Вы тут

Восеньскі лес на старонках літаратурных твораў


Толькі што мы наракалі на спёку, здавалася, нібыта яна так і будзе далей нас мучыць... Аж не, прыроду не спыніць, не замарудзіць, і вось ужо вечары халаднеюць, зоры буйнеюць, як спелыя яблыкі, і гэтак жа ападаюць у сухую траву, лістота страчвае зялёны колер... Найлепей назіраць за тым, як прыходзіць восень, у лесе. Няма, мабыць, мастака і паэта, які б не натхняўся відамі восеньскага лесу. Здавалася б, усе бачаць адну і тую ж карціну — але ж якая яна ў інтэрпрэтацыі аўтараў розная, напоўненая сваёй сімволікай... Давайце разам пройдземся восеньскім лесам на старонках твораў беларускіх пісьменнікаў.


А як прыйдзе вясна — усё адменіцца

Янка Купала ў вершы «Лістапад» зашыфраваў не проста звяданне прыроды ўвосень — а звяданне надзей людскіх у неспрыяльныя часы... 

І не забыўся нагадаць чытачу, што вясна прыйдзе абавязкова, таму не варта маркоціцца. Такі вось спрадвечны аптымізм таго, хто верыць у свой народ:

«З буйных ліп і бяроз
Лісты валяцца.
Між павалаў і лоз
Рассыпаюцца.
Шапацяць, шалясцяць
Залацістыя,
Ўвысь галінкі глядзяць
Пусталістыя.
А як прыйдзе вясна —
Ўсё адменіцца,
І галінкі ізноў
Зазяленяцца».

 

«Так перад бурай маўчаць дубы ў задуме сіняй...»

Янку Брылю давялося пажыць у Заходняй Беларусі, акупаванай панскай Польшчай. Тэма змагання беларусаў супраць прыгнёту акупантаў стала для яго магістральнай. Не дзіва, што і ў коле ягоных сяброў было шмат удзельнікаў таго змагання, такіх як паэты Міхась Васілёк і Валянцін Таўлай. У кнізе мініяцюр «З людзьмі і сам-насам» Янка Брыль цытуе верш Васілька, у якім паэт прыпадабняе лясныя дрэвы людзям з рознай грамадзянскай пазіцыяй:

«Перачытваючы Караленкава „Лес шуміць“, успомніў Васілька — яго чатырохрадкоўе з моцным заключным радком:

Калі насоўваецца мрок пануры,
Ад сполаху дрыжаць адны асіны.
Мы не дрыжым!.. Так перад бурай
Маўчаць дубы ў задуме сіняй...

Гэтую мініяцюру Міхасю вырэдагаваў з даўжэйшага верша Таўлай. Пры маёй дапамозе. Пры аўтару. Захапляліся ўдачай разам, утрох».

«Разумець жывы голас прыроды, шум ветру, крык птушкі»

У рамане Леаніда Дайнекі «Запомнім сябе маладымі» апісваецца Беларусь часу Першай сусветнай вайны і рэвалюцыйных падзей. Адзін з галоўных герояў, доктар з вялікага горада, пасяляецца ў палескай вёсачцы, дзе з дапамогай мясцовай сціплай красуні адкрывае для сябе цудоўную беларускую прыроду. Вось ягоная сяброўка, простая вясковая кабета, вядзе яго на балоты, у журавіны:

«Восеньскі лес быў сцюдзёны, туманны і шматфарбны. Холад быў разліты па лесе, павуціна, мокрая ад ранішняга туману, абчапляла ўсе кусты і дрэвы, перапляла ўсе сцяжынкі, і падумалася, што прабег тут ноччу сярдзіты паранены звер і ўсюды пакінуў шматкі сваёй белай сцюдзёнай поўсці. Адзінокія птушыныя галасы няўтульна гучалі ў гэтым урачыстым халодным маўчанні, якое перад прыходам зімы ўсё глыбей і глыбей агортвала лес...

Выйшлі на журавінавае балота. Мяккія белыя купіны, падобныя на вялізныя падушкі, былі раскіданы між чэзлага крывабокага хвойнічку. Ногі правальваліся па калена ў жоўта-буры мох, і пад мохам гулка чвякала вада».

Упершыню доктару Барысу Аляксеевічу давялося збіраць журавіны, упершыню пабачыў ён цецерукоў, упершыню прыйшло да яго адчуванне сапраўднасці жыцця:

«Якое шчасце — жыць... — шукаючы скалелымі пальцамі паміж шорсткага моху журавіны, думаў Барыс Аляксеевіч. — Блукаць вось па гэтым лесе, па гэтым балоце. Глядзець на зямлю і разумець яе. Разумець жывы голас прыроды, шум ветру, крык птушкі. Вось гэтую балотную купіну я ніколі не бачыў і, вядома ж, ніколі не ўбачу пасля сённяшняга дня, а для нейкіх жывых істот, для божых каровак, для стракоз, для цецерука з хвастом-лірай, для вужа, які, пэўна ж, ужо кладзецца спаць на зіму вунь пад тым струхлелым карчом, яна — цэлы Сусвет. Якое шчасце жыць і ведаць гэта».

Мухаморы былі крывавыя

У апавяданні Уладзіміра Караткевіча «Кніганошы» лес робіцца фонам драматычнага сюжэта: у дзевятнаццатым стагоддзі сяляне-кніганошы носяць праз мяжу забароненую літаратуру. Носяць, часам не ўмеючы самі чытаць, але ведаючы, што кніга — гэта святло. Аўтар па-майстэрску насычае пейзаж восеньскага лесу мастацкімі дэталямі, якія настройваюць чытача на будучы крывавы фінал: стары кніганоша, каб не быць злоўленым жандарамі, саскочыць з адхону. Таму ручаіны ў гэтым лесе чорныя, лапнік сівы, мухаморы крывавыя, і нават з рыжыкаў з’яўляецца рудая кроў.

«...У сасновым лесе — маліцца, у бярозавым — любіцца, у дубовым — волю каваць, у яловым — душу д’яблу прадаваць. Гэты лес быў яловы. Ён цягнуўся амаль на сорак вёрст, і ўсе гэтыя вёрсты шумелі верхавінамі і маўчалі ўнізе, дзе былі сухія замшэлыя галіны, сівы лапнік, рэдкія галявіны з імшарамі ды куп’ём і чорныя ручаіны. Усё тут расло цяжка, змагаючыся за кожны глыток паветра, за кожны прамень, і таму мухаморы былі крывавыя, а з абсыпаных гліцай рыжыкаў, калі збіць іх нагою, таксама тачылася рудая кроў».

Грыўкі зрудзелага бярэзніку

Раман Васіля Быкава «Аблава» распавядае пра лёс бязвінна рэпрэсіраванага селяніна, якому ўдалося ўцячы, і вось ён вяртаецца дадому. А куды ж яшчэ? Хіба ў родным лесе, у роднай хаце не будзе ратунку? Але там толькі гібель. На «ворага народу» аб’яўляюць сапраўдную аблаву. А пакуль, на пачатку рамана, герой разглядае знаёмыя мясціны і поўніцца ўспамінамі:

«Прырэчная лугавая імшарына з раскіданымі па ёй бухматымі купкамі лазняку ды грыўкамі зрудзелага бярэзніку дружна зелянела позняю восеньскай атавай. У доле скрозь было мокра, няўходна, мох часам асядаў пад нагамі, і тады з-пад яго цвіркала мутная жыжа. Але мох дужа не правальваўся, дрыгвы тут не было. Гэта цяпер, увосень, імшарына набрыняла вадой і стала падобнаю на балота, а ўлетку, у пару сенакосу, дык тут скрозь было суха, вольна хадзілі касцы, бабы і нават ездзілі на брыках, калі звозілі сена. Дзе-нідзе ў доле яшчэ і цяпер налітыя чорнай вадой блішчэлі сляды конскіх ног. Пасля дажджоў прырэчнае балота шырока разлілося, заліло імшарыну, якая, бы цеста на дражджах, пачала пухнуць мяккім вільготным мохам».

Зялёнкі на жаўтапёсах

Герой рамана Івана Навуменкі «Развітанне ў Кавальцах» — тыповы прадстаўнік пакалення, якое Міхась Стральцоў трапна назваў «сена на асфальце». Колішні вясковы хлапчук, які прыжыўся ў горадзе, атрымаў адукацыю, адвык ад сялянскага побыту — але ўсё яшчэ дарагая ягонаму сэрцу вёска і цягнуць родныя мясціны.

«Я іду ў лес. Восень няўстойлівая: у канцы верасня выпадаў снег, у кастрычніку былі прымаразкі. Дажджы сталі церусіць перад самымі святамі. Жыццё ў лесе ўсё ж не замерла. У сасонніках па жаўтапёсах, імхах там-сям пракідаюцца зялёнкі, вялікімі сем’ямі растуць кволыя, някідкія на выгляд грыбы — цёмныя каптурыкі на тоненькай ножцы — у нашай мясцовасці іх называюць куркамі. Яшчэ нават познюю кветку можна напаткаць: свеціцца сіняе ці жоўтае вочка, і цяжка растлумачыць, як гэтая далікатная раслінка вытрымала замаразкі.

Між соснамі і ў лагчынах туман. Ён шчыльны, густы, але на вачах рассейваецца. Можа быць сонечны дзень.

Добра ў лесе — нават у такім вось асеннім. Будзённы клопат, надакучлівыя думкі сплываюць, дыхаецца, думаецца лёгка. Уся істота як бы яднаецца са святочнай урачыстасцю і спакоем, які тут пануе. Прыемна бачыць усё, што трапляе на вока: ядлоўцавыя кусты — яны амаль заўсёды суседнічаюць з мурашнікамі, пясчаныя пляшыны прагалін, камяні-валуны, парослыя па баках зялёным мохам».

«І песня прылятае да мяне»

А вось для «палескай ластаўкі» Яўгеніі Янішчыц лес, які губляе першыя жоўтыя лісці, — крыніца натхнення. Паэтэса там не проста блукае — пасяляецца, каб перапоўніцца пачуццём свабоды і прыгажосці:

«Прыносіць мне дары свае дуброва —
То верас, то крыніцу, то грыбок.
Ўліваецца, нібы ручай, у мову
Палескі нетаропкі гаварок.

Злятае па дасвецці галубіным
То рыжы ліст, то жоўта-залаты.
Упалі задуменна на платы
Даспелыя ружовыя рабіны.

Хаджу па нівах, па лугах азёрных,
Начую летуценна ў будане.
Я думаю, чаму мне так прасторна?
І песня прылятае да мяне».

Восень над Юстынавай гарой

Паэт Віктар Шніп таксама вырас у вёсцы і таксама настальгуе часта ў сваіх творах па вясковым дзяцінстве, па цудоўных краявідах. У кнізе «Заўтра была адліга — 3», дзе спалучаюцца дзённікавыя запісы і вершы, ёсць такая мініяцюра:

«Вечар. Акно занавесіў. Уключыў святло. Адпачываю ад тлуму. Ластаўкі ў двары папіскваюць, нібыта напамінаюць, што яшчэ лета. А лета толкам яшчэ і не было. А восень ужо недзе за гарой. А ў нас у вёсцы Юстынава гара. І, калі мама казала, што ўжо восень за гарой, я ішоў на Юстынаву гару і глядзеў на лес, што быў за гарой. Глядзеў доўга, пакуль не ўгледжваў над лесам коршака. І коршак быў для мяне восенню. Чаму коршак? Не памятаю. А цяпер прыдумляць няма жадання. Яшчэ сёння было лета».

Не прамініце ж палюбавацца цудоўнымі восеньскімі пейзажамі, бо родная прырода не губляе свайго хараства ні ў якую пару. А разгледзець гэтае хараство нам якраз і дапамагаюць майстры слова, якіх варта чытаць і перачытваць.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.

Транспарт

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

«На крылах» — каля 2 мільёнаў пасажыраў.

Сацыяльная падтрымка

У каго і на колькі вырасце пенсія?

У каго і на колькі вырасце пенсія?

Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.

Здароўе

Якую небяспеку тоіць тэфлон?

Якую небяспеку тоіць тэфлон?

Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.