Вы тут

Сёння створаны ўсе ўмовы, каб людзі маглі плённа працаваць на роднай зямлі


«Дажынкі» — гэта не толькі падвядзенне вынікаў сельскагаспадарчага сезона. Гэта, найперш, нагода падзякаваць і ўшанаваць людзей, якія летам, у сезон адпачынкаў, працуюць ад світанку да золку, якія кожны дзень аддана і адказна робяць вельмі важную справу. У кожным рэгіёне такіх людзей сотні, і большасць іх вартыя самых высокіх узнагарод. Найлепшых на абласным фестывалі-кірмашы ўшаноўвае Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. «Дажынкі» ў Карме выключэннем не сталі. Кіраўнік дзяржавы ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды найлепшым кіраўнікам сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, трактырыстам, аператарам машыннага даення, вадзіцелям, аграномам Гомельшчыны.


Адметна, што большасць з узнагароджаных — жанчыны, якія паспяваюць і аб сем’ях клапаціцца і аб харчовай бяспецы краіны дбаць. Напрыклад, ганаровае званне «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь» прысвоена дырэктару ААТ «Звязда» Чачэрскага раёна Галіне Трыбунах. «Гэта ўзнагарода — вынік карпатлівай працы ўсіх аграрыяў. Мы вельмі цэнім вашу падтрымку і давер. І, як справядліва вы сказалі, усё залежыць ад нас. Будзем лепш працаваць — будзем лепш жыць. Гэтыя словы натхняюць нас на новыя дасягненні, даюць веру ў тое, што разам мы пераадолеем усе перашкоды», — звярнулася яна да Прэзідэнта падчас цырымоні ўзнагароджання.

Для многіх сельская гаспадарка — справа сямейная. Напрыклад, у ААТ «Шлях Ільіча», што ў Лельчыцкім раёне працуюць члены сям’і Жогла. Агульны стаж — 298 гадоў. Аператару машыннага даення Святлане Жогла Прэзідэнт уручыў нагрудны знак да ганаровага звання «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь». Святлана стала першай у сваёй сям’і, чые працоўныя заслугі адзначылі на такім высокім узроўні. Але цалкам можа быць, што гэта не апошняя дзяржаўная ўзнагарода для сям’і Жогла. У гаспадарцы працягваюць працаваць праўнукі заснавальнікаў дынастыі.

Як расказаў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко, моладзь рэгіёна працы на зямлі не баіцца. «Тыдзень таму ў вобласці прайшоў чацвёрты абласны форум сельскай моладзі, удзельнікамі якога сталі амаль 100 маладых спецыялістаў. З задавальненнем сустрэўся і пагутарыў з імі. І з упэўненасцю магу сказаць: з такой моладдзю ў вёскі ёсць будучыня», — сказаў ён. Губернатар таксама паведаміў, што ў гэтую ўборачную кампанію на палях Гомельшчыны працавалі 1005 экіпажаў збожжаўборачных камбайнаў. Практычна кожны чацвёрты з іх пераадолеў тысячны рубеж. У тым ліку 13 экіпажаў-двухтысячнікаў.

Ордэн Пашаны кіраўнік дзяржавы ўручыў вадзіцелю ААТ «Калінінскі» Добрушскага раёна Аляксандру Старацітараву.

Як прызнаўся працаўнік сяла, сёлета ён паўтарыў асабісты рэкорд леташняй уборачнай. У наступным годзе будзе лепей, упэўнены ён: «Настрой на „Дажынках“ добры. Будзем працаваць, будзем скараць новыя вяршыні». Звыш 2,3 тысячы тон збожжа новага ўраджаю ў закрама перавёз вадзіцель грузавога аўтамабіля ААТ «Імя Жукава» Брагінскага раёна Уладзімір Шахніцкі, які ўдастоены Падзякі Прэзідэнта. «Я працую ў гаспадарцы з 1994 года. Тут рупіліся і мае бацькі. І за гэтыя гады дакладна ўсвядоміў: калі ставішся з душой, тады ўсё ладзіцца, усё атрымліваецца», — падзяліўся сакрэтам аграрый.

Калектыву работнікаў ААТ «Ціхінічы» Рагачоўскага раёна падарункам ад кіраўніка дзяржавы стаў сертыфікат на трактар «Беларус». У 2021 годзе Аляксандр Лукашэнка наведваў аграгародок Ціхінічы, які развіваецца ў рамках праекта «Вёска будучыні». Дырэктар прадпрыемства Юрый Васільцоў у размове з журналістамі падкрэсліў, што аграградок расцвітае з кожным годам. Ён падкрэсліў, што за сельскай гаспадаркай, як і за такімі аграгарадкамі, — будучыня. «Усе 545 чалавек на нашым прадпрыемстве кожны дзень прыкладаюць намаганні на карысць свайго аграградка, вобласці і ўсёй краіны. Калектыў працуе выдатна. Мы сёння вырабляем якасную сыравіну для таго, каб наша краіна была забяспечана якаснымі прадуктамі харчавання, — расказаў Юрый Васільцоў. — Людзі, якія жывуць у вёсцы, прывыклі працаваць на зямлі. І сёння створаны ўсе ўмовы, каб яны маглі плённа і ў радасць працаваць на роднай зямлі і рабіць карысную для краіны справу».

На памяць аб правядзенні свята хлебаробаў у Карме застанецца і новы ЗАГС. Адкрыццё аддзела запісу актаў грамадзянскага стану Кармянскага райвыканкама адбылося непасрэдна ў святочны дзень. Першай сям’ёй зарэгістраванай у гэтых сценах, сталі Юрый і Марына Мадлей. Гасцямі цырымоніі былі кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой, кіраўнік спраў Прэзідэнта Юрый Назараў, намеснікі прэм’ер-міністра Юрый Шулейка і Анатоль Сівак. «Рады, што мы ў такі дзень распісаліся і адкрылі ЗАГС. Вельмі станоўчыя эмоцыі. Усё вельмі здорава», — падкрэслілі маладыя.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.

Транспарт

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

«На крылах» — каля 2 мільёнаў пасажыраў.

Сацыяльная падтрымка

У каго і на колькі вырасце пенсія?

У каго і на колькі вырасце пенсія?

Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.

Здароўе

Якую небяспеку тоіць тэфлон?

Якую небяспеку тоіць тэфлон?

Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.