Адрас нашага наведвання — сталічная сярэдняя школа № 187. Там дзейнічае шэсць класаў інтэграванага навучання і выхавання, у якіх займаюцца 22 дзіцяці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Тры з іх адкрыты ў пачатковай школе і тры — у старэйшай. У камітэце па адукацыі Мінгарвыканкама гэту ўстанову адзначылі недарма: менавіта тут — адзін з самых паспяховых і дзейсных досведаў інтэграцыі звычайных дзяцей і дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Педагогі здолелі стварыць такую атмасферу, каб вучням было камфортна як у сценах самой школы, так і з іх настаўнікамі, а таксама адно з адным. Дзяцей з АПФР не толькі навучаюць і выхоўваюць разам з іх аднагодкамі, але і далучаюць, па жаданні, да розных школьных мерапрыемстваў — ранішнікаў і свят, паходаў у музеі і кінатэатры. Не так даўно ў школе адкрыўся свой тэатр, і ў адну з першых пастановак у якасці акцёраў запрасілі асаблівых вучняў...
У адным з навучальных класаў мы сустракаемся з трыма мамамі асаблівых вучняў — Анастасіяй Масловай, Наталляй Хілер і Таццянай Баяроўскай.
У Анастасіі Ігараўны ў 187-й вучацца абодва яе сыны, Мікіта і Уладзімір. Перш чым пачаць аповед пра сваіх дзяцей, наша суразмоўніца падкрэсліла, што многія памыляюцца, лічачы расстройства аўтыстычнага спектра хваробай.
— Аўтызм — гэта не хвароба, таму што РАС, у адрозненне ад іншых захворванняў, не паддаецца лячэнню, — аргументуе яна. — Таму правільна будзе назваць гэта асаблівасцю развіцця дзіцяці.
У старэйшага сына Масловай, Мікіты, высокафункцыянальны аўтызм — сіндром Аспергера, пры якім ідзе парушэнне эмпатыі і сацыялізацыі. Больш гэта ні ў чым не праяўляецца. У такіх дзяцей высокі інтэлект, але абмежаванае кола зносін.
— Першыя чатыры класы ён наогул ні з кім не меў зносін, — расказвае мама хлопчыка. — Цяпер гэта ўсё засталося ў мінулым. Ён такі ж, як і яго звычайныя аднагодкі, і цяпер у Мікіты з’явіліся сябры.
Аднак, як аказалася, хлопец — не зусім звычайны вучань, дакладней, зусім не звычайны. У размову ўступае намеснік дырэктара школы па вучэбнай рабоце Жанна Слаўнікава.
— Гэта вельмі адоранае дзіця, наша «зорка», — распавядае яна. — Хлопчык штогод удзельнічае ў гарадскім фестывалі праектных і даследчых работ «Пазнанне і творчасць». У восемь гадоў ён самастойна стварыў чат-бот (памочнік на мове Python) па інтэрнэт-бяспецы і за гэта быў удастоены Гран-пры конкурсу. Цяпер Мікіта паралельна навучаецца ў Міжнароднай школе праграмавання «Алгарытміка».
Жанна Вячаславаўна ўпэўнена, што хлопца чакае добрая будучыня.
Малодшы сын Анастасіі Масловай, Валодзя, мае інваліднасць і навучаецца ў той жа школе, у інтэграваным класе.
— У яго затрымка развіцця, дрэнна развітая гаворка, і ён вучыцца па спецыяльнай праграме, — гаворыць жанчына. — Да школы рыхтаваліся ў спецыялізаваным дзіцячым садку і сюды прыйшлі падрыхтаваныя да навучальнага працэсу.
Малому дапамаглі выпрацаваць адпаведныя паводзіны, ён ведаў, што ёсць урок, што ён доўжыцца 45 хвілін і ўвесь гэты час трэба ўдзяляць увагу толькі вучобе, ніякіх старонніх спраў.
Валодзя сур’ёзна захапляецца маляваннем. Як кажа Анастасія Маслова, ужо ёсць і поспехі. Напрыклад, у школе прайшла персанальная выстава яго работ.
— Спачатку было вельмі складана, — расказвае жанчына. — Адбіліся праблемы з канцэнтрацыяй увагі і зносінамі.
Але разам: бацькі — дома, выхавальнікі і настаўнікі — у школе — літаральна стварылі цуд, і сёння хлопчык не проста малюе, а засвойвае новыя, больш складаныя прыёмы гэтага мастацтва.
Дарэчы, маці хлопчыкаў у школе — часты госць. І справа не ў тым, што яна спрабуе неяк кантраляваць працэс навучання сваіх дзяцей.
— Настаўнікі, выхавальнікі — мае галоўныя на дадзеным этапе памочнікі і дарадцы. Нам вельмі з імі пашанцавала. Мяне заўсёды з разуменнем выслухоўвае адміністрацыя школы. Я ведаю, што магу звярнуцца па дапамогу, абмеркаваць з настаўнікамі і выхавацелямі пытанні, якія мяне хвалююць ці трывожаць.
І прыводзіць прыклад. Аказваецца, Валодзя пачаў спрабаваць сябе ў кулінарыі ў дзіцячым садку, калі яму было чатыры гады! Сам варыў кашы, гатаваў нескладаныя стравы. Кухарскі талент развівалі дома. А калі адвучыліся год у школе, выхавальніца Валодзі звярнулася да дырэктара ўстановы адукацыі Іны Мазур з просьбай дазволіць хлопчыку гатаваць не толькі дома, але і, як кажуць, на людзях, каб генералізаваць навыкі. Іна Мікалаеўна пайшла насустрач, і юны кухар стаў гатаваць у спецыяльна абсталяванай кухні, цешачы сябе і навакольных смачнымі стравамі. Хлопчык да гэтага часу шчаслівы, што цэлы клас прадэгуставаў і захапіўся яго блінкамі. Сваімі ўменнямі і рэцэптамі простых у прыгатаванні страў Валодзя дзяліўся ўсё лета, праводзячы майстар-класы ў Telegram-канале СШ № 187 у рубрыцы «Гатоўка з Воўкам».
Дарога да ведаў Міраслава была далёка не простай. Яго маці, Наталля Вячаславаўна Хілер, са слязьмі расказвае пра няўдалы вопыт вучобы ў інтэграваным класе іншай школы.
— Выйсце трэба было шукаць тэрмінова, — працягвае яна. — Па тэлевізары выпадкова трапілася інтэрв’ю з Анастасіяй Масловай, дзе яна распавядала аб тым, як вучацца яе дзеці ў 187-й школе. Не разважаючы, накіравалася да дырэктара гэтай установы адукацыі Іны Мікалаеўны Мазур. Перажывала, вядома, каб сына прынялі. І нас прынялі! Новы навучальны год маё дзіця пачало ў гэтай школе.
Міраслаў тут ужо адаптаваўся. І знайшоў сабе сябра — Мікіту. Кажуць, два юныя геніі сёння — не разлей вада.
Жанна Слаўнікава цешыцца:
— У нас з’явілася яшчэ адна «зорка», яшчэ адзін таленавіты вучань.
У хлопца, гэтак жа, як і ў Мікіты, сіндром Аспергера. Ён вельмі разумны і сур’ёзна займаецца гісторыяй, камп’ютарным макетаваннем і праграмаваннем.
Таццяна Баяроўская закранула такую балючую для ўсіх бацькоў тэму, як прыняцце грамадствам асаблівых дзяцей і дзяцей-інвалідаў. Яна нарадзіла двайнят, двух хлопчыкаў, Данііла і Кірыла, вагой у 800 грамаў кожны. Дзяцей выхадзілі, але потым пачаліся сур’ёзныя праблемы са здароўем. У выніку Кірыл сёння навучаецца ў інтэграваным класе, Данііл — у цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі — хлопчык мае патрэбу ў пастаянным паўнацэнным доглядзе.
Тры жанчыны, тры лёсы, і ва ўсіх траіх адна мэта — забяспечыць сваім дзецям дастойнае месца ў грамадстве. Для гэтага яны прайшлі і працягваюць праходзіць калі не праз усе, дык праз вельмі шмат выпрабаванняў. Але самым цяжкім застаецца выпрабаванне чалавечай чэрствасцю, абыякавасцю, хамствам.
З гэтай жа праблемай — адсутнасцю разумення з боку некаторых бацькоў — сутыкаецца і адміністрацыя школы. Не ўсе гатовы да таго, што іх нашчадкі будуць вучыцца ў класе з асаблівымі дзецьмі.
Кіраўнік установы адукацыі распавяла, што, калі бацькі падаюць заяву ў 1 клас, іх перш за ўсё папярэджваюць аб тым, што ў школе ёсць класы інтэграванага навучання і выхавання. Калі бачаць, што дадзены факт для бацькоў непрымальны, прапаноўваюць пашукаць іншую навучальную ўстанову. З тымі, хто інфармацыю прыняў спакойна і прывёў сваіх дзяцей у школу, работа працягваецца. У чым яна заключаецца? У тлумачэнні таго, што з дзецьмі з АПФР і РАС можна вучыцца, мець зносіны і сябраваць. Што ўсе дзеці таленавітыя і ў будучыні могуць стаць буйнымі вучонымі, знакамітымі мастакамі ці проста добрымі майстрамі.
Даць навучэнцам неабходныя веды, дабіцца добрых вынікаў — мэта любой агульнаадукацыйнай школы. Але не самамэта для ўстановы адукацыі, дзе навучаюцца дзеці з АПФР.
Як мы казалі вышэй, ёсць у школе навучэнцы з захаваным інтэлектам і, такім чынам, з добрай паспяховасцю, ёсць і тыя, хто вучыцца па дапаможнай праграме. І ў гэтым выпадку важныя не адзнакі за іх веды, а тое, як праходзіць працэс іх адаптацыі да школьных правіл, паводзін і ўменне вырашаць простыя жыццёвыя задачы — знайсці свой клас, самастойна прыйсці ў сталовую, скласці прылады на сваю парту. У школе створана адаптыўнае адукацыйнае асяроддзе: спецыяльна абсталяваныя кабінеты, рэсурсныя класы. Сам клас падзелены на дзве зоны, адна з якіх прызначана для вучобы, у другой дзіця адпачывае і супакойваецца.
У адным з такіх памяшканняў да ўрока рыхтуецца Інеса Загалавец, настаўнік-дэфектолаг.
— У класе, дзе я працую, пяць дзяцей, трое з іх з расстройствам аўтыстычнага спектра. Яны займаюцца па праграме спецыяльнай адукацыі для дзяцей з цяжкасцямі ў навучанні. У мяне яны наведваюць заняткі па рускай і беларускай мове і літаратуры, матэматыцы, прадмеце «Чалавек і свет», карэкцыйныя заняткі. А вось працоўнае навучанне, выяўленчае мастацтва, музыку і фізічную культуру яны вывучаюць у агульным класе.
У Інесы Міхайлаўны велізарны досвед работы ў спецыялізаваных установах адукацыі, дзе выхоўваюцца дзеці з асаблівасцямі развіцця, і ў яе, вядома, ужо склалася бачанне агульнага адукацыйнага працэсу для іх.
— І ў спецыяльных установах адукацыі, і ў сярэдніх школах рэалізоўваецца адзін прынцып, да якога мы ідзём, — прынцып інклюзіі, — дзеліцца настаўнік. — Спецыяльныя дзіцячыя сады дапамагаюць выхаванцам перайсці на наступную прыступку адукацыі і развіцця і адаптавацца ў школе. Формы такой прафесійнай дапамогі выбіраюцца розныя, у тым ліку і сумесныя мерапрыемствы школы і садка.
Дзякуючы гэтай дапамозе дзеці прыходзяць у школу ўжо са сфарміраванымі навыкамі. Вялікую работу з навучэнцамі з РАС праводзяць і выхавальнікі персанальнага суправаджэння, якія сочаць за сваімі падапечнымі, бачаць, якія навыкі трэба ў іх фарміраваць.
Пакуль мы гутарылі з Інесай Міхайлаўнай, у клас са сваімі школьнымі прыладамі заходзілі дзеткі, пакідалі іх на партах і перамяшчаліся ў гульнявую, пакуль да пачатку ўрока заставаўся час. Перапыніўшы размову, настаўніца звярнула маю ўвагу на парты, дзе роўнымі стосікамі ляжалі сшыткі, падручнікі, ручкі.
— Паглядзіце, ніхто з дзяцей не памыліўся партай, кожны склаў прылады менавіта на сваю.
У голасе Інесы Загалавец гучаў гонар. І я зразумела: у гэтай школе не дзеляць перамогі на вялікія і малыя. Тут і Гран-пры прэстыжнага конкурсу, і набыццё дзіцем чарговага жыццёвага навыку сустракаюць з аднолькавым захапленнем і радасцю. Тут вераць у сваіх асаблівых вучняў, усяляюць гэтую веру ў бацькоў і разам даюць дзецям новыя магчымасці для далейшага жыцця.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Лізаветы ГОЛАД
Хораша там, дзе моладзь ёсць!
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.