Адразу пасля «залатога тыдня» — канікулаў з нагоды 75-годдзя ўтварэння КНР — у Паднябеснай настаў сезон «ханлу» («халодныя росы»). У Кітаі гэта час позняй восені, хаця днём па нашых мерках яшчэ даволі камфортна. «Ханлу» — 17-ты з 24-х сезонаў кітайскага сельскагаспадарчага календара.
Студзёныя паветраныя масы з поўначы рухаюцца на поўдзень краіны, розніца паміж дзённай і начной тэмпературамі істотна павялічваецца. Жыхары поўдня Паднябеснай любяць сезон «халодных рос»: дажджоў у гэты час амаль не бывае, у паветры вее прахалодай. А вось на шырокіх тэрыторыях паўночнага Кітая ўжо адчуваецца набліжэнне зімы.
У Пекіне кастрычнік сустрэў сонцам і 20-градуснай пяшчотнай цеплынёй. У Забаронным горадзе, які можна ўявіць па фільме Бернарда Берталучы «Апошні імператар» (карціна здымалася тут жа), натоўпы турыстаў у параўнанні з «залатым тыднем» значна паменшалі. Гэты гістарычны комплекс па праве лічыцца адным з пяці найбуйнейшых палацаў у свеце. Антураж захоўваецца — нярэдка тут сустрэнеш людзей у нацыянальных строях. Пакуль цёпла, можна з задавальненнем прайсціся па старажытных лакацыях. А пасля завітаць у парк Шычахай. Ды і ў цэнтры кітайскай сталіцы ёсць пешаходныя вуліцы, на якіх увечары шмат народу.
У Ханьчжоў, што больш чым на тысячу кіламетраў на поўдзень ад Пекіна, восень, вядома, ужо зусім іншая.
У сталіцы правінцыі Чжэцзян шалёны трафік, шмат шкла і бетону, аднак і прыродных дзівосаў хапае. Чаго вартае возера Сіху — адна з «фішак» не толькі Паднябеснай, але і далёка за яе межамі. Тутэйшыя краявіды, дарэчы, адлюстраваны на банкноце вартасцю 1 юань. Гэта горы, пагады, воднае люстэрка, лотасавыя сажалкі і шмат чаго яшчэ — кожны ўбачыць тут восень па-свойму. Зусім побач сусветна вядомы «калодзеж дракона» — «лунцзын», адзін з легендарных сартоў кітайскага зялёнага чаю, які тут вырошчваюць.
Непадалёк ад Ханьчжоў — усяго толькі каля 200 кіламетраў — велічны і шматаблічны Шанхай. Гэта ўжо практычна марское ўзбярэжжа, таму тут цеплыня і вільготнасць. Увосень месцічы адпачываюць ад летняй спякоты, калі прыпякае да 40 градусаў і вышэй. Адна з галоўных славутасцяў Шанхая — сад Юй Юань (сад Радасці) быў пабудаваны больш за 400 гадоў таму ў эпоху праўлення дынастыі Мін. Тут восень у атачэнні маляўнічых пейзажаў і вытанчанага мастацкага стылю ўнікальнай архітэктуры. А яшчэ непаўторнай атмасферы і паху смажаных каштанаў. Уначы мегаполіс уражвае ілюмінацыяй, калі рознымі колерамі зіхацяць небаскробы (найвышэйшы — Шанхайская вежа — 632 метры).
Восень няспешна крочыць па Паднябеснай і абуджае непаўторныя адчуванні, якія надоўга застаюцца ў памяці.
Мікалай ЛІТВІНАЎ
фота аўтара
Пекін — Ханьчжоў — Шанхай
Хораша там, дзе моладзь ёсць!
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.