«Шчаслівая сям'я — моцная дзяржава» — тэзіс, які, напэўна, не зможа аспрэчыць ніхто. Аб тым, каб гэта былі не толькі прыгожыя словы, але і беларуская рэчаіснасць, кожны дзень клапоцяцца і парламентарыі. У наступны панядзелак, 14 кастрычніка, у Беларусі стартуе тыдзень бацькоўскай любові, у гонар якога Савет Рэспублікі сумесна з Беларускай праваслаўнай царквой другі год запар рэалізоўвае маштабны праект «Размова аб важным: шчаслівая сям'я — моцная дзяржава». Першае з трыяды мерапрыемстваў, якое прайшло ўчора ў верхняй палаце парламента, — прамая тэлефонная лінія па пытаннях сямейнай палітыкі і ўдасканалення заканадаўства ў сферы шлюбу і сям'і, — аб'яднала ўсіх членаў Савета Рэспублікі з неабыякавымі беларусамі.
Умацаванне традыцыйных каштоўнасцяў, статусу сям'і нязменна застаюцца прыярытэтным напрамкам заканатворчай дзейнасці. Гэта пацвярджаюць шматлікія праекты, дыялогавыя пляцоўкі, мерапрыемствы (у тым ліку і міжнароднага ўзроўню) па адпаведнай тэме. Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава неаднаразова адзначала, што заканадаўцам важна чуць насельніцтва і пры распрацоўцы розных нарматыўна-прававых актаў прымаць да ўвагі меркаванне людзей, улічваць праблемы, з якімі ім прыходзіцца сутыкацца. Такую магчымасць даюць асабістыя прыёмы грамадзян, якія праводзяцца рэгулярна па ўсёй краіне, і прамыя тэлефонныя лініі. Гэтым разам Наталлі Качанавай патэлефанавала Ілона Сяргееўна з Мазыра. Яна прапанавала прадоўжыць тэрмін выплаты аліментаў да 21 года, пакуль дзіця вучыцца ў каледжы або ВНУ. Па яе словах, часцей за ўсё ў гэты перыяд матэрыяльная нагрузка за тое, каб дзіця атрымлівала адукацыю, кладзецца на аднаго з бацькоў. Таксама яна прапанавала знізіць для маці-адзіночак кошт харчавання дзяцей у школах. Акрамя таго, ішла размова аб тым, каб разгледзець магчымасць пры страце карміцеля ўвесці дадатковы механізм падтрымкі сям'і па аплаце вучобы дзіцяці. Спікер паабяцала разгледзець гэта пытанне.
Некаторыя пытанні, з якімі звярталіся да Старшыні Савета Рэспублікі, не былі напрамую звязаны з сямейнай палітыкай, але яны непасрэдным чынам уплываюць на выхаванне дзяцей. У прыватнасці, жыхар вёскі Калядзічы, што пад Мінскам, падняў пытанне ўвекавечвання памяці салдат, якія загінулі ў гэтай мясцовасці ў 1941 годзе. Тады людзі пахавалі сваіх герояў на мясцовых могілках, але ў 1942 годзе магіла была разбурана. І з таго часу пра абаронцаў амаль ніхто не ўспамінаў. Але мясцовыя жыхары памятаюць і хочуць аддаць даніну павагі загінулым салдатам — відавочны і вельмі яркі інструмент патрыятычнага выхавання дзяцей і падлеткаў. Наталля Качанава адзначыла, што гэта пытанне ўзята на кантроль.
Закраналіся тэмы і выхавання асобы праз сучасныя сродкі. Жыхар Віцебскай вобласці папрасіў звярнуць увагу на ролікі ў Tіk-Tok, у якіх трансліруецца антыпрапаганда шматдзетных сем'яў. Па яго словах, гэта, па-першае, негатыўна ўплывае на маладых людзей, а, па-другое, стварае памылковы імідж усёй краіны. Таксама мужчына звярнуў увагу на перагібы ў рабоце службаў, якія сочаць за тым, як жывуць дзеці ў сем'ях. Ён расказаў пра выпадкі, калі ў кватэры не было пажарных апавяшчальнікаў, і сям'ю ставілі на ўлік як праблемную, хоць бацькі і клапоцяцца пра дзяцей, забяспечваюць іх і выхоўваюць. Прывёў у прыклад выпадак, калі дзіця з добрай сям'і падчас гульні атрымала невялікую траўму, і сям'ю таксама паставілі на ўлік. Па яго словах, гэта таксама можа адштурхоўваць маладых людзей ад нараджэння дзяцей, бо за нават недарэчныя невялікія недахопы, якія ёсць ва ўсіх, могуць быць вялікія праблемы.
Наталля Качанава пагадзілася, што існуюць выпадкі, калі справа пераходзіць да абсурду. Яна прапанавала разгледзець падобныя сітуацыі на форуме «Размова аб важным: Шчаслівая сям'я — моцная дзяржава» ў Полацку.
Падчас прамой тэлефоннай лініі да Наталлі Качанавай звярталіся з просьбамі пасадзейнічаць у працаўладкаванні, з жыллёвымі пытаннямі, з праблемамі крэдытавання. Ні адзін тэлефонны званок Старшыня Савета Рэспублікі не пакінула без увагі. Некаторых заяўнікаў спікер прыме падчас будучага прыёму грамадзян у Магілёве.
Адначасова з тэлефоннымі званкамі ў кабінеце старшыні яны гучалі і ў кабінетах усіх членаў Савета Рэспублікі. Да намесніка Старшыні Савета Рэспублікі Сяргея Хаменкі звярнулася жанчына з Лоева. Яе і мужа пасля заканчэння медыцынскага ВНУ размеркавалі ў розныя гарады, што, зразумела, не спрыяе ўмацаванню сямейных адносін.
Парламентарый узяў гэта пытанне на кантроль, паколькі, па яго словах, няма ў краіне пытанняў, якія не датычыліся б членаў Савета Рэспублікі. «Сямейныя каштоўнасці, абарона мацярынства і дзяцінства, павага да бацькоў і клопат аб дзецях як аб будучыні нашай краіны — шлях, з якога мы дакладна не звернем. Падтрымка сем'яў у нашай дзяржаве — прыклад для іншых краін. Клопат аб ветэранах, аб сямейным дабрабыце, аб маці і дзецях — усё гэта зыходзіць з таго прынцыпу, які дэкларуе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь: дзяржава для чалавека і ў імя чалавека», — адзначыў Сяргей Хаменка. Ён звярнуў увагу, што ў Беларусі выбудавана стройная нарматыўная прававая сістэма, якая рэгуляе пытанні сям'і.
Старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Алейнік адзначыў, што беларуская сямейная палітыка выйшла за межы краіны. Ён нагадаў, што менавіта наша краіна вылучыла ініцыятыву на пляцоўцы Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у 2015 годзе аб умацаванні традыцыйнай сям'і. Створана адказная Група сяброў сям'і, у якую ўваходзіць Беларусь і шэраг іншых краін. Заснаваны Міжнародны дзень сям'і, які адзначаецца 15 мая. «Сямейная палітыка — адзін з асноўных напрамкаў сацыяльнай палітыкі нашай дзяржавы. Дзяржава аказвае сур'ёзную падтрымку маладым сем'ям, і гэта падтрымка шматгранная. Сёння ёсць дакладнае разуменне таго, што сям'я — гэта сапраўды найважнейшы складнік нашага грамадства. У сям'і закладваюцца маральныя, духоўныя і патрыятычныя асновы, сям'я фарміруе аснову асобы чалавека. Сям'я адлюстроўвае адзінства нашага грамадства. Нядаўна мы адзначылі Дзень народнага адзінства. І гэта свята ў многім грунтуецца на тых сямейных каштоўнасцях, якія не праходзяць, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне», — адзначыў Сяргей Алейнік.
Старшыня Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Уладзіслаў Татарыновіч расказаў, што яму паступалі званкі не толькі па тэме сямейнай палітыкі, але і па іншых пытаннях. Усе без выключэння былі разгледжаны і ўзяты на кантроль. Былі звароты, непасрэдна звязаныя з дзейнасцю камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах.
«Напрыклад, жыхарка Наваполацка звярнулася з пытаннем пераводу бізнесу са статусу індывідуальнага прадпрымальніка ў статус юрыдычнай асобы. Для гэтага створаны камфортныя ўмовы, але ўсё роўна на практыцы ўзнікаюць тэхнічныя моманты. Гэтымі пытаннямі мы таксама будзем займацца», — прывёў прыклад Уладзіслаў Татарыновіч. Ён адзначыў, што гэтая прамая лінія вельмі важная для ўсіх членаў Савета Рэспублікі. «Пачынаючы ад пытанняў заканадаўчай дзейнасці (не так даўно былі ўнесены адпаведныя змены ў цэлы комплекс заканадаўчых актаў, уключаючы Кодэкс аб шлюбе і сям'і) і заканчваючы правядзеннем розных конкурсаў і мерапрыемстваў. Для нас пытанні, якія былі вынесены на прамую тэлефонную лінію, важныя з пункту гледжання таго, што мы фактычна пачынаем работу над фарміраваннем праекта бюджэту фонду сацыяльнай абароны на наступны год. Таму з улікам комплексу сістэмных форм сацыяльнай падтрымкі, якія датычацца шлюбу і сям'і, я магу з упэўненасцю сказаць, што прыярытэт сацыяльнай накіраванасці на наступны год захоўваецца і дасць магчымасць выконваць усе гарантыі, замацаваныя ў заканадаўстве», — растлумачыў ён.
«Праводзячы сёння прамую тэлефонную лінію, я адчуў, што вельмі правільна вызначаны мэтавы падыход да такога мерапрыемства. Прамыя тэлефонныя лініі па вузкіх тэмах, якія трывожаць людзей, вельмі цікавыя. Мне сёння датэлефанаваліся 12 чалавек. Пытанні ўсе важныя для нас, заканадаўцаў. Асноўная маса пытанняў датычылася выплаты аліментаў. Першае — ухіленне. Гэта неймаверна. Другое — той мінімум, які атрымліваюць дзеці ад бацькі, які не працуе афіцыйна і плаціць 200 рублёў, або ад самазанятых грамадзян яшчэ менш атрымліваюць дзеткі. Ёсць пытанні, якія датычацца падзелу маёмасці, яны патрабуюць самага сур'ёзнага разгляду. Узнімаліся тэмы індэксацыі сум аліментаў, дапрацоўкі прававых асноў дагавора аб шлюбе. Сёння мы вялі размову аб тым, што можна паспрабаваць аднавіць сем'і. Бо самае галоўнае, каб сям'я была разам», — падзяліўся падрабязнасцямі прамой тэлефоннай лініі старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Міхаіл Русы.
З людзьмі актыўна камунікавалі і члены Савета Рэспублікі, якія працуюць у рэгіёнах. Да члена Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, дырэктара інфармацыйнага агенцтва «Магілёўскія ведамасці» Ірыны Петрусевіч звярнулася жыхарка Магілёва. Жанчына з мужам выхоўваюць траіх дзяцей і, як многія бацькі, занепакаены тым, што ў інтэрнэце дзеці могуць убачыць прапаганду нетрадыцыйных каштоўнасцяў. Яна прапанавала ў Беларусі на заканадаўчым узроўні разгледзець меры, якія змогуць узмацніць акцэнт на традыцыйных сямейных каштоўнасцях.
Тыя, хто тэлефанаваў члену Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, старшыні Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Але Смаляк, цікавіліся, што робіцца ў краіне для паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі, якая доля ў структуры выдаткаў прыпадае на сацыяльную сферу. Таксама прагучала пытанне аб выплаце дапамог у сувязі з нараджэннем дзіцяці і ці чакаюцца ў гэтай тэме карэкціроўкі. Па кожным звароце Ала Смаляк дала тлумачэнні.
Андрэю Жамойду, члену Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, кіраўніку прадпрыемства «Конус» НПЦ НАН па механізацыі сельскай гаспадаркі, паступілі званкі з розных рэгіёнаў Беларусі. Так, жыхар Ліды прапанаваў звярнуць увагу на павышэнне інфармавання грамадзян аб сумах сацыяльных расходаў дзяржавы, у тым ліку якія выдзяляюцца на дзяцей, каб усе грамадзян
е мелі дакладнае ўяўленне, як працуе сістэма сацыяльнай падтрымкі ў нашай сацыяльна арыентаванай дзяржаве.
«Нашы грамадзяне актыўна карыстаюцца магчымасцю паразмаўляць па актуальных пытаннях з членамі Савета Рэспублікі. Прыемна, што падчас прамых ліній паступаюць не толькі пытанні, просьбы і прапановы, але і падзякі», — адзначыў Віктар Ананіч, член Пастаяннай камісііі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, старшыня праўлення Беларусбанка.
У прыватнасці, жыхарка Краснаполля датэлефанавалася парламентарыю, каб падзякаваць за рэалізаваны па ініцыятыве Віктара Ананіча і падтрымцы Беларусбанка праект па ўстаноўцы памятнага мемарыяла аб вёсках Краснаполля, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай аварыі. Грамадзянка з Быхава папрасіла ў Віктара Ананіча садзейнічання ва ўсталяванні агароджы і навядзенні парадку на закінутых участках. Жанчына расказала, што пражывае ў прыватным доме, у якога сумежная сцяна з іншым домам. Тым не менш па ўсіх дакументах гэта асобныя дамы. Толькі ў другога даўно няма гаспадароў (папярэднія памерлі, а спадкаемцаў няма). У выніку склалася сітуацыя, калі ўчастак другога дома аказаўся зусім закінутым, зарос травой і дрэвамі, плот разбураны, і на тэрыторыю бесперашкодна можа трапіць хто заўгодна. Як адзначыў Віктар Ананіч, для вырашэння гэтага пытання плануецца прыцягненне мясцовых органаў улады.
Да члена Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы старшыні Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандра звярнулася жыхарка г. Магілёва па пытанні добраўпарадкавання дзіцячай гульнявой пляцоўкі ў двары жылога дома. У сувязі з павелічэннем нараджальнасці гэтыя пытанні становяцца ўсё больш актуальнымі. Падчас гутаркі сенатар прапанаваў адзін з варыянтаў вырашэння пытання — рэалізацыю грамадзянскай ініцыятывы з удзелам насельніцтва. Аляксандр Гарошкін даў даручэнні дэпутацкаму корпусу горада. Пытанне ўзята на кантроль.
* * *
Пытанні, з якімі звярталіся да членаў Савета Рэспублікі, былі самыя розныя: ад добраўпарадкавання дзіцячых пляцовак у асобным горадзе да мер падтрымкі сем'яў у маштабе ўсёй краіны. Ні адно пытанне не засталося без увагі,і, як паказвае практыка, па кожным звароце будзе дадзены канкрэтны адказ, а там,дзе трэба,і рэальная дапамога.
Валерыя СЦЯЦКО
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.
Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.