Вы тут

Як выбраць сродкі для поласці рота?


Сродкі гігіены поласці рота ў цяперашні час прадстаўлены даволі шырока: зубныя шчоткі, пасты, эліксіры, зубныя ніці, зубачысткі, гелі, пасцілкі, жавальныя гумкі, дражэ, гігіенічныя таблеткі. Як іх правільна падабраць для дзіцяці, расказала дзіцячы ўрач-стаматолаг 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Ала ГРЭБНЕВА.


Зубныя шчоткі

У цяперашні час аддаецца перавага зубным шчоткам са штучным шчаціннем. Гэта тлумачыцца тым, што сінтэтычнае валакно, якое выкарыстоўваецца для рабочай часткі шчоткі, можа быць зададзенай цвёрдасці, пругкасці, канцы яго закругленыя і не траўміруюць слізістую абалонку дзясны. Яны ў меншай меры, чым шчоткі з натуральным шчаціннем, падвяргаюцца мікробнаму забруджванню.

Памер зубной шчоткі неабходна падбіраць для кожнага дзіцяці індывідуальна: рабочая частка не павінна перавышаць памеру 2-3 дыяметраў каронак зубоў. Пучкі шчаціння павінны размяшчацца досыць рэдка, форма рабочай часткі — ладдзепадобная. Мяняць зубную шчотку мэтазгодна кожныя 2-2,5 месяца, захоўваць яе варта ў вымытым выглядзе рабочай часткай уверх у шклянцы.

Зубныя пасты

Зубныя пасты з’яўляюцца асноўным сродкам догляду поласці рота. Вылучаюць дзве групы паст: лячэбна-прафілактычныя і гігіенічныя. Першыя ў залежнасці ад уведзеных у іх склад біялагічна актыўных рэчываў могуць валодаць супрацьзапаленчым або супрацькарыёзным дзеяннем. У групу карыеспрафілактычных зубных паст уваходзяць «Колгейт», «Бленд-а-мед», «Сілка», «Аква фрэш» і іншыя.

Выбар зубной пасты для дзіцяці павінен зрабіць урач-стаматолаг з улікам узросту і стану цвёрдых тканак зубоў. Дзецям дашкольнага ўзросту мэтазгодна карыстацца слабапеністымі зубнымі пастамі, а дзецям школьнага ўзросту — пеністымі. Фторзмяшчальныя зубныя пасты мэтазгодна ўжываць у перыяд другаснай мінералізацыі.

Зубныя ніці

Усё больш шырокае прымяненне для зняцця зубнога налёту на пэўных паверхнях зубоў знаходзяць зубныя ніці. Аднак дзецям іх мэтазгодна выкарыстоўваць або пры правядзенні прафесійнай гігіены поласці рота, або ў старшым школьным узросце. Для гэтых жа мэт ужываюцца і зубачысткі.

Жавальныя гумкі

У апошнія гады праведзена даволі шмат даследаванняў па вывучэнні ўплыву жавальнай гумкі на захворванні тканак і органаў поласці рота. Адзначана, што гумка змяншае колькасць адкладаў на зубах, і, калі ўвесці ў яе склад лячэбна-прафілактычныя дабаўкі, яна будзе аказваць і прафілактычнае дзеянне.

Зубныя эліксіры

Асноўнае прызначэнне зубных эліксіраў — дэзадарацыя поласці рота. Яны ўжываюцца для паласкання пасля чысткі зубоў ці пасля прыёму ежы. Увядзенне ў склад эліксіраў лячэбна-прафілактычных дабавак дазваляе выкарыстоўваць іх у якасці дадатковага прафілактычнага сродку. Так, зубны эліксір «Спецыяльны» змяшчае фтарыд натрыю і вітамін В.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пачым галоўны «зімовы прадукт»?

Пачым галоўны «зімовы прадукт»?

Давайце высветлім, пачым сёння наш галоўны прадукт «зімовага рацыёна», што ў асартыменце ў гэтым лістападзе і які від сала карыстаецца цяпер найбольшым попытам.

Грамадства

Не разбегліся падчас рамонту — жыць вам заўсёды разам

Не разбегліся падчас рамонту — жыць вам заўсёды разам

...Як ламае сумеснае актыўнае пераабсталяванне жылля добрыя сем’і, я ведаю не па чутках.

Эканоміка

Адзіны маёмасны плацеж

Адзіны маёмасны плацеж

Яго неабходна заплаціць да 15 лістапада.