У цэнтры ўвагі ў цэнтральным рэгіёне — аграрыі. «Дажынкі» адсвяткавалі ў Мінскай вобласці, цэнтрам свята стаў Валожын. Па традыцыі, удзел у абласным фестывалі-кірмашы прыняў і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы асабіста падзякаваў аграрыям за іх працу, узнагародзіў найлепшых. Падзякаваць сапраўды ёсць за што. Сёлета аграрыі Мінскай вобласці сабралі больш за 2,5 мільёна тон зерня з улікам кукурузы і рапса. Разам з кіраўніком дзяржавы яны падвялі вынікі гэтай уборачнай кампаніі і акрэслілі планы на будучыню.
Найперш у Валожыне Аляксандр Лукашэнка падзяліўся сваімі назіраннямі з борта верталёта. Па яго словах, у цэлым па земляробстве крытыкаваць Мінскую вобласць няма за што. Аднак некалькі заўваг ёсць. «Усё ты рабіць умееш, але не робіш. Ведаеш, як апрацаваць прыфермерскія ўчасткі. Па маршруце няма да чаго прычапіцца. Ведаеш, як араць. Меліярацыю ўмееш рабіць, як трэба. Дзе трэба, дровы ляжаць. Гэта сведчыць аб тым, што людзі нашы ўмеюць. Усе ўмеюць. Не горш, чым на Захадзе, дзе ўсё прыватнае. Але не заўсёды, не ўсюды ўсё робіцца. Таму ў наступным годзе жым будзе вельмі жорсткі: і па вымачках, і па азімага ячменю», — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксандра Турчына. І паставіў перад рэгіёнам задачу — давесці культуру земляробства да розуму.
«Засталося сабраць кукурузу. Але невялікія плошчы, збяром. Гэта значыць умееш рабіць усё. Пажадана, каб гэта было ўсюды. Чаму не ўсюды — дысцыпліна. Усяго хапае, умеем рабіць, трактары, тэхніка. Але дысцыпліна дзесьці недацягвае. За зіму ўсіх трэба закруціць, закруціць. Трэба працаваць так, як належыць», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Настрой размовы з жыхарамі Валожына і ўсёй Мінскай вобласці быў больш святочным. Прэзідэнт прызнаўся, што рады сустрэчы на гэтай зямлі. «Па шматгадовай традыцыі, закладзенай на світанку незалежнай Беларусі, мы сабраліся разам, каб найперш пакланіцца вяскоўцам за працу і ўручыць заслужаныя ўзнагароды нашым героям», — сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Міншчына — рэгіён незвычайны. Гэта геаграфічны цэнтр краіны. Яе землі знаходзяцца ва ўсіх прыродных фізікагеаграфічных зонах рэспублікі, уключаючы Палессе і Паазер’е. «Вобласць — гэта практычна Беларусь у мініяцюры. І з пункту гледжання земляробства вы на практыцы ведаеце патэнцыял урадлівасці, плюсы і мінусы ўсіх нашых глеб і палёў. І ўмела свае веды выкарыстоўваеце», — падкрэсліў ён, яшчэ раз адзначыўшы, што тут умеюць рабіць усё.
«Тут на Міншчыне размешчаны возера Нарач і Нацыянальны парк «Нарачанскі», Бярэзінскі біясферны запаведнік, найвышэйшы пункт рэспублікі — гара Дзяржынская і 20 % сусветных запасаў калійных угнаенняў у Салігорску. Гэта толькі невялікая частка вашых прыродных багаццяў», — пералічыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на тым, што сёння Мінская вобласць — адзін з лідараў у прамысловасці і сельскай гаспадарцы. «Хоць калісьці мы стаялі ў прамым сэнсе «на ростанях», выбіраючы свой шлях. Мы вызначаліся куды і як ісці, — нагадаў ён. — Развіваць прамысловасць, станавіцца аграрнай краінай, ці ўвогуле распрадаць замежнікам савецкую спадчыну і засяродзіцца, як тады казалі, на нейкіх паслугах. Як я казаў, быць халуямі. Вынікі нашага выбару сёння бачаць усе — мы самі, нашы сябры і ворагі».
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі высокапрадукцыйны АПК, развітая горназдабыўная прамысловасць, машынабудаванне сусветнага ўзроўню, мадэрнізаваная нафтаперапрацоўка і многае іншае. «Нічога не разбазарана і не страчана. Мы прымножылі спадчыну наймацнейшага Савецкага Саюза, ператварыўшы гэты здабытак у нацыянальныя брэнды сучаснай Беларусі. Як нам гэта ўдалося? Дзякуючы людзям, якія жывуць на блаславёнай беларускай зямлі, іх мудрасці, цярпенню і, самае галоўнае, працавітасці. Яна дапамагала нам выжываць у любое ліхалецце. Родная зямля заўсёды давала сілы, хлеб і ўпэўненасць у будучыні», — заявіў беларускі лідар.
Па словах кіраўніка дзяржавы, поспехі краіны — гэта заўсёды калектыўная праца. Так было, так ёсць і так будзе. «І наш важкі рэспубліканскі каравай-2024 — агульная заслуга ўсіх рэгіёнаў нашай Беларусі. Хоць самы самавіты кавалак — больш за 2,5 мільёна тон збожжавых і зернебабовых культур, кукурузы і рапсу — сёлета ўнесла менавіта Міншчына. Вы вырасцілі чвэрць ад цяперашняга каравая. А калі параўноўваць з сярэдзінай 90-х — гэта палова таго, што збіралі ўсёй Беларуссю», — падкрэсліў ён. Аляксандр Лукашэнка прывёў і іншыя лічбы. Так, сярэдняя ўраджайнасць збожжавых (разам з кукурузай) у Мінскай вобласці сёлета дасягнула амаль 44 цэнтнеры з гектара. Гэта больш, чым у суседніх еўрапейскіх дзяржавах, звярнуў увагу Прэзідэнт. Найлепшыя гаспадаркі рэгіёна — «Гастэлаўскае», «Сноў», «Грыцкевічы», «Пяцігор’е» — намалацілі каля 100 цэнтнераў з гектара і вышэй. Па словах кіраўніка дзяржавы, гэта ўжо ўзровень сусветных лідараў. «Як я ўжо казаў, вы ўмееце рабіць усё», — заўважыў ён.
Зараз у рэгіёне завяршаюцца ўборка бульбы, кукурузы, нарыхтоўка кармоў (па 30 кармавых адзінак на сёння). Пасеяны азімыя культуры, як ніколі раней, у тэрмін. Выдатна паказаў сябе азімы ячмень — 45 цэнтнераў з гектара. «Павелічэнне яго пасяўных плошчаў у паўтара раза — правільнае рашэнне. — падкрэсліў Прэзідэнт. — Малайцы, што заняліся кукурузай. Сееце больш за ўсіх у краіне. І аддачу найбольш атрымалі. Добрая праца з кармамі адразу дае прадуктыўнасць у жывёлагадоўлі. Да канца года будзе надоена па 7 тысяч кілаграмаў малака ад каровы. Найдастойнейшы вынік».
Аднак у той жа час Аляксандр Лукашэнка заклікае быць шчырымі: гэта толькі «сярэдняя тэмпература па бальніцы». «Вы здольныя на большае. — канстатаваў ён. — За спінамі лідараў мінскай «перапрацоўкі» (агракамбінат «Дзяржынскі», «Смалявічы Бройлер», «Вялес-Міт» і іншыя) яшчэ хапае прадпрыемстваў, якім неабходна ўзяць на сябе, мякка кажучы павышаныя абавязацельствы».
Прэзідэнт паставіў перад вобласцю заданне на бліжэйшы год — не менш як 3 мільёны тон, а на працягу наступнай пяцігодкі ўстойліва выйсці на 3,5 мільёна тон па збожжавых, зернебабовых, кукурузе і рапсе. «Гэта рэальная для вас лічба. Агратэхніка і рацыёны кармоў у вобласці, дзе ёсць Беларуськалій і Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя, павінны быць проста ўзорнымі», — заявіў ён. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў савецкі час Мінская вобласць двойчы была ўдастоена ордэна Леніна менавіта за аграрныя паказчыкі. А 250 яе ўраджэнцаў сталі Героямі Сацыялістычнай Працы. Кожны трэці — за выдатныя поспехі менавіта ў сельскай гаспадарцы. У найноўшай гісторыі на Міншчыне — 2 Героі Беларусі. Прэзідэнт выказаў спадзяванне, што Залатая Зорка яшчэ не раз заззяе на грудзях ураджэнцаў цэнтральнага рэгіёна.
«Нашы пункты росту — у граматным кіраванні, укараненні інавацый, жалезнай тэхналагічнай і вытворчай дысцыпліне. Наглядны прыклад таго, як можна падысці да справы з розумам, — сады «Спартан-агра» ў Маладзечне. Фермер -не супернік, а партнёр для дзяржавы. Добрыя ініцыятывы трэба стымуляваць і даваць ім зялёнае святло. Мы павінны падтрымліваць эфектыўнага дзяржаўнага прыватніка. Але незалежна ад таго, дзяржаўнае гэта прадпрыемства або прыватнае, якасць вышэй за ўсё. Менавіта ў гэтым была мэта абвяшчэня 2024 года Года якасці. Але мы неяк расслабіліся, не ўсё зроблена», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён анансаваў, што ў 2025 годзе якасці будзе ўдзелена прыярытэтная ўвага. Па яго словах, у гэтым залог як нашага эканамічнага росту, так і павышэння прэстыжу на сусветных рынках. А гэта грошы.
«Давайце выкладвацца па максімуме. Кожны на сваім месцы. Тады і вынікі будуць высокімі. Тады ў нас заўсёды будуць магчымасці павышаць заробкі і пенсіі, будаваць жыллё, дарогі і сацыяльныя аб’екты», — заклікаў кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу, што і ўжо нямала зроблена ў сферы аховы здароўя, адукацыі, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, культуры і спорту. Міншчына, напрыклад, стала першай вобласцю, дзе ў кожным раёне ёсць свой басейн. «Калісьці мы ўвялі сістэму мінімальных сацыяльных стандартаў. Сёння прыйшоў час узняць іх на больш высокі новы ўзровень. Стварыць у райцэнтрах, аграгарадках, вёсках і пасёлках такія камфортныя ўмовы, каб людзі імкнуліся жыць, працаваць і гадаваць дзетак менавіта там. Каб туды ехалі з Мінска і вялікіх гарадоў. А не наадварот», — падкрэсліў беларускі лідар. Па яго словах, нельга сцягваць людзей у два-тры гарады ў краіне, а то і толькі ў Мінск. Тым больш, што горкі досвед суседзяў паказвае, што гэта катастрофа для жыхароў гэтых гарадоў.
«Трэба зрабіць так, каб дзеці бегалі басанож па траве, дыхалі свежым паветрам, харчаваліся сваімі прадуктамі. І самае галоўнае, каб яны ў выніку гэтага не адрываліся ад роднай зямлі, не шукалі сваё шчасце недзе далёка, можа, нават за акіянам. І самае галоўнае, каб нашы дзеці хацелі і маглі працаваць на сваёй зямлі. Калі мы закладзём у іх з дзяцінства вось гэта жывое, сапраўднае, такія правільныя каштоўнасці, можна быць спакойнымі за лёс краіны!», — сказаў беларускі лідар.
Прэзідэнт шчыра падзякаваў усім, хто працаваў на палях і жывёлагадоўчых комплексах, у садах, на перапрацоўчых аграпрамысловых прадпрыемствах. «Сёння са сцэны «Дажынак» я запэўніваю, што Беларусь, якая пастаўляе харчаванне больш як у 100 краін свету, працягне рабіць усё, каб і ў іншых народаў былі смачныя, якасныя беларускія прадукты і высокія ўраджаі. Мы гэта ўжо робім, пачынаючы ад Афрыкі і заканчваючы Азіяй, — запэўніў Прэзідэнт. — Я жадаю ўсім вяскоўцам і гасцям фестывалю-кірмашу здароўя, шчасця і выдатнага настрою. Няхай гэтая ўрачыстасць натхняе вас на новыя здзяйсненні».
Прынамсі, у святочны дзень былі тэмы, якія Аляксандр Лукашэнка адзначыў па-за рамкамі афіцыйнага выступлення. І адказаў на пытанне, якое па яго словах, хвалюе не толькі нашых людзей, а найперш, збеглых — «Лукашэнка паехаў на «Дажынкі» — пачаў перадвыбарную кампанію».
«Запомніце, больш за ўсё, чаго б я не хацеў, каб гэта кампанія пачыналася. Да, мы як гэта звычайна бывае, па-беларуску чыста, акуратна, на вачах усёй сусветнай супольнасці выберам свайго Прэзідэнта. Вы выбераце таго, хто гэтага заслугоўвае, з вашага пункту гледжання. Таму ніякай перадвыбарнай кампаніі. А калі яны лічаць, што нейкая перадвыбарная кампанія... Маю на гэта права. Я аб гэтым не кажу, аб перадвыбарнай кампаніі. Але як Прэзідэнт краіны, не чужы вам чалавек, я вырашыў праехаць сёлета па ўсіх мерапрыемствах, звязаных не толькі з «Дажынкамі», — заявіў Прэзідэнт. — Мяне хвалюее іншае, па-чалавечы вам скажу. Можа, мне як Прэзідэнту і не прыйдзецца, не будзе магчымасці, прыехаць да вас, да вяскоўцаў, з якімі я заўсёды быў на адной хвалі, як у народзе кажуць. Да вас, людзей, якія ніколі не здраджвалі мне, якія зрабілі неверагоднае для краіны. Успомніце, на світанку нашага юнацтва, нам паесці не было чаго. Адзінае чаго хапала — талонаў. А на гэтыя талоны не ўсё купіш. Сёння мы стварылі, вы выканалі маё галоўнае патрабаванне — забяспечылі харчовую бяспеку нашай краіны».
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што у 90-я гады немагчыма было ўявіць, што Беларусь будзе пастаўляць прадукты ў 100 краін свету. Але сёння наша краіна пастаўляе харчаванне і мінеральныя ўгнаенні ў больш чым 100 краін свету. «Мы гэта зрабілі! Вы гэта зрабілі! Дык абавязаны я вам падзякаваць за гэта? Абавязаны! Вось мэта, якую я пераследую, наведваючы кожны рэгіён, для таго, каб убачыць вас і ад усёй душы падзякаваць за той подзвіг, які вы здзейснілі. Вы павінны ведаць, што ў будучым мы будзем рабіць усё, каб вяскоўцам было лепей», — сказаў беларускі лідар. Ён адзначыў, што ёсць пытанні з дарогамі, з жыллём. На практыцы дзейнічаюць праграмы, каб вырашыць гэтыя праблемы. «Для нашых сялян, ветэранаў, пенсіянераў мы зробім так, выпрацуем такія сістэмы, каб ніхто не быў абдзелены, каб старыя сябе не адчувалі абдзеленымі ў той дзяржаве, якую яны стварылі ўласнымі рукамі, — паабяцаў Прэзідэнт. — Вось і ўся канспіралогія. Я прыехаў да вас, у іншыя рэгіёны, каб нізка пакланніца вам за той подзвіг, патрыятызм і адданасць, якія вы выдалі за гэтыя дзесяцігоддзі. Вялікі вам дзякуй!
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў жыхарам Мінскай вобласці за працу і за падтрымку. «У перадвыбарчы перыяд усё здаюць экзамен. Калісьці я прыдумаў добрую формулу: не толькі дзейны Прэзідэнт, але ўсе мы перад нашым народам здаем экзамен. Ды што там перад нашым народам: сёння засяроджана ўсё на Беларусі. Паверце, усё на Беларусі», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён расказаў, што пятніца для яго была непублічным днём, але вельмі цяжкім. «Вельмі складаныя, цяжкія, але цікавыя перагаворы з прадстаўнікамі заходніх дзяржаў. І я, размаўляючы з імі, зразумеў, наколькі яны ўважліва назіраюць за намі. Наколькі прыдзірліва яны шукаюць, вывучаюць нашы памылкі і нашы поспехі. І калі няма сродкаў масавай інфармацыі, яны гавораць сумленна і шчыра. Вы ведаеце (а найбагацейшыя краіны былі прадстаўлены), яны нам зайздросцяць. Зайздросцяць таму, што мы ўмеем працаваць, святкаваць. Мы знайшлі свой шлях развіцця і дастойна па ім прайшлі», — распавёў Аляксандр Лукашэнка.
Беларускі лідар звярнуў увагу, што зараз праходзіць шмат мерапрыемстваў, якія сапраўды аб’ядноўваць краіну. Адно з іх — «Марафон адзінства», у рэалізацыю якога нямала сіл уклалі і жыхары Мінскай вобласці. Прэзідэнт параўнаў гэты фестываль з «Дажынкамі», толькі для прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі: «У нашых творчых людзей таксама зараз «уборка», як я ім кажу: вы павінны парадаваць нашых людзей. Яны гэта робяць дастойна». Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што папрасіў правесці гэты марафон па краіне, каб паказаць, што не толькі вяскоўцы, не толькі рабочыя, але і творчыя людзі вартыя працы рабочых і сялян. І як анансаваў кіраўнік дзяржавы — такіх мерапрыемстваў будзе шмат. Ён звярнуў увагу, што праходзіць яны будуць не толькі ў электаральны перыяд, а пастаянна, каб забяспечыць людзям працы добры настрой. «Жыццё наша такое — ад пасяўной да ўборкі. Не паспеў азірнуцца — зіма праляціць. І зноў трэба выязджаць у поле. — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — У нас ёсць усё. А чаго няма — мы купім. Галоўнае — здароўе. Здароўя вам, вашым дзеткам, вашым блізкім. Дзякуй вам».
Падзякай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь узнагароджаны працаўнікі аграпрамысловага комплекса Мінскай вобласці. Спецыяльны ліст кіраўнік дзяржавы ўручыў старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксандру Турчыну. Губернатар падзякаваў Прэзідэнту за ўсебаковую падтрымку Мінскаму рэгіёну. «Ваша патрабавальнасць і сённяшнія словы, што вы не будзеце нас крытыкаваць — самая высокая ўзнагарода для нас», — пажартаваў кіраўнік Мінскай вобласці. Аляксандр Турчын падкрэсліў, што Міншчына заўсёды выконвае даручэнні кіраўніка дзяржавы. Адным з даручэннем на гэты год было — падставіць плячо ўсё краіне. Губернатар запэўніў, што і яно выканана. «Сёлета рэкордны намалот рапсу — больш за 300 тысяч тон. Мы намолцім больш за 700 тысяч тон зерня кукурузы. І ў цэлым атрымаем агульны ўраджай 2,8 мільёна тон зерня. Мы разумеем, што нам ёсць куды імкнуцца», — адзначыў Аляксандр Турчын. Ён падкрэсліў, што Валожынскі раён багаты на таленты, а галоўныя таленты — людзі. І ў пацверджанне таго — падарунак Прэзідэнту ад жыхароў Валожынскага раёна. На памяць Аляксандру Лукашэнку падарылі макет яго роднай хаты, выкананы з будаўнічых матэрыялаў і кардону, які сваімі рукамі выканала педагог мясцовага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. У Тыдзень бацькоўскай любові гэта асабліва сімвалічны падарунак, заўважыў Аляксандр Турчын.
Валерыя СЦЯЦКО
Фота БелТА
Валожын
«Абавязак кожнага беларуса — прагаласаваць за сваю будучыню».
Новая гісторыя гістарычнага факультэта.
Мы змаглі пераадолець наступствы заходняга санкцыйнага ціску.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.