Вы тут

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню


У мінулую нядзелю архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята. Дата 6 кастрычніка для Дня архівіста абрана невыпадкова: менавіта 6 кастрычніка 1994 года быў прыняты першы ў гісторыі Беларусі спецыяльны Закон «Аб нацыянальным архіўным фондзе і архівах Рэспублікі Беларусь». За 30-гадовы перыяд сучаснага развіцця архіўная галіна прайшла значны эвалюцыйны шлях. Сёння архівы — не проста ўстановы, у якіх захоўваюцца дакументы, а сапраўдныя гісторыка-асветніцкія цэнтры. Як адзначыў падчас сустрэчы ў Нацыянальным прэс-цэнтры дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Алег Воінаў, роля архіваў — звязваць мінулае і будучыню.


Людміла Студзінская — вядучы архівіст аддзела забеспячэння захаванасці дакументаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва. У яе руках — альбом бацькі Максіма Багдановіча Адама Ягоравіча, вядомага этнографа. У альбоме захоўваюцца старыя сямейныя фота перыяду 1896—1908 гадоў.

Работа на апярэджванне

Сярод асноўных задач, якія стаяць сёння перад архівамі, — камплектаванне, захаванне і папулярызацыя дакументаў. Штогод нашы архівы папаўняюцца на больш чым сто тысяч адзінак захоўвання. Гэтыя дакументы маюць гістарычнае, навуковае, сацыяльнае, палітычнае і культурнае значэнне. На сёння нацыянальны архіўны фонд — 13 мільёнаў 840 тысяч адзінак захоўвання. Дзякуючы падтрымцы дзяржавы, істотна ўмацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база: рэканструююцца, перапрафіліруюцца будынкі пад захоўванне дакументаў. Так, сёлета адкрыліся новыя архіўныя сховішчы ў Гомелі і Віцебску, на завяршальным этапе рэканструкцыя ў Магілёве і Гродне. Ужо прайшоў экспертызу праект па будаўніцтву новага архіва ў Мінску, які зможа прыняць 1,5 мільёна адзінак захоўвання. Дзякуючы такім захадам, установы змогуць зберагаць ужо больш за 3 мільёны дакументаў, а гэта праца на апярэджванне — бо такіх плошчаў хопіць на тое, каб прымаць новыя крыніцы 8-10 гадоў. Ва ўстановах праводзяцца капітальны і бягучы рамонты. Практычна ва ўсіх архівах адрамантаваны і забяспечаны новым абсталяваннем чытальныя залы, што дазваляе стварыць камфортныя ўмовы для наведвальнікаў. З набыццём сучаснага скануючага абсталявання павялічыліся аб’ёмы аблічбоўкі архіўных дакументаў. Толькі за гэты год будзе пераведзена «ў лічбу» каля 1 мільёна 900 тысяч электронных старонак. Штогод праводзяцца работы па рамонту і рэстаўрацыі архіўных дакументаў, звыш 60 тысячам лістоў архіўных дакументаў даецца другое жыццё. 

У межах выканання даручэння прэм’ер-міністра, якое ён даў 5 жніўня 2022 года пры наведванні архіва кінафотафонадакументаў, вялікая ўвага надаецца інфармацыйна-асветніцкай рабоце. «Мы разумеем, што дакументальныя крыніцы — гэта дзейсны інструмент супрацьдзеяння спробам фальсіфікацыі айчыннай гісторыі», — адзначыў Алег Воінаў. Таму супрацоўнікі архіваў рыхтуюць і прэзентуюць звыш 350 выставачных праектаў. Дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў за некалькі гадоў у рамках праекта «Біяграфія маёй краіны» было створана каля 250 відэасюжэтаў, якія асвятляюць важныя падзеі і знамянальныя даты. Сёлета створана больш 10 дакументальных фільмаў, прысвечаных вызваленню Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Упершыню Дэпартаментам па архівах і справаводстве арганізаваны і праведзены прэм’ерны паказ дакументальнага фільма «Вызваленне» у адзін дзень і час адразу ў 16 гарадах. Наогул праведзена больш 500 мерапрыемстваў па дэманстрацыі ва ўстановах адукацыі і на прадпрыемствах кінафотафонадакументаў. 

Асветніцкай працай ахоплена падрастаючае пакаленне. У межах рэспубліканскай акцыі «Архівы — школе» з 2022 года праведзена звыш 2,5 тысяч мерапрыемстваў, якія наведалі больш 35 тысяч школьнікаў і студэнтаў. Для навучэнцаў чытаюцца лекцыі, дэманструюцца хронікі, праводзяцца экскурсіі па архівах.

Зазірнем у партызанскі архіў

Сёння архівы займаюцца і выдавецкай дзейнасцю. На высокі ўзровень такая работа пастаўлена ў Нацыянальным архіве. Тут нават створаны аддзел публікацый. Яго супрацоўнікі працуюць над зборнікамі дакументаў, манаграфіямі, даведнікамі, прэзентацыйнымі альбомамі, навукова-папулярнымі выданнямі. 

—Гістарычная памяць, падзеі Вялікай Айчыннай вайны — сёння ключавыя тэмы ў рабоце Нацыянальнага архіва, — заўважыў намеснік дырэктара Нацыянальнага архіва Святаслаў Кулінок. — Тут шэраг аспектаў, якія вывучаюцца ўжо не першы год — акупацыйны перыяд, генацыд, спаленыя вёскі (у рамках гэтай тэмы выдадзена 13 зборнікаў дакументаў, і гэта фактычна самастойны навуковы кірунак), гісторыя партызанскага руху, мемарыялізацыя памяці, аднаўленне Рэспублікі Беларусь пасля вайны. 

На сёння Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь — адзіны на постсавецкай прасторы, дзе сістэмна вывучаюцца карныя аперацыі, уводзяцца ў навуковае абарачэнне новыя архіўныя дакументы. Дзякуючы рабоце Генеральнай пракуратуры, у рамках даследавання крымінальнай справы аб генацыдзе вядома, што буйных карных аперацый было не менш 187. У сувязі з гэтым Нацыянальным архівам выдадзены зборнікі «Зімняе чараўніцтва», «Котбус» і «Кармаран». Сёлета быў надрукаваны зборнік дакументаў аб злачынствах у ходзе карных аперацый супраць партызан Полацка-Лепельскай партызанскай зоны «Імжа» і «Вясенняе свята». Цяпер на гэтай тэрыторыі ў раёне Ушач знаходзіцца мемарыяльны комплекс «Прарыў». У зборніку надрукавана больш за 560 дакументаў, большасць з іх уведзена ў навуковае абарачэнне ўпершыню. На лістапад запланавана прэзентацыя зборніка «Зімняе чараўніцтва».

Гэта другое выданне, выпраўленае і дапоўненае новымі дакументамі, актуалізаваныя звесткі па злачынствах фашыстаў і іх паслугачоў, па знішчаных вёсках.

Новы выдавецкі праект «Партызанскі архіў» у першую чаргу арыентаваны на моладзь. Гэта кнігі невялікага аб’ёму (да 50 старонак), добра ілюстраваныя, напісаныя ў навукова-папулярным стылі. Для іх выбіраюцца цікавыя, раней мала вывучаныя тэмы. Напрыклад, сёлета выйшла кніга «Мастацкая творчасць партызан», на наступны год плануецца выдаць кнігі з расповедам пра жанчын-партызанак і пра побыт народных мсціўцаў (як апраналіся, што елі, як наладжвалі жыццё ў лесе, бавілі вольны час). У рамках гэтага праекта — не толькі выданне кніг, але і правядзенне штогадовай міжнароднай канферэнцыі, дзіцячых партызанскіх чытанняў, падрыхтоўка зборнікаў артыкулаў.
Пра выданне кнігі «Аперацыя Баграціён. Партызаны беларускай зямлі» Святаслаў Кулінок сказаў, што гэта першы сур’ёзны вопыт работы і Нацыянальнага архіва, і архіўнай галіны ў цэлым на вельмі высокім узроўні, бо праект рэалізоўваўся ў рамках праграмы «Бібліятэка Саюзнай дзяржавы». Непасрэднае кіраўніцтва і куратарства вёў дзяржсакратар Дзмітрый Мезенцаў. 22 чэрвеня адбылася прэзентацыя кнігі. Ужо можна сказаць, што праект атрымаўся — тыражы разышліся, адчуваецца запатрабаванасць у навуковай супольнасці, у грамадстве. У аснове праекта — дакументы, але стыль выкладання, афармленне зроблены так, каб кніга была зразумелай любому, хто ўзяў яе ў рукі.

На наступны года запланаваны шэраг выдавецкіх праектаў, звязаных з 80-годдзем Вялікай Перамогі. Сярод іх — сумесны праект беларускіх і расійскіх архівістаў пра карныя аперацыі нацыстаў на расійска-беларускім памежжы. Гэты праект звязаны з падрыхтоўкай зборніка па «Суражскіх варотах» — пакуль малавядомай у шырокім грамадстве старонцы гераічнай партызанскай барацьбы.

Новы стары летапіс

З 2022 года архівы развіваюць новы накірунак: тут робяць не толькі простыя відэаролікі, але і дакументальныя стужкі. Адным з імпульсаў да гэтага стала падтрымка дзяржавы, дзякуючы якой Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў набывае сучаснае абсталяванне па рабоце з аўдыёвізуальнымі дакументамі, па іх рэстаўрацыі, праглядзе, сканіраванні. 

— Наша ўстанова ўнікальная ў архіўнай галіне. Склад фондаў захавання гісторыі, якую можна пабачыць і пачуць за перыяд больш чым у сотню гадоў, разнастайны жанрава, тэматычна і налічвае сотні тысяч адзінак захоўвання, — заўважыў дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў Андрэй Ганчар.

Архіў працягвае папаўняць свае фонды, штогод прымае больш за дзесяць тысяч новых дакументаў. Крыніцамі камплектавання з’яўляюцца Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм», Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія, фотатэкі рэдакцый газет і часопісаў, многія іншыя арганізацыі, калекцыянеры.

Установа мае вялікі вопыт работы з тэлекампаніямі, на тэлебачанні рэгулярна выходзяць праекты, у якіх выкарыстоўваюцца аўдыёвізуальныя дакументы. У 2022 годзе сумесна з Агенцтвам тэленавін Белтэлерадыёкампаніі пачаты праект «У адкрытым доступе». Прапанаваная тэлежурналістамі форма падачы раней не выкарыстоўвалася на беларускім тэлебачанні ў адносінах да дакументальных матэрыялаў. Кароткі і дынамічны ролік з яскравай застаўкай працягласцю да 4 хвілін прадстаўляе зманціраваныя фрагменты архіўнай хронікі. Незвычайны фармат дазваляе праводзіць гістарычныя паралелі з падзеямі, якія адбываюцца ў краіне і свеце. Побач з глабальнымі тэмамі, такімі як генацыд беларускага народа, міжнароднае супрацоўніцтва, развіццё розных галін прамысловасці і народнай гаспадаркі, асобныя выпускі асвятляюць і бытавыя з’явы і працэсы: спякоту, уборку бульбы, выпускныя вечары ў школах. Выйшла ўжо больш за сто сюжэтаў. У верасні 2023 года пачалася рэалізацыя тэлепраекта «Без рэтушы», які зроблены яшчэ больш кароткім і дынамічным, бо ў ім выкарыстоўваюцца толькі фотадакументы.

З 2023 года рэалізуецца маштабны рэспубліканскі праект «Адкрыты кінаархіў», у рамках яго вядзецца стварэнне дакументальных стужак і сацыяльнай рэкламы на аснове дакументальнай кінахронікі. Сацыяльная рэклама можа падавацца ў тым ліку на транспарце. Атрыманы дазвол на дэманстрацыю дакументальных фільмаў у кінатэатрах і іншых месцах масавага паказа. Праект «Адкрыты кінаархіў» адраджае традыцыі кіначасопіса «Савецкая Беларусь», які ў мінулым карыстаўся попытам. Новыя сучасныя выпускі аб’ядноўваюць хранікальны матэрыял па тэматычнай прыкмеце, прысвечаны вызваленню Беларусі. У далейшым плануецца працягваць рабіць сюжэты, якія звязаныя з гісторыяй дзяржавы.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота аўтара і Віктара ІВАНЧЫКАВА

Загаловак у газеце: Захавальнікі гісторыі

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.

Транспарт

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

«На крылах» — каля 2 мільёнаў пасажыраў.

Сацыяльная падтрымка

У каго і на колькі вырасце пенсія?

У каго і на колькі вырасце пенсія?

Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.

Здароўе

Якую небяспеку тоіць тэфлон?

Якую небяспеку тоіць тэфлон?

Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.