У асенне-зімні перыяд ратавальнікі значна часцей, чым у іншую пару года, выязджаюць на тушэнне пажараў. Найперш гэта звязана з тым, што для таго, каб сагрэцца, людзі дадаткова выкарыстоўваюць электранагравальныя прыборы, актыўна паляць у печы. Пры гэтым падчас эксплуатацыі не заўсёды выконваюць правілы бяспекі, часам увогуле забываюцца падрыхтаваць сістэмы ацяплення да зімы. Аднак асноўнай прычынай пажараў з трагічным зыходам па-ранейшаму застаецца неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні.
З мэтай папярэджання надзвычайных сітуацый і выяўлення патэнцыяльных пагроз бяспецы ратавальнікі праводзяць шырокую прафілактычную работу. У прыватнасці, у перыяд з 14 да 30 кастрычніка арганізавана правядзенне ўжо традыцыйнай рэспубліканскай пажарна-прафілактычнай акцыі па папярэджанні пажараў і гібелі людзей ад іх у жыллёвым фондзе ў асенне-зімні пажаранебяспечны перыяд «За бяспеку разам».
Як адзначае афіцыйны прадстаўнік МНС у Беларусі Яўген БАРАНОЎСКІ, колькасць пажараў, у тым ліку з гібеллю людзей, у тым ліку дзіцячай гібеллю, расце.
«Іх рост прыкладна на 10% большы ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, — канстатуе ён. — Сур’ёзная праблема звязана з гібеллю людзей па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём. Асабліва гэта датычыцца курэння ў стане алкагольнага ап’янення. На цяперашні момант 50% ад усіх загінулых знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення або загінулі па віне такіх асоб».
Яўген Бараноўскі звяртае ўвагу, што, па статыстыцы апошніх пяці гадоў, пікавая колькасць загінулых на пажарах выпадае на кастрычнік — сакавік. «Снежань і студзень, як правіла, з’яўляюцца асноўнымі праблемнымі месяцамі, — кажа ён. — У сярэднім 150 чалавек гіне за гэтыя два месяцы. Пажары ў асноўным адбываюцца ў сельскай мясцовасці і ў начны час сутак».
Найперш у полі зроку супрацоўнікаў МНС — тыя, хто злоўжывае спіртнымі напоямі, сем’і, дзеці ў якіх прызнаны ў небяспечным становішчы, адзінокія пенсіянеры, інваліды і шматдзетныя сем’і. Падчас рэйдаў ратавальнікі праводзяць абследаванне прыватных хат грамадзян, наведваюць жыхароў шматкватэрных дамоў. Супрацоўнікі МНС нагадваюць жыхарам правілы бяспекі пры эксплуатацыі печаў, электрапрыбораў, расказваюць, як перазімаваць у кватэрах, дамах і лецішчах без надзвычайных здарэнняў. Асаблівая ўвага ўдзяляецца стану пячнога ацяплення, наяўнасці аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў і іх спраўнасці. У рамках акцыі можна звярнуцца ў тэрытарыяльныя органы і падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях з мэтай правядзення абследавання супрацьпажарнага стану свайго жылля.
Жудасная трагедыя здарылася ў Мінскім раёне вечарам 14 кастрычніка. Калі большасць беларусаў святкавала Пакроў Прасвятой Багародзіцы і Дзень маці, на пажары ў аграгарадку Сеніца загінула двое дзяцей — трох і пяці гадоў. Ратавальнікі і следчыя працавалі на месцы здарэння ўсю ноч. Было ўстаноўлена, што пажар адбыўся з-за таго, што адна з дзяўчынак падпаліла фіранку. Па папярэдняй інфармацыі, у момант узгарання маці разам з бацькам знаходзіліся ў суседнім пакоі. Адна з дзяўчынак паведаміла дарослым, што падпаліла фіранку. Пасля пачутага жанчына выйшла з хаты, пакінуўшы дачок унутры. Яе муж спрабаваў патушыць агонь, але безвынікова. Атрымаўшы апёкі, ён таксама выбраўся з хаты, не ўзяўшы з сабой дзяцей.
Экспертыза ўстанавіла: у момант узнікнення пажару муж і жонка знаходзіліся ў моцным алкагольным ап’яненні. У сям’і выхоўваецца яшчэ адно дзіця, якое на момант трагедыі, на шчасце, знаходзілася ў бабулі ў Мінску.Днём раней агонь забраў дзіцячае жыццё і ў Шаркаўшчынскім раёне, дзе была зафіксавана трайная гібель. Паведамленне аб узгаранні ў аграгарадку Германавічы паступіла ратавальнікам ноччу. Па прыбыцці на месца здарэння драўляная хата гарэла адкрытым полымем. Двое дарослых і чатырохгадовы хлопчык ужо знаходзіліся без прыкмет жыцця. Як высветлілася, гаспадыняй дома з’яўлялася жанчына 1997 года нараджэння, якая пражывала там сумесна з чатырма дзецьмі, маці і яе сужыцелем. На момант узнікнення пажару ўладальніца маёмасці знаходзілася ў гасцях у знаёмых, яе трое дачок былі ў яе сястры. Прычына пажару высвятляецца.
У іншым выпадку, на шчасце, абышлося без ахвяр. Ноччу 19 кастрычніка ў Кіраўскую цэнтральную раённую бальніцу з дыягназам атручэнне ўгарным газам былі шпіталізаваны тры чалавекі, у тым ліку дзіця. Як высветлілася, 32-гадовая жыхарка Гомеля разам з мужам і трохгадовай дачкой прыехала ў госці да маці ў вёску Стайкі Кіраўскага раёна. Каб дзецям было цёпла і ўтульна, гаспадыня распаліла ў печы. Вось толькі, відаць, паспяшалася зачыніць засланку. Ноччу сям’я прачнулася ад моцнага галаўнога болю і галавакружэння. Было прынята правільнае рашэнне — выклікаць хуткую медыцынскую дапамогу. Пасля абследавання сям’я вярнулася дадому. Тое, што людзі своечасова прачнуліся і звярнуліся па медыцынскую дапамогу, выратавала ім жыццё.
Каб пазбегнуць атручвання ўгарным газам, нельга зачыняць засланку печаў, пакуль вуглі цалкам не прагараць. Пры гэтым заканчваць паліць у печы трэба не менш чым за дзве гадзіны перад адыходам да сну. Гэта павінен ведаць кожны, хто карыстаецца печчу. Неабходна ведаць яшчэ і тое, што падрыхтоўка печы да ацяпляльнага сезона — важны працэс, які патрабуе ўвагі і клопату, але ад гэтага, як і ад правільнай эксплуатацыі печы, залежыць здароўе і бяспека вашай сям’і.
З пачаткам ацяпляльнага перыяду такія выпадкі атрымання атручвання ўгарным газам нярэдкія. Угарны газ нябачны і ніяк не адчуваецца, ён не мае ні паху, ні колеру, але смяротна небяспечны. Трапляючы ў дыхальныя шляхі, малекулы ўгарнага газу хутка трапляюць ў кроў і звязваюцца з малекуламі гемаглабіну. Невялікая канцэнтрацыя ўгарнага газу выклікае ўдушша і галаўны боль, пры перавышэнні назіраецца параліч і страта прытомнасці. А калі канцэнтрацыя газу ў паветры больш за 1,2%, чалавек памірае за некалькі секунд.
Сімптомы атручвання распазнаць цяжка, таму многія нават і не здагадваюцца, што прычынай дрэннага самаадчування з’яўляецца ўгарны газ. Вельмі важна аказаць першую дапамогу аператыўна, бо незваротныя наступствы надыходзяць вельмі хутка. Неабходна як мага хутчэй вывесці пацярпелага на свежае паветра. Пры атручваннях сярэдняй цяжкасці і цяжкай — выклікаць хуткую дапамогу неадкладна. Пры гэтым трэба памятаць, што, выносячы пацярпелага з месца з небяспечнай канцэнтрацыяй угарнага газу, неабходна абараніць свае органы дыхання (тканінай, хусткай і г. д.)
Каб пазбегнуць атручвання ўгарным газам, нельга зачыняць засланку печаў, пакуль вуглі цалкам не прагараць. Пры гэтым заканчваць паліць у печы трэба не менш чым за дзве гадзіны перад адыходам да сну. Гэта павінен ведаць кожны, хто карыстаецца печчу. Неабходна ведаць яшчэ і тое, што падрыхтоўка печы да ацяпляльнага сезона — важны працэс, які патрабуе ўвагі і клопату, але ад гэтага, як і ад правільнай эксплуатацыі печы, залежыць здароўе і бяспека вашай сям’і.
Толькі ў Гродзенскай вобласці ў мінулыя выхадныя ратавальнікі выязджалі на тушэнне шасці пажараў. На шчасце, абышлося без ахвяр. У прыватнасці, супрацоўнікі МНС выязджалі на хутар Бакшты Дзятлаўскага раёна, дзе на прыватным падворку гарэла гаспадарчая пабудова. Калі ратавальнікі прыбылі да месца выкліку, драўляны будынак быў поўнасцю ахоплены агнём. Як распавёў гаспадар падворка, ён праводзіў пакос травы, у нейкі момант выявіў, што гарыць гаспадарчая пабудова. Супрацоўнікі МНС ліквідавалі пажар, аднак зберагчы будынак не ўдалося, агонь поўнасцю яго знішчыў. Прычыну ўстанаўліваюць спецыялісты.
Тым часам ратавальнікі Гродзенскага раённага аддзела МНС выязджалі ў аграгарадок Індура, дзе гарэла прыватная лазня. Да прыбыцця пажарных разлікаў гаспадар самастойна ліквідаваў пажар. Як распавёў пагарэлец, ён распаліў у лазні печ і выйшаў на вуліцу, праз некаторы час убачыў, што з-пад даху выбіваецца дым. Мужчына паведаміў аб здарэнні ў МНС і пачаў самастойна тушыць узгаранне. Агонь пашкодзіў перакрыццё і дах будынка. Па папярэдняй інфармацыі, прычынай вогненнага надзвычайнага здарэння стала парушэнне правілаў эксплуатацыі цеплагенерацыйных агрэгатаў і прылад.
19 кастрычніка позна вечарам гродзенскія ратавальнікі выязджалі на вуліцу Суворава ў абласным цэнтры, дзе гарэў прыватны гараж. Як высветлілася пазней, сын гаспадыні прапаліў у гаражы печ-буржуйку і пайшоў дадому. Крыху пазней відавочцы адрэагавалі на дым і паведамілі пра здарэнне ў МНС. Да агнявога надзвычайнага здарэння, па версіі спецыялістаў, прывяло парушэнне правілаў эксплуатацыі пячнога ацяплення. А раніцай 20 кастрычніка ашмянскія ратавальнікі выязджалі на вуліцу Залатарова ў раённым цэнтры, дзе на прыватным падворку гарэў жылы дом. Калі работнікі МНС прыбылі да месца выкліку, унутры цаглянага будынка адчуваўся пах гару. Як расказала гаспадыня, яна займалася ў двары гаспадарчымі справамі, а, увайшоўшы ў дом, адчула пах дыму і паведаміла пра здарэнне ў МНС. Ратавальнікі ліквідавалі пажар. Па папярэдняй інфармацыі, здарэнне адбылося з-за кароткага замыкання электраправодкі.
Падобныя вогненныя стыхіі ўспыхваюць па ўсёй краіне. Прычыны ўсё тыя ж. Лідзіруе неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні. Менавіта гэтая згубная звычка днямі пазбавіла жыцця жыхара Бягомля. На момант прыбыцця ратавальнікаў дом, у якім разам са сваім сынам жыў мужчына, быў ахоплены агнём, часткова абрынуўся дах. Труп гаспадара дома быў знойдзены ў памяшканні кухні, пад пластом канструкцый, якія абваліліся. Яго сын на момант пажару знаходзіўся на працы і не пацярпеў.
А вось пенсіянерцы з Магілёва, якая таксама любіць пакурыць дома, можна сказаць, пашанцавала. Людзі, якія праходзілі недалёка ад шматпавярховіка, дзе жыве пацярпелая, убачылі дым, які ішоў з акна кватэры на другім паверсе. Яны і паведамілі аб пажары ў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Як высветлілася, гаспадыня кватэры 1948 года нараджэння жыве адна. Да прыбыцця падраздзяленняў МНС жанчыну з палаючай кватэры вывела суседка. Ратавальнікі вынеслі пацярпелую з задымленага пад’езда і перадалі медыкам. Пасля агляду работнікамі хуткай медыцынскай дапамогі жанчына была шпіталізавана з атручэннем прадуктамі гарэння. У выніку пажару знішчана маёмасць і аздабленне на балконе, пашкоджаны балконныя дзверы і пасцельныя рэчы ў пакоі.
І апошняе. Не трэба недаацэньваць магчымасці аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Гэтыя малагабарытныя прыстасаванні, якія не патрабуюць вялікіх грашовых укладанняў, выратавалі не адно жыццё. Днямі, напрыклад, аўтаномны пажарны апавяшчальнік апавясціў аб здарэнні маці і дзіця ў Светлагорску. Пасля прыбыцця падраздзяленняў МНС на месца здарэння было ўстаноўлена моцнае задымленне ў кватэры, якое аператыўна ліквідавалі. Як высветлілася пазней, 39-гадовая гаспадыня кватэры і 4-гадовае дзіця прачнуліся ад сігналу аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка. Жанчына выйшла з пакоя і ўбачыла моцнае задымленне ў спальні. Паведаміўшы аб здарэнні ў МНС, жанчына апранула дзіця і выйшла на вуліцу. Агнём пашкоджаны ложак і пасцельныя рэчы, маёмасць у жылым пакоі. Але галоўнае — іх жыццю нічога не пагражае.
«Самая галоўная наша рэкамендацыя — правільныя, асэнсаваныя паводзіны, — падкрэслівае афіцыйны прадстаўнік МНС. — Увогуле, не варта курыць дома, выходзьце на вуліцу. Калі курыце дома, то ні ў якім разе не ў ложку. Не кладзіцеся спаць, не патушыўшы цыгарэту, асабліва калі ў стане алкагольнага ап’янення. Прадугледзьце попельніцу, абавязкова ўстанавіце аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. Хочацца папрасіць і дзяцей прыгледзець за сваімі бацькамі, дапамагчы ім падрыхтавацца да ацяпляльнага сезона: абслужыць печ, адраманатаваць яе ў выпадку неабходнасці. Варта зрабіць усё, каб пажылыя бацькі адчувалі сябе бяспечна і камфортна».
Вераніка КАНЮТА
Фота з архіва прэс-службы МНС
Хораша там, дзе моладзь ёсць!
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.