Сёння ў краіне адзначаюць Дзень настаўніка. Чалавека, які ва ўсе часы быў прыкладам для падрастаючага пакалення. Вядома, не толькі з-за свайго дзелавога касцюма, а яшчэ дзякуючы ўласным маральным каштоўнасцям, камунікабельнасці, эмпатычнасці, красамоўству, уменню бачыць і чуць, а таксама багатаму жыццёваму вопыту... Імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты — аб гэтым з нагоды прафесійнага свята ішла размова ў Нацыянальным прэс-цэнтры.
Як заўважыла намеснік міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая, педагог ва ўсе часы — гэта той чалавек, які валодае не толькі веданнем свайго прадмета, але і ўласным вобразам, маральнымі якасцямі, прафесіяналізмам і кампетэнтнасцю, з’яўляецца прыкладам для пераймання. Гэта заўсёды вобраз дзелавога чалавека ў строгім касцюме, з прычоскай, з усмешкай, які эмацыянальна і псіхалагічна ўстойлівы, стабільны, які ўмее шанаваць тое, што сёння мае, і вучыць гэтаму іншых.
ВНУ, якія рыхтуюць настаўнікаў, прыкладаюць шмат намаганняў, каб выпусціць не толькі прафесіянала ў пэўнай галіне педагогікі, але і асобу, грамадзяніна, здольнага да перадачы нацыянальна-культурных каштоўнасцяў і традыцый. Аб гэтым падрабязна расказала начальнік цэнтра студэнцкай творчасці БДПУ Алена Жураўская.
Паводле яе слоў, адным з кірункаў дзейнасці вядучага ўніверсітэта па падрыхтоўцы педагагічных кадраў з’яўляецца стварэнне адукацыйнага асяроддзя для фарміравання ўсебакова развітой асобы. З гэтай мэтай ва ўніверсітэце рэалізоўваецца шэраг праектаў. Пра два з іх Алена Жураўская расказала падрабязна. Культурна-адукацыйны праект «Праз мастацтва — да культуры будучага педагога» рэалізоўваецца ўжо два гады. Ён накіраваны на грамадзянска-патрыятычнае выхаванне студэнцкай моладзі, захаванне нацыянальных каштоўнасцяў. Рэалізоўваецца па трох кірунках: музейным, тэатральным і экскурсійным. Праект прадугледжвае на рэгулярнай аснове наведванне студэнтамі тэатраў, музеяў. Арганізоўваюцца сустрэчы з акцёрамі, рэжысёрамі, студэнты маюць магчымасць убачыць закуліссе.
«Не так даўно запусцілі яшчэ адзін праект, які звязаны з гарманічным развіццём асобы нашых студэнтаў, — „Гармонія. Стыль. Дасканаласць“, — расказвае кіраўнік цэнтра студэнцкай творчасці. — У назве закладзены тры ключавыя пазіцыі. У рамках рэалізацыі праекта праводзіцца серыя мерапрыемстваў, накіраваная на развіццё ўнутранага і знешняга складнікаў: выгляд педагога, самапрэзентацыя, паводзіны і шмат іншых важных кірункаў. Мы яго рэалізоўваем разам з Нацыянальнай школай прыгажосці».
Безумоўна, выкладчыкі Нацыянальнай школы прыгажосці гатовыя ўносіць свой уклад, дапамагаць і дзяліцца ведамі з будучымі прафесіяналамі. Як паведаміла дырэктар Нацыянальнай школы прыгажосці Бажэна Ярэміч, праект існуе каля года. Дысцыпліны звязаны з асновамі стылю, макіяжу, цырульніцкага мастацтва, маўленчага этыкету. На яе думку, гэта тыя веды, якімі павінны валодаць настаўнікі. «Мы не плануем спыняцца, праект атрымаў станоўчую зваротную сувязь, таму будзем развівацца далей. Спадзяёмся, прынясём карысць».
Напярэдадні Дня настаўніка аб сваёй працы ў якасці маладога спецыяліста распавяла настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 52 г. Мінска, выпускніца БДПУ Таццяна Рудазуб.
«Я выбрала прафесію дзякуючы тым настаўнікам, якія ў свой час вучылі мяне. Іх стаўленне да дзяцей, падача матэрыялу мяне заўсёды ўражвала. Іх прыклад для мяне быў паказальны. Я адвучылася ў БДПУ, ва ўніверсітэце была вельмі ініцыятыўнай. Цяпер працую ў выдатнай школе, дзе падтрымліваюцца любыя ініцыятывы моладзі. Мне вельмі камфортна на сваім месцы. Настаўніцтва — стыль жыцця. І калі чалавек выбірае гэтую прафесію з жаданнем і любоўю да дзяцей, па-іншаму быць не можа. Сваім прыкладам я імкнуся паказаць, што педагогіка — прэстыжна і ганарова».
Яна ВАЛАСАЧ
Давайце высветлім, пачым сёння наш галоўны прадукт «зімовага рацыёна», што ў асартыменце ў гэтым лістападзе і які від сала карыстаецца цяпер найбольшым попытам.
«Устаюць раней за ўсіх і пазней за ўсіх кладуцца»
...Як ламае сумеснае актыўнае пераабсталяванне жылля добрыя сем’і, я ведаю не па чутках.