У Брэсце завяршылася рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя з міжнародным удзелам «Высокатэхналагічная медыцына. Сучасныя магчымасці і перспектывы развіцця». Мерапрыемства прымеркавана да 80-годдзя Брэсцкай абласной клінічнай бальніцы. У ім узялі ўдзел каля 100 спецыялістаў з Беларусі і замежжа, якія абмеркавалі магчымасці і перспектывы высокатэхналагічнай медыцыны.
Як адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Брэсцкага аблвыканкама Віктар МІХАЛОЎСКІ, ахова здароўя за апошнія
30 гадоў імкліва развівалася.
— Калі прыйшоў наш Прэзідэнт, вектар быў скіраваны на сацыяльную дзяржаву. На гэта не шкадуюць грошай на рэспубліканскім і мясцовым узроўнях. Раней у нас не было ніводнага камп’ютарнага тамографа, магнітна-рэзананснага тамографа, ангіёграфа. А на дадзены момант у паўднёва-заходнім рэгіёне працуюць 23 КТ, восем МРТ, пяць ангіёграфаў. Узровень медыцыны з прыходам высокатэхналагічнага абсталявання вырастае ў разы. Першачарговае — на раннім этапе паставіць дыягназ і аказаць дапамогу. Без добрага абсталявання зрабіць гэта ўсё немагчыма. Калі прыйшлі ангіёграфы, мы адразу ўбачылі вынік зніжэння захваральнасці на інфаркт міякарда, смяротнасці ад інфаркту міякарда. Своечасова прывезены хворы можа пазбегнуць гэтай паталогіі шляхам стэнціравання і аказання дапамогі. Гэта падаўжае жыццё, зніжае ўзровень інвалідызацыі, — адзначыў Віктар Міхалоўскі.
Галоўны ўрач бальніцы, член Савета Рэспублікі Аляксандр КАРПІЦКІ расказаў пра будаўніцтва хірургічнага корпуса — адну з галоўных будоўляў у ахове здароўя на Брэстчыне. Работы на аб’екце пачаліся ў 2023 годзе.
— Корпус складаецца з двух блокаў — у адным размесцяцца прыёмнае, рэанімацыйнае, аперацыйнае, цэнтралізаванае стэрылізацыйнае аддзяленні і аддзяленне гемадыялізу. У асноўным лячэбным блоку засяродзяцца кардыялагічная, кардыяхірургічная і сасудзістая дапамога. Дадаткова плануецца адкрыць тры аддзяленні, у тым ліку інфарктнае і парушэнняў рытму. Што да нашай установы, яна будзе высокатэхналагічнай, усё павінна быць у «лічбе», — патлумачыў Аляксандр Карпіцкі.
Яшчэ адзін напрамак, які плануюць развіваць у абласной бальніцы, — навуковае даследаванне, якое будзе аформлена кандыдацкай дысертацыяй па лячэнні пацыентаў з атлусценнем. Гэта датычыцца барыятрычнай хірургіі. Урачы бальніцы вядуць навукова-тэхнічную праграму Брэсцкай вобласці па лячэнні такіх пацыентаў. Сумесна з калегамі з Мінска яны распрацавалі сваю методыку і прымяняюць яе для лячэння гэтай паталогіі.
Алена КРАВЕЦ
Хораша там, дзе моладзь ёсць!
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.