Вы тут

Ці сапраўды прычасце — лякарства ад усіх хвароб?


Як вядома, у Праваслаўнай царкве існуе сем таінстваў, кожнае з якіх мае глыбокі духоўны змест. Але ёсць сярод іх адно, якое самі святары называюць асновай хрысціянскага светаўспрымання і «цэнтрам хрысціянства». Размова ідзе аб таінстве прычасця, або еўхарыстыі. Пра глыбінны сэнс, які нясе ў сабе прычасце, расказвае настаяцель прыхода храма свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага, святар Аляксандр Пальчэўскі.


— Айцец Аляксандр, у чым сэнс таінства прычасця? Што яно дае чалавеку? У назве таінства чуецца слова «частка» — то-бок, гэта магчымасць «стаць часткай чагосьці». Чаго менавіта?

— Прычасце — гэта таінства таінстваў, сэрца царкоўнага жыцця, як кажуць айцы Царквы. Гэта не проста адно з сямі таінстваў, якія мы ведаем у Царкве. Гэта галоўнае, асноўнае таінства. І сапраўды, нават сама яго назва гаворыць аб нашай датычнасці да Творцы, далучанасці да Яго бажэственнай благадаці. Гасподзь даў чалавеку сродак, праз які ён можа ўступаць з Ім у глыбокія зносіны і дасягаць яднання.

Хлеб і віно

— Прычасце ўзыходзіць да евангельскай гісторыі пра Тайную Вячэру. Раскажыце, калі ласка, пра паходжанне гэтага таінства.

— Паводле хрысціянскага вучэння, Бог сам заснаваў гэтае таінства. У Евангеллі сказана, што ўпершыню прычасце здзейсніў Ісус Хрыстос падчас Тайнай Вячэры, калі пад выглядам хлеба і віна падаў сваім вучням, апосталам, сваё Бажэственнае Цела і сваю Кроў. А таксама загадаў ім здзяйсняць і далей гэтае таінства ў Яго ўспамін. З таго моманту на працягу ўсёй гісторыі хрысціянскай Царквы гэта таінства здзяйсняецца ва ўсіх храмах як найважнейшая частка бажэственнай літургіі. Падчас гэтага таінства мы выкарыстоўваем хлеб і чырвонае віно, якія пры малітве святара і ўсіх, хто знаходзіцца ў храме, і закліканні Святога Духа перастаюць быць хлебам і віном. У духоўным сэнсе гэтыя матэрыяльныя элементы ўяўляюць сабой ужо зусім іншую субстанцыю — і гэта важны багаслоўскі момант. Таінства прычасця — не проста ўспамін пра Тайную Вячэру, якую ўчыніў Гасподзь, не проста сімвалы, вобразы, параўнанні і метафары. Калі мы спажываем хлеб і віно падчас еўхарыстыі, мы сапраўды прымаем у сябе часцінку Цела і Крыві Хрыста. Чалавек двухскладовы — гэта і матэрыя, і ў той жа час дух, несмяротная душа. Таксама двухскладовае і абсалютна любое таінства. Яно мае матэрыяльны аспект, але ёсць і духоўнае вымярэнне — і яно важнейшае. Паслядоўнасць слоў і дзеянняў неабходны чалавеку, таму што наш свет матэрыяльны. Праз пэўныя дзеянні на духоўным узроўні падчас Тайнай Вячэры Збавіцель аднавіў страчаную сувязь чалавека з Богам. І сёння прычасце па-ранейшаму, як і больш за дзве тысячы гадоў таму, застаецца сродкам, праз які мы маем магчымасць уступаць у зносіны, яднанне з Богам.

— Давайце спынімся на вонкавым баку таінства прычасця. У агульных рысах гэта вядома кожнаму, але, магчыма, ёсць нейкія нюансы, на якія важна звярнуць увагу?

— Таінства прычасця, як я ўжо казаў, здзяйсняецца падчас бажэственнай літургіі: паслядоўнасць свяшчэнных дзеянняў, малітваў, якія прамаўляе святар, і спеваў, якія пяе хор, сфарміравалася на працягу многіх стагоддзяў. Богаслужэнне працягваецца паўтары-дзве гадзіны, літургія складаецца з тэкстаў, якія спачатку рыхтуюць чалавека да прычашчэння, затым надыходзіць час асвячэння Святых Дароў — хлеба і віна. Пасля адбываецца прычашчэнне святароў (яны прычашчаюцца ў алтары), а потым — усіх вернікаў. У практыцы Праваслаўнай царквы таінства прычасця злучаецца з таінствам споведзі. Больш за тое, любое таінства ў канчатковым выніку падводзіць нас да таінства прычасця. Калі здзяйсняецца таінства вянчання, яно злучаецца з прычасцем, таінства хрышчэння, калі ёсць такая магчымасць, таксама злучаецца з таінствам прычасця.

Прамы шлях да Бога

— Прычашчаюць чалавека і ў выпадку цяжкай хваробы. Таінства прычасця ў хрысціянскай літаратуры называюць «сапраўднай ежай» і «лекамі ад усіх хвароб». Як гэта трэба разумець?

— Сапраўды, таінства прычасця — сродак, здольны вылечыць нашу душу, а нярэдка — і наша цела. Існуе практыка здзяйснення таінства прычасця дома, калі чалавек з-за хваробы не можа прыйсці ў храм. Святар можа таксама па папярэднім узгадненні прыехаць у бальніцу, рэанімацыю і правесці таінства прычасця там. Часам у святароў пытаюцца, ці ёсць рэальныя прыклады, калі ход хваробы «пераломваўся» менавіта пасля прыняцця прычасця і людзі паступова пачыналі ісці да выздараўлення. Такіх прыкладаў дастаткова шмат. Сёння ніхто не стане адмаўляць: псіхалагічны стан чалавека напрамую звязаны з яго імунітэтам, здольнасцю арганізма змагацца з хваробай. Кожны вернік, які рэгулярна прымае прычасце, а таксама людзі, якія ўпершыню адкрылі для сябе гэтае таінства, могуць пацвердзіць: змены адбываюцца нават у іх вонкавым абліччы. Калі ў душы адчуваюцца радасць, цішыня, спакой, чалавек і выглядае інакш, і, безумоўна, становіцца мацнейшым унутрана. Але абавязковая ўмова для таго, каб гэтага дасягнуць, — усвядомлены ўдзел у гэтым таінстве, разуменне яго сэнсу і зместу. Неабходна вера ў Бога, які дзейнічае праз прычасце на душу і цела чалавека. Калі таінства ўспрымаецца павярхоўна, абстрактна, чалавек не атрымае карысці. Да любога таінства неабходна падрыхтоўка, і прычасце — не выключэнне. Нельга проста прачнуцца раніцай, выпіць кавы і пайсці прычашчацца. Важна ўнутрана падрыхтавацца да таінства, каб адпавядаць духоўнай вышыні гэтага свяшчэннага дзеяння.

— А як падрыхтавацца да прыняцця прычасця?

— Ёсць такое паняцце — гавенне. Гэта выдзелены са звычайнага жыцця перыяд часу, калі той, хто рыхтуецца да прычасця, імкнецца менш адцягвацца на мітусню. За некалькі дзён да здзяйснення абраду чалавек чытае пэўныя малітвы, у прыватнасці «Паследаванне да святога прычашчэння». Гэта малітва здольная настроіць на патрэбную «хвалю», прывесці розум і сэрца ў правільны стан. Падрыхтоўка ўключае духоўную працу, якая настройвае на ўнутраную засяроджанасць. Рыхтуючыся да прычасця, людзі імкнуцца пасціцца. Падрыхтоўкай з’яўляецца і ўдзел у богаслужэннях. Прайшоўшы ўсе гэтыя этапы, чалавек атрымае ад таінства прычасця максімальную карысць.

— Як часта трэба прыходзіць да прычасця?

— Гэта кожны вызначае для сябе сам — выпрацоўвае ўласны рытм удзелу і ў богаслужэннях, і ў таінствах. Не магу сказаць, што кожнаму верніку варта прычашчацца кожны тыдзень. Добра, калі ў чалавека ёсць духоўнік — дасведчаны святар, які можа накіраваць, падказаць нейкія нюансы, індывідуальна падабраць патрэбны «рытм». Але адназначна ўдзел у гэтым таінстве павінен быць рэгулярным. Без гэтай духоўнай падтрымкі губляецца сувязь з Богам, а менавіта гэта сувязь з’яўляецца галоўнай мэтай хрысціянскай рэлігіі. Больш за тое, само слова «рэлігія» перакладаецца з латыні як «сувязь». Мэтай хрысціянства, паўтаруся, з’яўляецца сам Бог і наша сувязь з Богам. Таінства Прычасця, як і іншыя таінствы, з’яўляецца сродкам, пры дапамозе якіх мы захоўваем і падтрымліваем гэту сувязь з Госпадам. Калі чалавек кажа: «Бог у мяне ў душы і мне не патрэбныя пасрэднікі», ён ускладняе сваю дарогу да Бога. Таму што сам Гасподзь даў людзям гэту прамую дарогу да Сябе — Царкву і царкоўныя таінствы. Гэта самы просты і непасрэдны шлях да Бога.

— Але як зразумець, што прычасце неабходна менавіта цяпер? Калі адчуваеш цяжар у душы, назапашаную стомленасць?

— Можна сказаць і так. Слова, учынак, нават думка, аб якіх мы шкадуем, здольныя ўнесці разлад у нашу душу. І тады мы шукаем магчымасць аднавіць страчаны баланс, вярнуць гармонію. У хрысціянстве мы маем запаведзі аб любові да Бога і любові да бліжняга — на іх грунтуецца ўсё хрысціянскае вучэнне, уся хрысціянская маральнасць. І каб заставацца здольным гэтыя запаведзі выконваць, чалавек павінен сябе духоўна падтрымліваць, падсілкоўваць. Гэту бажэственную благадаць, гэту пазітыўную энергію мы атрымліваем менавіта праз таінствы. Чалавек, які не ўдзельнічае ў таінствах, застаецца па-за межамі Царквы, па-за вымярэннем духоўнага вопыту зносін з Богам. А пры рэгулярным удзеле ў таінствах — і найперш у таінстве прычасця — гэта сувязь захоўваецца і падтрымліваецца.

Дзіяна РОНІНА

Загаловак у газеце: Дзеля ацалення душы і цела

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як прайшоў першы дзень датэрміновага галасавання

Як прайшоў першы дзень датэрміновага галасавання

Пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Грамадства

Каб выбары —  як свята

Каб выбары — як свята

Карэспандэнты «Звязды» высветлілі, як рыхтаваліся ўчасткі, як быў арганізаваны электаральны працэс непасрэдна ў рэгіёнах

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.