Вы тут

Які фільм заняў першае месца па выніках конкурсу «Еўразія.DOC: 4 хвіліны»?


Як захаваць гісторыю? Напісаць кнігу, зрабіць мноства фотаздымкаў, стварыць карціну? А можа, зняць кіно? І не мастацкае, у якім на першы план выходзіць творчы палёт аўтара, а дакументальнае, якое як тое люстэрка найбольш аб’ектыўна і праўдзіва адлюструе падзеі рэчаіснасці? Такога меркавання прытрымліваюцца і арганізатары Фестывалю дакументальнага кіно краін СНД «Еўразія.DOC», які ўжо восьмы раз аб’яднаў у Смаленску і Мінску не толькі вопытных рэжысёраў і сцэнарыстаў, але і маладых аўтараў, якія толькі пачынаюць свой шлях у дакументалістыцы. Спецыяльна для іх праводзіцца Маладзёжны конкурс кароткаметражных дакументальных фільмаў «Еўразія.DOC: 4 хвіліны». Сёлета ў спіс удзельнікаў трапіла восем работ, чатыры з якіх былі дасланы нашымі землякамі.


Па выніках кінафоруму ў Маладзёжным конкурсе «Еўразія.DOC: 4 хвіліны» першае месца заняла карціна Паліны Макей «Не ўсё роўна», дыплом другой ступені атрымала Кацярына Шахаўцова за фільм «Яна Судар з дарам з Дарава», трэцяе месца — за расійскім фільмам Аляксея Юргайціса «З Пушкіным так не абыходзяцца!». А спецыяльны прыз ад інфармацыйнага партнёра Выдавецкага дома PERSPECTUM — у фільма «Разам ляцець да зор» рэжысёра Анжалікі Сцефановіч.

Чатыроххвілінныя фільмы можна лічыць своеасаблівым маніфестам аўтараў, якія толькі пачынаюць свой шлях у дакументалістыцы. За кароткі час творца можа як расказаць пра сябе, так і зняць рэкламную кампанію валанцёрскага руху або ўвогуле падрыхтаваць паўнавартасны трылер. Маладых аўтараў у дадзенай катэгорыі не абмяжоўваюць тэматычна.

— Што датычыцца тэматыкі, то сёлета назіраецца рэдкая аднадушнасць і мэтраў дакументальнага кіно, і маладых аўтараў — у цэнтры стаіць чалавек. Раскрываюцца тэмы пра сацыяльных работнікаў, расказваюцца гісторыі рэабілітацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі, але з бязмежнымі духоўнымі якасцямі. Дарэчы, да нас на фестываль прыйшла выдатная работа з Кітая «Любоў прывяла мяне да жыцця» пра чалавека, які дзякуючы класічнай кітайскай музыцы, пазбавіўся ад маркоты і пераадолеў страшную хваробу — сыходны параліч, — дзеліцца выканаўчы дырэктар фестывалю «Еўразія.DOC», старшыня праўлення ГА «Беларускі саюз журналістаў» Андрэй Крывашэеў.

Гісторыя пра моцнага духам чалавека раскрываецца і ў фільме Кацярыны Вараб’ёвай «Чатыры складаныя гады з жыцця Аляксея Талая». Гэта карціна пра лёс унікальнага чалавека, які прайшоў праз асабістую трагедыю і даў прыклад волі да жыцця мільёнам людзей.

— Мяне захапляе гэты чалавек, і я хачу, каб глядач зрабіў для сябе высновы, што можна не мець ног і рук, але працягваць нешта рабіць. Мой герой дапамагае не губляць веру ў жыццё. Гэта фільм-матывацыя, фільм-надзея, — дзеліцца ідэяй стварэння фільма рэжысёр.

Важны сацыяльны кірунак — тэма служэння, дапамогі, ахвяравання сябе людзям — адлюстроўваецца ў фільме Паліны Макей «Не ўсё роўна». Гераіню для свайго фільма рэжысёр шукала доўга. У яе ўжо склаўся пэўны вобраз маладой дзяўчыны, якая самааддана дапамагае людзям. Пасля доўгіх пошукаў удалося выйсці на Вікторыю…

— Людзі з асаблівасцямі такія ж, як і мы, заслугоўваюць шчасця, сяброў, адукацыі. Шмат людзей хварэе — гэта вялікая трагедыя для свету. І якое шчасце ведаць, што ёсць тыя, хто жадае ім дапамагаць... І Вікторыя гэтым займаецца. Мне хочацца, каб пра такіх людзей больш ведалі, бо яны робяць вялікую справу для чалавецтва.

Расказаць пра даволі знакавую і важную частку ў жыцці сваёй гераіні ўсяго за 4 хвіліны атрымалася і ў Кацярыны Шахаўцовай, аўтара фільма «Яна Судар з дарам з Дарава». Дзяўчына ўжо чацвёрты раз удзельнічае ў фестывалі. Даведалася пра яго выпадкова з сацыяльных сетак. Першы раз даслала фільм пра Вялікую Айчынную вайну, а сёлета пра іканапісца з вёскі Дарава.

— Аднойчы я пазнаёмілася з бацюшкам. Ён запрасіў мяне ў храм. Усё, што можна ўбачыць там, створана жыхарамі: хтосьці зрабіў машчавік, хтосьці выразаў рамку і г. д. 

А роспіс сцен зрабіла дзяўчынка-школьніца Яна. Святар распавёў яе доўгую гісторыю, як яна адразу не паступіла ў Санкт-Пецярбург, як пэўны час працавала афіцыянткай... І відаць яе рост, калі параўноўваеш малюнкі, зробленыя ў 8 класе і пасля 2 курса. Мне вельмі захацелася з ёю пазнаёміцца і расказаць астатнім яе гісторыю, — падзялілася момантам нараджэння ідэі для будучага фільма Кацярына.

Фестываль таксама дае магчымасць паглядзець на работы больш вопытных калег, аналізаваць іх карціны, ацаніць станоўчыя і адмоўныя бакі працы. Выпрацоўваецца нагледжанасць, якую можна лічыць адным з галоўных ключоў да поспеху. Так, для Анжалікі Сцефановіч, рэжысёра дакументальнага фільма «Разам ляцець да зор», удзел у сёлетнім фестывалі стаў першым вопытам. Дзяўчына прадставіла свой дэбютны фільм, прысвечаны дзяцінству «песняра чыстай красы» ў сталіцы Прынёмання. Яе як аўтара ў першую чаргу цікавіла, як бацькі знакамітага Максіма Багдановіча паўплывалі на яго станаўленне. І самае галоўнае, што хацелася высветліць аўтару, — чым так моцна натхніўся Максім Багдановіч на гродзенскай зямлі, што яго зорка так ярка заззяла на небасхіле талентаў?

— Фільм здымаўся на беларускай мове, бо мы ставілі сабе мэту папулярызаваць не толькі творчасць знакамітага беларускага пісьменніка, але і нашай літаратуры. Каб прыняць удзел у конкурсе, мы паклалі на фільм рускамоўныя субцітры. Скажу шчыра, вельмі хвалявалася, што з-за іх многім гледачам будзе складана ўспрымаць нашу кінастужку, — распавяла Анжаліка. — І наколькі я была шчаслівая, калі пасля паказу ў Смаленску да мяне падышла дзяўчына і сказала: «Дзякуй за тое, што зняла фільм на роднай мове». Яна сама з Беларусі, але цяпер вучыцца ў Смаленску. І ёй было прыемна пачуць беларускую мову. І не перадаць словамі, наколькі радавалася ў той момант я.

Сцеша АНГЕЛЬСКАЯ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Здымайце дакументальнае кіно!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пачым галоўны «зімовы прадукт»?

Пачым галоўны «зімовы прадукт»?

Давайце высветлім, пачым сёння наш галоўны прадукт «зімовага рацыёна», што ў асартыменце ў гэтым лістападзе і які від сала карыстаецца цяпер найбольшым попытам.

Грамадства

Не разбегліся падчас рамонту — жыць вам заўсёды разам

Не разбегліся падчас рамонту — жыць вам заўсёды разам

...Як ламае сумеснае актыўнае пераабсталяванне жылля добрыя сем’і, я ведаю не па чутках.

Эканоміка

Адзіны маёмасны плацеж

Адзіны маёмасны плацеж

Яго неабходна заплаціць да 15 лістапада.