Вы тут

Шэрлак Холмс на абцасах


Напэўна, сёння складана знайсці нежаночую прафесію. Сучасным жанчынам усё па сілах: яны і ў арміі служаць, і ў космас лятаюць. А яшчэ кіруюць велікагрузамі, разбіраюцца ў атамнай энергетыцы і, вядома, ловяць злачынцаў. Іх цярплівасці, настойлівасці і спрытнасці нярэдка могуць пазайздросціць калегі-мужчыны. У гэтым давялося пераканацца падчас рэспубліканскага агляду-конкурсу сярод сышчыкаў Міністэрства ўнутраных спраў, у якім перамагла Кацярына Станкевіч. Старшы оперупаўнаважаны аддзела крымінальнага вышуку Мінскага раённага ўпраўлення ўнутраных спраў не толькі паказала найлепшыя вынікі падчас конкурсных этапаў, апярэдзіўшы вопытных «шэрлакаў холмсаў», але і яшчэ раз пацвердзіла, што і ў такой складанай, рызыкоўнай службе без жанчын не абысціся.


Сіла характару і мара дзяцінства

Карэспандэнты «Звязды» сустрэліся з Кацярынай і даведаліся, адкуль у гэтай маладой прыгожай дзяўчыны столькі ўнутранай сілы і жадання дапамагаць людзям. Адразу пацікавіліся, як падчас конкурсных выпрабаванняў удалося абагнаць калег, якія і фізічна мацнейшыя, і ў прафесіі значна больш часу.

Як расказала супрацоўнік органаў унутраных спраў, каб трапіць на рэспубліканскі ўзровень, найперш трэба было прайсці адбор у сваім РУУС, потым пазмагацца за першынство на абласным этапе. Ацэньваліся веданне нарматыўна-прававых актаў, фізічная, агнявая і тактыка-спецыяльная падрыхтоўка, паказчыкі ў службовай дзейнасці. Так, будучы ў тройцы найлепшых, маёр міліцыі трапіла на рэспубліканскі агляд-конкурс. У выніку за першынство змагаліся дзве дзяўчыны і 19 мужчын.

«Калі імкнуцца дасягнуць пастаўленай мэты, прыкладаць для гэтага ўсе намаганні, то і ў крымінальным вышуку жанчыне нескладана сябе рэалізаваць», — лічыць Кацярына Станкевіч.

Для яе не існуе невыканальных задач. Калі старшы оперупаўнаважаны аддзела крымінальнага вышуку ставіць сабе мэту, то абавязкова да яе ідзе. Нават тады, калі не ўсё атрымліваецца з першага разу. Летась Кацярына таксама ўдзельнічала ў ведамасным аглядзе-конкурсе, але заняла другое месца. Спыняцца за паўкроку да перамогі — гэта не ў характары дзяўчыны, а таму яна вырашыла паспрабаваць свае сілы і веды сёлета.

Мэтанакіраванасць і ўпартасць у Кацярыны Станкевіч — з дзяцінства. У яе не атрымліваецца нешта рабіць на паўсілы. Толькі да канца, толькі на «выдатна» — менавіта так і вучылася ў школе.

Будучы міліцыянер нарадзілася ў Карэліцкім раёне ў аграгарадку Жухавічы. У сям’і ніхто пагонаў не насіў. Бацька ў свой час праходзіў тэрміновую службу ва ўнутраных войсках і расказваў, што марыў застацца ў міліцыі, але па аб’ектыўных прычынах не атрымалася. Затое вельмі ганарыўся, калі яго мару ўвасобіла дачка.

«Жаданне служыць у міліцыі з’явілася ў раннім узросце, — расказвае Кацярына. — Мне вельмі ўласціва пачуццё справядлівасці, а таму марыла абараняць правы грамадзян, дзяржавы. Вядома, любіла глядзець фільмы, галоўнымі героямі ў якіх былі супрацоўнікі органаў унутраных спраў. Чытала раённую газету, калекцыяніравала публікацыі пра міліцыянераў. А калі да нас у школу з прафілактычнымі гутаркамі прыходзілі супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх, Дзяржаўтаінспекцыі, садзілася ў першым радзе і задавала шмат пытанняў. Мне было вельмі цікава».

У сёмым класе дзяўчына дакладна ведала, што будзе паступаць на факультэт міліцыі Акадэміі МУС на спецыяльнасць «Аператыўна-вышуковая дзейнасць». Так і атрымалася. Нягледзячы на тое, што прафесійныя дарогі для выдатніцы былі ўсюды адкрытыя, яна не памяняла свайго рашэння. Сям’я выбар дачкі — звязаць свой лёс з міліцэйскай службай — падтрымала. Фізічная падрыхтоўка была на належным узроўні (Кацярына рэгулярна ўдзельнічала ў школьных спаборніцтвах), заставалася здаць цэнтралізаванае тэсціраванне. І з гэтым паспяхова справілася.

Сярод курсанцкай сям’і і настаўнікаў-прафесіяналаў

Конкурс у Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў заўсёды высокі. Не быў выключэннем і той год, калі паступала Кацярына Станкевіч. Конкурс для дзяўчат — 12 чалавек на месца. Упартасць і сіла волі дапамаглі трапіць Кацярыне ў запаветную сямёрку (менавіта столькі дзяўчат набіралі на курс) і заняць сваё месца ў вялікай курсанцкай сям’і.

«Шчаслівая збіралася на курс маладога байца, — згадвае яна. — Не шкадавала, што лета працягваецца і можна было б яшчэ месяц адпачыць. Адаптацыя прайшла хутка. У мяне ёсць старэйшы брат, таму мужчынскі калектыў мяне ніколі не палохаў».

Акадэмію МУС ураджэнка Карэліцкага раёна скончыла з адзнакай. Па размеркаванні трапіла ў Баранавіцкі гарадскі аддзел унутраных спраў. Там, у аддзеле крымінальнага вышуку, максімальна акунулася ў прафесію. Маёр міліцыі прызнаецца: ёй пашанцавала трапіць у калектыў прафесіяналаў, якія не шкадавалі яе, як гэта часта бывае ў адносінах да жанчын, а ставіліся як да роўнай — бралі з сабой на месцы злачынстваў, даручалі вядзенне адказных спраў, адпраўлялі на рызыкоўныя заданні. Кацярына з цеплынёй і ўдзячнасцю ўспамінае сваіх баранавіцкіх калег, якія яе шмат чаму навучылі, заклалі любоў да прафесіі.

«Трапіла ў аддзел, які курыраваў лінію рабаванняў і разбояў, — расказвае супрацоўнік органаў унутраных спраў. — Адразу сутыкнулася з сур’ёзнымі злачынствамі: забойствамі, цялеснымі пашкоджаннямі... Мне не даводзілася назіраць за ўсім гэтым збоку, пашчасціла знаходзіцца ў эпіцэнтры падзей. Мой начальнік Генадзь Генадзьевіч Валуй браў мяне з сабой на ўсе здарэнні, за што я яму вельмі ўдзячная. Убачылі, што я баявая і адседжвацца за папяровай работай — не ў маім характары».

Службовая загартоўка

Затым Кацярыну перавялі ў аддзяленне вышуковай работы. І там сумаваць не даводзілася. Дагэтуль у памяці здарэнне, якое ў Баранавічах набыло грамадскі рэзананс.

«Жанчына заявіла аб тым, што ў яе знік былы муж — грамадзянін ЗША, Саламон Ясман, — успамінае абставіны злачынства маёр міліцыі. — Яна чарговы раз прыйшла наведаць яго па месцы жыхарства, аднак мужчыны ў кватэры не было, хаця ён быў пенсіянерам і рэдка кудысьці надоўга выходзіў. Выявіўшы адсутнасць некаторых прадметаў інтэр’ера і рэчаў, жанчына зразумела, што нешта адбылося, таму звярнулася ў міліцыю».

Пасля прыбыцця на месца здарэння супрацоўнікі крымінальнага вышуку выявілі не да канца замытыя плямы крыві, у вадасцёку ў ванным пакоі — тлушчавыя астанкі. Стала відавочным: з гаспадаром кватэры здарылася непрыемнасць. Сышчыкі ўзяліся ўстанаўліваць кола сувязяў пацярпелага. Гэта было няпроста: былая жонка не ведала, з кім яе экс-муж меў зносіны, а таму дапамагчы не магла.

«У раёне, дзе пражываў грамадзянін ЗША, мы пераглядалі запісы камер відэаназірання: з кім ён прыходзіў у гандлёвыя аб’екты, з кім сыходзіў, з кім гутарыў на вуліцы — так устанавілі кола сувязяў пацярпелага, — расказвае Кацярына Станкевіч. — Стала вядома, што нейкі грамадзянін падвозіў яго ў краму. Падчас допыту грамадзянін запэўніў, што сустракаўся з Саламонам Ясманам месяц таму, але камеры відэаназірання сведчылі аб іншым. Неадназначнасць у паказаннях нас насцярожыла, і мы выклікалі падазраванага на паўторны допыт, які праводзілі з выкарыстаннем паліграфа. Вельмі доўга не было ніякіх вынікаў. Ды і нішто не сведчыла аб тым, што гэта злачынец: чалавек не меў судзімасці, займаўся вырабам мэблі, асаблівай увагі да сябе не прыцягваў. У выніку работы каманды прафесіяналаў падазраваны прызнаўся, што задушыў замежнага грамадзяніна, расчляніў яго, пасля чаго вывез часткі цела на акраіну горада і закапаў».

Гэтае жорсткае забойства, удзельнікам раскрыцця якога з’яўлялася і Кацярына, загартавала яе яшчэ больш. І калі на пачатку службовай дзейнасці дзяўчына магла эмацыянальна рэагаваць на слёзы блізкіх сваякоў памерлых, на фіксацыю смерці якіх ёй нярэдка даводзілася выязджаць, то пасля рэзананснага злачынства ў Баранавічах Кацярына стала больш стрымана і спакойна ўспрымаць тое, з чым сутыкаецца падчас службы. А па-іншаму ў крымінальным вышуку нельга. «Калі хочаш дасягнуць выніку, трэба хутка і цвяроза рэагаваць на любую сітуацыю, працаваць з халоднай галавой», — пераканана маёр міліцыі.

Паўсядзённыя задачы і спосаб расслаблення

У Мінскае РУУС Кацярына Станкевіч перавялася ў 2019 годзе і стала першай дзяўчынай у крымінальным блоку падраздзялення. Як яна сама прызнаецца, калегі спачатку прыглядаліся, а потым сталі давяраць дзяўчыне адказныя задачы. Кацярына займалася раскрыццём злачынстваў у сферы аўтабізнесу, цяпер вядзе лінію пратэснай накіраванасці. У полі зроку міліцыянера знаходзяцца тыя, хто абражае прадстаўнікоў органаў улады ў інтэрнэце, з’яўляецца падпісчыкам экстрэмісцкіх рэсурсаў.

«У віртуальнай прасторы нічога не знікае бясследна, — звяртае ўвагу старшы оперупаўнаважаны. — Немагчыма схавацца пад выдуманым іменем і чужым акаўнтам. Раскрывальнасць гэтага віду супрацьпраўных дзеянняў вельмі высокая — 97 %. Таму лепш сто разоў падумаць, перш чым выказацца ў інтэрнэце ці пакрыўдзіць каго-небудзь».

Кацярына праводзіць прафілактычныя мерапрыемствы з асобамі, якія былі асуджаны за злачынствы пратэснай накіраванасці і асуджанымі да пакаранняў, не звязаных з накіраваннем у папраўчыя ўстановы. «Многія, з кім мне даводзіцца размаўляць, памянялі сваё меркаванне, прызнаюцца, што паддаліся эмоцыям і натоўпу, не разабраўшыся ў сітуацыі», — заўважае міліцыянер.

...Нягледзячы на шчыльны ненармаваны службовы графік, напоўнены сутачнымі дзяжурствамі, Кацярына прызнаецца, што паспявае многае. Галоўнае, па яе словах, — жаданне. Найлепшай разгрузкай лічыць прабежку. Пераадолець 10 кіламетраў за 50 хвілін — гэта для маёра міліцыі паўсядзённасць. Спорт — тое, што яе не толькі расслабляе, але і трымае ў тонусе.

«Ніколі не пашкадавала аб сваім выбары: тое, чым даводзіцца займацца, — гэта маё, — кажа Кацярына Станкевіч, адказваючы на пытанне, ці бачыць яна сябе ў іншай сферы дзейнасці. — У крымінальным вышуку жанчына можа працаваць не горш за любога мужчыну. Магчыма, у нас менш фізічнай сілы, але мы больш цярплівыя, дапытлівыя, упартыя на шляху да пастаўленай мэты».

Вераніка КАНЮТА

Фота з архіва гераіні публікацыі

Выбар рэдакцыі

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.