязкова гэтых людзей, хутчэй за ўсё, памілуем. Ёсць камісія, яна разгледзіць і прыме рашэнне», — расказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка расказаў таксама, што некалькі дзён таму камісіі, якую ўзначальвае генеральны пракурор Андрэй Швед, была пастаўлена задача разам з папраўчымі органамі вывучыць справы грамадзян, асуджаных за злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці.
«Я схільны да таго, каб людзі, якія ўсвядомілі, зразумелі і не парушаюць парадак там і паводзяць сябе дастойным чынам (не трэба спяваць оду мне), разгледзець гэтым пытанні (аб памілаванні. — Зв. ). Без Захаду, запомніце. Вы для мяне не маеце ніякага значэння ў плане вызвалення маіх людзей», — заявіў Прэзідэнт.
«Апазіцыя — гэта тыя людзі, якія дзейнічаюць унутры краіны ў інтарэсах хаця б мінімальнай колькасці людзей. А вы каго называеце нашымі „лідарамі“? Дзе яны, гэтыя лідары? Прачніцеся! Вы тых, хто ў турме сядзіць за парушэнне законаў, лічыце лідарамі? Ды хоць бы ўсе збеглыя сюды вярнуліся — гэтыя выбары яны не выйграюць. Народ зразумеў, чаго яны хацелі. Калі яны за мяжой, зрабіце што-небудзь для народа, не для Лукашэнкі, а яны бегаюць: „Дайце нам грошы“. Гэта першае пытанне. Другое: „Не прызнавайце будучыя выбары“. Трэцяе: „Увядзіце больш санкцый“. Ствараюць узброеныя фарміраванні побач з нашай граніцай, каб закінуць на тэрыторыю Беларусі. Гэта, вы лічыце, апазіцыя?» — спытаў Аляксандр Лукашэнка журналіста.
Прэзідэнт прывёў яшчэ адзін прыклад. У нядаўнім інтэрв’ю асуджаны за арганізацыю змовы з мэтай захопу дзяржаўнай улады Юры Зянковіч заявіў, што змоўшчыкі хацелі ўзяць у заложнікі ў тым ліку і малодшага сына Прэзідэнта Мікалая Лукашэнку. Яго планавалася схаваць у склепе ў Гомельскай вобласці, а затым выкарыстоўваць у працэсе торгу, перамоваў, размоваў, ціску.
«Гэта адно, што мяне наогул каробіць. Другое — расстраляць на ўзлёце або пасадцы верталёт Прэзідэнта з буйнакалібернага кулямёта і гэтак далей. Скажыце калі ласка, калі б такія факты ўсплылі ў Злучаных Штатах Амерыкі? Яго б сцерлі з зямлі, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — І вы пасля гэтага мяне папракаеце? За што вы мяне папракаеце? Я прашу, калі ты хочаш прыехаць у Беларусь, Стыў, са мной сустрэцца яшчэ: ты прачытаеш гэтае інтэрв’ю і з маёй пазіцыі задасі сабе пытанне, а як Прэзідэнт Беларусі павінен быў паступіць, калі супраць яго такія падкопы пляліся. Дарэчы, некалькі чалавек, якія былі ў групе Зянковіча, адпусцілі. Па хваробе выпусціў. Баевікоў выпусціў, а вы мне пра нейкую апазіцыю гаворыце».
«Я ведаю, чым займаецца на захадзе „апазіцыя“. Калі-небудзь мы гэта выкладзем усё прамым тэкстам, і яны адкажуць перад беларускім народам, што яны тварылі і чаго хочуць. У гісторыі нашага народа гэта не першая гісторыя, збеглых у нас было мора .І нейкая Сурвіла — дзе яна цяпер? Сядзіць на вашы грошы ў Амерыцы ці дзе там. І гэтыя маргіналы гэтым скончаць», — падсумаваў Аляксандр Лукашэнка.
«Калі вы захочаце (я маю на ўвазе Захад), гэты мір можа быць устаноўлены. Вы можаце спытаць, што для гэтага трэба зрабіць. Многае трэба зрабіць, але за сталом перагавораў. Першым крокам павінны быць перагаворы, — перакананы Аляксандр Лукашэнка. — Трэба сесці за стол перагавораў і традыцыйна, як ужо жыццё выпрацавала, вызначыць план дзеянняў і дамаўляцца аб міры».
Пры гэтым кіраўнік дзяржавы лічыць, што ўжо няма часу разбірацца, хто вінаваты ў тым, што здарылася. У адваротным выпадку, паводле яго слоў, бакі ніколі не прыйдуць да міру. «Маючы зносіны з прадстаўнікамі Захаду, разумнымі людзьмі, мы прыйшлі да адзінай думкі: калі вайна, канфлікт або бойка пачалася, значыць, вінаваты абодва бакі. Магчыма, хтосьці больш, хтосьці менш», — расказаў Прэзідэнт.
«Калі пачаўся канфлікт, у мяне адбылася размова з Валодзям Зяленскім. Ён сапраўды так, як вы, пачаў: напалі і іншае. Кажу: „Уладзімір, вайна ідзе на тваёй зямлі, на тваёй тэрыторыі. Так?“ — „Так“ — „Ты больш за ўсё ў гэтым зацікаўлены (ва ўрэгуляванні канфлікту. — Зв.)“. Што тычыцца, хто на каго напаў, акунемся ў прычыны. Мы разумеем віну Расіі, так? А я назаву вам адзін факт, які я заўсёды называю (ён эмацыйны, але тым не менш важны): у свой час у Доме прафсаюзаў у Адэсе спалілі некалькі дзясяткаў чалавек. Малацілі, бамбілі гэты Данбас, дзе пражывала рускамоўнае насельніцтва. Навошта іх было гнабіць? Навошта гэтую рускую мову вынішчалі і іншае, іншае, іншае. І пайшоў рух, які хваляй накрыў Пуціна: абараніць, забіць, даціснуць і іншае. Пуцін абараніў сваіх людзей», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
«У нас былі вучэнні, на якіх было задзейнічана некалькі тысяч чалавек расейскіх войскаў. Гэтыя войскі былі ў асноўным з усходняй акругі, і Пуцін пачаў выводзіць гэтыя войскі з Беларусі. Яны былі на поўдні, і па гэтай дарозе, міма граніцы з Украінай, ён пачаў вывад войскаў. Частку войскаў у нейкі перыяд (справакавалі, я ў гэтым перакананы) ён завярнуў на Кіеў. Чаму так здарылася? Спытайце ў Зяленскага», — расказаў Прэзідэнт аб лютаўскіх падзеях 2022 года.
На пытанне аб тым, чаму Беларусь у гэты момант не падтрымала Украіну, Лукашэнка адказаў наступным чынам. «Расія — гэта наш саюзнік. У нас цяснейшыя адносіны, чым у англічан і амерыканцаў. Украіна павяла сябе ў адносінах да Беларусі варожа: яна раней, чым англасаксы, увяла супраць нас санкцыі. Яна забараніла палёты нашых грамадзянскіх самалётаў праз тэрыторыю Украіны. Яна захапіла нашы рухомыя саставы з мінеральнымі ўгнаеннямі. Яна 75 вялікагрузаў разам з людзьмі арыштавала. Яна павяла сябе па-бандыцку. Мне прыйшлося праводзіць спецаперацыю, каб вызваліць хлопцаў, якіх яны арыштавалі. А пяцярых чалавек яны забілі і расчлянілі, каб мы не зразумелі, як яны загінулі. І вы хочаце сказаць, што я ў абдымку з Зяленскім у гэты час павінен быў быць? Расія — наш саюзнік. Я падтрымліваў і буду падтрымліваць Расію столькі, колькі ёй патрэбна. Дакладна так, як вы заяўляеце, што будзеце падтрымліваць Украіну», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
«Гэта я яшчэ па мінімуму ўцягнуты ў гэты канфлікт. А можна сказаць, увогуле не ўцягнуты. А паміж намі з Расіяй больш цесныя адносіны, чым паміж Украінай і Амерыкай, якая і грошы валіць туды, і ўзбраенне», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
«Ці значыць гэта, што любое рашэнне расійскага Прэзідэнта...» — пачаў задаваць пытанне журналіст.
«Не значыць. У Прэзідэнта Расіі ёсць інтарэсы расійскага народа, ён іх абараняе. Я сёння Прэзідэнт Беларусі, і я буду абараняць інтарэсы беларускага народа. Яны абсалютна супадаюць з расійскімі. Пакуль яны будуць супадаць, мы з Пуціным поплеч будзем дзейнічаць», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
«Мы не збіраемся ні на каго нападаць, на Украіну ў тым ліку. Гэта нашы людзі — украінцы. Там жывуць нашы людзі. Мы гатовы з імі супрацоўнічаць, што б там ні было. Рана ці позна мы прыйдзем да гэтага. З немцамі ў нас былі якія адносіны — жудасныя. Яны забівалі нашых дзяцей, у калодзежы кідалі, спальвалі, вешалі і гэтак далей. Але праз шмат гадоў мы з немцамі нармальна супрацоўнічалі. Зарубцавалі раны нашым супрацоўніцтвам: гандлёва-эканамічным, тэхналагічным і гэтак далей. З Украінай гэта адбудзецца яшчэ хутчэй, мне падаецца», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт упэўнены, што пасля спынення баявых дзеянні Захад не захоча дапамагаць Украіне ў аднаўленні тэрыторыі і вяртанні да мірнага жыцця. «У Амерыцы ўжо цяпер гавораць, што Украіна багатая, гатова землі аддаць, аддаць амерыканцам карысныя выкапні, патрэбныя для свету, і высокатэхналагічную сыравіну. Таму мы з украінцамі знойдзем агульную мову. Трэба зараз закончыць гэту вайну», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
«Я не стану пералічваць добрыя якасці дзяржаў і аб’ёмы дзяржаў, якія ўваходзяць у гэтае аб’яднанне. Аб’яднанне на пачатковым этапе, а ўжо наблізілася да паловы — паловы ўсяго: і насельніцтва, і тэрыторыі, вытворчы патэнцыял і гэтак далей. А калі казаць аб стратэгіі, то калі краіны, якія ўваходзяць у БРІКС, будуць такім шляхам рухацца і павялічаць тэмпы, я ўпэўнены, яны перасягнуць многія аб’яднанні (яны ўжо перасягнулі, у тым ліку і „сямёрку“, і „дваццатку“ і іншыя) і наблізяцца да Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, не падмяняючы яе пакуль», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанне аб прычынах імкнення Беларусі ў БРІКС.
Паводле яго слоў, аналагічнае пытанне маглі задаць рэспубліцы і пасля Другой сусветнай вайны, калі яна далучылася да ААН. «Імкнуліся ў ААН для таго, каб стварыць аб’яднаныя нацыі, якія могуць утрымліваць свет у раўнавазе. Дакладна так мы бачым шкоду аднапалярнага свету, мы бачым, што БРІКС можа быць процівагай існуючай мадэлі аднапалярнага свету і ўраўнаважыць нашу планету. У гэтым няма нічога дрэннага. Мы хочам быць з тымі дзяржавамі, якія імкнуцца стварыць нармальную бяспеку для нашага свету і ўраўнаважыць яго, збалансаваць», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.