Установы дашкольнай адукацыі даўно перасталі быць тым месцам, куды працуючыя бацькі аддавалі сваіх дзяцей з адзінай важнай для сябе мэтай: каб былі ў бяспецы, накормленыя і дагледжаныя. Сёння прыярытэты змяніліся і сучасны этап развіцця дашкольнай адукацыі характарызуецца ўкараненнем інавацыйных тэхналогій у практыку работы дзіцячых садкоў, з кожным годам дадаюцца новыя нюансы.
Нязменным застаецца толькі той самы далікатны дзіцячы ўзрост, у якім закладваюцца асноўныя асаблівасці асобы дзіцяці, фарміруецца, хай нават на ўзроўні азоў, яго грамадзянская пазіцыя. Часта садок становіцца для дзіцяці першым вопытам жыцця ў соцыуме. І менавіта таму многія педагогі ўпэўнены, што гэта ўстанова адукацыі з’яўляецца для самых маленькіх грамадзян краіны тым фундаментам, на які яны будуць абапірацца, уступаючы ў дарослае жыццё. Разам з тым, нягледзячы на выклікі часу, хочацца, каб дашкольная ўстанова адукацыі заставалася месцам, дзе дзеці былі б шчаслівыя ад зносін з дарослымі і аднагодкамі, каб захоўваліся старыя добрыя традыцыі непаўторнага дзетсадаўскага жыцця…
Сённяшняя размова пойдзе аб тым, якія мэты і задачы стаяць перад адукацыйным ведамствам Беларусі ў сферы дашкольнай адукацыі, якія ёсць праблемы на шляху іх вырашэння, аб тым, якім павінен быць сучасны выхавальнік, і іншым. Наш суразмоўца — намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай.
— Аляксандр Уладзіміравіч, дашкольная адукацыя — важны складнік сацыяльнага жыцця краіны. Як вы сёння ацэньваеце яе якасць і ад чаго, па-вашаму, залежыць гэты паказчык?
— Якасць адукацыі на ўсіх узроўнях, у тым ліку дашкольнай, — пастаянны прыярытэт нашай галіны. Ацэнку ёй даў кіраўнік дзяржавы яшчэ ў 2017 годзе на Рэспубліканскім педагагічным савеце: «Беларуская дашкольная адукацыя не мае аналагаў у свеце. Наша дашкольная адукацыя найлепшая ў свеце». Пагадзіцеся, гэта найвышэйшая ступень прызнання дзейнасці ўсёй сістэмы дашкольнай адукацыі Беларусі. Хачу падкрэсліць, што яе якасць складаецца не толькі з навучальных праграм, вучэбных выданняў і адукацыйных паслуг, якія аказваюцца ўстановамі дашкольнай адукацыі. Галоўны крытэрый ацэнкі — гэта прафесійная кампетэнтнасць педагогаў, паўнавартаснае кадравае забеспячэнне. І тут у нас дастаткова высокія паказчыкі. Доля педагагічных работнікаў з вышэйшай адукацыяй дасягнула 66,3 працэнта, з адукацыяй па кірунку «Педагогіка дзяцінства» — 57,2 працэнта, з вышэйшай і першай кваліфікацыйнымі катэгорыямі — ужо 60,9 працэнта. Высокія паказчыкі ў нас і па ахопе дашкольнай адукацыяй дзяцей ва ўзросце ад 1 года да 6 гадоў — 88,9 працэнта. Усе дзеці пяцігадовага ўзросту праходзяць падрыхтоўку да навучання на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі.
Спецыялістамі было праведзена сацыялагічнае даследаванне па якасці дашкольнай адукацыі, у якім бралі ўдзел як педагогі, так і бацькі. Яго вынікі — 85 працэнтаў станоўчых адзнак. І гэта сведчыць аб высокай комплекснай ацэнцы якасці дашкольнай адукацыі.
— Фарміраванне асобы дзіцяці, на думку спецыялістаў, адбываецца да пяці гадоў. Жывыя зносіны сёння нават у самых малых замяняюцца гаджэтамі. Тое самае адбываецца і з кантактнымі гульнямі. На вашу думку, хто і што можа калі не пераламаць сітуацыю, то задаць ёй патрэбны кірунак?
— Сапраўды, у дашкольным узросце закладваюцца асновы фарміравання асобы ў адпаведнасці з яго ўзроставымі і індывідуальнымі магчымасцямі, здольнасцямі і патрэбамі.
Большую частку часу дзеці ранняга і дашкольнага ўзросту, якія ўжо атрымліваюць дашкольную адукацыю, праводзяць у дашкольных установах адукацыі. Іх развіццё — фізічнае, сацыяльна-маральнае і асобаснае, пазнавальнае, маўленчае і эстэтычнае — адбываецца ў розных відах дзейнасці: пазнавальнай практычнай, гульнявой, працоўнай, мастацкай і, вядома ж, у зносінах. Жывыя зносіны дзіця мае з усімі, хто акружае яго на працягу дня: аднагодкамі, выхавацелем, музычным кіраўніком, кіраўніком фізічнага выхавання і іншымі. Такімі ж жывымі зносінамі напоўнены і розныя формы арганізацыі адукацыйнага працэсу: гульні, заняткі, гульнявыя (адукацыйныя) сітуацыі, назіранні і экскурсіі і іншае. Усё гэта ў дзяцей ёсць, і, паверце, па іх адчуваннях, настроі ўсё гэта не можа замяніць ні адзін гаджэт.
Тое ж датычыцца гульні. У вучэбна-выхаваўчым працэсе дзіцячых садкоў з улікам узроставых асаблівасцяў дзяцей выкарыстоўваецца найбольш шырокі спектр гульняў: сюжэтна-ролевыя, дзеянняў, дыдактычныя, гульні-драматызацыі і іншыя. Усе яны і жывыя, і кантактныя, а ў комплексе спрыяюць рознабаковаму развіццю не толькі асобна ўзятага дзіцяці, але і дзіцячага грамадства ў цэлым.
Бацькі выхаванцаў, дарэчы, з жывым інтарэсам і задавальненнем уключаюцца ў такія гульні, калі ў дзіцячых садках праводзяцца сумесныя — для дзяцей і дарослых — мерапрыемствы.
Шкада, што сёння забытыя і ва ўмовах сямейнага выхавання ўсё менш выкарыстоўваюцца настольныя гульні, такія як лато, даміно, іншыя. У нябыт сыходзяць і так званыя дваровыя гульні: скакалкі, класікі, хованкі, выбівалы, пятнашкі... На шчасце, зусім забыць іх не даюць выхавальнікі ў садках. Вось яшчэ адна перавага ўстаноў дашкольнай адукацыі — там у гэтыя і многія іншыя гульні з нашага дзяцінства малыя і сёння могуць пагуляць са сваімі аднагодкамі і педагогамі.
— Як пераламаць сітуацыю з павальным захапленнем дзецьмі тэлефонамі, планшэтамі і іншымі сучаснымі прыладамі?
— Перакананы, трэба працаваць з бацькамі. Менавіта яны павінны больш аддаваць часу зносінам са сваім дзіцем, гуляць з ім, прывучыць такім чынам да думкі, што гульні, размовы, карысныя заняткі з мамай ці татам не заменіць ні тэлефон, ні камп’ютар, ні тэлевізар.
Што да ўстаноў адукацыі, то тут усё рэгламентавана.
— Калі можна, пра гэта падрабязней.
— Возьмем, напрыклад, персанальныя электронна-вылічальныя машыны (ПЭВМ) і відэадысплейныя тэрміналы (ВДТ). Карыстанне імі дзецьмі дапускаецца з пяці гадоў. А ва ўзросце ад 5 да 6 гадоў забараняецца выкарыстанне партатыўных ПЭВМ і ВДТ. Гэта рэгламентуе спецыяльны дакумент — спецыфічныя санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні да зместу і эксплуатацыі ўстаноў адукацыі, зацверджаны пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 7 жніўня 2019 г. № 525. Ёсць яшчэ адзін дакумент — «Патрабаванні пры рабоце з відэадысплейнымі тэрміналамі і электронна-вылічальнымі машынамі», зацверджаны пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 28 чэрвеня 2013 г. № 59, які вылучае для педагогаў і юных карыстальнікаў гаджэтамі цэлы шэраг патрабаванняў. Дашкаляты 5-6 гадоў не могуць карыстацца партатыўнымі ПЭВМ — нэтбукамі, ноўтбукамі, а таксама планшэтамі, электроннымі кнігамі і іншымі. Згодна з дакументам, заняткі праводзяцца не больш за два разы на тыдзень, а працягласць бесперапыннага занятку, звязанага з фіксацыяй позірку непасрэдна на экране відэаманітора ПЭВМ, павінна складаць не больш за 10 хвілін. Не дапускаецца адначасовае выкарыстанне аднаго ПЭВМ для дваіх і больш дзяцей. Абавязкова гульнявыя заняткі праводзяцца ў прысутнасці педагагічнага работніка. А вось выкарыстанне камп’ютарных гульняў з напружаным тэмпам і жорсткім зместам і зусім забаронена.
— «Экранная залежнасць» дашкалят нараджае яшчэ адну праблему, пра якую гавораць усё часцей і ўсё з большай трывогай, — нізкую камунікатыўнасць дзяцей.
— Мяркую, калі бацькі будуць прытрымлівацца правіл, аб якіх мы казалі вышэй, і дома пры выкарыстанні гаджэтаў, калі яны будуць захапляць сваіх дзяцей чымсьці цікавым, захапляльным у працэсе зносін з імі, аб «экраннай залежнасці» не трэба будзе турбавацца.
У гэтай справе галоўнымі памочнікамі бацькам павінны стаць педагогі. Менавіта за імі стаіць такая важная частка работы, як інфармацыйна-асветніцкая. Сучасных бацькоў таксама трэба вучыць: як гуляць з дзецьмі, у што гуляць і гэтак далей. Ёсць у гэтай справе яшчэ адны вельмі добрыя памочнікі — навучальныя і навучальна-наглядныя выданні для ўстаноў дашкольнай адукацыі. Дапаможнікі складзены такім чынам, што многія з іх можна выкарыстоўваць не толькі ў дзіцячым садку, але і дома, ва ўмовах сямейнага выхавання. Я нават назаву некаторыя з іх: вучэбна-метадычны комплекс «Мае першыя ўрокі», серыі «Сцежкі пазнання», «Старонкі роднай зямлі», «Свет дзяцінства», «Жыла-была казка», «Разумней!» і іншыя. Гульні і гульнявыя практыкаванні, адукацыйныя сітуацыі, якія вы там знойдзеце, дапамагаюць не толькі развіваць інтэлект дзіцяці, але і збірацца разам членам сям’і, адчуваць радасць зносін, цікава камунікаваць адно з адным.
— Праблемы, аб якіх мы казалі вышэй, у сучаснай дашкольнай адукацыі далёка не адзіныя. Каб нівеліраваць іх, выхавацелю патрэбны і асаблівыя падыходы, і дадатковыя веды. Як мінімум сучаснай дзіцячай псіхалогіі…
— Так, сапраўды, сёння да выхавацеля нароўні з іншымі кваліфікацыйнымі патрабаваннямі прад’яўляецца і такое, як веданне дзіцячай, узроставай, педагагічнай і сацыяльнай псіхалогіі, а таксама шэраг іншых.
— Які педагог павінен працаваць у сучаснай установе дашкольнай адукацыі?
— У сучаснай установе дашкольнай адукацыі павінен працаваць высокакваліфікаваны спецыяліст, які валодае як базавымі ведамі і навыкамі ў галіне дашкольнай педагогікі і псіхалогіі, методыкамі дашкольнай адукацыі, так і разнастайнымі сучаснымі метадамі і тэхналогіямі арганізацыі адукацыйнага працэсу. У тым ліку камукацыйнымі, з улікам узроставых асаблівасцяў дзяцей і індывідуальных запатрабаванняў у атрыманні адукацыі. Пры гэтым усё роўна, кім ён працуе: выхавацелем дашкольнай адукацыі, музычным кіраўніком, кіраўніком фізічнага выхавання або загадчыкам дзіцячага садка.
Але перш за ўсё гэта павінен быць чалавек, які любіць дзяцей і сваю прафесію, які ўмее знаходзіць падыход да кожнага дзіцяці. Чалавек, які ўмее не толькі вучыць дзяцей, але і сам здольны вучыцца ў іх асоба актыўная і адкрытая ўсяму новаму.
Упэўнены, у прафесію педагога на любым узроўні адукацыі, а тым больш на ўзроўні дашкольнай, неабходна ісці па прызванні. Бо прафесіяналізм, неабыякавасць тых, хто цяпер працуе з дзецьмі, — усё гэта вельмі важна для таго, каб дапамагчы кожнаму малому раскрыць свае здольнасці, найлепшыя чалавечыя якасці, здабыць веды і духоўныя каштоўнасці, зберагчы і прымножыць дасягненні, якімі славіцца наша краіна.
— Яшчэ адзін важны момант — узаемадзеянне з бацькамі. Педагог дзіцячага садка і бацькі павінны выхоўваць дзіця ў цесным партнёрстве. Гэта ў ідэале. Ці так гэта на самай справе?
— Узаемадзеянне з бацькамі — сапраўды вельмі важны момант, я б нават сказаў неабходная ўмова выхавання шчаслівых і здаровых дзяцей.
Педагогі імкнуцца зрабіць для сваіх выхаванцаў усё, што ад іх залежыць. Пры гэтым не варта забываць, што першачарговая, значная роля ў развіцці дзіцяці, асабліва маленькага, належыць сям’і. Менавіта тут яно праходзіць першую школу чалавечых адносін, засвойвае нормы паводзін, каштоўнасці, культурныя традыцыі сваіх продкаў, свайго народа. У дзіцячы садок прыходзяць дзеці з розных сем’яў. І педагогі вельмі выразна бачаць, што поспехі сямейнага выхавання шмат у чым залежаць ад агульнай культуры бацькоў, іх псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці і досведу.
У працэсе ўзаемадзеяння з сем’ямі ўдасканальваецца педагагічная пазіцыя бацькоў і педагогаў дзіцячага сада, фарміруецца пры гэтым і адзінства ў поглядах на дзіця як на самакаштоўнасць, індывідуальнасць і непаўторнасць, што важна для паўнацэннага развіцця яго асобы, захавання і ўмацавання яго здароўя, у тым ліку псіхалагічнага.
Адной з функцый прафесійнага ўзаемадзеяння спецыялістаў установы дашкольнай адукацыі з сем’ямі выхаванцаў з’яўляецца садзейнічанне ў фарміраванні адказнага пазітыўнага бацькоўства. Супрацоўнічаючы з бацькамі, зацікавіўшы іх сумеснай дзейнасцю ў працэсе гэтага супрацоўніцтва, педагогі таксама маюць магчымасць папоўніць багаж сваіх ведаў і ўменняў.
А ўдзел бацькоў у розных формах арганізацыі адукацыйнага працэсу сыграе на павышэнне яго якасці і эфектыўнасці, унясе ў яго асаблівы эмацыянальна-пазітыўны зарад і, што самае галоўнае, узмоцніць прыцягальнасць гэтага працэсу для дзяцей.
Такога роду супрацоўніцтва спрыяе яднанню педагагічнага і бацькоўскага калектываў, нараджае ў іх пачуццё «мы», пачуццё прыналежнасці да адной каманды.
— Ці ёсць прыклады такога эфектыўнага супрацоўніцтва?
— Колькі заўгодна. Напрыклад, дзейнасць сямейнага клуба «Спадчына» ў дзіцячым садку № 76 г. Мінска, дзе ідзе фарміраванне ў дашкалят грамадзянскасці і патрыятызму. У Наваполацкім дзіцячым садку № 3 штогод праводзіцца фестываль сямейнай творчасці «Тэатральная вясна». На працягу сямі гадоў рэалізоўваецца праект «Здаровы дзіцячы садок» у ДУА «Дзіцячы садок № 4 г. Ганцавічы». Работа па фарміраванні адказнай бацькоўскай пазіцыі вядзецца ва ўстанове адукацыі «Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці г. п. Дзітва» Лідскага раёна. І такіх адрасоў карыснага досведу можна назваць яшчэ вельмі шмат.
— Якія задачы ставяцца сёння ў прыярытэт: выхоўваць ці навучаць, падрыхтоўваючы дзіця да школы?
— Яшчэ вялікі класік Леў Талстой казаў пра тое, што «і выхаванне, і адукацыя непадзельныя — нельга выхоўваць, не перадаючы веды, усякія ж веды выхаваўчыя».
І сёння гэтая думка актуальная як ніколі.
Пачынаючы з дзіцячага садка, акрамя перадачы ведаў, у выхаванцаў фарміруюць уяўленні аб свеце і родным краі, навыкі камунікацыі і ўзаемадзеяння з іншымі людзьмі (аднагодкамі, дарослымі), выхоўваюць маральнасць, патрыятычныя пачуцці, працавітасць, далучаюць да агульначалавечых каштоўнасцяў, нацыянальных культурных традыцый. Напрыклад, усталёўваючы вызначаныя заканамернасці ў навакольным прыродным і рукатворным свеце, дзіця разумее, што ставіцца да яго трэба беражліва і адказна.
Пры гэтым выхаванне і духоўнае фарміраванне асобы з’яўляюцца неад’емнай часткай адукацыйнага працэсу. Выхаванне накіравана на развіццё такіх асобасных якасцяў, як дысцыпліна, павага да іншых, талерантнасць і маральнасць.
І педагогі, і бацькі не толькі навучаюць сваіх дзяцей, але і перадаюць ім маральныя прынцыпы і каштоўнасці. Напрыклад, падкормліваючы зімой птушак, дзіця не толькі праяўляе пра іх клопат, але і вучыцца розным спосабам догляду, запамінае віды птушак, іх назвы і адметныя прыкметы. Пры арганізацыі працоўнай дзейнасці на ўчастку дзіцячага садка або на дачным участку дарослыя выхоўваюць у дзяцей не толькі працавітасць, фарміруюць у «жывых зносінах» уменне сумесна з дарослымі і аднагодкамі даглядаць расліны, але і замацоўваюць навыкі падліку, арыентавання ў прасторы і іншае.
Дарослыя, праводзячы час з дзецьмі, фарміруюць у іх эмацыянальную сувязь, вучаць іх дабрыні і спагадзе. Такое выхаванне садзейнічае развіццю сацыяльнай адаптацыі і фарміраванню пазітыўнага стаўлення да навакольнага свету.
Такім чынам, прытрымліваючыся формулы «навучаючы — выхоўваць, выхоўваючы — навучаць», педагог можа не толькі падрыхтаваць дзіця дашкольнага ўзросту да наступнай прыступкі адукацыі — школы, але і выхаваць гарманічную, цэласную асобу.
Гутарыла Алена ВІНАГРАДАВА
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.
Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.