Вы тут

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?


Прыродныя рэсурсы забяспечваюць нас усім неабходным. Некаторыя знаходзяцца на паверхні зямлі і даступныя, а ёсць тыя, здабыць якія вельмі няпроста, і без геалагічных даследаванняў не абысціся. У выніку натуральных прыродных законаў і заканамернасцяў размеркаванне карысных выкапняў нераўнамернае. Адны тэрыторыі багатыя на залежы розных каштоўных рэсурсаў, іншыя — бедныя. Беларусь прырода не абдзяліла. «Асартымент» нашых падземных скарбніц дастаткова разнастайны. 

Аб разведцы і здабычы карысных выкапняў расказала кандыдат геолага-мінералагічных навук, дырэктар Інстытута геалогіі Навукова-вытворчага цэнтра па геалогіі Святлана Дзямідава.


— Геалагічныя даследаванні на тэрыторыі сучаснай Беларусі вядуцца з пачатку XІX стагоддзя. Як быццам за мінулыя стагоддзі ўжо ўсё, што было нават вельмі глыбока, разведана. Аднак штогод з’яўляюцца паведамленні аб адкрыцці новых радовішчаў якіх-небудзь карысных выкапняў. Як так атрымліваецца?

— Прычына ў тым, што геалагічнае вывучэнне нетраў нашай краіны вядзецца бесперапынна. Веды аб будове і складзе зямной тоўшчы пастаянна пашыраюцца з-за выкарыстання новых метадаў атрымання, апрацоўкі і інтэрпрэтацыі геалагічнай інфармацыі, ужывання сучаснай тэхнікі, абсталявання, прыбораў. Гэта дае магчымасць знаходзіць новыя і ўдакладняць вядомыя перспектывы канкрэтных геалагічных структур і комплексаў на наяўнасць карысных выкапняў. Напрыклад, геолагі пастаянна выяўляюць новыя нафтаносныя аб’екты ў Прыпяцкім прагіне, з прычыны ўважлівага вывучэння хімічнага саставу глыбінных горных парод — рудапраяўлення высакародных і рэдказямельных металаў.

— У цяперашні час выяўлена больш як 30 відаў розных карысных выкапняў, а радовішчаў налічваецца больш чым 5 тысяч. Наколькі запатрабаваны разведаныя запасы і якая патрэба ў новых рэсурсах?

— Разведаныя карысныя выкапні Беларусі прынята дзяліць на тры групы: тыя, што распрацоўваюцца, тыя, што не распрацоўваюцца, і тыя, што патрабуюць дадатковага вывучэння. Тыя, што распрацоўваюцца, назавуць нават школьнікі: нафта, каменныя і калійныя солі, даламіт, торф, сапрапель, трэпел, кварцавыя пяскі, мел, мергель, будаўнічы і абліцовачны камень, валунна-жвірова-пясчаныя сумесі і будаўнічыя пяскі, гліны, падземныя воды (пітныя і мінеральныя, бальнеалагічныя, геатэрмальныя). Іх даўно і паспяхова здабываюць для патрэб эканомікі нашай краіны. Некаторыя віды карысных выкапняў запатрабаваныя на сусветным рынку і могуць накіроўвацца на экспарт. Не распрацоўваюцца радовішчы тых карысных выкапняў, якія пры існуючым узроўні тэхналогій немэтазгодна здабываць, узбагачаць і перапрацоўваць з прычыны складаных горна-геалагічных умоў залягання або якасці сыравіны. Гаворка ідзе пра такія віды, як бурыя вуглі, гаручыя сланцы, жалезныя руды, гіпс, бентанітавыя гліны, фасфарыты, прамысловыя расолы. Важная таксама кан’юнктура рынку мінеральнай сыравіны, гэта значыць існуючая патрэба ў тым ці іншым матэрыяле, яго кошт у бягучых умовах. Да групы карысных выкапняў, якія патрабуюць дадатковага вывучэння, адносяцца базальты і туфы, баксіт-даўсанітавыя руды, берылій і рэдказямельныя элементы.

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах. Досыць высокая забяспечанасць мінеральнай сыравінай прадпрыемстваў будаўнічай галіны, цэментнай прамысловасці. Так склалася, што пэўныя віды мінеральных рэсурсаў у сувязі з запатрабаванасцю на ўнутраным рынку ў тым ці іншым аб’ёме завозяцца з-за мяжы (сырая нафта, каалін і каалінавыя гліны, пясок крамяністы і пясок кварцавы, бентаніт, мел і інш.). Аднак апошнім часам прымаюцца дзейсныя меры, каб у перспектыве ўключыць у распрацоўку некаторыя айчынныя радовішчы і скараціць імпарт. Перспектыўнымі ў дадзеным кірунку лічацца радовішчы кааліну Сітніца, бентанітавых глін — Астражанскае, базальтаў — Навадворскае, баксіт-даўсанітавых руд — Заазёрнае. У цэлым апошнім часам беларускія прадпрыемствы імкнуцца да таго, каб у большым аб’ёме выкарыстоўваць айчынную сыравіну. Адзначаецца павелічэнне здабычы калійных соляў, шкляных пяскоў, будаўнічага і абліцовачнага каменя.

— Нафта — не проста стратэгічна важны, а адзін з самых загадкавых рэсурсаў. Аб яго паходжанні і вычарпальнасці навукоўцы спрачаюцца да гэтага часу. Ацэнкі запасаў рэгулярна мяняюцца. На ваш погляд, прычыны хаваюцца больш у тэхнічным прагрэсе (даразведцы) і з’яўленні новых ведаў або адкрыцці раней невядомых радовішчаў?

— І даразведка існуючых, і адкрыццё новых радовішчаў даюць прырост запасаў нафты. А агульная ацэнка запасаў вуглевадародаў рэгулярна праводзіцца праз пэўны перыяд. І тут улічваюцца даныя як па прыросце запасаў вуглевадародаў за разгляданы час, так і па аб’ёмах здабычы.

— Веды аб выкапнёвых рэсурсах, безумоўна, важныя. Але як выбудоўваецца работа са спажыўцамі рэсурсаў?

— Геолагі праводзяць пошукавыя і разведачныя работы, уключаючы падлік запасаў карыснай сыравіны. Уся інфармацыя аб разведаным радовішчы перадаецца ў Дзяржаўны геалагічны фонд (знаходзіцца на дзяржаўным прадпрыемстве «Белдзяржгеацэнтр»), дзе яна ва ўстаноўленым парадку захоўваецца і даступная для зацікаўленых спажыўцоў па іх запыце.

— Рэсурсы прынята класіфікаваць як вычарпальныя і невычэрпныя. Ці ёсць прыклады першых, якія б ужо ў нас закончыліся? І якія перспектывы па другіх, ці надоўга іх хопіць?

— Прыкладаў «вычарпаных» прывесці не магу. Па ўсіх відах карысных выкапняў запасы для будучых пакаленняў ёсць, і значныя. Пры існуючым узроўні здабычы насельніцтва Беларусі больш чым на 50 гадоў забяспечана сыравінай, якая цяпер здабываецца (калійныя і каменныя солі, торф, сыравіна для вытворчасці цэменту, шкла, даламіт, будаўнічы і абліцовачны камень і інш.). З васьмі разведаных радовішчаў соляў распрацоўваюцца чатыры; з 94 нафты — 59; са 1038 будаўнічых матэрыялаў (мергельна-мелавыя пароды, гліністыя пароды, пяскі і ПГС, каалін, будаўнічы і абліцовачны камень, даламіт, базальты, гіпс) — 307; са 187 торфу і сапрапелю — 56; са 1208 прэсных, мінеральных падземных і прамысловых вод — 887. Радовішчы жалезных руд, гаручых сланцаў, бурых вуглёў (восем радовішчаў) пакуль не распрацоўваюцца.

— Здабыча карысных выкапняў — гэта пэўнае парушэнне сфарміраванай экасістэмы. Якім чынам мінімізуюцца негатыўныя наступствы?

— Так, працэс здабычы карысных выкапняў непазбежна вядзе да парушэнняў у экасістэме. Нярэдка да непазнавальнасці змяняецца аблічча навакольнага ландшафту. Ступень змяненняў залежыць ад таго, якім спосабам вядзецца здабыча — адкрытым (кар’ер) або шахтавым, ад шэрагу іншых фактараў. Аб мінімізацыі наступстваў клапоцяцца яшчэ на стадыі праектавання прадпрыемства па распрацоўцы. Павінны быць прадугледжаны мерапрыемствы па максімальным недапушчэнні шкоды навакольнаму асяроддзю і па ўстараненні або зніжэнні негатыўных наступстваў, па рэкультывацыі тэрыторыі пасля завяршэння распрацоўкі радовішча. Мы можам назіраць нават такія прыклады, калі пасля адпрацоўкі радовішча тэрыторыя ўяўляе сабой прывабную турыстычную лакацыю. Напрыклад, затопленыя мелавыя кар’еры пад Краснасельскім. У любым выпадку, экалагічная бяспека — адзін з прыярытэтных аспектаў на ўсіх этапах працэсу арганізацыі здабычы карысных выкапняў.

Андрэй АКІМАЎ

Фота Унітэхпрама БДУ

Загаловак у газеце: Падземныя скарбніцы

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.

Транспарт

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

«На крылах» — каля 2 мільёнаў пасажыраў.

Сацыяльная падтрымка

У каго і на колькі вырасце пенсія?

У каго і на колькі вырасце пенсія?

Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.

Здароўе

Якую небяспеку тоіць тэфлон?

Якую небяспеку тоіць тэфлон?

Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.