Вы тут

Што пачытаць у жнівеньскай «Маладосці»?


Жнівеньская «Маладосць» выйшла з яскрава-зялёнай вокладкай са знакамітымі балконамі і вокнамі Мішы Дайлідава. Форзацы ў аздобе маладога мастака Антона Тызенгаўза задаюць настрой на складаныя тэмы. Восьмы нумар прадстаўлены прозай Мацвея Лішына, Андрэя Сідарэйкі, Алёны Беланожкі, Алеся Бычкоўскага, Філмара Плэйса, паэзіяй Валянціны Вандзіч, Святланы Тарасевіч, Наталлі Тарабеш, Генрыха Тарасевіча і Анатоля Зэкава. Апавяданні нямецкага пісьменніка Курта Тухольскага з’явіліся ў «Перакладах». У рубрыцы «Інтэрв’ю» — гутарка з беларускай галерысткай, бізнес-лэдзі Кацярынай Давыдавай-Вісоцке. Фальклорная спадчына, сабраная Адамам Багдановічам, змешчана ў «Знаках эпохі» ў апрацоўцы вучняў Халопеніцкай школы, а Кастусь Лешніца працягвае хронікі літаратурнага жыцця ў 1966–1985 гг. у рубрыцы «З архіваў». Пра новы зборнік твораў Алеся Бадака ў Кітаі распавядае Вераніка Карлюкевіч у «Літаратурным свеце». У «(Аб)меркаванні» Наталля Бахановіч суб’ектыўна і абгрунтавана прапаноўвае паразважаць пра функцыю адмоўнага героя ў культурнай прасторы. Ясенія Аляксеева аглядае харэаграфічны спектакль «Шынель», пастаўлены па творы Мікалая Гогаля. Увесь выпуск прасякнуты тэмай антаганізму дабра і зла ў разнастайных формах. У апытанках нумара «Любімыя кнігі майго юнацтва» і «Друкаваныя выданні vs электронны носьбіт» прынялі ўдзел Святлана Тарасевіч, Алёна Беланожка, Яўгенія Паўлава і Жанна Міус. 


Навела Мацвея Лішына «Што робяць паэты пасля...» ставіць экзістэнцыяльныя пытанні праз унутраны маналог і дыялогі, якія бачацца трызненнем, фантасмагорыяй, што выбудоўваецца ў свядомасці галоўнага героя. Праблемы значэння і прызначэння творцы і слова гучаць без перапынку, злучаюцца ў прадмеце, што вандруе з аднаго свету ў іншы. Адбываецца цікавая гульня з інтэртэкстам і хранатопам: устаўкі «паэзіі моманту» — тэкст у тэксце, з’ява, якую можна апісаць побытава. Паэт намагаецца рамантызаваць, дэталізаваць, расквеціць, напрыклад, эпізод, які абазначаны фразай «вось такі дэкадэнцкі заняпад». Хуткая змена месцаў дзеяння, прадметаў у руках, пастаяннае «яканне» (ужыванне канструкцый я+дзеяслоў) быццам наўмысна пасяляюць чытача ў цела героя-апавядальніка. 

«Калі ўважліва прыгледзецца да той ці іншай рэчы, можна ўбачыць, як маленькія літаркі, быццам бурбалкі кіпеню над рондалем, узлятаюць уверх і падаюць назад, утвараючы адну вялізную масу».

Вясёлы, крыху нават хуліганскі цыкл Адрэя Сідарэйкі «Пра што я думаў, калі стаяў у куце» — каля дваццаці празаічных мініяцюр міленіялам пададуцца настальгічнымі, а прадстаўнікам малодшых пакаленняў дапамогуць даведацца, чым дыхалі іх папярэднікі. Выпадкі з самага маленства і далей, і далей, праз хлопчыкаў і дзяўчынак, якія растуць і асэнсоўваюць жыццё, гучаць, раскрываюцца здарэнні сараматныя, з чаканым пакараннем і ўсведамленнем вінаватасці і, наадварот, балюча несправядлівыя, але занатаваныя ў памяці як досвед, шмат жа сітуацый з хэпі-эндам, вырашаных найлепшым чынам. Гумарыстычныя апавяданні нясуць у сабе пазітыў і святло, асабліва падкрэсліваецца каштоўнасць сям’і і сяброўства.

«У той дзень у мяне з’явілася думка, што кут — мой спадарожнік жыцця, мой талісман».

Публікацыя «Скарбашукальнікі» Алёны Беланожкі — дванаццаць містычных гісторый пра тое, як скарбы прыходзяць да людзей у рукі. Шэсць папярэдніх былі надрукаваны аж у № 2 за 2023 год(!). Тэксты расказваюць пра багаты на схаваныя ў зямлі каштоўнасці, шчодры на дзівосы і на незвычайныя здарэнні край над Друццю: тут можна пагаварыць з жывёламі — істотамі паралельнага свету, выратаваць дзяўчыну-вярфокса (прасцей кажучы, лісу-пярэваратня) з кітайскімі каранямі пры дапамозе таннага шклянога шарыка, пагуляць з нячысцікамі ў карты і перамагчы дзякуючы сучасным фотахромным лінзам акуляраў... У тэкстах прысутнічае спадчына сусветнай і беларускай міфалогіі і фальклору, фантастычнай літаратуры як беларускай, так і замежнай. Працяг будзе. 

«Самы бясцэнны скарб — гэта нашы сябры. Іх да нас прыводзіць неба».

Казка для дарослых Алеся Бычкоўскага «Тры, чатыры, пяць — ужо іду цябе шукаць!» — працяг айчынных варыяцый на тэму фэнтэзі. Дэтэктыўная гісторыя пра міліцыянера, вакол якога разгортваюцца складаныя для ўяўлення і разумення падзеі. Дарослы псіхічна здаровы чалавек не зможа паверыць у падобныя анамаліі, пакуль не пабачыць усё на свае вочы. Ізноў паўстаюць пытанні аб існаванні вышэйшых сіл, якія змагаюцца з грэшным чалавецтвам, абараняючы слабых, караючы злачынцаў. У выглядзе каго/чаго можа быць гэтае «дабро з кулакамі»? Метэарыта, мульцяшкі-Лунціка, зайкі-пабягайкі з кулямётам ДШК? 

«Што, калі Хтосьці зверху назірае за намі, бачыць усе нашыя хлусы ды падман, здрады, хібы, недахопы ды вырашыў дапамагчы нам выправіцца?»

Філмар Плэйс для апавядання «Ганаровая пенсія Барсіка» выбірае, на першы погляд, трывіяльныя абставіны: вёска, якая вымірае, чалавека паважанага веку дзеці ўгаворваюць перабрацца ў горад дзеля палёгкі ў побыце і заспакаення ўласных нервовых сістэм. Гаспадар жа задаецца пытаннем: што рабіць са сваім немаладым гадаванцам-сабакам? Не будзем раскрываць фінал, але, зрэшты, у сусветнай літаратуры можна прыгадаць падобныя сюжэты. Хочацца сказаць шаноўнаму аўтару: напэўна, вы дасягнулі мэты — дастукаліся да эмацыянальнай сферы чытача, бо я злуюся на галоўнага героя. Тэкст падштурхоўвае разважаць: чаго вартая сіла чалавека перад слабейшым? Гэта міласэрнасць? Або гэта нежаданне прымаць адказнасць за таго, каго прыручыў? Ці простае жаданне пагуляць у Бога?

«Ні ў чым цяпер няма сэнсу».

Маладая паэзія адкрываецца вершамі Валянціны Вандзіч. Тут прысутнічаюць развагі аб пакліканні, лёсе і радзіме. Падкрэсліваюцца значнасць, важкасць слова і слабасць, няўлоўнасць вершаванага радка, праяўляецца жаданне стаць творцам, зрабіць нешта важнае: 

Я зноў гляджу: бясконца ззяе неба,

Кудзеляй сцелецца туман 

ля светлых хат.

І мне б гарэць... і мне бы, мне бы, мне бы

Пякуча ззяць, як талер ці дукат,

Мядовым сонцам у траве зялёнай.

«Горыч»

Святлана Тарасевіч прапаноўвае два вершы на розныя тэмы, ды аднолькава роспачныя. «Мая планіда плача ўночы...» — тэкст, у якім праяўляецца імкненне да няўлоўнага шчасця, «Мой выклік» — пра самаразбурэнне, сілу пачуццяў без адказу: 

...А на мне і дасюль абцугі,

Што не ўпалі ў той барацьбе.

Вынішчала сваё каха... — і

Ненаўмысна забіла сябе.

Сталая паэзія кантрастуе з папярэднімі творамі. Распачата ёмістай нізкай настаўніцы Наталлі Тарабеш — філасафічна-пейзажнай і кранальнай, у якой адчуваецца і палёт думкі, і адначасова цвёрдая прывязанасць да зямлі і ўпэўненасць. Натхненне наваколлем роўна любові да роднага ў паэтэсы:

На гэтай зямлі для мяне як аснова

(Душою спазнаю яе таямніцы):

Дзе родная сцежка, дзе матчына слова,

Там вечны крышталь жыватворнай

Крыніцы.

«Аснова жыцця»

Далей — вершы Генрыха Тарасевіча. Згадваючы першае юнацкае каханне, аўтар дэкларуе народжаную ім ісціну: «Што ўпершыню — усё навек». У іншым вершы робяцца высновы аб ролі чытання ў жыцці, у тым ліку значэнне яго для творцы: 

Чытаў я таксама патрэбныя кніжкі,

Як некалі мудры Высоцкі спяваў.

Што зведаў з чытання — 

не згінула ў лішку,

А стала падмуркам пісьменніцкіх

спраў.

«Наконт чытання»

Нізка Анатоля Зэкава — з кароткіх радкоў (бы на хаду выхопліваў аўтар словы і складаў таропка і ўмела). Прысвечана звыклай будзённасці, якую паэт напоўніў светлым пачуццём да ўсяго, што атачае, прамаляваўшы вёску, хату, студню, лён... Умоўна ў падборцы можна вылучыць асобныя падтэмы: сельскае жыццё, любоў (да маці, да Айчыны, да дома, да дзяцей) і каханне. 

У першым выпадку паэт шкадуе аб тым, што драбнеюць і без таго маленькія населеныя пункты, а плён працы селяніна ўжо не так патрэбен. Персанальны анёл-ахоўнік і настаўнік для Анатоля Зэкава — мама:

«Да ўсяго прывыкаецца,—

так казала мне мама.— 

Жыць на свеце і каяцца

прывыкаеш таксама».

 

З кім сягоння параіцца,

бо на могілках мама?

А навучаны каяцца

я ад мамы таксама.

«***Да ўсяго прывыкаецца...»

Што з каханнем? Значная частка публікацыі адведзена вершам, звернутым да жанчыны, з кантэксту — да жонкі пісьменніка. У чымсьці творы сур’ёзныя, у чымсьці — гуллівыя, як, напрыклад, наступны:

Калючая, як ружа,

штодня адно — сваволіш.

О, як тваім быць мужам, 

калі ўсяго абколеш.

 

Ды толькі ўсё я ўзважу —

і думаецца штосьці:

калі б была інакшай —

наўрад ці б накалоўся. 

«***Калючая, як ружа...»

Некалькімі апавяданнямі папоўніліся «Пераклады» дзякуючы высілкам Яўгеніі Паўлавай. На беларускай мове з’явіліся апавяданні нямецкамоўнага пісьменніка і журналіста з надзвычай пакручастым і трагічным лёсам Курта Тухольскага (1890–1935). Перакладчыца, якая падрыхтавала і ўступнае слова да публікацыі, адзначае: «...уласныя творы Курт Тухольскі пры жыцці лічыў неперакладальнымі з-за шматлікіх дыялектызмаў у іх, што, сапраўды, вельмі ўскладняе працу над імі».

Інтэрв’ю не ў духу традыцый пытальна-адказнай сеткі зрабіла Ксенія Зарэцкая з заснавальніцай вядомай беларускай галерэі DK Gallery Кацярынай Давыдавай-Вісоцке. Тэмы прыватныя і прафесійныя асвятляюцца як ад першай асобы, так і з пазіцыі назіральніка. 

«Я прытрымліваюся ўстаноўкі: знайсці сваіх — і супакоіцца».

«Знакі эпохі» прадстаўляюць адаптацыю для сучаснага чытача пяці (з 21!) твораў вуснай народнай творчасці, сабраных Адамам Ягоравічам Багдановічам у Халопенічах (цяпер — Крупскі раён Мінскай вобласці). Апрацоўкай займаліся вучаніцы мясцовай школы Паліна Нікіценка, Любоў Слабуха і Дар’я Мыцько. 

Для тых, хто чакаў. Трэцяя частка хронікі літаратурнага жыцця ў 1966 — 1985 гг. Кастуся Лешніцы змешчана ў рубрыцы «З архіваў» (папярэднія знойдзеце ў № 6–7 за 2024 г.). Гэтым разам ахоплены падзеі 1974–1976 гг., сярод знакавых, напрыклад, атрыманне Васілём Быкавым Дзяржаўнай прэміі СССР за аповесці «Дажыць да світання» і «Абеліск», выданне рамана Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» на рускай мове (1974), выхад дакументальнай кнігі Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка «Я з вогненнай вёскі» (1975)... 

Васіль Быкаў: «На фундаменце нашай Перамогі пабудаваны гмах сучаснага свету». 

«Літаратурны свет» прынёс добрую навіну: Вераніка Карлюкевіч паведамляе аб выхадзе кнігі «Выбраных твораў» Алеся Бадака на кітайскай мове ў перакладзе Хань Сяае. Такім чынам, у Кітаі змогуць пазнаёміцца з паэзіяй і прозай вядомага айчыннага пісьменніка і рэдактара. Апрача таго, аўтар прадстаўляе ў артыкуле апошнія набыткі беларуска-кітайскіх літаратурных узаемасувязей. 

Алесь Бадак: «Літаратура ўзбагачае чытача ў веданні той краіны, таго народа, да якога належаць яе аўтары». 

Наталля Бахановіч у рубрыцы «(Аб)меркаванне» ўздымае жывую і важную тэму — тэму функцыі адмоўнага героя. Разважае літаратуразнаўца, аперыруючы тэарэтычнымі напрацоўкамі ў розных галінах навукі, прыкладамі з розных відаў мастацтва. Аўтар асэнсоўвае ўласны досвед і погляд на адмоўнага і амбівалентнага персанажа, які мусіць суіснаваць на працягу стагоддзяў з хуткаплыннымі маральнымі вучэннямі чалавецтва. 

«З адной і той жа перажытай траўмы можа быць здзейснена жахлівае злачынства, але можа быць створана нешта добрае і прыгожае, і не важна — размова пра твор мастацтва ці пра годнае жыццё вартай асобы». 

Ясенія Аляксеева прапаноўвае рэцэнзію на харэаграфічны спектакль паводле гогалеўскага «Шыняля». Я захоплена тым, як аўтар асэнсоўвае ў «Мастацтве» класічныя творы і іх сцэнічныя ўвасабленні праз разнастайнасць з’яў сучаснай культуры — літаратуры, кіно, музыкі. Калі не верыце ў беларускі тэатр, то тэксты аглядальніцы з «Маладосці» дапамогуць зрабіць першы крок. «Цікавішся? Прачытай!» — як казаў класік. 

Кацярына ЦІМАНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Жыллёвы «квадрат» ва ўласнасць

Жыллёвы «квадрат» ва ўласнасць

У апошнія гады колькасць чаргавікоў істотна памяншаецца

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.