Асноўныя палажэнні Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці» ўступілі ў сілу з 1 кастрычніка гэтага года. Якія змены для індывідуальных прадпрымальнікаў прынёс гэты дакумент і што рабіць тым, хто, паводле заканадаўства, не зможа далей працаваць у якасці ІП?
Існуе некалькі прычын, чаму індывідуальныя прадпрымальнікі могуць вырашыць трансфармаваць сваю дзейнасць у юрыдычную асобу і стварыць, у прыватнасці, таварыства з абмежаванай адказнасцю (найбольш папулярная арганізацыйна-прававая форма сярод заснавальнікаў).
Раней прадпрымальнікі ішлі на гэта дзеля павелічэння колькасці наёмных работнікаў. Таксама «індывідуалы» сталі задумвацца аб трансфармацыі ў ТАА ў сувязі з павелічэннем падатковай нагрузкі ў апошнія гады. А цяпер індывідуальных прадпрымальнікаў матывуе ствараць кампаніі той факт, што скарачаецца пералік відаў эканамічнай дзейнасці, займацца якімі магчыма ў статусе ІП.
Як патлумачылі нам юрысты-гаспадарнікі, частка з дзеючых прадпрымальнікаў, віды дзейнасці якіх не трапілі ў пералік відаў дзейнасці, дазволеных для ажыццяўлення ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка, не змогуць працягнуць работу ў цяперашнім статусе. А з першых дзён 2026 года ім прыйдзецца або спыніць сваю дзейнасць, або стаць да гэтага часу юрыдычнай асобай. Як вядома, гэты пералік запрацаваў з 1 кастрычніка гэтага года. І з гэтай даты перасталі рэгістраваць ІП з відамі дзейнасці, якія ў гэты пералік не ўвайшлі.
Якія крокі неабходна зрабіць дзеючым прадпрымальнікам?
У першую чаргу трэба, не адкладаючы ў доўгую скрыню, зверыць свае віды дзейнасці з названымі ў пераліку. Заўважым, што ў ім пазначаны ліцэнзаваныя віды дзейнасці, якія могуць ажыццяўляць прадпрымальнікі, і агульны спіс дазволеных для ІП відаў дзейнасці з пэўнымі кодамі.
«Індывідуалы», якія не знайшлі свой від дзейнасці ў пераліку, могуць працаваць у статусе ІП да 31 снежня наступнага года. А потым — ужо не маюць права.
Таму да апошніх дзён снежня 2025 года ім трэба выбраць адзін з наступных варыянтаў: змяніць від дзейнасці на той, які ёсць у пераліку; перайсці з прадпрымальнікаў у юрыдычную асобу ў спрошчаным («бясшвовым») парадку; зарэгістраваць юрыдычную асобу ў звычайным парадку; спыніць дзейнасць ІП.
Тут юрысты ўдакладняюць, што, працуючы як індывідуальны прадпрымальнік, заўсёды трэба памятаць пра абмежаванне па выручцы (даходу) у 500 тысяч рублёў. Незалежна ад відаў дзейнасці пры перавышэнні гэтай сумы трэба з 1 студзеня года, які ідзе за годам перавышэння, ажыццяўляць дзейнасць толькі праз юрыдычную асобу.
Такім чынам, з 1 кастрычніка цяпер любы індывідуальны прадпрымальнік па любой прычыне пераходу можа скарыстацца новай магчымасцю спрошчанага пераходу ў юрыдычную асобу любой формы, дзе можа быць толькі адзін заснавальнік. Для тых юрыдычных асоб, у якія прадпрымальнікі пяройдуць да пачатку 2026 года, закон прадугледжвае магчымасць прымяняць «падатковыя льготы, устаноўленыя заканадаўчымі актамі, якія рэгулююць пытанні падаткаабкладання дзейнасці на пэўных тэрыторыях Рэспублікі Беларусь». Юрыдычныя асобы, створаныя ІП у парадку, прадугледжаным законам, пасля гэтай даты, такія льготы прымяняць не змогуць.
Напэўна, самым галоўным з’яўляецца тое, што ў гэты час тавары (работы, паслугі), грашовыя сродкі, маёмасныя правы, іншыя актывы, якія бязвыплатна атрымлівае юрыдычная асоба пры пераходзе да яго правоў і абавязкаў ІП, не абкладаюцца падаткамі.
Другі немалаважны аспект заключаецца ў тым, што ўсе правы і абавязкі ІП, якія ўзніклі ў сувязі з ажыццяўленнем ім прадпрымальніцкай дзейнасці, таксама пяройдуць да юрыдычнай асобы. Іх трэба будзе адлюстраваць у спецыяльным перадатачным акце, які ў месячны тэрмін пасля рэгістрацыі юрыдычнай асобы неабходна падаць у падатковую інспекцыю. Пры гэтым абавязацельствы ІП пераходзяць да яго юрыдычнай асобы нават незалежна ад таго, будуць яны ў акце пазначаны ці не. Так што «забыцца перадаць» нейкае абавязацельства не атрымаецца. Да перадатачнага акта прыкладаюцца першасныя ўліковыя дакументы і іншыя дакументы, звязаныя з фінансава-гаспадарчай дзейнасцю прадпрымальніка.
Юрыдычная асоба абавязана забяспечыць захаванасць такіх дакументаў на працягу тэрмінаў, устаноўленых заканадаўствам.
Акрамя таго, усе дазвольныя дакументы, рэгістрацыі ў рэестрах/рэгістрах і іншыя сур’ёзныя «паперкі», аўтаматычна пяройдуць з ІП на створаную ім юрыдычную асобу. А тая ўжо сама павінна звярнуцца ў адпаведныя дзяржорганы па ўнясенне ў іх змяненняў на працягу года з моманту дзяржаўнай рэгістрацыі і ўвесь гэты час працаваць на падставе дакументаў, аформленых на прадпрымальніка.
Спрошчаны перыяд прадугледжвае, што фірма, створаная прадпрымальнікам, мае права на працягу 11 месяцаў з дня яе дзяржаўнай рэгістрацыі выкарыстоўваць касавае абсталяванне, зарэгістраванае за ІП. Таксама яна можа ажыццяўляць дзейнасць на падставе выдадзенай ІП ліцэнзіі, калі будуць выконвацца ліцэнзійныя патрабаванні.
Цяпер — пра некаторыя «грашовыя плюшкі», звязаныя з гэтым пераходам. У гэты час у жылым памяшканні можна будзе размясціць не толькі ўнітарнае прадпрыемства, але і фірму любой формы, якая была створана ў рамках «бясшвовага» пераходу. Звязана гэта з тым, што не павышаюцца камунальныя плацяжы пры размяшчэнні ў жылым памяшканні юрыдычнай асобы, якая была арганізавана ў рамках спрошчанага пераходу.
І яшчэ. Прадпрымальнік ліквідуецца ў дзень рэгістрацыі новай фірмы, але сам факт ліквідацыі ў сувязі з «бясшвовым» пераходам у юрыдычную асобу не адмяняе магчымасці яго праверкі, прыцягнення да адказнасці і спагнання даўгоў.
Як «бясшвова» перайсці ў ранг прыватнага прадпрыемства самастойна?
У двух словах асноўны алгарытм пераходу з прадпрымальнікаў у новую фірму выглядае наступным чынам. На першым этапе трэба паведаміць крэдытораў, а следам падрыхтаваць пакет неабходных дакументаў.
Наступным крокам стане падача дакументы ў рэгістрацыйны орган, а затым выкананне стандартных пострэгістрацыйных працэдур. На канчатковым этапе — пераафармленне работнікаў, а таксама праходжанне спецыфічных працэдур пераафармлення з ІП на юрыдычную асобу дазвольных і іншых дакументаў, інструкцый і гэтак далей.
Але на кожным этапе ёсць свае спецыфічныя моманты і падводныя камяні, таму лепш даверыць рашэнне гэтых пытанняў прафесійным юрыстам. Так будзе хутчэй і ў канчатковым выніку танней.
Якую фірму лепш адкрываць?
Пры «бясшвовым» пераходзе можна стварыць прыватнае ўнітарнае прадпрыемства (ПУП), таварыства з абмежаванай адказнасцю (ТАА), таварыства з дадатковай адказнасцю (ТДА), закрытае акцыянернае таварыства (ЗАТ) або адкрытае акцыянернае таварыства (ААТ). У залежнасці ад абранай формы будуць розныя асаблівасці работы.
Уласнікам маёмасці ПУП з’яўляецца фізічная асоба, якая яго стварыла, а прадпрыемства толькі карыстаецца гэтай маёмасцю. Гэта значыць, уласнік ПУП можа адбіраць маёмасць у прадпрыемства. Пры гэтым ТАА, ТДА, ЗАТ або ААТ з’яўляецца ўласнікам маёмасці.
Пры «бясшвовым» пераходзе маёмасць ад прадпрымальніка перадаецца юрыдычнай асобе без нейкіх падаткаў і збораў незалежна ад арганізацыйна-прававой формы (будзе створана ПУП або ТДА). Але потым арганізацыйна-прававая форма будзе ўплываць на падаткаабкладанне пры перадачы маёмасці (не ўзнікае падатковых наступстваў толькі пры перадачы маёмасці ад фізічнай асобы да ПУП).
Пытанні юрыдычнага адраса. Для ПУП падыходзіць як жылое (пры выкананні шэрагу ўмоў), так і нежылое памяшканне, для ўсіх астатніх — толькі нежылое. Але пры «бясшвовым» пераходзе можна размяшчаць і ў жылым памяшканні ТАА, ТДА і гэтак далей. Гэта значыць, што юрыдычную асобу можна зарэгістраваць у кватэры ці жылым доме, але павінны быць выкананыя пэўныя ўмовы.
Плата за камунальныя і эксплуатацыйныя паслугі ў такім выпадку для юрыдычнай асобы не павысіцца. Вядома, на дадзены момант ніхто не ведае, будзе гэта льгота насіць часовы або пастаянны характар. Бо ёсць ПУП, зарэгістраваныя ў жылых памяшканнях па-за працэдурай «бясшвовага» пераходу, і камунальныя плацяжы па такіх памяшканнях вылічваюцца ў павышаным памеры.
Кантроль за дзейнасцю. Для ТАА прадугледжаны больш складаныя механізмы. Напрыклад, распараджэнне маёмасцю кантралюецца праз узгадненне буйных здзелак і здзелак з зацікаўленымі афіляванымі асобамі. Без рашэння ўдзельніка ТАА нельга ўзяць і купіць або прадаць маёмасць, кошт якой складае 20% і больш ад балансавага кошту актываў таварыства (буйная здзелка), або прадаць аўтамабіль жонцы, маці, цешчы дырэктара.
У ТАА трэба стварыць кантрольны орган (рэвізор або рэвізійная камісія) для праверкі дзейнасці арганізацыі (нешматлікія юрыдычныя асобы ствараюць такі кантрольны орган, але гэты абавязак ёсць). Дырэктар таварыства абавязаны штогод прадстаўляць звесткі і інфармацыю аб дзейнасці таварыства на разгляд удзельніка ТАА (або удзельнікаў, калі іх некалькі).
Для ПУП існуе больш просты механізм кантролю: з уласнікам прадпрыемства ўзгадняюцца толькі здзелкі з нерухомай маёмасцю, не трэба ствараць кантрольны орган. Дзейнасць прадпрыемства і выкарыстанне маёмасці кантралюе ўласнік, а дырэктар прадпрыемства не абавязаны даваць штогадовую справаздачу ўласніку ПУП.
Каго браць заснавальнікам і дырэктарам, калі ў прадпрымальніка ёсць асноўнае месца работы? На самай справе асноўнае месца работы не перашкаджае быць заснавальнікам і дырэктарам. Таму сам ІП можа быць і заснавальнікам, і дырэктарам.
Але ў выпадку, калі прадпрымальнік захоча скарыстацца менавіта «бясшвовым» пераходам у юрыдычную асобу, то заснавальнікам такой фірмы павінен быць выключна сам «бацька» новай арганізацыі. А вось дырэктара там можна ўзяць і наёмнага.
Шматлікія спецыялісты адзначаюць, што індывідуальная бізнес-супольнасць часта баіцца невядомасці менавіта ў пераходныя перыяды.
Пры гэтым эксперты звяртаюць увагу на рызыку таго, што ў рамках працэдуры «бясшвовага» пераходу канкурэнты прадпрымальнікаў могуць захацець запазычыць раскручаныя брэнды. А на раскрутку назвы кафэ, крамы, прадукту патрабуецца час. Канкурэнты, разумеючы планы прадпрымальніка ствараць фірму, могуць перахапіць раскручаную назву.
Каб гэтага не адбылося, юрысты рэкамендуюць загадзя падаваць дакументы на ўзгадненне назвы юрыдычнай асобы. Тэрмін дзеяння адпаведнай даведкі складае адзін месяц, на працягу якога заяўнікі маюць прыярытэтнае права выкарыстоўваць узгодненую назву пры дзяржаўнай рэгістрацыі юрыдычнай асобы.
Сяргей КУРКАЧ
Бюлетэні па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ужо гатовы.
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.