Вы тут

Шкодныя звычкі, якія нішчаць сэрца


Як вядома, сярод прычын заўчаснай смерці сардэчна-сасудзістыя захворванні ўпэўнена займаюць першае месца. Але ці ўсё мы робім для таго, каб дапамагчы галоўнаму органу нашага арганізма працаваць у роўным і спакойным рытме і пазбегнуць сур’ёзных праблем, якія прыводзяць да самых дрэнных наступстваў? Разам з урачом агульнай практыкі (загадчыкам) аддзялення прафілактыкі 11-й гарадской паліклінікі Святланай ЯНУШКА разбіраемся, што найбольш шкодзіць нашаму сэрцу.


— Святлана Аляксандраўна, якія з нашых звычак найбольш небяспечныя для сэрца?

— Курэнне. Вядома, што верагоднасць узнікнення інфаркту, інсульту і іншых сур’ёзных захворванняў у курцоў удвая вышэйшая, чым у людзей, якія не кураць, таму гэту звычку трэба кідаць. Але ўсе курцы ведаюць, як цяжка гэта зрабіць. Аднаго жадання і сілы волі для збавення ад нікацінавай залежнасці можа быць недастаткова, таму сёння існуе цэлы шэраг фармакалагічных прэпаратаў, якія дапамагаюць яе перамагчы.

Падабраць неабходны сродак вам дапаможа ўрач, але, каб канчаткова кінуць курыць, трэба змяніць свае паводзіны ў тых сітуацыях, у якіх вы прывыклі закурваць. Замест таго, каб узяць цыгарэту, выпіце вады, пажуйце жуйку, з’ешце яблык ці моркву. Будзе карысна заняць нечым рукі: напрыклад, у ЗША і Канадзе тым, хто хоча кінуць курыць, урачы рэкамендуюць выкарыстоўваць так званыя «пацеркі для нервовых» — кароткую нітку караляў, якія перабіраюць пальцамі для зняцця напружання. Гэта дапаможа крыху расслабіцца і адцягнуцца ад думак аб цыгарэце.

— Шкодзіць сардэчна-сасудзістай сістэме і нездаровая ежа...

— Сапраўды, харчаванне — адзін з найважнейшых фактараў, якія ўплываюць на стан сардэчна-сасудзістай сістэмы. Вельмі важна выключыць спажыванне «шкодных» (гідрагенізаваных) тлушчаў, якія змяшчаюцца ў маргарыне, смажаных стравах. Гэтыя тлушчы дрэнна засвойваюцца, павялічваюць узровень халестэрыну, спрыяюць з’яўленню лішняй вагі і сур’ёзна абцяжарваюць работу сэрца. Трэба абмежаваць ці зусім выключыць спажыванне цукру-рафінаду, у тым ліку ў кандытарскіх вырабах.

А вось аліўкавы алей першага халоднага адціску і часнок, наадварот, спрыяюць паніжэнню ўзроўню халестэрыну ў крыві. Абавязкова ў рацыёне павінны быць прадукты, якія ўтрымліваюць поліненасычаныя тлустыя кіслоты. Іх асноўнай крыніцай з’яўляецца рыбін тлушч, якога асабліва шмат у марской рыбе — сёмзе, фарэлі, скумбрыі, сардзінах.

Акрамя таго, як мага менш рэкамендуецца ўжываць вугляводаў — макаронных вырабаў, бульбы, хлеба, хоць і адмовіцца ад іх поўнасцю наўрад ці атрымаецца. Лепш аддаваць перавагу хлебу і макаронным вырабам з цэлага зерня, а таксама ўвесці ў паўсядзённы рацыён вотруб’е.

Выключна важныя для нармальнай работы сэрца гародніна і садавіна. Найбольш карысныя — вішні, чарэшні, журавіны, чарніцы, сушаныя абрыкосы (курага) і яблыкі, таму іх рэкамендуецца ўжываць іх як мага часцей. З гародніны варта звярнуць увагу на шпінат — у ім, акрамя клятчаткі, утрымлівацца вітаміны групы В, калій і лютэін — рэчывы, неабходныя для нармальнай работы сардэчна-сасудзістай сістэмы.

Як вядома, лішак солі ў ежы прыводзіць да павышэння артэрыяльнага ціску і тым самым павялічвае рызыку развіцця ішэмічнай хваробы сэрца. Таму варта абмежаваць яе спажыванне. Даросламу чалавеку дастаткова ўсяго адной чайнай лыжкі ў суткі, а хворым на цукровы дыябет і людзям, старэйшым за 50 гадоў, гэтую норму варта паменшыць удвая.

— Якія вітаміны і мікраэлементы дапамагаюць нашаму галоўнаму органу?

— Для паўнавартаснага здароўя сэрцу патрэбны вітаміны групы В, антыаксіданты — вітаміны С і Е, мікраэлементы кальцый, калій, магній, селен, а таксама каэнзім Q10. Таму ўжывайце ежу, багатую гэтымі рэчывамі, а пры неабходнасці прымайце дадаткова вітамінна-мінеральныя комплексы.

— Як алкаголь уплывае на работу сэрца?

— Ён аказвае разбуральнае дзеянне на сардэчную мышцу, садзейнічае павышэнню артэрыяльнага ціску і з’яўленню лішняй вагі, таму для захавання здароўя сэрца ўжыванне алкаголю павінна быць зведзена да мінімуму.

— Як вядома, сэрца — гэта мышачны орган. Колькі фізічнай нагрузкі яму патрабуецца?

— Так, сардэчнай мышцы, як, зрэшты, і іншым органам, патрабуюцца рэгулярныя трэніроўкі. Тым, хто хоча захаваць сэрца здаровым, трэба памятаць, што для нармальнай яго работы неабходна выконваць фізічныя практыкаванні мінімум 3-4 разы на тыдзень па 30 хвілін.

— Што яшчэ негатыўна ўплывае на работу сардэчна-сасудзістай сістэмы?

— Стрэс і нервовае перанапружанне — лютыя ворагі нашага сэрца. Адзін з самых простых і даступных, прыемных і эфектыўных спосабаў зняцця стрэсу — пешыя прагулкі па лесе або парку, ароматэрапія. Вячэрняя ванна з эфірнымі алеямі — выдатны сродак для расслаблення і зняцця напружання.

Алена КРАВЕЦ 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пачым галоўны «зімовы прадукт»?

Пачым галоўны «зімовы прадукт»?

Давайце высветлім, пачым сёння наш галоўны прадукт «зімовага рацыёна», што ў асартыменце ў гэтым лістападзе і які від сала карыстаецца цяпер найбольшым попытам.

Грамадства

Не разбегліся падчас рамонту — жыць вам заўсёды разам

Не разбегліся падчас рамонту — жыць вам заўсёды разам

...Як ламае сумеснае актыўнае пераабсталяванне жылля добрыя сем’і, я ведаю не па чутках.

Эканоміка

Адзіны маёмасны плацеж

Адзіны маёмасны плацеж

Яго неабходна заплаціць да 15 лістапада.