Вы тут

Хто быў «нікім», той стане...


Усё, што ўражае розум і сэрца, трэба запісваць, — раілі класікі. Як іх не слухаць?!

Такім чынам, лета, горад, спёка: на вуліцу — хоць не выходзь. Ды нідзе ж не дзенешся — трэба: на работу, у краму, на пошту... Там — электронная, але чарга (час плаціць камунальныя), там — наша месца ў канцы. А значыць, стаім (добра, што ў халадку) і, вядома ж, зайздросцім — тым, хто прыйшоў раней і хутка, напэўна, сыдзе.


Фота: Shutterstock.com

Сярод іх, тых «ранейшых», ёсць асобы прыкметныя: найперш — досыць прыгожая бландзінка (з адзежы на ёй — хіба дзве латачкі: маленькі топік на грудзях ды шорцікі на пятай кропцы), смешны пузач у майцы і шлёпанцах, пажылая кабета, мусіць, з былых начальніц, бо па-ранейшаму з начосам і макіяжам, у светлым старамодным касцюме…

Разгледзець іншых не паспяваем, бо ад акенца ў бок «публікі» далятае гнеўнае:

— Як гэта — я «не магу атрымаць»?! Чаму? — пытаецца ля акенца тая бландзінка. — Вось жа (паказвае) ваша паведамленне, што прыйшла пасылка, вось пашпарт хлопца…

— А скуль мне ведаць, дзе вы іх бралі? — куды цішэй пярэчыць паштавічка. — Даверанасці ж няма.

— Якой яшчэ даверанасці?! — узвіваецца прыгажуня. — Мы пяць гадоў як разам жывём!.. Ён цяпер у ад’ездзе. Мне сказаў, каб пасылку яго забрала, а вы тут…

— А мы тут, — ужо трохі смялей пярэчыць аператар, — можам аддаць яе толькі асабіста, з рук у рукі... Альбо іншаму чалавеку, але па даверанасці. Без яе — прабачце.

Апошняе слова дзяўчына не чуе (ці не хоча пачуць), злосна фыркнуўшы, адварочваецца ад акенца, на хаду зграбае свае дакументы, крыху адступіўшы, марудзіць (спрабуе ўсунуць іх у невялічкі пакет)... І таму, напэўна ж, чуе ў сябе за спінай спакойнае, рабочае:

— З-за чаго тут сварка? — пытае хтось (калега? начальніца?) у той аператаркі.

— Ат... Пустое, — нясецца ў адказ. — Прыйшла вунь замест хлопца пасылку забраць, пашпарт прынесла…

— А яна яму хто?

— Ніхто…

Калі б у гэтую хвіліну столь у кліенцкай зале раскрылася і з нябёсаў на тую красуню выліўся цэбар халоднай вады, яна спужалася б, мусіць, меней?! А так…

Ужо крануўшыся з месца, быццам за што зачапілася: стала, пачырванела, вочы наліліся слязьмі, рот адкрыўся — ці то хапаючы паветра, ці то шукаючы словы, каб нешта сказаць…

Аднак ні таго, ні іншага ў памяшканні, пад прыцэлам чужых вачэй, падобна, не знайшлося... Дзяўчына спехам выскачыла за дзверы.

— Так ёй, шалахвостцы, і трэба! — пераможна хмыкнуў пузач у майцы і шлёпанцах.

— Згодна з вамі, — падтрымала яго жанчына з начосам. — Зусім распусцілася моладзь! Ні кроплі гонару, асабліва ў дзяўчат. Не берагуць сябе, не шануюць. А ім жа замуж выходзіць, дзяцей нараджаць... Яны ж абавязаны быць прыстойнымі!

...Так.

А ў хлопцаў што — абавязкаў няма?

...Фаіна Ранеўская пра сябе некалі пісала: «Бог мой, якая я старая — я ж яшчэ помню прыстойных людзей!» Прыстойныя, паводле тлумачальных слоўнікаў, гэта сумленныя, добра выхаваныя, не здольныя на дрэнныя ўчынкі. Прыстойныя — гэта тыя, хто, палюбіўшы (а тым больш пакахаўшы!), не зневажаюць сваіх абранніц званнем «палюбоўніца», «сужыцелька», «партнёрка». Тыя, хто, палюбіўшы, пакахаўшы, жэняцца. І потым жывуць, як прыстойныя людзі, гадуюць, выхоўваюць прыстойных дзяцей.

Валянціна ДОЎНАР

P. S. Анекдот у тэму. Малады чалавек тэлефануе на радыё, просіць: «Калі ласка, павіншуйце з днём нараджэння маю каханую дзяўчыну Танечку! Ад майго імя пажадайце ўсяго найлепшага і пастаўце для яе песню Укупніка «Я на тебе никогда не женюсь, я лучше съем перед загсом свой паспорт...»

Цуды здараюцца: асобныя з маладых, праверыўшы пачуцці сумесным жыццём, такі заключаюць шлюбы — праз год, праз два, праз пяць... Не так даўно знаёмцы распісаліся, праз дзесяць. Свята было. Праўда, у бацькоў — з дамешкам суму. «От каб адразу, — казала адна матуля другой. — Мы б з табой ужо ўнукаў у школу вадзілі...»

У 18, 20, нават 25 гадоў хлопцу, дзяўчыне здаецца, што часу — проста навалам і можна паспець усё: нагуляцца, напрацавацца, пабачыць свет, зрабіць кар’еру... А ўжо знайсці свайго чалавека, стварыць сям’ю — і пагатоў!

Тое, што многім здаецца найпрасцейшым, зрабіць, як высвятляецца, найцяжэй.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пачым галоўны «зімовы прадукт»?

Пачым галоўны «зімовы прадукт»?

Давайце высветлім, пачым сёння наш галоўны прадукт «зімовага рацыёна», што ў асартыменце ў гэтым лістападзе і які від сала карыстаецца цяпер найбольшым попытам.

Грамадства

Не разбегліся падчас рамонту — жыць вам заўсёды разам

Не разбегліся падчас рамонту — жыць вам заўсёды разам

...Як ламае сумеснае актыўнае пераабсталяванне жылля добрыя сем’і, я ведаю не па чутках.

Эканоміка

Адзіны маёмасны плацеж

Адзіны маёмасны плацеж

Яго неабходна заплаціць да 15 лістапада.