Сям’я дорыць нам любоў і падтрымку, фарміруе нашу асобу і каштоўнасці, становіцца фундаментам асабістага дабрабыту і шчасця чалавека. Моцныя і паспяховыя сем’і — адна з ключавых умоў гарманічнага развіцця грамадства. Вось ужо некалькі гадоў у сярэдзіне кастрычніка ў Беларусі адзначаецца бацькоўскі тыдзень.
Праходзіць ён з 14 да 21 кастрычніка. А пачынаецца з Дня маці, які ў нашай краіне быў заснаваны ў 1996 годзе і прымеркаваны да свята Пакрову Прасвятой Багародзіцы, аднаго з самых любімых праваслаўнымі хрысціянамі. Свята прысвечана надзеі на боскае заступніцтва і зямны дабрабыт, за стагоддзі яно стала знакам нябеснай дапамогі ў небяспецы, бо Маці Божая лічыцца заступніцай вернікаў ад жыццёвых нягод.
Глыбока паважлівае стаўленне да жанчыны-маці — адна са спрадвечных традыцый беларускага народа, і, як бы ні мянялася жыццё, у кожнага дарослага чалавека самыя цёплыя ўспаміны дзяцінства звязаны менавіта з вобразам мамы. Пра тое, наколькі важна кожнаму дзіцяці адчуваць матчыны любоў і клопат, сказана нямала. Але і ролю бацькі ў фарміраванні асобы чалавека складана пераацаніць. Без увагі і любові, падораных нам татам, наўрад ці магчыма шчаслівае дзяцінства, як і ў цэлым гарманічнае развіццё чалавека, гавораць псіхолагі. І з 2022 года ў нашай краіне заснавана новае сямейнае свята — Дзень бацькі. Яго мы святкуем 21 кастрычніка, а заклікана яно падкрэсліць асаблівую значнасць мужчыны ў выхаванні дзяцей, бо асабісты прыклад, клопат і падтрымка таты — гэта ўпэўненасць юнага чалавека ў тым, што ў яго ёсць апора, гэта вера дзіцяці ў свае сілы, у бяспеку і добразычлівасць навакольнага свету.
Дзень бацькі — свята маладое, ды і само паняцце «бацькоўскі тыдзень» з’явілася ў нашай краіне адносна нядаўна. І ўсё ж і вакол самога свята, і вакол бацькоўскага тыдня ўжо склаліся традыцыі. Гэта самыя розныя мерапрыемствы: ад сямейных конкурсаў, спаборніцтваў і канцэртаў да дабрачынных акцый і прамых тэлефонных ліній з прадстаўнікамі сферы адукацыі і аховы здароўя. А самая галоўная традыцыя, якая павінна стаць асновай бацькоўскага тыдня, — абавязковыя зносіны з пажылымі мамай і татам, нагода і магчымасць яшчэ раз сказаць ім пра свае да іх пачуцці. Яны аддавалі нам свой клопат і сваю любоў, калі мы былі маленькімі. Цяпер яны маюць патрэбу ў нас, і прыйшоў наш час аддзячыць ім увагай і цеплынёй сваёй душы.
Дзіяна РОНІНА
Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.