Вы тут

Як Гродна вяртае славу зялёнага горада?


Яшчэ не так даўно ішла гаворка аб тым, каб да 2030 года азеляніць абласны цэнтр на 40 працэнтаў. Сёння спецыялісты аховы прыроды канстатуюць, што гэта лічба нават большая. Але ці аптымальная яна для гарадскога асяроддзя? Што робіцца для таго, каб статус зялёнага горада стаў яшчэ адным брэндам абласнога цэнтра? Прадстаўнікі адпаведных ведамстваў праяснілі сітуацыю.


Як вядома, дрэвы ў горадзе — не проста атрыбут навакольнага асяроддзя. Гэта жывыя арганізмы, якія ратуюць жыхароў ад уплыву забруджанага паветра, тым самым ствараюць камфорт.

Галоўны вораг чыстага паветра — гарадскі аўтатранспарт. Ад яго ўтвараецца 80% шкодных выкідаў, і з гэтым прыходзіцца змагацца дрэвам. Яны дыхаюць, у іх інтэнсіўны газаабмен і фотасінтэз, а лісты дазваляюць лавіць пыл. Такім чынам дрэвы зніжаюць утрыманне шкодных для чалавека рэчываў ад 25 да 90%.

Разам з тым дрэвы павялічваюць вільгаць паветра, таму што ў гарадах яно сухое, што не спрыяе здароўю. Горад — гэта ў экалагічным сэнсе тая ж пустыня: асфальт, плітка, бетонныя сцены пад сонцам хутка награваюцца, ноччу адбываецца высокі перапад тэмператур. Дрэвы зніжаюць такія перапады. Гэта сапраўды прыродныя кандыцыянеры, якія ахалоджваюць паветра. Акрамя таго, яны вельмі ўдала ўпісваюцца ў гарадскую архітэктуру, робяць прастору жывой і прывабнай.

Многія старажылы горада над Нёманам памятаюць, якім цяністым было места гадоў 30–40 таму, а ўздоўж вуліц цягнуліся алеі старых дрэў з высокімі кронамі. Сёння карціна іншая. Высокія дрэвы саступілі месца маладым насаджэнням, значна больш з’явілася дэкаратыўных раслін і кустоў, кветкавых інсталяцый, жывых агароджаў і іншых арыгінальных «канструкцый». Вядома, усё гэта радуе вока, але наўрад ці заменіць звыклыя нам каштаны, рабіны і ліпы.

Як патлумачыў намеснік старшыні Гродзенскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Адаменка, у горадзе працэс азелянення вядзецца няспынна. Работа ідзе ў адпаведнасці з генеральным планам горада і дзяржаўнай праграмай «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе». Асаблівая ўвага — новым маладым мікрараёнам і аб’язным дарогам. На сёння плошча азелянення адпавядае пастаўленым планам і дасягае 42 працэнтаў.

— Летась у Гродне было пасаджана звыш 65 тысяч дрэў і кустоў, сёння гэта лічба складае каля 30 тысяч, асноўныя пасадкі пачаліся на гэтым тыдні і будуць працягвацца да канца месяца. Запланаваны вялікія акцыі ў Гродне і ў райцэнтрах. У іх могуць прыняць удзел усе, хто жадае. 

Апошнім часам усё больш людзей далучаецца. Мы дасягнулі таго ўзроўню азелянення, якое ўстаноўлена заканадаўствам, але спыняцца не варта, бо дрэвам патрэбна замена. Таму на кожны год закладваюцца вялікія аб’ёмы, каб азеляніць не толькі населеныя пункты, але і дарогі, тэрыторыі агульнага карыстання, — расказаў эколаг і падкрэсліў, што дрэвы саджаюць усюды, дзе ёсць такая магчымасць.

Асноўны прынцып азелянення — замест аднаго выдаленага дрэва пасадзіць некалькі: як правіла, не менш за тры. Такая сітуацыя назіраецца ва ўсім горадзе, дзе заўважна паменшылася колькасць старых дрэў. У першую чаргу, гэта звязана з рэканструкцыяй дамоў і вуліц. Але не толькі. 

Значную частку старых дрэў ліквідавалі з-за іх аварыйнага стану, перашкод у асвятленні дамоў, эксплуатацыі інжынерных сетак. Улічваюцца і наступствы стыхіі. Сёлета, напрыклад, у выніку ўрагану старая вярба ўпала на гандлёвы павільён у Гродне. У мерах перасцярогі было ліквідавана яшчэ некалькі аналагічных дрэў. Пад высечку, як правіла, трапляюць небяспечныя дрэвы ці тыя, якія ствараюць перашкоду пры гаспадарчай дзейнасці, а таксама пры рэканструкцыі ці будаўніцтве аб’ектаў. Спецыялісты звяртаюць увагу, што кожны такі выпадак павінен быць абгрунтаваны і весціся ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Здараюцца і самавольныя высечкі. Напрыклад, летась выяўлена звыш 40 такіх парушэнняў. Як паведаміў начальнік аднаго з аддзелаў прыродаахоўнага ведамства Дзмітрый Лебедзеў, па ўсіх фактах прыняты меры з кампенсацыяй шкоды, якая нанесена навакольнаму асяроддзю. Гэта сума склала звыш 40 тысяч рублёў. Прыняты меры адміністрацыйнага ўздзеяння ў выглядзе пратаколаў і штрафаў. Эколагі акцэнтуюць увагу на наступствах такіх 
высечак.

— Калі ў горадзе выдаліць тры дрэвы, то можна трапіць пад крымінальную адказнасць за кошт велічыні страты. Каб да гэтага не даходзіла, кожная высечка павінна адбывацца ў строгай адпаведнасці з заканадаўствам. Для крымінальнай справы дастаткова, каб сума страты дасягала 200 базавых велічынь. Гэта можа быць літаральна некалькі дрэў, бо такса за адно дрэва дасягае 30 базавых велічынь. Летась было некалькі крымінальных спраў, звязаных з высечкай пры вядзенні будаўніцтва. Акрамя штрафу, парушальнік абавязаны ўзнавіць страту за кошт новых пасадак, — патлумачыў Дзмітрый Лебедзеў.

Азеляніць свае двары могуць і самі жыхары. У камітэт прыродных рэсурсаў паступае нямала зваротаў ад гараджан, якія хочуць пасадзіць дрэвы і кусты каля сваіх дамоў. Аднак без дазволу гэтага рабіць нельга. Усе пасадкі трэба ўзгадняць з мясцовымі органамі ўлады, інакш такія дзеянні будуць расцэньвацца як самазахоп зямлі і правядзенне несанкцыянаваных работ, што вядзе да адміністрацыйнай адказнасці. Каб здзейсніць такую пасадку, найперш трэба звярнуцца з асабістым ці калектыўным пісьмом у ЖЭС ці ў таварыства ўласнікаў дома. Разам з дазволам для пасадкі дрэў будзе прапанавана і месца, якое не парушыць падземныя камунікацыі.

Дарэчы, менавіта яны, інжынерныя камунікацыі, вымушаюць шукаць новыя падыходы ў азеляненні горада.

Напрыклад, у цэнтры «вырасла» цэлая алея дрэў у кадках. Па словах майстра па азеляненні прадпрыемства 
«Гродназелянбуд» Надзеі Суравец, дрэвы ў кадках ставяцца там, дзе няма магчымасці пасадзіць іх у зямлю. Асабліва гэта датычыцца цэнтральнай часткі горада, дзе вельмі шмат падземных камунікацый, хоць на першы погляд нямала пустых участкаў. 

У гэтых выпадках прадугледжваецца дэкаратыўнае азеляненне, кветкавыя і раслінныя інсталяцыі. Сёлета ўпершыню ў Гродне з’явілася 600 метраў кветкавай агароджы, якая ўпрыгожвае цэнтр і Стары мост.

Высаджваюцца і экзатычныя расліны. Летась у парку з’явілася алея сакуры. Не так даўно прадпрыемствам «Гродназелянбуд» у Швейцарскай даліне высаджана паўлоўнія, якая цвіце буйнымі блакітна-фіялетавымі суквеццямі. З’явілася метасеквоя, гінкга, расце цюльпанавае дрэва.

Ёсць цікавыя экзэмпляры таксама на Алеі сяброўства, якая высаджваецца падчас фестывалю нацыянальных культур у Каложскім парку. Звыш ста відаў і сартоў раслін можна ўбачыць у дэндрарыі каля Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта. Але экзотыка носіць хутчэй эксперыментальны характар.

Што датычыцца масавага азелянення горада, тут, як правіла, аддаецца перавага мясцовым пародам, такім як клён, бяроза, ліпа, дуб, якія найбольш устойлівыя да шкодных выкідаў і соляў. А вось хвойныя пароды ў горадзе не практыкуюць з-за няўстойлівасці да гарадскога асяроддзя і складанасці догляду.

Таксама абмяжоўваецца і высадка каштанаў, хоць іх нямала ўздоўж гарадскіх дарог. Як зазначыла Надзея Суравец, дрэвы не вельмі добра адчуваюць сябе ў агрэсіўным гарадскім асяроддзі, ужо з сярэдзіны лета ліст пачынае жаўцець і сохнуць. Дарэчы, першыя каштаны ў Беларусі з’явіліся менавіта ў Гродне ў ХVІІІ стагоддзі, калі тут быў закладзены адзін з самых знакамітых батанічных садоў Еўропы. Гарадскі парк цяпер носіць імя яго стваральніка — Жылібера. Нямала старых дрэў тут загінула падчас рэканструкцыі, калі была парушана каранёвая сістэма, сцёк вады, пакрыццё. Тыя, што засталіся, ахоўваюцца і праходзяць санітарную абрэзку. Высаджваюцца ў парку і новыя пароды дрэў.

Увосень мяркуецца высадзіць не менш як 30 тысяч дрэў і кустоў. У вобласці пройдзе вялікая акцыя «Адзіны дзень азелянення». У ёй могуць прыняць удзел усе, хто пажадае. Асноўная пасадка адбудзецца ў мікрараёне Паўднёвы. Саджанцамі забяспечваюць лясгасы. Азеляненне горада будзе працягвацца ўвесь сезон.

Маргарыта Ушкевіч, фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.