Вы тут

Як падрыхтаваць цяпліцу да зімы


З надыходам восеньскіх халадоў важна падрыхтаваць цяпліцу да вясны. Гэта дазволіць забяспечыць добры ўраджай, прадухіліць разбурэнне канструкцыі. За сезон у цяпліцы назапашваюцца шкоднікі і патагенная мікрафлора, якіх трэба знішчыць яшчэ восенню.


Давядзецца выканаць два тыпы работ:

— прывядзенне ў парадак цяплічнага грунту;

— дэзынфекцыя канструкцыі і паверхняў унутры.

Работы пачынаюцца з прыборкі. Глеба чысціцца ад рэштак раслін, каб у іх не пачалі разводзіцца ўзбуджальнікі хвароб. Акрамя аднагадовых культур, у цяпліцах часам растуць шматгадовыя расліны. Трэба выдаліць засохлыя, падгнілыя і пашкоджаныя.

Пасля выдалення пустазелля важна стварыць спрыяльнае асяроддзе для пасадкі расады вясной, зямлю трэба ўгнаіць і зрабіць друзлай. Для ўгнаення выкарыстоўваюць падвойны суперфасфат, але могуць прымяняцца і іншыя ўгнаенні. Можна адмовіцца ад угнаення, але ў такім выпадку праводзіцца змена глебы. Для гэтага здымаецца прыкладна 15 см верхняга пласта, і зямля выносіцца вонкі. Далей садовымі віламі перакопваецца і пушыцца ніжні пласт.

Для дэзынфекцыі можна выкарыстоўваць розныя сродкі. Эфектыўнае рашэнне — апрацоўка пры дапамозе мачавіны або абкурванне серай. Пры дапамозе другога спосабу магчымая дэзынфекцыя глебавага пласта і пабудовы ў цэлым.

Разгледзім асаблівасці кожнага спосабу

  • З ужываннем мачавіны. Рэчыва прымяняецца для прыгатавання воднага раствору. Для гэтага 50 грамаў мачавіны дадаецца ў 10 літраў вады. Мачавіна павінна цалкам растварыцца ў халоднай вадзе. Растворам старанна паліваем глебу. Прычым апрацаваць трэба не толькі градкі, але і праходы.
  • З ужываннем серы. Для апрацоўкі на 1 кв. м працоўнай плошчы спатрэбіцца прыкладна 50 грамаў серы. У серу дадаецца газа і падпальваецца, у збудаванні зачыняюцца вокны і закаркоўваюцца шчыліны. Пры сернай дэзынфекцыі можна ўжываць серную дымавую шашку. Для працэдуры гэтым спосабам спатрэбіцца ўсяго каля шасці гадзін, у той час як пры серна-газавым метадзе трэба пачакаць двое сутак.

Калі папярэдняя серная апрацоўка не прымяняецца, то ў асобнай дэзынфекцыі мае патрэбу каркас і матэрыял пакрыцця. Любыя стацыянарныя пакрыцці, якія не дэмантуюцца перад халадамі, а таксама пакрыцці здымнага тыпу, што выдаляюцца на захоўванне, трэба абавязкова прадэзынфіцыраваць.

Апрацоўка каркаса

Каркасы цяпліц бываюць рознымі (з дрэва, з металу, з ПВХ), таму і спосабы апрацоўкі кожнага матэрыялу маюць адрозненні.

Металічныя канструкцыі прамываюцца пры дапамозе кіпеню з воцатам. Трэба дадаць прыкладна 50 мл воцату ў адзін літр кіпеню. Полівінілхларыдныя каркасы апрацоўваюцца такім жа воцатным растворам, але тэмпература не павінна перавышаць 55–60 градусаў. Драўляныя канструкцыі апрацоўваюцца медным купарвасам з максімальнай канцэнтрацыяй да 10 %.

Апрацоўка пакрыццяў

Плёнкавыя пакрыцці баяцца нізкіх тэмператур, таму ўвосень іх здымаюць з каркаса. Плёнка прамываецца растворам на мыльнай аснове, далей апрацоўваецца сродкам на аснове меднага купарвасу, высушваецца і адпраўляецца на захоўванне ў цёплае памяшканне.

Шкляныя канструкцыі можна мыць пры дапамозе мыльнага раствору ці сродкаў для посуду.

Важным правілам мыцця збудаванняў з полікарбанатных лістоў з’яўляецца беражлівае ўздзеянне. Абразіўнымі губкамі або цвёрдымі шчоткамі можна падрапаць і сапсаваць пакрыццё. Для ачысткі полікарбанату выкарыстоўваецца сода або сродак для мыцця посуду. Дэзынфекцыя праводзіцца пры дапамозе раствору фармаліну. Для падрыхтоўкі фармалінавага раствору трэба 250 мл рэчыва развесці ў 10 літрах вады.

Закладка новага грунту

Фінальная працэдура. На месца старой глебы трэба дадаць новы ўрадлівы грунт. У працэсе выканання работ не павінны ўтварацца пустэчы. Глебу трэба ўшчыльняць, але без фанатызму.

Далей на градкі ўкладваецца салома (пласт да 5 см). У момант выпадзення дастатковага аб’ёму снегу ён размяркоўваецца па градах. Пад падушкай з саломы і снегу працягваецца жыццядзейнасць карысных мікраарганізмаў, якія спрыяюць утварэнню ўрадлівага пласта зямлі.
Цяпліцы, падрыхтаваныя такім спосабам, не трэба дадаткова апрацоўваць вясной.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Жыллёвы «квадрат» ва ўласнасць

Жыллёвы «квадрат» ва ўласнасць

У апошнія гады колькасць чаргавікоў істотна памяншаецца

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.