Найперш: нічога незвычайнага за гэтай сям’ёй не назіралася — людзі як людзі: маці, бацька, двое дзяцей. Не назіраецца, магчыма, і цяпер?
Але па парадку.
Не тры, як у іншых, а ўсе чатыры вуглы ў той хаце трымала жанчына (муж — пусці-павалюся) — гатавала, прыбірала, шыла, вязала, бо трэба ж апранацца, абжывацца, гадаваць дзяцей, думаць пра людскае жыллё.
Уступіла ў ЖБК (там чарга карацейшая), без капейкі часам сядзела, але перавезла сям’ю ў новую кватэру. Не паспела толкам абжыцца, даўгі пааддаваць, — на заводзе дачны бум распачаўся. Яна таксама ўзялася штосьці будаваць і вырошчваць сваю садавіну-гародніну, рабіць закаткі... Хоць такая ды «падпорка» ў бюджэце. І прывычка — пяць дзён у тыдзень працаваць на заводзе і дома, два — на дачы.
Цяжка? Не, бо, па-першае, маладая была і «практычна здаровая», па-другое, побач і акурат таксама круціліся многія: радаваліся першаму яблыку-агурку, фарсілі ў самаробных абновах, ганарыліся дзецьмі.
У яе харошыя дочкі paслі — абедзве атрымалі прафесіі, выйшлі замуж, пасля чаго ў бацькоў (а найперш у матулі) ці не ўсё пачалося спачатку: унукі, хваробы, дзіцячыя садкі, вечныя клопаты пра грошы і людскае жыллё...
У працы і штодзённых турботах неўпрыкмет праляцелі гады, бацькі на пенсію выйшлі, але ж маці без спраў не сядзела — летась яшчэ працавала. І не толькі на лецішчы: па-ранейшаму дапамагала дочкам.
Што ж сёлета? Як і варта было чакаць, да пары збан ваду носіць: захварэлі (абое), неяк раптам знясілелі-разгубіліся... Бацька стаў кашалёк хаваць, шукаць-не знаходзіць і крычаць, што ўкралі, тэлевізар па начах глядзець (гук на ўсю моц), неяк ваду не перакрыў — затапіў кватэру знізу... Маці ўвесь час губляла ключы, акуляры, лекі, спаліла посуд — забывалася газ выключаць і ежу ў халадзільнік ставіць... Нешта сапсаванае часам елі, сварыліся, мірыліся... Ну як малыя! І старэйшая дачка, магчыма, забрала б іx... Але ў кватэры, дзе жыве, толькі два пакоі. Калі перавезці бацькоў, давядзецца самой з мужам і сынам туліцца ў адным. Да таго ж жыллё гэта мужава.
У малодшай сястры — сваё і досыць прасторнае. Але зноў жа — двое амаль дарослых дзяцей ад першага мужа, а цяпер з’явіўся другі, і жывуць яны ў так званым грамадзянскім шлюбе... Жывуць, пакуль няма старых. Калі перавезці — хто ведае, як там павернецца?
Таму — дублікаты ключоў ад бацькоўскай кватэры дочкі аддалі суседзям. Яны — хто па дабраце душэўнай, хто ў cваіх жа інтарэсах (як бы чаго не выйшла?) — цягам дня да старых зазіраюць і дочкам (добра, што мабільнікі ёсць!) час ад часу назвоньваюць…
Так — у пастаяннай трывозе, ад званка да званка, у іx абедзвюх праходзяць дні. Так, напэўна, будуць праходзіць тыдні. Пакуль...
Пакуль не здарыцца непапраўнае?..
...У знаёмай вёсцы надоечы пахаванне было: у лепшы свет бабуля сышла. У адзіноце свой век дажывала (дочкі — у недалёкім Mінску, абедзве ўладкаваныя, абедзве вольныя, бо на пенсіі ўжо). Але ў маці бывалі рэдка: старэйшая ўсё за межы ездзіла (там сын і ўнукі), а ў малодшай сабака дома. Таксама ж аднаго не кінеш...
Маці ўсё разумела і на іх не дужа разлічвала. Да яе сацыяльны paботнік прыходзіў. Ён аднойчы і заспеў... Ужо без прытомнасці. Дочкі тады адразу ж прыляцелі. Трое сутак амаль неадступна сядзелі побач, трое сутак плакалі-малілі, каб маці ажыла, каб убачыла, што яны прыехалі!.. Трое сутак чакалі, што, можа, скажа ім нешта... І не дачакаліся.
На ўсе могілкі потым галаслі. Пыталіся, куды сабралася? На каго пакідае іx? Бо заўсёды ж так клапацілася! Казалі, якой яна працаўнічкай была, якой гаспадыняй, якой рукадзельніцай... Найлепшай у свеце!
Карацей, з’явілася ў іx... «нагода», каб успомніць, якой яна была мамай. І будзе ж, напэўна, час, каб падумаць, якімі яны былі дочкамі. Бо гэта лухта, няпраўда, што ўсё праходзіць. Усё застаецца — у памяці.
І з ёй потым трэба жыць.
Валянціна ДОЎНАР
Прэв’ю: pixabay.com
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.