Сёлета, першага верасня, мае суседзі адправілі ўнука ў школу і зладзілі маленькае свята: запрасілі кумоў (хросных хлопчыка), накрылі стол…
Унука пасля адправілі ў краму па марожанае, а самі сталі ўспамінаць…
— Я ў сваіх бацькоў адным сыночкам быў, — расказваў кум. — Не дзіва, што рос у клопаце ды ў дастатку... А ўжо якім распешчаным... Толькі каманды раздаваў: «Хачу гэта... А заўтра тое...»
Бацькі адразу — любы капрыз.
Гадоў да 13 так дажыў, а потым здаволіўся: сам сабе сказаў: «Хопіць. Трэба нарэшце ўзяцца за розум, самому нешта рабіць».
Назаўтра будзільнік пікнуў, — я на яго, як брамнік на шайбу: тут жа выключыў (не хапала, каб бацькоў пабудзіў).
А сам адразу ў ванну, у кухню.
Прадукты з халадзільніка дастаў, сам сабе зрабіў бутэрброд, кіпнем заліў заварку.
Пакуль настаіцца чай, вярнуўся ў пакой, ускінуў на плечы кашулю, у партфель злажыў свае падручнікі, вярнуўся ў кухню, перакусіў — выскачыў за дзверы на лесвічную пляцоўку, пачуў са спальні маміна «Асцярожней там на дарозе!».
А дворнік на вуліцы нічога не сказаў, праўда, паглядзеў — як ніколі не бачыў. «Ну і няхай, — я падумаў. — У чалавека на тое і вочы, каб глядзець. Дык чаму б не на мяне, такога самастойнага, амаль дарослага».
Я фарсіў, ганарыўся сабой, можна сказаць, на крылах ляцеў цераз сквер да школы.
Ранавата з’явіўся: убачыў, што ні на подступах, ні ўнутры яшчэ нікога няма. Вось толькі ў люстэрку нейкі смешны адбітак — хлопчык... у трусах.
Не адразу дапяў, што гэта ж мае…
Дадому куляй ляцеў — не дагналі б сабакі. Баяўся знаёмых сустрэць. А потым думаў, як жа няпроста быць самастойным: ім не толькі нешта рабіць, ім яшчэ і думаць трэба.
А. ЧАЙКОЎСКАЯ
г. Гомель
Анюта нарадзілася і ўсё сваё жыццё пражыла ў вёсцы Радкава. Працу сялянскую ведала змалку, з людзьмі ніколі не сварылася, цяжка ці лёгка было на душы, віду не падавала: усім усміхалася, усіх шкадавала.
Гэткім жа пазітыўным быў і муж яе Міша: як працаваць, казаў, дык працаваць, як танцаваць, дык танцаваць!
А галоўнае, што ў той час было дзе: шматлюдныя вёскі, ледзь не кожны месяц то вяселлі спраўляліся, то выправы, то хрэсьбіны. І гулялі на іх усёй грамадой — шчыра, весела…
Анюту хіба адно засмучала: не магла сабе добрую прычоску зрабіць, не пашчасціла ёй з валасамі.
Выйсце прапанавала пляменніца: любімай цётачцы, са сталіцы, прывезла адмысловы парык. Валасы на ім былі каштанавага колеру, з гатовай завіўкай.
Муж, праўда, паглядзеў на яе і скрывіўся, сказаў:
— Якраз як у нашай авечкі…
Жонка адмахнулася:
— Што б ты разумеў?
А тут і нагода прыбрацца: суседзі старэйшую дачушку замуж аддаюць, Анюту з Мішам у галоўныя сваты запрашаюць. Не выпадае адмаўляцца.
...Прыбраныя, павязаныя вышыванымі ручнікамі, Анюта з Мішам пасядзелі ў той дзень за сталом — пачаставаліся, у белай «Волзе» (следам — цэлы картэж з легкавых і аўтобуса) з’ездзілі ў суседнюю вёску на рэгістрацыю шлюбу.
А дома тым часам ужо накрываліся сталы, падцягваліся запрошаныя госці, музыкі настройвалі свае інструменты, па вуліцы насіліся дзеці.
І вось ужо нехта згледзеў — крыкнуў чаканае:
— Едуць! Едуць!
Усе замітусіліся: з хаты, з караваем на ручніку выйшла матуля маладой, з графінам і маленькімі чаркамі — бацька. Грымнуў вясельны марш, адбылася цырымонія сустрэчы, маладых і ўсіх гасцей запрасілі за сталы.
...Але ж гэта ненадоўга: праз нейкі час, пасля шчодрага пачастунку, госці — ужо добра захмялелыя і вясёлыя — вярнуліся ў двор. Вясковую вуліцу запоўніў шчаслівы гоман, зноў загрымела музыка. Анюта падышла да музыкаў і голасна загадала:
— Ану — сербіянку... Нашу, Радкаўскую!
І ўжо з самымі першымі акордамі смела развяла свае рукі, як тая птушка ў палёце, пайшла, паляцела па крузе…
— Во дае! Аж абцасы гараць! — засмяяўся бацька маладой.
А да Анюты ўжо далучаліся іншыя і таксама ж адрывалі падэшвы, адбівалі далоні ў падтрымку танцораў!
Праўда, нехта з іх, мусіць, трохі штурхануў Анюту, бо яе, бедную, нахіліла, павяло ў бок плота... Каб не ўпасці, жанчына ўхапілася за штыкеціны. І ў гэты ж самы момант яе прыгожы, багаты парык з’ехаў з галавы — павіс на плоце.
Жанчына адразу адчула «прапажу», прысела ад нечаканасці, паспрабавала прыкрыць галаву рукамі... Потым нацягнула парык (яго паслужліва падаў сусед Коля), але ж... задам наперад.
Усе, хто назіраў гэтую карціну, пакаціліся ад смеху. Смяялася і сама Анюта... Перасталі іграць музыканты. «З чаго б гэта?» — насцярожылася яна і зноў запрасіла для сябе Радкаўскую сербіянку!
...Ну чаму б і не? Працаваць дык працаваць! Танцаваць дык танцаваць! Прычоска — справа дзясятая.
В. БАБКО-АЛЯШКЕВІЧ
Салігорскі раён
Не так важна, калі гэта было, не так важна, дзе, а вось што…
У адным з райцэнтраў праходзіў сход перадавікоў народнай гаспадаркі, і ўсё там было, як належыць: поўная зала людзей, сцэна, стол пад чырвоным сукном, прэзідыум, трыбуна…
Да яе запрасілі адну з найлепшых даярак — сталую, мажную жанчыну.
Яна нетаропка паднялася, паклала перад сабой лісты паперы, начапіла акуляры, стала чытаць. Яна, мусіць, вельмі хвалявалася і таму часта блытала словы, пераводзіла дух, раз-пораз выцірала насоўкай твар…
Але больш за ўсё мяне ўразілі рукі. Яны, агрубелыя, прывычныя да нялёгкай паўсядзённай работы, на трыбуне былі як тыя сляпыя кацяняты — не знаходзілі сабе месца, увесь час снавалі па краях і тым самым «гаварылі», што даярка — зусім не штатны выступоўца, што яна, можа, упершыню трымае слова перад такімі аўтарытэтнымі людзьмі.
Што яны?
Спачатку як быццам слухалі жанчыну, потым сталі стрымана перашэптвацца, а пасля — адкрыта гудзець. Па ўсім было відаць: тэкст, напісаны для даяркі, слухаць ніхто не хацеў.
Але ж вось, нарэшце, апошняя старонка. Пад заключныя словы жанчына згарнула свае паперы, зняла акуляры, сказала:
— Ох, і не зайздрошчу я, людцы, нашаму начальству! Цяжкая ў яго работа: нешта вось такое пісаць, потым чытаць... Як па мне, дык лепей кароў даіць! Ну праўда ж?
...Яна — такая простая і шчырая — патанула ў дружным рогаце і апладысментах.
Начальству, якое амаль заўсёды ў той час выступала «па пісаным», гэткая рэакцыя нават не снілася.
З. МАРОЗАЎ
г. Мінск
Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР
Ад яе ж і на ўсе часы — парада: раніцай думай, днём дзейнічай, вечарам чытай (можна «Звязду») ці, як раіў Дастаеўскі, кнігі сур’ёзныя. Жыццё зробіць астатняе…
Пішыце!
Прэв’ю: pixabay.com
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.