Вы тут

Беларусы ўсё бліжэй да чэмпіянату свету па пляжным футболе


Героі тыдня. У Магілёве прайшоў міжнародны марафон. Першымі дыстанцыю ў 42 км 195 метраў пераадолелі Уладзіслаў Прамаў і Марына Даманцэвіч. Для Уладзіслава Прамава гэтае «золата» стала трэцім на спаборніцтвах у Магілёве. «Назапашваў сілы, рыхтаваўся і трэніраваўся. Пад магілёўскую трасу ад трэнера не было канкрэтных рэкамендацый: ён даў указанне проста бегчы, глядзець на надвор’е і свой стан. Я разумеў, што фантастычных вынікаў тут не пакажаш, бо падчас забегу быў вецер і холад, яшчэ і дождж пайшоў. Я рабіў сваю справу, ні на што не звяртаў увагі», — падзяліўся сваімі ўражаннямі аб забегу Уладзіслаў Прамаў.


Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Каманда тыдня. Зборная Беларусі па пляжным футболе паспяхова стартавала ў адборачным турніры чэмпіянату свету 2025 года. У іспанскім Кадысе ў першым матчы папярэдняй групы D беларусы перамаглі каманду Бельгіі з лікам 11:1. У складзе беларускай дружыны хет-трык у актыве Алега Гапона, па дублі аформілі Ігар Брыштэль і Ягор Гардзецкі, па адным голе забілі Вадзім Бокач, Арцемій Дрозд, Мікіта Чайкоўскі і Юрый Пятроўскі. Пасля фінішу першага групавога этапу адбудуцца паядынкі 1/8 фіналу, пасля якіх восем пераможцаў будуць падзелены на два квартэты. У рамках гэтай стадыі будуць вызначаны чатыры каманды, якія атрымаюць пуцёўкі на чэмпіянат свету. Фінальная частка 13-га планетарнага форуму пад эгідай ФІФА пройдзе ў пачатку мая 2025 года на Сейшэльскіх астравах.

Матч тыдня. Баскетбалісты «Мінска» паспяхова дэбютавалі ў Адзінай маладзёжнай лізе ВТБ. У першым паядынку яны перамаглі ў Казані баскетбалістаў мясцовага УНІКСа з вынікам 70:64. Самым выніковым у складзе мінчан стаў Даніла Семянюк, які набраў 18 ачкоў. У другім матчы мінчане таксама былі мацнейшыя за казанскіх сапернікаў. Вынік другога матча «Мінска» і УНІКСа — 64:83. Першы этап спаборніцтваў завершыцца 9 красавіка 2025 года, пасля чаго васьмёрка найлепшых клубаў прадоўжыць барацьбу за ўзнагароды ў серыях плэй-оф.

Няўдача тыдня. Хакеісты мінскага «Дынама» з паражэння пачалі чарговую выязную серыю ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі сезона — 2024/2025. «Зубры» саступілі сапернікам з хакейнага клуба «Сочы» з вынікам 2:3. Гэта няўдача стала для сталічнага клуба трэцяй у чатырох апошніх матчах. На дадзены момант мінчане займаюць восьмае месца на Захадзе, набраўшы 12 ачкоў у 11 гульнях. Наступны прыпынак дынамаўцы зробяць 8 кастрычніка ў Чарапаўцы — прымаць «зуброў» будзе мясцовая «Поўначсталь».

Лічба тыдня. Беларускія спартсмены заваявалі шэсць узнагарод міжнароднага турніру па настольным тэнісе сярод юніёраў, які праходзіў у грузінскім Батумі. У змешаным парным разрадзе сярод гульцоў да 19 гадоў другое месца занялі Данііл Віторскі і Анастасія Фралова, а ў катэгорыі U15 «серабро» выйгралі Аляксандр Петрашэўскі і Марыя Селівонец. У індывідуальных спаборніцтвах двухразовым прызёрам стала Яна Жадзько, у актыве якой «серабро» сярод дзяўчат да 13 гадоў і «бронза» ў катэгорыі U15. Яшчэ дзве асабістыя бронзавыя ўзнагароды дадалі Ульяна Мяшчанская і Данііл Віторскі ў катэгорыі U19. Турнір WTT Youth Contender у Батумі стаў для беларускіх спартсменаў першым за два з паловай года стартам пад эгідай Міжнароднай федэрацыі настольнага тэніса.

Поспех тыдня. У Токіа завяршыўся клубны чэмпіянат свету па мастацкай гімнастыцы AEON Cup 2024 з удзелам беларускіх спартсменак. Лідар нацыянальнай зборнай Аліна Гарнасько набрала ў мнагаборстве 137,200 бала, што прынесла ёй сярэбраны медаль турніру. Яшчэ адна беларуская спартсменка Ніколь Ляута з сумай балаў 115,200 стала бронзавым прызёрам юніёрскіх спаборніцтваў.

Аб’ява тыдня. У Нацыянальным алімпійскім камітэце Рэспублікі Беларусь адбылася справаздачна-выбарная канферэнцыя Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі. На новы чатырохгадовы тэрмін кіраўніком БФЛА выбраны Іван Ціхан. Вядомы беларускі малатабоец падзякаваў за аказаны давер і запэўніў прысутных, што са свайго боку прыкладзе ўсе намаганні для таго, каб лёгкая атлетыка ўпэўнена развівалася і ў далейшым.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пачым галоўны «зімовы прадукт»?

Пачым галоўны «зімовы прадукт»?

Давайце высветлім, пачым сёння наш галоўны прадукт «зімовага рацыёна», што ў асартыменце ў гэтым лістападзе і які від сала карыстаецца цяпер найбольшым попытам.

Грамадства

Не разбегліся падчас рамонту — жыць вам заўсёды разам

Не разбегліся падчас рамонту — жыць вам заўсёды разам

...Як ламае сумеснае актыўнае пераабсталяванне жылля добрыя сем’і, я ведаю не па чутках.

Эканоміка

Адзіны маёмасны плацеж

Адзіны маёмасны плацеж

Яго неабходна заплаціць да 15 лістапада.