Восеньская апрацоўка саду робіцца для таго, каб як мага менш хвароб і шкоднікаў засталося на зімоўку. Увесну мы апрацоўваем расліны ўжо ад таго, што ў выніку здолела перазімаваць і можа нанесці шкоду дрэвам і кустам на працягу новага вегетацыйнага перыяду.
Існуюць хімічныя і біялагічныя прэпараты для барацьбы са шкоднікамі і захворваннямі. Дык якія ж нам варта прымяніць?
Біялагічныя прэпараты, як правіла, прымяняюцца ў летні перыяд. Калі прытрымлівацца ўсіх рэкамендацый на ўпакоўцы, яны працуюць якасна, але для восеньскіх апрацовак не падыдуць. Па-першае, біяпрэпараты — гэта карысныя бактэрыі і грыбы, якія размнажаюцца пры вызначаных тэмпературах, і калі дзённых восеньскіх ім можа быць дастаткова, то начныя могуць сур’ёзна затармазіць усе працэсы.
Таму, калі ўжо сабраны практычна ўвесь ураджай у садзе, самы час падключыць цяжкую артылерыю!
Найбольш распаўсюджаныя разнавіднасці хімічных прэпаратаў, якія спатрэбяцца нам для восеньскай апрацоўкі саду: інсектыцыды (дапамагаюць у барацьбе са шкоднікамі) і фунгіцыды (змагаюцца з захворваннямі).
І тыя і іншыя часцей за ўсё маюць ці сістэмны, ці кантактны характар.
Прэпараты кантактнага або кантактна-кішэчнага дзеяння прымяняюцца на працягу ўсяго сезона. Наносіць іх варта на ўсю расліну цалкам, не прапускаючы адваротную частку лісточкаў. Кантактныя прэпараты выконваюць ахоўную функцыю і дзейнічаюць на тым участку расліны, на якім знаходзяцца. Для інсектыцыдаў такая разнавіднасць называецца менавіта кантактна-кішэчнай: шкоднік, сілкуючыся апрацаваным лістом, заражаецца і гіне. Працуюць такія прэпараты даволі хутка, але ёсць і мінус — дастаткова прайсці дожджыку — і ўся хімія змыецца. Таму шмат хто выбірае альтэрнатыву.
Сістэмныя прэпараты пранікаюць у саму расліну, распаўсюджваючыся па ўсёй кроне і каранёвай сістэме, але маюць асаблівасць адкладзенага ўздзеяння. Перакусіўшы заражаным лісцікам, сам шкоднік становіцца пераносчыкам атруты і гіне паступова, на працягу некалькіх дзён. Апрацоўку такімі прэпаратамі лепш за ўсё пакінуць для восені, бо, апроч шкодных насякомых, могуць папакутаваць і карысныя.
Некалькі разоў выдзяляць час для апрацовак не хочацца. Магчыма, нейкія прэпараты ад шкоднікаў і ад захворванняў можна змяшаць і апырскаць расліны адначасова? Так, можна! Менавіта для гэтага рыхтуюцца так званыя бакавыя сумесі.
Бакавая сумесь — гэта комплекс з некалькіх прэпаратаў рознанакіраванага дзеяння.
Змешваць можна далёка не ўсе прэпараты. Калі з’явіліся сумневы, праверце на ўпакоўцы, звычайна вытворцы прапісваюць, ці падыдзе той ці іншы прэпарат для змешвання.
Ці можна апрацоўваць сад ад хвароб і шкоднікаў пры тэмпературы, ніжэйшай за +15 °С?
Так, вядома можна. Тут ужо нам на дапамогу прыходзяць такія медзезмяшчальныя прэпараты, як бардоская сумесь і медны купарвас або жалезны купарвас. З імі можна працаваць ці ледзь не да канца восені пры тэмпературах ад +5 да +10 °С. Усе гэтыя прэпараты кантактнага дзеяння і працуюць аператыўна, таму, нават калі днём +5 °С, а ноччу ўжо мінус, — нястрашна, яны прадоўжаць дзеянне, калі будзе дастатковая плюсавая тэмпература.
Для пачатку ўважліва азнаёмцеся з інструкцыяй, якая заўсёды друкуецца на ўпакоўцы з любым прэпаратам. Выконвайце дазіроўку! Апрацоўку саду праводзяць толькі ў сухое зацішнае надвор’е з выкарыстаннем сродкаў абароны (маскі, пальчатак, камбінезона). Звярніце ўвагу і на сонечную актыўнасць: у пахмурнае надвор’е апрацоўку можна праводзіць у любы час дня. Аднак калі свеціць яркае сонца, лепш правесці апрацоўку пасля 16 гадзін, каб расліны не атрымалі сонечныя апёкі. Калі працуеце з кантактнымі прэпаратамі, азнаёмцеся папярэдне з прагнозам надвор’я і паспрабуйце падгадаць час, каб даўжэй не было ападкаў, тады атрымаецца пазмагацца з большай колькасцю непажаданых насякомых і грыбоў.
Дарэчы, калі правесці апрацоўку трэба тэрмінова, а прагноз абяцае на найбліжэйшы час бясконцыя дажджы, выхад ёсць! Існуюць так званыя «прыліпальшчыкі». Іх змешваюць з хімічнымі прэпаратамі і праводзяць апрацоўку, праўда, усё ў тое ж сухое і зацішнае надвор’е. Нават калі пазней пройдзе дождж, прэпараты не пакінуць расліны і прадоўжаць дзейнічаць.
Ірына ТАМКОВІЧ
Хораша там, дзе моладзь ёсць!
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.