Кіраўнікі МЗС дзяржаў — удзельніц СНД на пасяджэнні ў Маскве напярэдадні саміту на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў прынялі сумесныя заявы аб прынцыпах гарантавання еўразійскай бяспекі і недапушчальнасці аднабаковых санкцый, паведамляе БелТА.
Ад Беларусі ў мерапрыемстве прыняў удзел кіраўнік МЗС Максім Рыжанкоў. Ён адзначыў, што, нягледзячы на некаторыя адрозненні ў пазіцыях па шэрагу пытанняў, дыскусія паказала, што кіраўнікі дэлегацый могуць знаходзіць нейкія кампрамісныя рашэнні і прыслухоўваюцца да думкі адзін аднаго.
«Гэта важна для захавання духу і згуртаванасці нашай арганізацыі. Хаця, вядома, усё гэта давалася няпроста, і некаторыя рэчы я пакіну за дужкамі. Але сама атмасфера перагавораў і агульны дух быў сяброўскі, партнёрскі. Хаця, сапраўды, розніца ў пэўных пазіцыях прысутнічала. Гэта бачна па пэўных дакументах — з якімі агаворкамі і якога роду асаблівай думкай падпісаны канчатковыя дакументы. Хоць у цэлым я вельмі рады, што ўсе дакументы, якія планаваліся да разгляду, былі разгледжаны, усе рашэнні былі прыняты», — расказаў кіраўнік МЗС.
Для Беларусі, паводле яго слоў, асаблівую цікавасць уяўляе прыняцце сумеснай заявы аб недапушчальнасці ў міжнародных адносінах аднабаковых санкцый. «Наша ідэя з Расійскай Федэрацыяй знайшла падтрымку ў нашых партнёраў», — сказаў міністр.
Акрамя таго, ён адзначыў важнасць сумеснай заявы аб асноўных прынцыпах супрацоўніцтва для гарантавання бяспекі ў Еўразіі. «Гэта таксама важны дакумент, які гаворыць аб тым, што гэта тэма з’яўляецца адной з прыярытэтных у парадку дня СНД, што мы не аддаём яе ў плоскасць работы нейкіх іншых міжнародных арганізацый. Мы ўсе гатовы пра гэта гаварыць, выпрацоўваць агульныя рашэнні, якія якраз вядуць да зніжэння напружанасці ў нашым рэгіёне. І гатовы разам супрацоўнічаць, але з пэўным сваім разуменнем некаторых аспектаў», — заявіў Максім Рыжанкоў.
Кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў абмяняліся думкамі па пытаннях міжнароднай праблематыкі і паглыбленні супрацоўніцтва ў рамках СНД. Абмеркавалі актуальную сітуацыю на прасторы Садружнасці і паблізу ад знешніх граніц.
У сваім выступленні Максім Рыжанкоў падкрэсліў неабходнасць умацавання шматбаковага ўзаемадзеяння дзяржаў — удзельніц Садружнасці, што набывае асаблівую важнасць ва ўмовах пошуку дзяржавамі ўсяго свету агульных мэт і падыходаў да вырашэння сусветных праблем, сярод якіх пабудова шматпалярнага свету, стварэнне сістэмы непадзельнай бяспекі, умацаванне раўнапраўнага супрацоўніцтва.
Па выніках пасяджэння падпісаны шэраг дакументаў, накіраваных на паглыбленне супрацоўніцтва на прасторы СНД у знешнепалітычнай і культурна-гуманітарнай сферах.
Акрамя ўжо згаданых сумесных заяў аб прынцыпах забеспячэння еўразійскай бяспекі і недапушчальнасці выкарыстання ў міжнародных адносінах аднабаковых абмежавальных мер, кіраўнікі МЗС таксама прынялі заяву аб супрацоўніцтве ў сферы фізічнай культуры і спорту.
Зацверджаны план кансультацый паміж міністэрствамі замежных спраў у рамках СНД на наступны год, дапоўнены новымі напрамкамі: пытаннямі праваабарончай тэматыкі ў кантэксце супрацоўніцтва на міжнародных пляцоўках і актуальнымі пытаннямі шматбаковай эканамічнай дыпламатыі.
Адобрана рашэнне аб аб’яўленні Маладзечна культурнай сталіцай Садружнасці ў 2027 годзе.
На пасяджэнні СМЗС зацверджаны палажэнні аб базавых арганізацыях дзяржаў — удзельніц СНД, у тым ліку па навучанні кадраў у сферы процідзеяння тэрарызму і экстрэмізму; па падрыхтоўцы, прафесійнай перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі кадраў у сферы медыяіндустрыі і масавых камунікацый; па развіццю добраахвотніцкага (валанцёрскага) руху.
Адобраны шэраг важных дакументаў для разгляду на пасяджэнні кіраўнікоў дзяржаў.
Чарговае пасяджэнне СМЗС СНД адбудзецца 11 красавіка 2025 года ў Казахстане.
Давайце высветлім, пачым сёння наш галоўны прадукт «зімовага рацыёна», што ў асартыменце ў гэтым лістападзе і які від сала карыстаецца цяпер найбольшым попытам.
«Устаюць раней за ўсіх і пазней за ўсіх кладуцца»
...Як ламае сумеснае актыўнае пераабсталяванне жылля добрыя сем’і, я ведаю не па чутках.