Вы тут

Чысціня адна і тая ж у сонцы, траве, чалавеку і вершах


У 2022 годзе адзначалася 625 гадоў згадваняя ў сярэднявечных хроніках пра сталыя татарскія пасяленні на беларускіх землях. З гэтай нагоды ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа адбылася канферэнцыя «Пісьмовая спадчына татараў Вялікага Княства Літоўскага і яе гісторыка-культурны кантэкст». У зборнік, выдадзены сёлета ў выдавецтве «Беларуская навука», увайшлі як найбольш цікавыя выступленні з тае канферэнцыі, так і іншыя тэксты. Адна частка кнігі прысвечана гісторыі беларускіх татараў, другая — даследаванням іх рукапісных помнікаў. Сярод беларускіх татараў мноства выбітных асоб. 


Напрыклад, генерал-лейтэнант Якаў Юзафовіч, ураджэнец вёскі Вялікая Лапеніца Ваўкавыскага павета, які быў начальнікам штаба Дзікай дывізіі ў гады Першай cусветнай вайны — у маі 2015 года яго магіла была знойдзена на праваслаўных могілках Ваўкавыска. Гэтай асобе прысвечаны матэрыял гісторыка Алены Філатавай. Заканамерна, што многа тэкстаў пра кітабы — кнігі, напісаныя на беларускай мове арабскім пісьмом. 

Дзякуючы гэтым рукапісным помнікам, створаным беларускімі татарамі, мы можам больш дакладна даведацца, як гучала даўней беларуская мова — на кірыліцы і лацініцы вымаўленне перадавалася не так дакладна. 

Даследчыца Ірына Сынкова піша пра незвычайную частку рукапіснай спадчыны беларускіх татараў — знахарскія тэксты, якія знаходзіліся ў архіве мядзельскага імама Алі Адамовіча. Там ёсць парады на беларускай мове, запісаныя арабскімі літарамі, накшталт «Калі сухі боль рукі, ногі, альбо гдзе болі, то конскай косці шпік». Ёсць і замовы, відаць, запазычаныя ад славянскага атачэння: «Зубы загаварыць. На небе месец зацмевшы, у дубе червяк занемевшы, у гробе мерцвец замерцвевшы, у моры камень закаменевшы». Пачытаўшы даследаванне Міхася Тарэлкі пра рукапісы таго ж Алі Адамовіча, чытач даведаецца дэталі расшыфроўкі кітабаў. Зразумела, найперш зборнік будзе цікавы спецыялістам, але складальнікі выказваюць спадзеў, што апублікаваныя матэрыялы прывабяць усіх, хто цікавіцца гісторыяй і культурай Беларусі.

Валерий Шубинский. Даниил Хармс. Жизнь человека на ветру

«Над косточкой сидит бульдог,

Привязанный к столбу.

Подходит таксик маленький

С морщинками на лбу...»

Як усім вядомыя геніяльныя вершы для дзяцей змог напісаць чалавек, які заўсёды дэклараваў сваю нелюбоў да дзяцей?

Хаця мала што ён дэклараваў — «Самааховай Хармса зрабілася тэатралізацыя ўласнага жыцця», сцвярджае вядомы літаратуразнаўца Валерый Шубінскі. Яго даследаванне пра Хармса надзвычай грунтоўнае — том маскоўскага выдавецтва «АСТ» займае пяцьсот семдзесят з лішнім старонак. І забяспечвае сапраўднае паглыбленне ў эпоху... Мы даведваемся пра бацькоў паэта — а яны сапраўды незвычайныя. Бацька паэта Іван Ювачоў — марскі афіцэр, былы паліткатаржанін і рэлігійны пісьменнік, маці кіравала прытулкам для жанчын, якія выйшлі са зняволення. Хармс шмат абсурдысцкага і неверагоднага напісаў пра сваё дзяцінства, ажно да таго, што нарадзіўся ў выглядзе... ікрынак. Але бацькі яго любілі, дзяцінства ў яго было добрае... А вось сам хлопец... Размаўляў з прыдуманай маці, якая жыве пад лесвіцай, на ўроках іграў на валторне, хадзіў у гетрах, курыў люльку... Любіў эпаціраваць публіку. Не дзіва, што шлях яму быў да авангардыстаў. 

Напачатку — у «Орден заумников». Цікавая дэталь: у той час Данііл Хармс сябраваў з маладым імажыністам Сямёнам Полацкім. Ва ўрыўках з мемуараў і дакументаў паўстаюць бурлівыя 1920-я, ззяе сузор’е імёнаў з кола Данііла Хармса: Аляксандр Увядзенскі, Мікалай Алейнікаў, Мікалай Забалоцкі, Мікалай Клюеў, Казімір Малевіч, Віктар Шклоўскі, Уладзімір Маякоўскі, Самуіл Маршак, Карней Чукоўскі, Яўген Шварц, Іраклій Андронікаў... Футурысты, імажыністы, дадаісты, будучыя ахвяры рэпрэсій і паспяховыя літчыноўнікі... Чытач даведваецца, як стваралася легендарная суполка ОБЭРИУ —Объединение реального искусства, падрабязнасці імпрэз і дыскусій таго часу... І пра самога Хармса, які быў, ну, мякка кажучы, нялёгкі чалавек для зносінаў і намагаўся «ператварыць сваё аўтсайдарства ў форму высокай клаўнады». Дзеля спрэчкі пераходзіў з аднаго акна ў другое па карнізе пятага паверха. 

Калі ў 1930-х яны з жонкай галадалі, па некалькі дзён не елі і нарэшце здабылі грошы — убачыў у камісіёнцы антыкварную фісгармонію Шыдмеера, набыў за пяцьсот рублёў і з натхненнем іграў на ёй другую фугету Гендэля. Есці зноў не было чаго.

«Когда я пишу стихи, то самым главным кажется мне не идея, не содержание и не форма, и не туманное понятие „качество“, а нечто еще более туманное и непонятное рационалистическому уму — ...чистота порядка... Эта чистота одна и та же в солнце, траве, человеке и стихах».

Дзіўны, непрыстасаваны, нязручны... Паэт памёр у псіхіятрычнай лячэбніцы блакаднага Ленінграда. Яго рукапісы выратаваў сябар, і праз дзесяцігоддзі Хармс стаў легендай і адным з самых запатрабаваных літаратараў. Няхай не палохае вас аб’ём кнігі — чытаецца яна захапляльна, утрымлівае шмат візуальных матэрыялаў, а таксама літаратурных твораў, і не толькі самога Хармса.

Выданні для агляду прадстаўлены кніжнай крамай «Акадэмічная кніга», Мінск, пр. Незалежнасці, 72.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.

Транспарт

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

«На крылах» — каля 2 мільёнаў пасажыраў.

Сацыяльная падтрымка

У каго і на колькі вырасце пенсія?

У каго і на колькі вырасце пенсія?

Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.

Здароўе

Якую небяспеку тоіць тэфлон?

Якую небяспеку тоіць тэфлон?

Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.