Вы гулялі калі-небудзь па Глыбокім усёй сям’ёй? А можа, глядзелі на Браслаўскія азёры з вышыні гары Маяк? Спасцігалі таямніцы чароўнага аграгарадка Друя? «Звязда» разам з Нацыянальным агенцтвам па турызме адправілася ў падарожжа па Беларускім Паазер’і і гатова падзяліцца з вамі самым цікавым.
Сёння візіткай Глыбокага лічыцца Вішнёвы фестываль. І гэта не проста так: здаўна горад славіўся вішнёвымі садамі. Аграном Баляслаў Лапыр вывеў сорт вішні, устойлівы да халадоў. Так, менавіта яны раслі і растуць у многіх дварах Глыбокага. Людзі даўно называлі горад вішнёвым краем. І вось летам 2013 года прайшоў першы Вішнёвы фестываль, які з таго часу прываблівае шмат турыстаў.
Аднак Глыбокае адметнае не толькі фестывалем. У горада багатая гісторыя, якую важна правільна падаць.
Экскурсавод Дзяніс Філіпчык распрацаваў экскурсію «7Я ў Паазер’е: пешшу па горадзе Глыбокім».
— Маршрут пракладзены так, каб гэта было камфортна сем’ям з дзеткамі.
Без крутых спускаў, пад’ёмаў і з абавязковымі інтэрактывамі. Працягласць — 2–2,5 гадзіны, — падзяліўся ён.
Менавіта такі фармат дапаможа разгледзець горад з новага боку.
Экскурсія пачынаецца з набярэжнай возера Кагальнага. Дарэчы, гэта адзіны на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь яўрэйскі гідронім. Аднак возера звалася так не заўсёды. Калісьці яно было Глыбокім, і лічыцца, што менавіта ад яго пайшла назва горада. Унікальнасць возера ў тым, што з XVІ стагоддзя і да самага канца XVІІІ-га берагі вадаёма падзялялі горад на дзве часткі. Адна належала шляхецкай сям’і Зяновічаў, а другая — панскаму двару Корсакаў. Цікава і тое, што насамрэч возера зусім не глыбокае і не вялікае. Самае глыбокае возера — не толькі ў раёне, але і ва ўсёй краіне — размяшчаецца за 32 км ад горада і называецца Доўгае. Вось такі каламбур.
Зусім побач з возерам стаіць помнік Аляксандру Сабалеўскаму, чалавеку, які стаў эталонам настаўніка ў XX стагоддзі. Ён выкладаў у дзяцей Чарвякова, Галадзеда, Коласа, Крапівы. Наогул, на Глыбоччыне нарадзілася вельмі шмат таленавітых людзей, якія зрабілі неацэнны ўнёсак у гісторыю нашай краіны. Іх бюсты размясціліся ў «Алеі слаўных землякоў». Так тут можна ўбачыць і заснавальніка першага прафесійнага нацыянальнага беларускага тэатра Ігната Буйніцкага, і жывапісца Язэпа Драздовіча, вядомага сваім асаблівым поглядам на космас, і Іосіфа Корсака, мсціслаўскага ваяводы і старасты дзісненскага, на сродкі якога ў Глыбокім былі пабудаваны Траецкі касцёл і манастыр.
Рухаемся далей і трапляем у Браслаў, прыгожае месца, акружанае блакітнымі азёрамі. Найбольш цікавы від на горад адкрываецца з 14-метровай вышыні Замкавай гары. Гэта адно з самых вялікіх гарадзішчаў у Беларусі, помнік археалогіі ІX—XV стагоддзяў, які знаходзіцца ў цэнтры горада паміж азёрамі Дрывяты і Навяты. Тут можна даведацца шмат цікавага аб паходжанні Браслава. А яшчэ на Замкавай гары знаходзіцца магіла доктара Станіслава Нарбута, якога вельмі паважалі мясцовыя жыхары. Аж да таго, што Нарбут стала ў іх імем намінальным, якое абазначала прадстаўнікоў медыцынскай прафесіі.
У самым сэрцы горада размясціўся Касцёл Нараджэння Панны Марыі, які каля двух стагоддзяў радуе сваей прыгажосцю і якому сёлета быў прысвоены тытул чацвёртай малой базілікі на знак старажытнасці храма, яго гістарычнай важнасці і вялікай значнасці як паломніцкага цэнтра.
Разыначка храма ў тым, што першапачаткова ён быў зусім невялікі. Аднак у ХІХ стагоддзі пабудаваць новы каталіцкі храм было складана. Таму пайшлі на хітрасць: падалі прашэнне на рэканструкцыю, і ў выніку зрабілі храм у 1,5 раза больш. Цікава тое, што на храме відаць вось гэты часавы стык. Так для старога мура 1824 года характэрна разынкавая муроўка, у якой навукоўцы налічваюць каля 20 салярных матываў, выкладзеных камянямі.
А што наконт Браслаўскіх азёр? Увогуле, іх вельмі шмат — 267 вялікіх і малых на тэрыторыі Браслаўскага Паазер’я. Самае вялікае — Дрывяты, плошчай 36 км2, самае глыбокае — Воласа Паўднёвае з максімальнай глыбінёй 40,4 м. Адзін з найлепшых відаў на гэты край адкрываецца з гары Маяк, якая знаходзіцца ў Нацыянальным парку «Браслаўскія азёры».
Браслаўшчына таксама — край астравоў, што робіць пейзаж яшчэ больш цікавым і маляўнічым. Усяго на мясцовых азёрах іх больш за 100, у тым ліку незвычайных. Востраў Чайчын на возеры Струста — другі па велічыні ў Беларусі, да таго ж ён мае ўласнае ўнутранае возера.
На граніцы з Латвіяй каля маляўнічага берага Заходняй Дзвіны размясціўся невялікі аграгарадок Друя, у якім таямніцы мінулага цесна пераплятаюцца з сучаснасцю.
— Калісьці тут было 22 храмы розных канфесій, каля 100 месцейкаў, дзе можна было перакусіць, і прыкладна столькі ж майстэрань. Сёння гэта вёсачка, у якой пражывае звыш 800 чалавек, — пачаў свой аповед загадчык філіяла «Друеўскі пасялковы дом культуры» Аляксандр Плыгаўка.
Крыху больш за 10 гадоў таму малады чалавек упершыню пабываў у Друі і так упадабаў гэтае месца, што вырашыў пераехаць сюды з Мінска.
— Калі адсюль з’язджаеш, сэрца ўсё роўна застаецца тут. Пра гэта гавораць многія людзі, — тлумачыць ён.
Менавіта пад кіраўніцтвам Аляксандра Плыгаўкі стартаваў валанцёрскі праект «Таямніцы пры граніцы», асноўная мэта якога — аднаўленне гісторыка-культурнай спадчыны Друі.
— Для сучаснай моладзі вельмі важна атрымаць адказ на пытанне: навошта я гэта раблю? Пачалося ўсё з таго, што з Благавешчанскай царквы прыбралі смецце. І вось адказнасць, што ты стаў часткай гэтай гістарычнай справы, натхняе на дзеянне, — падзяліўся ён.
Мы ўбачылі гэтую старажытную царкву на свае вочы. У савецкі час яна прайшла праз перыяд заняпаду, у выніку вялізны купал абваліўся. Цяпер гэта месца цалкам расчышчана, і летам там праводзяцца вельмі прыгожыя службы. Уражваюць і рэліквіі, якія захоўваюцца ў храме. Сярод іх — ікона, падораная ў 1899 годзе стацкім саветнікам Афанасіем Яржэмбскім.
Друя заўжды прыцягвала і прыцягвае кіношнікаў: на тэрыторыі Благавешчанскай царквы здымалася «Высокая кроў», каля Петрапаўлаўскай званіцы — «Дзетачкі», а ў былым бровары яўрэя Таўмана былі зроблены кадры «Вайны пад стрэхамі» з удзелам Уладзіміра Высоцкага. Дарэчы, цяпер гэты будынак упрыгожвае самая вялікая буслянка ў Беларусі і трэцяя па памерах ва Усходняй Еўропе. Менавіта ў гэтым ёсць пэўны сімвалізм адраджэння новага жыцця на гістарычных руінах.
Сапраўды, тут шмат важнага, што проста неабходна захаваць для нашчадкаў. Гэта і Барысаў камень, і руіны касцёла дамініканцаў, і новы помнік вузкакалейцы Друя — Дукштас, якая калісьці праходзіла тут, і беласнежны Траецкі касцёл XVІІІ стагоддзя, і шмат чаго іншага.
Адным словам, Друя — самы сапраўдны музей пад адкрытым небам. Варта толькі дакрануцца да яе гісторыі, і адчуеш, што яна і цяпер у тваім сэрцы.
Лізавета ГОЛАД, фота аўтара.
Хораша там, дзе моладзь ёсць!
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.