Гэта адзіны музей краіны, створаны ў складаны час ваеннага ліхалецця. Унікальнасць музея таксама ў тым, што на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў пасля вайны ён заставаўся найбуйнейшай установай такога профілю на тэрыторыі Савецкага Саюза. Значна пазней музеі па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны былі адкрыты спачатку ў Кіеве, а потым і ў Маскве на Паклоннай гары.
Пачаткам збору матэрыялаў для будучага музея ў Мінску стала рашэнне ЦК КП(б)Беларусі ад 2 чэрвеня 1942 года аб стварэнні рэспубліканскай камісіі па зборы дакументаў і матэрыялаў Айчыннай вайны. Узначаліў камісію сакратар ЦК КП(б)Б па прапагандзе Цімафей Гарбуноў. У яе склад увайшлі гісторык Іван Краўчанка, намеснік начальніка Беларускага штаба партызанскага руху Іван Крупеня, пісьменнік Міхась Лынькоў, сакратар ЦК КП(б)Б
Уладзімір Малін, сакратар ЦК ЛКСМБ Сяргей Прытыцкі, начальнік упраўлення культасветустаноў СНК БССР Еўдакія Уралава. Непасрэдную работу па зборы матэрыялаў вялі навуковыя супрацоўнікі пад кіраўніцтвам адказнага сакратара камісіі Васіля Стальнова, у далейшым першага дырэктара музея гісторыі Айчыннай вайны.
Галоўнай крыніцай паступлення матэрыялаў у камісію былі камандзіроўкі яе супрацоўнікаў у воінскія часці, партызанскія фарміраванні, на эвакуіраваныя ў савецкі тыл беларускія прадпрыемствы. Першымі дакументамі, якія паступілі ў камісію, былі запісаныя аповеды арганізатараў партызанскага руху і патрыятычнага падполля, вялікая колькасць падпольных лістовак, газет, фотаздымкаў, актаў аб злачынствах фашыстаў у Беларусі і г. д.
Вынікі дзейнасці камісіі на працягу шасці месяцаў упершыню знайшлі адлюстраванне на выстаўцы «Беларусь жыве, Беларусь змагаецца», якая адкрылася ў першых чыслах лістапада 1942 года ў Маскве ў памяшканні Дзяржаўнага гістарычнага музея на Краснай плошчы. У гэты час нямецкія войскі стаялі каля сцен Сталінграда, а ў сталіцы СССР адкрылася экспазіцыя аб барацьбе беларускага народа ў тыле ворага. Менавіта гэта выстаўка і стала правобразам музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Афіцыйнай датай заснавання музея лічыцца 30 верасня 1943 года, калі была прынята пастанова «Аб стварэнні музея па гісторыі барацьбы беларускага народа з нямецка-фашысцкімі акупантамі ў Вялікую Айчынную вайну». Адначасова ва ўсе партызанскія брыгады і асобныя атрады Беларускі штаб партызанскага руху накіраваў радыёграму: «Усе прадметы, дакументы, сцягі, якія сведчаць аб гераізме атрадаў, асобных партызан, а таксама матэрыялы аб зверствах нямецкіх акупантаў захоўвайце і пры першай магчымасці дастаўляйце за лінію фронту з дадаваннем кароткага апісання аб накіраваных дакументах».
Выканаўца абавязкаў камандзіра Палескага партызанскага злучэння Іван Скалабан у дырэктыве партызанскім брыгадам вобласці пісаў: «У мэтах захавання для гісторыі дакументальныя і рэчавыя матэрыялы, якія адлюстроўваюць развіццё партызанскага руху ў Беларусі, збірайце і перасылайце ў штаб злучэння. Пры немагчымасці адпраўкі захоўвайце іх на месцы, закопвайце названы матэрыял у тайных месцах для далейшай выемкі пасля вызвалення раёна ад акупантаў». На жаль, праз некалькі дзён пасля падпісання гэтага гістарычнага дакумента Іван Васільевіч Скалабан па-геройску загінуў.
Пасля дырэктыўных указанняў ЦК КП(б)Б і партызанскага камандавання ў БШПР, у камісію па гісторыі Айчыннай вайны ад падпольных райкамаў партыі, камандзіраў брыгад і атрадаў, асобных партызан пачалі паступаць дакументальныя і рэчавыя сведчанні гераічнай барацьбы беларускага народа з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У прыватнасці, 16 снежня 1942 года першы сакратар ЦК ЛКСМБ Міхаіл Зімянін у запісцы камісіі па гісторыі Айчыннай вайны пісаў: «Прашу прыняць ад мяне трафейны нямецкі аўтамат Героя Савецкага Саюза таварыша Казлова — яго падарунак».
5 жніўня 1943 года камандаванне партызанскага атрада імя К. Я. Варашылава Мінскай вобласці перадало ў камісію сцяг артылерыйскага палка 8-й стралковай дывізіі. На суправаджальным пісьме стаіць рэзалюцыя старшыні камісіі сакратара ЦК КП(б)Б Ц. С. Гарбунова, адрасаваная сакратару камісіі Стальнову: «Пакладзіце гэты сцяг у чамадан і захоўвайце. Зрабіце апісанне з пазнакай, адкуль атрымана і пры якіх абставінах». Выратаваны сцяг палка і сёння экспануецца ў музеі.
З партызанскай брыгады «Буравеснік», якая дзейнічала ў Рудзенскім і Пухавіцкім раёнах, 1 верасня 1943 года ў Маскву быў дастаўлены нямецкі трафейны аўтамат, што належаў мінскаму ваеннаму камісару Эрэнгейтэру, забітаму партызанамі 10 чэрвеня 1943-га пры правядзенні баявой аперацыі па разгроме варожай аўтакалоны на шашы Мінск — Слуцк у раёне вёскі Валяр’яны. Тады ж былі захоплены і іншыя трафеі. Сярод іх аказаўся мяшок нямецкіх узнагарод, які таксама быў дастаўлены ў Маскву і ў далейшым стаў набыткам музея.
На месяц раней партызан брыгады «Разгром» Мінскай вобласці прафесійны мастак Леанід Бойка накіраваў у камісію пасылку з малюнкамі, напісанымі ім у тыле ворага. У суправаджальным пісьме ён паведамляў: «Нягледзячы на цяжкія ўмовы, усе замалёўкі і партрэты зроблены з натуры, праўдзіва і дакладна перадаюць асобныя моманты з нашага партызанскага жыцця. Некаторыя малюнкі, на ваша меркаванне, могуць быць выкарыстаны ў друку „Советской Белоруссии“, „Комсомольской правды“ або ў часопісах, а таксама ў аддзеле партызанскага руху музея Айчыннай вайны».
У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захоўваецца і другое пісьмо Бойкі, дзе ён паведамляў аб перасылцы яшчэ дзесяці малюнкаў, якія просіць перадаць у музей. У канцы пісьма мастак-партызан абяцае: «У далейшым, калі будзе магчымасць, я дашлю вам яшчэ малюнкі аб партызанскім быце, баявых эпізодах, а таксама замалёўкі вынікаў устанаўлення „новага парадку“ нямецкімі акупантамі». Сёння ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны захоўваецца і экспануецца 58 малюнкаў, партрэтаў байцоў і камандзіраў, выкананых алоўкам мастаком-партызанам Леанідам Бойкам.
Тым часам Чырвоная Армія вяла наступальныя аперацыі, вызваляючы Беларусь ад акупантаў. У пачатку чэрвеня 1944 года калектыў музея разам з камісіяй па гісторыі Айчыннай вайны ў спецыяльным вагоне прыбыў з Масквы ў Гомель, а 29 ліпеня накіраваўся ў вызвалены Мінск, дзе размясціўся ў будынку Дома працы на плошчы Свабоды. З 1 жніўня 1944-га заступіў на пасаду дырэктара музея Васіль Дзям’янавіч Стальноў.
Трэба аддаць належнае супрацоўнікам музея, якія стаялі каля вытокаў яго стварэння. Куды толькі не звярталіся яны ў пошуках музейных прадметаў. Гэта і воінскія часці, і выдавецтвы, райвыканкамы, камітэты ўнутраных спраў і дзяржаўнай бяспекі і г. д. У архіве захоўваецца пісьмо музея да камандзіра трафейнага батальёна (і такі быў), у якім выказвалася просьба аб выдачы музею авіябомб «у колькасці да 20 штук».
Пасля злучэння партызан з Чырвонай Арміяй асноўнай крыніцай паступлення экспанатаў для будучай экспазіцыі музея стаў Беларускі штаб партызанскага руху (БШПР), які да таго часу перамясціўся з Гомеля на ўскраіну Мінска, у вёску Лошыца. У пачатку верасня 1944 года з БШПР музеем атрымана 22 адзінкі самаробнай зброі, 34 сцягі партызанскіх брыгад і атрадаў, 16 рукапісных часопісаў, вялікая колькасць баявых лісткоў і сценгазет, 80 пячатак і штампаў партызанскіх фарміраванняў.
У кастрычніку 1944-га з Беларускага штаба партызанскага руху паступіла яшчэ 50 музейных прадметаў, так ці інакш звязаных з партызанскім рухам. Сярод іх — біноклі, друкаваныя выданні акупацыйных улад, партызанскія друкарні, стралковая зброя, шапкі партызанскія, валёнкі, рамяні, іншае абмундзіраванне партызан.
Першы штатны расклад музея ўтрымліваў 245 чалавек. Толькі экспазіцыйных аддзелаў налічвалася сем. Акрамя іх былі арганізаваны экскурсійна-лекцыйны, фондавы, рэдакцыйна-выдавецкі, планава-фінансавы, гаспадарчы, мастацкі аддзелы; фотастудыя, бібліятэка, сакрэтная частка. У музеі працавала сталовая, сталярная і слясарная майстэрні, была ваенізаваная ахова.
У першыя пасляваенныя гады музей валодаў падсобнай гаспадаркай у раёне Уручча, называлася яна «Хутар Белы лес». Для супрацоўнікаў гаспадарка была падмогай для забеспячэння сем’яў збожжам, агароднінай. У штаце былі два конюхі і свінарка, а значыць, мелася і невялікая ферма.
Для кіраўніцтва мастацкімі работамі пры афармленні экспазіцыі і напісанні партрэтаў у музеі быў сфарміраваны Мастацкі савет, у склад якога ўвайшлі вядомыя беларускія мастакі З. Азгур, Я. Зайцаў, І. Ахрэмчык, А. Кроль. У мастацкім аддзеле музея ў першыя гады працавала восем мастакоў.
Хутка падрыхтаваць стацыянарную экспазіцыю не ўяўлялася магчымым, таму ЦК КП(б)Б паставіў перад музеем задачу стварыць дзве выстаўкі: «Узбраенне беларускіх партызан» і «Бальшавіцкі друк у дні Вялікай Айчыннай вайны». Да кастрычніка 1944 года калектыў музея з гэтай задачай справіўся. Вось як пра гэта гаварылася ў загадзе па музеі: «Сёння, 22 кастрычніка 1944 года, першыя дзве выстаўкі адкрытыя для агульнага агляду наведвальнікаў штодзень з 12 да 4 гадзін дня (акрамя панядзелка). Дзень адкрыцця выставак лічыць днём адкрыцця Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны».
Праз паўгода ў музеі на плошчы Свабоды, 2 былі адкрыты яшчэ дзве выстаўкі «Зверствы нямецкіх захопнікаў у Беларусі», «Вызваленне і аднаўленне Мінска».
Ужо ў той час музей праяўляў клопат аб захаванні памятных месцаў, звязаных са знішчэннем фашыстамі савецкіх грамадзян, баявымі дзеяннямі партызан і Чырвонай Арміі. Так, 13 снежня 1944 года ў пісьме Народнаму камісарыяту лясной гаспадаркі БССР музей просіць аб неадкладным спыненні высечкі лесу каля вёскі Малы Трасцянец, разборкі печаў і пабудоў — гістарычных помнікаў, якія сведчылі аб зверствах фашыстаў у лагеры смерці, што тут знаходзіўся.
Захаваўся дакумент (без даты) «Настаўленне ахоўніку адкрытай выстаўкі «Поле бою пад Мінскам. Урочышча каля вёскі Абчак», падпісаны дырэктарам Стальновым. Прыводзім яго змест: «Дырэкцыя Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны даводзіць да вашага ведама, што ўся наяўная на полі і ў лесе трафейная маёмасць: гарматы, рэшткі ад машын, танкі, снарады, разбітыя самалёты, масты, драўніна і жалеза ад нямецкіх умацаванняў і да т. п., належыць музею і што ўсе арганізацыі і грамадзяне, якія будуць замахвацца на музейныя каштоўнасці, будуць прыцягвацца да судовай адказнасці. Калі факты замаху будуць выяўлены, неадкладна аб гэтым паведамляць дырэкцыі музея».
З мэтай збору матэрыялаў аб гераізме і мужнасці савецкіх воінаў падчас вызвалення Беларусі музей у канцы 1944-га — пачатку 1945 года арганізаваў тры экспедыцыі на 1-ы, 2-і і 3-і Беларускія франты. Сярод камандзіраваных былі Пётр Лавецкі і Вера Раманоўская, былыя партызаны, якія ўсё жыццё і працоўную дзейнасць прысвяцілі музею. Аўтару гэтых радкоў пашчасціла ў 1970–1980-я гады працаваць разам з імі і на ўсё жыццё захаваць удзячную памяць пра гэтых цудоўных людзей, іх унёсак у стварэнне і развіццё музея. Дзякуючы дапамозе камандавання франтоў, у музей паступілі не толькі фотаздымкі, дакументы, рэчавыя музейныя прадметы, але і такія неабходныя ў той час абсталяванне і матэрыялы, мэбля, друкарскія машынкі, палатно для мастакоў, канцылярскія тавары, дыванкі і іншае.
Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны быў і застаецца флагманам патрыятычнага выхавання, прапаганды вялікага подзвігу савецкага народа ў барацьбе з фашызмам, заслуг беларускага
народа ў партызанскай барацьбе, выкрыцця нацысцкай палітыкі гітлераўскай Германіі. Наколькі гэта актуальна ў цяперашні час, гаварыць не прыходзіцца.
Генадзь БАРКУН
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА і з архіва Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.