Адзіны Дзень азелянення прайшоў у сталіцы. Сто маладых ліп пасадзілі прадстаўнікі сістэмы Мінпрыроды, адміністрацыі Заводскага раёна і Зелянбуда на маляўнічым беразе Свіслачы ў раёне экасцежкі «Чырвоная Слабада».
Як адзначыў на адкрыцці акцыі міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк, у рамках рэалізацыі рэспубліканскага плана па навядзенні парадку на зямлі, па стану на 1 кастрычніка ўжо высаджана больш за 360 тыс. кустоў і амаль 230 тыс. дрэў. Вядзецца актыўная работа на месцах па азеляненні не толькі населеных пунктаў, але і тэрыторый...
Мінпрыроды традыцыйна актыўна ўдзельнічае ў восеньскіх і вясновых месячніках па добраўпарадкаванні. Толькі прадстаўнікамі прыродаахоўнай сістэмы плануецца высадзіць каля 18 тыс. дрэў і 12 тыс. кустоў у населеных пунктах, звыш 1 тыс. дрэў і каля 200 кустоў — уздоўж аўтамабільных дарог. Больш за 103 тыс. лясных культур пасадзяць у Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку, каля 15 тыс. хваёвых саджанцаў — у аграгарадку Грэск (Слуцкі раён) на месцы рэкультываванага кар’ера.
— Пытанні навядзення парадку на зямлі заўсёды актуальныя. Справа гонару кожнага грамадзяніна, кожнага беларуса прымаць удзел у падтрыманні парадку, азеляненні тэрыторый як буйных гарадоў, так і малых населеных пунктаў, — паведаміў кіраўнік прыродаахоўнага ведамства.
У сталіцы сёння пасадкі праводзіліся ў раёне экасцежкі «Чырвоная Слабада» (Заводскі раён). Прадстаўнікі цэнтральнага апарата Мінпрыроды, адміністрацыі Заводскага раёна, Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і раённага Зелянбуда высадзілі тут 100 маладых ліпак.
Тэрыторыя ўнікальная: супрацоўнікамі Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя разам з калегамі з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі тут быў знойдзены рэдкі біятоп. Цікава яна і сваім рэльефам.
Паводле слоў дырэктара Зелянбуда Заводскага раёна Андрэя Жыхарава, экасцежку «Чырвоная слабада» адкрылі зусім нядаўна.
— Праведзена вялікая работа па добраўпарадкаванні, бо некалі гэта месца было ў не вельмі добрым стане. Праклалі дарожкі і сцежкі, усталявалі малыя архітэктурныя формы. І сюды пачалі прыходзіць маці з дзецьмі, людзі сталага ўзросту, — расказаў ён.
Для адпачынку гараджан тэрыторыю ўладкавалі да Дня горада: былі зроблены назіральныя пляцоўкі, размешчаны інфармацыйныя стэнды аб мясцовай флоры і фауне, правілах паводзін на прыродзе, а таксама з цікавымі фактамі. Напрыклад, аб тым, што гэта месца знаходзіцца ў самай нізкай кропцы Мінска — усяго ў 177 м над узроўнем мора (самая высокая кропка — амаль 279 м — на вуліцы Прытыцкага). Як адзначыў Сяргей Масляк, экасцежку чакае далейшае развіццё, бо месца ўжо паспела палюбіцца мінчанам.
Александрына ПАРШЫНА
Фота аўтара
Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.