У Белавежскую выбарчую акругу № 8, дзе дэпутатам выбрана Кацярына Паздзяйкіна, уваходзіць тэрыторыя трох раёнаў: Жабінкаўскага, Камянецкага і Маларыцкага. Свае наведванні калектываў, сустрэчы, прыёмы грамадзян дэпутат Палаты прадстаўнікоў па магчымасці размяркоўвае так, каб за пэўны адрэзак часу пабываць у кожным з раёнаў.
Кацярына Мікалаеўна працуе ў Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы. Клопаты працаўнікоў вёскі ёй асабліва блізкія, таму дэпутат часта бывае ў сельгаспрадпрыемствах, не забывае павіншаваць хлебаробаў з іх працоўнымі дасягненнямі. Напрыклад, падчас жніва Кацярына Паздзяйкіна разам з членам Савета Рэспублікі Аляксандрам Карпіцкім пабывалі ў полі ААТ «Савушкіна пушча» Камянецкага раёна. Дэпутаты павіншавалі сямейны экіпаж Андрэя і Святланы Кунц з намалотам 2000 тон збожжа. У гэты ж дзень наведалі ААТ «Белавежскі», каб сказаць словы падзякі старшаму камбайнеру гэтай гаспадаркі Руслану Матарніцкаму і вадзіцелю Ігару Раманюку за ўдарную працу. «Гэта вельмі нялёгкая місія — здабываць хлеб, — падзялілася разважаннямі парламентарый. — Важна аддаваць належнае чалавеку працы, падкрэсліваць значнасць і высакароднасць работы на зямлі, каб маладое пакаленне ведала, якімі намаганнямі даецца хлеб, і расло з разуменнем, што дабрабыт дасягаецца менавіта самаадданай працай. На гэта накіраваны і фестывалі працаўнікоў вёскі „Дажынкі“ ўсіх узроўняў».
Кацярына Паздзяйкіна лічыць сваім абавязкам прымаць удзел у святах ураджаю кожнага са сваіх раёнаў. 31 жніўня дэпутат віншавала з завяршэннем уборкі працаўнікоў аграпрамысловага комплексу Камянецкага раёна, а ў верасні была на «Дажынках» у Жабінцы. У найбліжэйшую суботу «Дажынкі» будзе спраўляць Маларыцкі раён, дзе свята працаўнікоў вёскі сумяшчаюць з Днём горада. І дэпутат збіраецца прыняць удзел у мерапрыемстве, каб выказаць падзяку аграрыям раёна за працу на карысць Радзімы.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў падкрэсліла, што ў сваёй рабоце з выбаршчыкамі, падчас сустрэч у працоўных калектывах, у школах, у любой маладзёжнай аўдыторыі асаблівае месца ўдзяляе тэме захавання міру. Сёння гэта выходзіць на першы план. І важна гаварыць з моладдзю, расстаўляць акцэнты, падтрымліваць наш міралюбівы менталітэт. Азначанай тэме надавалася асаблівае значэнне падчас правядзення дыскусійных пляцовак, круглых сталоў з нагоды Дня народнага адзінства, іншых дзяржаўных свят. «На згаданых мерапрыемствах я не раз прыводзіла цытаты Прэзідэнта краіны аб тым, што залогам міру на нашай зямлі становіцца добрасумленная праца кожнага на сваім месцы, а яшчэ наша агульнае адзінства. Калі мы моцныя і адзіныя, нас ніхто не пераможа. Абавязкова гаворым пра мір з тымі, каму мы абавязаны мірным небам, — з ветэранамі. Пры любой нагодзе стараюся сустрэцца з гэтымі людзьмі. Напярэдадні Дня Незалежнасці з задавальненнем павіншавала ветэрана вайны з Жабінкаўскага раёна Паўла Іванавіча Палешчука, працаўнікоў тылу з Камянецкага раёна Еўдакію Іванаўну Папову і Міхаіла Фёдаравіча Лася, а таксама ветэранаў з Маларытчыны».
Каштоўнасць міру сёння разумее кожны свядомы чалавек, працягвае дэпутат. І падкрэсліваць яе, прасоўваць ідэі міру ў грамадстве трэба ўсімі даступнымі сродкамі. Як высветлілася, у Маларыце даўно існуе добрая традыцыя: у Міжнародны дзень міру, 21 верасня, раённая арганізацыя Беларускага фонду міру віншуе пары, якія бяруць шлюб у гэты дзень.
«На мерапрыемства мяне запрасіла Людміла Бурштын, кіраўнік раённай арганізацыі Фонду міру. Мы сталі сведкамі стварэння новай сям’і Цяліпкаў, мужам і жонкай сталі Анастасія і Максім. Вядома, мы павіншавалі маладых і хораша пагаварылі з іх роднымі і сябрамі пра мір і згоду. Людзі, крыху старэйшыя за герояў дня, падкрэслівалі, што мірнае неба над галавой — першая ўмова шчаслівай сям’і, якая будзе прырастаць дзецьмі, ствараць уласны дабрабыт, клапаціцца пра бацькоў, дзядуль і бабуль. Не абышлі мы ўвагай і рэаліі сённяшняга дня, калі для многіх людзей на зямлі мір становіцца самай запаветнай марай, бо яны жывуць у атмасферы нестабільнасці, страху, вайны. І якое ж гэта шчасце, калі на вуліцах гарадоў і вёсак спакой, калі дзеці ходзяць у школу, садок, дарослыя — на работу. Аказалася, што гаварыць на гэтыя тэмы нават у ЗАГСе бывае вельмі дарэчы. Мы пажадалі адно аднаму міру і адчулі еднасць душэўных памкненняў беларусаў», — падкрэсліла дэпутат.
А яшчэ Кацярына Мікалаеўна расказала, што тэму міру цяпер уздымаюць нават на прыёме грамадзян, асабліва людзі старэйшага пакалення. Але ж прыкметай міру і стабільнасці грамадства можна лічыць, відаць, той факт, што большасць людзей, якія прыходзяць на сустрэчу з дэпутатам, па-ранейшаму хвалююць пытанні добраўпарадкавання, паляпшэння вуліц, дарог — словам, жыццёвыя праблемы. Іх дэпутат стараецца вырашаць разам з прадстаўнікамі мясцовых органаў улады. Так было і ў адзіны дзень прыёму дэпутатаў усіх узроўняў, які правялі ў Камянецкім раёне і сумясцілі з прамой лініяй. У каго не атрымалася прыбыць на прыём асабіста, той змог пагаварыць з дэпутатамі па тэлефоне.
Гэта было першае падобнае мерапрыемства з такім прадстаўнічым складам народных абраннікаў. Прыём адначасова вялі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Кацярына Паздзяйкіна, член Савета Рэспублікі Аляксандр Карпіцкі, дэпутат Брэсцкага абласнога Савета Аляксандр Дуньковіч, дэпутат Камянецкага раённага Савета Аксана Высагроцкая. У прыёме таксама прыняў удзел старшыня Камянецкага райвыканкама Віталь Кулак. Пытанні, якія ўздымалі грамадзяне і на асабістым прыёме, і ў час прамой лініі былі, можна сказаць, тыповымі, датычыліся навядзення парадку на зямлі, добраўпарадкавання тэрыторый. Некаторыя грамадзяне звярталіся не столькі са скаргамі ці просьбамі, колькі па кансультацыю па прававых пытаннях і адразу атрымлівалі адказы. «Дыялог атрымаўся прадукцыйны, давялося пачуць і словы падзякі. Таму падобныя формы арганізацыі прыёму грамадзян варта практыкаваць і далей у акрузе», — падкрэсліла дэпутат Палаты прадстаўнікоў.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота з архіва Кацярыны Паздзяйкінай
Давайце высветлім, пачым сёння наш галоўны прадукт «зімовага рацыёна», што ў асартыменце ў гэтым лістападзе і які від сала карыстаецца цяпер найбольшым попытам.
«Устаюць раней за ўсіх і пазней за ўсіх кладуцца»
...Як ламае сумеснае актыўнае пераабсталяванне жылля добрыя сем’і, я ведаю не па чутках.