На ўзроўні Прэзідэнта абмеркавалі меры ўдасканалення сацыяльнай падтрымкі насельніцтва. Аляксандр Лукашэнка заслухаў адпаведны даклад міністра працы і сацыяльнай абароны Наталлі Паўлючэнка. У абмеркаванні таксама прынялі ўдзел віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Ягораў, міністр фінансаў Юрый Селівёрстаў, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрый Сянько. Акцэнт размовы – на уразлівыя катэгорыі грамадзян. Для сацыяльна-арыентаванай дзяржавы, тэма найважнейшая.
«Зразумела, што ў такой сітуацыі, пры такой палітыцы мы і пенсіянераў, і інвалідаў, і дзяцей-сірот павінны падтрымліваць. І ўвогуле, па тым, як мы вырашаем гэтыя пытанні, мяркуюць пра ўладу», — заявіў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што сацыяльная праграма ў Беларусі вельмі шырокая і айчынная эканоміка дазваляе накіраваць больш грошай менавіта ў дадзеную сферу, што і робіцца. «Але я ўжо некалькі разоў казаў, што і перабору тут не павінна быць. Мы павінны, прымаючы тыя ці іншыя рашэнні, заўсёды разумець, у якой сітуацыі мы знаходзімся, і абавязкова разумець тое, што мы можам сёння прымаць, што не можам. І самае галоўнае, ці выканаем мы гэта. Прынятыя рашэнні павінны выконвацца», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Да ўвагі Прэзідэнта прадставілі праект указа «Аб ўдасканаленні сацыяльнай падтрымкі насельніцтва», які і стаў галоўнай тэмай размовы. Аляксандр Лукашэнка падрабязна пацікавіўся мерамі, прадстаўленымі ў гэтым дакуменце. І сканцэнтраваў увагу на пытанні: ці сапраўды гэты дакумент сёння патрэбен краіне? «Ніякага спаборніцтва тут быць не павінна. Хтосьці будзе казаць, што ў нас грошай не хопіць, а хтосьці будзе выступаць у ролі нейкага вялікага дабрадзея з пазіцыі падтрымкі нашага насельніцтва», — папярэдзіў ён.
Асобную увагу беларускі лідар удзяліў сацыяльнай падтрымцы пенсіянераў. Ён звярнуў увагу, што толькі сёлета пенсіі павялічвалі два разы – на 10 і на 5 працэнтаў. “Пенсіянеры ёсць пенсіянеры, мы іх падтрымлівалі і будзем падтрымліваць. Яны павінны жыць нармальна», - заявіў Аляксандр Лукашэнка. Разам з тым, ён звярнуў увагу, што ад гэтай катэгорыі насельніцтва ёсць прыемнае пытанне – асобныя людзі, якія выйшлі на пенсію, хочуць працягваць працаваць. «Натуральна для таго, каб людзі працавалі, павінны быць створаны нармальныя ўмовы. Ну і запатрабаванасць на рынку працы. Як вядома, запатрабаванасць вельмі вялікая», - адзначыў Прэзідэнт. - Тыя, хто можа працаваць, яны самі прапануюць свае паслугі на рынку працы. Што тут дрэннага? Пры тым, у 55, у 60 гадоў як у нас ідуць на пенсію, нават у 65 гадоў. Што гэта за пенсіянер? Гэта чалавек, які яшчэ можа працаваць. І калі чалавек жадае, трэба даць яму такую магчымасць працаваць». Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што паступаюць звароты наконт парадку прызначэння пенсіі. Жорсткае патрабаванне ад Прэзідэнта – поўнасцю дэбюракратызаваць гэты працэс. «Працэдура павінна быць канкрэтнай. Пару дзён і чалавек пайшоў на пенсію, аформіў сабе пенсію», - сказаў ён.
Наступнае пытанне - падтрымка шматдзетных. «Агулам тут працаваць нам нельга, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – Так, мы будзем падтрымліваць тых, хто нараджае нам дзяцей, асабліва тых, у каго пяцёра дзетак і больш, ёсць і такія. Я ўжо казаў, што па жыллі мы 100 працэнтаў вырашым пытанне, а гэта найважнейшае пытанне. Мы таксама вырашаем пытанне па сямейным капітале». Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што па гэтай тэме прыняты шэраг сур'езных рашэнняў, таму тут трэба дзейнічаць вельмі акуратна, аналізуючы, трэба прымяняць пэўныя меры ці не, а галоўнае – ці ёсць магчымасці іх прымяніць. «Верталётных грошай быць не павінна. Але ў гэтай праблеме, я ўжо звяртаў вашу ўвагу не адзін раз, каб не чохам прымаліся рашэнне. Мы ж дапамагаем дзецям. Таму грошы павінны дайсці да дзяцей», - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, не трэба цямніць і варта прызнаць, што ёсць нямала сем'яў, якім у рукі нельга даваць грошы: «Таму што праз двое сутак гэтых грошай не становіцца, яны знікаюць, прапіваюцца, шчыра кажучы. Таму нам і тут трэба ўстанавіць пэўны кантроль за пэўнымі сем'ямі. Пазіцыю мы вы маю ведаеце - мы павінны падтрымліваць тых, каго трэба падтрымліваць. А той, хто можа працаваць і зарабляць сам - ён павінен працаваць і зарабляць». У адваротным выпадку, па словах кіраўніка дзяржавы, сацыяльная падтрымка прывядзе да ўтрыманства.
У прыклад Аляксандр Лукашэнка прывёў заходнія краіны, у прыватнасці, Германію, дзе зараз востра стаіць пытанне міграцыйнай палітыкі. Ён нагадаў, што ўлады гэтай краіны самі запрашалі да сябе людзей, калі не было каму працаваць, абяцаючы ім вялікія грошы. «Сёння спахапіліся, а адкруціць назад у такой магутнай краіне як Германія цяжкавата. Ды і сілы волі не хапае ў пэўных палітыкаў, а можа, яшчэ чаго, – адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Таму мы самі сябе не павінны заганяць у гэтую пастку. Ні ў якім разе. Трэба - значыць, трэба дапамагчы. Але грошы павінны дайсці таму, каму дапамагаем, каму мы жадаем дапамагчы». Адна з задач, пастаўленая Прэзідэнтам – прааналізаваць, які будзе эфект ад гэтай дапамогі. І абавязкова ўлічваць сітуацыю, у якой мы знаходзімся сёння. Яна, як вядома, няпростая.
Журналістам міністр працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка расказала, што Прэзідэнт адобрыў праект указа па ўдасканаленні сацыяльнай абароны насельніцтва. Але асобныя палажэнні яшчэ трэба дапрацаваць. Яна падрабязна спынілася на навацыях, прадстаўленых у гэтым дакуменце.
Праект ўказа прапаноўвае змяненні ў абмежаванні па памеры пенсій для пенсіянераў, якія працягваюць працаваць, адміністравання (разлікаў) і назначэння пенсій для будучых пенсіянераў, пенсіённага забеспячэння для шматдзетных бацькоў, бацькоў дзяцей-інвалідаў, а таксама магчымасцей атрымання пенсіі дома.
Наталля Паўлючэнка расказала, што абмежаванні па памеры пенсій для працуючых пенсіянераў будуць выключаны. Цяпер для гэтай катэгорыі пры індывідуальным каэфіцэнце звыш 1,3 частка пенсіі, якая гэты паказчык перавышае, не выплачваецца. Міністр працы і сацыяльнай абароны прывяла лічбы — у Беларусі 446 тысяч працуючых пенсіянераў, на 110 тысяч з іх дзейнічае такое абмежаванне. «Яны, прадаўжаючы працаваць або выйшаўшы на работу, страчваюць частку пенсіі. Гэта частка ва ўсіх розная. Ад невялікай велічыні да больш як 490 рублёў, калі памер пенсіі вялікі і індывідуальны каэфіцыент сфарміраваўся дастаткова высокі, напрыклад на ўзроўні 5», — удакладніла Наталля Паўлючэнка.
Новы ўказ гэта абмежаванне здымае. Пенсіянер, акрамя зарабатнай платы будзе атрымліваць і 100 працэнтаў сумленна заробленай пенсіі. Гэта пытанне яшчэ ў жніўні падчас свайго дакладу падымаў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрый Сянько. Спецыялісты з ФПБ таксама ўдзельнічалі ў распрацоўцы праекта ўказа. Наталля Паўлючэнка назвала зняцце абмежавання па памеры пенсіі для працуючых пенсіянераў справядлівай мерай. Яна таксама расказала, што гэта пытанне часта ўздымалася падчас сустрэч у працоўных калектывах. Па словах міністра, мяркуецца, што калі Указ уступіць у сілу, на рынак працы вернуцца больш за 10 тысяч маладых пенсіянераў. У гэтым зацікаўлены і самі наймальнікі, бо ўсім сёння патрэбныя дасведчаныя, кампетэнтныя супрацоўнікі, якія могуць перадаваць свой досвед і веды маладым калегам.
«З пункту гледжання падаткаў, паступленняў у ФСАН ад працуючых пенсіянераў, гэтых сродкаў дастаткова для таго, каб зняць усе тыя абмежаванні, якія цяпер існуюць па выплаце пенсій працуючым пенсіянерам. Таму ніякіх праблем з пункту гледжання збалансаванасці бюджэту не будзе », - адзначыў у размове з журналістамі намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Ягораў.
Праект Указа прадугледжвае новаўвядзенні ў разлік пенсій. У прыватнасці, мяняецца ўстанаўленне перыяду працягласці заработку, які ідзе для вылічэння пенсіі. Цяпер пенсія разлічваецца зыходзячы з 30 гадоў папярэдняй работы таго, хто звяртаецца па яе назначэнне. «Хаця, напрыклад, у 2000 годзе ўлічваліся толькі 6 гадоў. Гэта значыць кожны год прыбаўляецца 1 год. Мы прапануем спыніць гэты разлік і цяпер увесь час разлічваць зыходзячы з 30 гадоў папярэдняй работы», — сказала Наталля Паўлючэнка. Па яе словах, у будучым гэта дазволіць адысці ад папяровых даведак аб пацвярджэнні заработнай платы. Памер пенсійных выплат будзе разлічвацца на аснове базы даных Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва (яна фарміруецца з 2003 года ў рамках персаніфікаванага ўліку). Аўтары праекта Указа прапаноўваюць скарэкціраваць заканадаўства ў частцы пацвярджэння заробку пры назначэнні пенсіі. «Мы ўсе цудоўна ведаем, што ў 1990-я гады не ўсе наймальнікі былі добрасумленнымі і здавалі дакументы ў архіў. Часам, калі чалавек пачынае афармленне пенсіі, у яго частка перыядаў аказваецца непацверджанай дакументамі. Цяпер прапануецца прапускаць гэтыя перыяды і браць за аснову заробак за іншыя перыяды (ранейшыя ў тым ліку), якія пацверджаны дакументальна», — растлумачыла міністр працы і сацыяльнай абароны. Яна падкрэсліла, што гэта спросціць задачу тым, хто выходзіць на пенсію, ім больш не трэба будзе звяртацца ў архівы па дакументы або, калі яны там не захаваліся, ісці ў суд па пацвярджэнне свайго заробку. Каб яшчэ больш спрасціць працэс афармлення пенсіі і зрабіць яго больш камфортным, ўводзіцца яшчэ адна навацыя — цяпер па назначэнне пенсіі можна звярнуцца да або пасля дня нараджэння.
Праект Указа прадугледжвае і змяненні ва ўмовах дастаўкі пенсій. 1 ліпеня 2024 года змяніўся парадак выплаты пенсій, дапамог сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей, і дапамогі па догляду інваліда І групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту, для тых, хто пражывае ў Мінску, гарадах абласнога падпарадкавання і раённых цэнтрах. Гэтыя выплаты зараз ажыццяўляюцца ў асноўным праз банкі. Па словах Наталлі Паўлючэнка практыка паказала, што з боку маладых пенсіянераў (малодшых за 70 гадоў), не інвалідаў I або II групы, якія пражываюць у гарадах, ёсць запыт на дастаўку пенсіі праз паштовыя аддзяленні або на дом паштальёнам. Плануецца ўвесці плату на такія паслугі – за кошт асабістых сродкаў па ўстаноўленых тарыфах аплачваць дастаўку пенсіі. Міністр падкрэсліла, што аплата будзе невялікая ад 6 до 8 рублёў.
«Змяненні не закрануць атрымальнікаў пенсій, старэйшых за 70 гадоў, інвалідаў І і ІІ групы і сем'яў, якія выхоўваюць дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, а таксама атрымальнікаў пенсій, дзіцячых дапамог, дапамогі па догляду, якія пражываюць у сельскай мясцовасці. Ім па-ранейшаму прадастаўлена права выбару атрымання сацвыплат праз пошту (у касе пошты або з дастаўкай дадому) або банк (у касе банка або на банкаўскую картку)», - удакладніла міністр працы і сацыяльнай абарону.
Сярод навацый, прадугледжаных праектам Указа — карэкціроўка патрабаванняў да стажу маці, якія выхоўваюць чацвярых і больш дзяцей, і змяненне памеру сацыяльнай пенсіі для аднаго з бацькоў дзіцяці-інваліда. «Калі ў сям’і, дзе выхоўваецца дзіця-інвалід, адзін з бацькоў памёр, гэта значыць маці адна выхоўвае дзіця-інваліда, ёй прызначаецца толькі адна пенсія — або сацыяльная, або па страце карміцеля, яна выбірае. Прапануем зрабіць для такіх сем’яў выключэнне і ўстанавіць павышэнне сацыяльнай пенсіі, — растлумачыла міністр. — Гэта значыць, сумарна такая сям’я будзе атрымліваць да Br1 тыс. у месяц». Таксама мяняецца мера, якая прадугледжвае выхад на пенсію бацькоў дзяцей-інвалідаў. «Цяпер у прававым полі замацавана, што калі маці выхоўвае адна дзіця-інваліда, у яе ёсць права датэрміновага выхаду на пенсію. Бываюць выпадкі, калі дзіця-інваліда выхоўвае бацька. Мы ўраўноўваем у правах маці і тат», — расказала Наталля Паўлючэнка.
Міністр падкрэсліла, што дзяржава выдаткоўвае значныя сродкі на сацыяльную падтрымку. Напрыклад, на выплату пенсій накіроўваецца больш за 22,5 мільярда рублёў, што складае 6 працэнтаў ад ВУП, на іншыя сацыяльныя дапамогі – 5.5 мільярдаў рублёў. Таму, акцэнтавала ўвагу Наталля Паўлючэнка, трэба вельмі ўважліва ставіцца да льгот і прэферэнцый і падтрымліваць толькі тых, каму на самой справе патрэбна дапамога.
Валерыя СЦЯЦКО
«Абавязак кожнага беларуса — прагаласаваць за сваю будучыню».
Новая гісторыя гістарычнага факультэта.
Мы змаглі пераадолець наступствы заходняга санкцыйнага ціску.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.