Вы тут

Яна Псайла прадстаўляе беларускую літаратуру


Пасольства Мальты ў Расійскай Федэрацыі актыўна ўдзельнічала ў правядзенні Еўрапейскага дня моў 2024 года ў Маскве. У самой амбасадзе адбылося мерапрыемства, якое адкрыў уступным словам намеснік кіраўніка дыпламатычнай місіі Мальты ў Расійскай Федэрацыі Дзяніс Грэк. А пісьменніца, перакладчыца, лінгвіст Яна Псайла (яна — грамадзянка Мальты расійскага паходжання) прачытала анлайн лекцыю на тэму «Таямніцы мальційскай мовы». Лекцыя складалася з уводзін у гісторыю мальційскай мовы і літаратуры, раскрывала тэму перакладу мальційскіх літаратурных твораў на рускую мову, а таксама перакладу твораў рускай і беларускай літаратур на мальційскую мову. 


Яну Псайлу па праву можна назваць і паўнамоцным прадстаўніком беларускай літаратуры на Мальце — у невялікай краіне, дзе, акрамя англійскай карыстаюцца і мальційскай мовай, дзе развіваецца мальційская нацыянальная літаратура. Раней, да нядаўняга часу, мальційскія чытачы нічога не ведалі пра беларускую паэзію і прозу, пра беларускую дзіцячую літаратуру. Зараз, у апошнія два гады, дзякуючы намаганням менавіта Яны Псайла, адбыўся літаральна прарыў у справе знаёмства з беларускім літаратурна-мастацкім светам. 

У 2022 годзе часопіс універсітэта Мальты «Лехен іль-Мальці» надрукаваў верш Якуба Коласа «Не бядуй!» у перакладзе Яны Псайла. Публікацыя суправаджалася ўступным словам, падрыхтаваным перакладчыцай. Праз некаторы час, 4 снежня 2022 года, штотыднёвая газета «Іт-Торча» друкуе новы пераклад з беларускай — верш народнага песняра Беларусі Якуба Коласа «Родныя вобразы». 

Яўген Еўтушэнка на Мальце ў чэрвені 2014

У сакавіку 2023 года дзіцяча-юнацкі часопіс «Сатар» адкрывае сучасную беларускую дзіцячую літаратуру: Яна Псайла пераклала апавяданне Алеся Карлюкевіча «Нічога страшнага». У якасці афармлення часопіс выкарыстаў малюнак беларускай мастачкі Святланы Свентахоўскай. 

Увогуле 2023 год аказаўся плённым для справы знаёмства з беларускай літаратурай на Мальце — выйшла шэсць публікацый! 2 красавіка 2023-га «Іт-Торча» друкуе новы пераклад Яны Псайла — верш народнага паэта Беларусі Янкі Купалы «Дуб». А ў жніўні электронны часопіс «Іль-Понт» у сваім 73-м выпуску размяшчае пераклад на мальційскую ўрыўка з прадмовы Францыска Скарыны да кнігі «Юдзіф». У кастрычніку гэта лічбавае выданне выкладае славуты верш Яўгеніі Янішчыц «Я вас люблю» ў перакладзе таксама Яны Псайла... «Я вас люблю» — няма каму сказаць?/ А мне ў любві да скону не змыліцца./ Я вас люблю, лясы і сенажаць,/ Старая вёска, новая сталіца./ Мы ў сэрцы носім радасць і грахі/ І распраўляем пераможна крылы./ Я вас люблю, айчынныя шляхі,/ Я помню вас, забытыя магілы!" У тым самым нумары «Іль-Понта» — яшчэ адзін верш Яўгеніі Янішчыц у перакладзе Яны Псайла: «На голас ліры». Яшчэ два творы Алеся Карлюкевіча дзіцяча-юнацкі часопіс «Сатар» надрукаваў у 2023 годзе — казку «Вавёрка піша сачыненне» (праўда, пад іншай назвай: «Алёнка піша сачыненне») і «Як васількі на сваю крыўду забыліся». Перакладчыца Яна Псайла так пракаменціравала ўвагу да гэтых казак: «З іншых нацыянальных літаратур заўсёды імкнешся разгледзець і пэўныя характарыстыкі этнаграфічнага, фальклорнага характару. Менавіта гэтым і прывабілі мяне казкі Алеся Карлюкевіча. Дарэчы, з ліставання з пісьменнікамі ведаю, што ў сучаснай беларускай дзіцячай літаратуры шмат хто звяртаецца менавіта да фальклора, этнаграфіі. У прыватнасці, мне даслалі і творы Генадзя Аўласенкі, Кацярыны Хадасевіч-Лісавой. Мяркую, што звярнуся да перакладу і іх даволі цікавых казак...» 

У 2024 годзе Яна Псайла адкрыла мальційскаму чытачу творчасць паэтаў Алеся Бадака (пераклала і надрукавала ў газеце «Іль-Торча» яго верш «Таемны сад»; публікацыя была здзейснена 4 жніўня), Віктара Шніпа (у згаданым ужо нумары штотыднёвік змясціў яго твор «Сад вечнай самоты»), народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна («Раманс» надрукаваны ў «Іль-Торча» таксама 4 жніўня). Калі Яна Псайла працавала з творамі Рыгора Барадуліна (перакладзены і пакуль што не надрукаваны яшчэ верш народнага паэта «Вы мне жыццём і забыццём былі...»), яна звярнулася да беларускага боку з просьбай прадаставіць і арыгіналы твораў, каб працаваць і з рускім падрадкоўнікам альбо рускім перакладам і адначасова з беларускім арыгіналам. Гэтым мальційская перакладчыца кіруецца і надалей. Дарэчы, Янай Псайла перакладзены і вершы Максіма Багдановіча — «Зорка Венера ўзышла над зямлёю...», «Над возерам», а таксама вядомы твор Янкі Купалы «Жніво». 

— З цікавасцю знаёмлюся і з творчасцю класікаў і з шырокім колам аўтараў, якія сёння працуюць у беларускай літаратуры, — расказвае Яна Псайла. — Беларускія калегі дасылаюць мне літаратурна-мастацкія выданні ў электронным фармаце. І калі з часопісамі «Полымя» і «Маладосцю» знаёмлюся вельмі агульна, то «Нёман» праглядаю, чытаю ўважліва. Вось выгледзела навэлу Юрыя Пелюшонка «Казка пра хітрага пісьменніка» і пераклала на мальційскую. Спадзяюся, што таксама ў бліжэйшы час твор будзе ў нас надрукаваны... Веру, што і ў Беларусі паступова выбудуецца дастатковая ўвага да мальційскай паэзіі і прозы. Выдатна, што ўжо былі ажыццёўлены першыя публікацыі твораў нашых аўтараў на беларускай і рускай мовах у вашых выданнях... З Выдавецкім домам «Звязда», Саюза пісьменнікаў Беларусі вяду перамовы пра новыя творчыя праекты ў галіне мастацкага перакладу, у справе развіцця беларуска-мальційскіх літаратурных сувязяў. 

На прыёме ў прэзідэнта Мальты

Некалькі слоў для знаёмства з Янай Псайла і самой краінай Мальта, якая з’яўляецца астраўной дзяржавай, размешчанай на Мальційскім архіпелагу ў цэнтральнай частцы Міжземнага мора паміж Паўночнай Афрыкай і Сіцыліяй. Тэрыторыя краіны — 316 квадратных кіламетраў. Мальта займае 6 астравоў, з якіх заселены тры найболей буйныя. Насельніцтва складае болей 553 тысяч чалавек. Афіцыйныя мовы — англійская і мальційская. Дзяржаўная рэлігія — каталіцызм. З 1813 года Мальта была брытанскай калоніяй. У час Другой Сусветнай вайны была асаджана дзяржавамі «восі: Берлін — Рым — Токія» і з’яўлялася важнай базай саюзнікаў (дзяржаў антыгітлераўскай кааліцыі) для аперацый у Паўночнай Афрыцы і Міжземнамор’і. У 1964 годзе Брытанскі парламент прыняў Закон аб незалежнасці Мальты. З 1974 года краіна становіцца рэспублікай. Мальта — шматнацыянальная дзяржава. Сталіца Рэспублікі Мальта — Валета. Вытокі мальційскай літаратуры — верш «Канцілена» (слова «канцілена» азначае ў перакладзе з італьянскай «песенька», з лацінскай — «спевы»), які быў напісаны недзе паміж 1470 і 1485 гадамі. Самая ранняя проза на мальційскай мове — зборнік рэлігійных казанняў, надрукаваны паміж 1739 і 1746 гадамі…

Яна Уладзіславаўна Псайла (нарадзілася ў Расіі, у Томску, 8 мая 1979 года) закончыла факультэт замежных моў Томскага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 2004 года жыве і працуе ў Рэспубліцы Мальта. У 2013 годзе Яну прынялі ў Саюз паэтаў Мальты. З 2014 года — член Таварыства мальційскай мовы Універсітэта Мальты. З 2015 года — член Акадэміі мальційскай мовы. Спярша, як толькі прыехала ў Валету, пісала вершы на англійскай мове. З 2006 — 2007 гг. перайшла на мальційскую мову. Аўтар зборніка вершаў «Любоў палярнай зоркі». У Ізраілі выйшла падрыхтаваная Янай кніга перакладаў паэзіі Уладзіміра Высоцкага «У моры слёз». Мальційская паэтэса — перакладчыца вершаў А. С. Пушкіна, М. Ю. Лермантава, Ф. І. Цютчава, А. А. Блока, М. С. Гумілёва, Б. Л. Пастэрнака і іншых рускіх паэтаў. Пераклала на рускую мову дзве кнігі Трэвара Зары. Характарызуючы дзейнасць Яны Псайла, заўважаюць, што яна — з кагорты перакладчыкаў, якія разумеюць ролю мастацкага пераклада як інструмента сацыяльнай інтэграцыі грамадства. 

... У нядаўнім інтэрв’ю аднаму з беларускіх медыя Яна Псайла заўважыла: «... Было б занадта самаўпэнена з майго боку сцвярджаць, што я ўжо выбудавала свой шлях да спасціжэння беларускай нацыянальнай літаратуры. Я ўсяго толькі прытулілася да вялікай спадчыны, дзякуючы перакладам твораў Францыска Скарыны, Якуба Коласа і Адама Міцкевіча, якога, як вядома, часам адносяць да „беларускай школы“ польскамоўнай літаратуры. Ёсць яркія імёны, такія, як Янка Купала, Францішак Багушэвіч, Максім Багдановіч і іншыя, творчасць яшчэ спатрэбіцца адкрыць для сябе, прапусціць праз струны душы, магчыма, перакласці і „пасяліць“ у мальційскай „карціне свету“...»

Дарога наперад у справе развіцця літаратурных сувязяў заўсёды залежыць ад яркіх імёнаў першапраходцаў. Вось ніколькі не мізарнее іх кагорта і ў XXI стагоддзі. Ва Узбекістане для знамёства з беларускай літаратурай сёння даволі шмат робяць Сіражыддзін Сайід, Рысалат Хайдарава, Кучкар Наркабіл, Мікалай Ільін. У Туркменістане — Мерэт Ягмыраў, Джумагельды Мулкіеў, Бягуль Анабаева, Максат Бяшымаў, Агагельды Аланазараў, Атаджан Таган. У Азербайджане — Флора Наджы, Камран Назірлі, Чынгіз алі аглу. У Казахстане — Святлана Ананьева, Любоў Шашкова, Алімжан Хамраеў, Авут Масімаў, Фархат Тамендараў, Бахытжан Канап’янаў. У Таджыкістане — Нізам Касім, Ато Хамдам, Салім Хатлані. У Літве — Яронімас Лаўцюс, Вітаўтас Жэймантас. У нацыянальных літаратурах Расіі: чачэнскай — Адам Ахматукаеў, марыйскай — Юрый Салаўёў, Анатоль Ціміркаеў, Святлана Грыгор’ева, Генадзь Аяр, Ігар Папоў, башкірскай — Ларыса Абдуліна, Айгіз Баймухаметаў, Зульфія Хананава, татарскай — Рэнат Харыс, калмыцкай — Рыма Ханінава, аварскай — Марат Гаджыеў, нагайскай — Анварбек Култуеў, табасаранскай — Сувайнат Ісрафілава, якуцкай — Наталля Харламп’ева, шорскай — Любоў Арбачакава... Мальційская перакладчыца Яна Псайла — з гэтай вялікай каманды руплівых працаўнікоў, уважлівых да Беларусі і беларускай нацыянальнай літаратуры сапраўдных сяброў. 

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Спорт

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Фантастычнае шоу прайшло ў «Мінск-арэне»

Час любіць, памятаць, ствараць і... перамагаць.

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.