Вы тут

Былая трактарыстка Ніна Бяляўская аб тым як у свае 85 не сядзіць склаўшы рукі


Для сельскіх дзяўчат пасляваеннага перыяду Праскоўя Ангеліна была прыкладам для пераймання — спрытная, ініцыятыўная, працавітая. Ніна Бяляўская з аграгарадка Мышкавічы Кіраўскага раёна, дзе не менш гучна грымеў на ўвесь Савецкі Саюз калгас-мільённік «Світанак» пад кіраўніцтвам легендарнага Кірыла Арлоўскага, практычна паўтарыла шлях знакамітай трактарысткі. У 18 гадоў яна села за руль трактара ДТ 20 і адпрацавала на ім болей чым 30 гадоў. У 1962 годзе ёй на рэспубліканскім пасяджэнні маладых механізатараў прысвоілі званне «Заслужаны механізатар БССР» і ўручылі залаты гадзіннік. А ў 1977 годзе яна стала ўладальніцай прэстыжнага прыза імя Пашы Ангелінай. У ліку найлепшых трактарыстак Савецкага Саюза яна была запрошана ў Маскву для ўручэння ўзнагароды ўсесаюзнага значэння. Прыз працоўнай славы ў выглядзе бюста Пашы Ангелінай на фоне сярпа і трох каласоў і цяпер займае ў яе хаце пачэснае месца. Разам з яго ўладальніцай паглыбляемся ў той час, калі моладзь актыўна ўлівалася ў стаханаўскі рух і ставіла рэкорды.  


Тры захапленні Ніны Бяляўскай

Эпоха 50-х наклала на юную Ніну Цэд (яе прозвішча ў дзявоцтве) свой адбітак. Гэта быў перыяд індустрыялізацыі, росквіту кіно. І яе ўсё гэта натхняла. У калгасе «Рассвет» працавала, лічы, з дзяцінства, разам з аднакласніцамі пасля ўрокаў займалася праполкай, іншымі работамі. А з 17 гадоў цалкам перайшла на работу ў калгас. Працавала ў брыгадзе, а бачыла сябе на трактары. Паехала паступаць на трактарыстку ў Бабруйск, а ёй адмовілі. Сказалі, што ў іх хлопцаў хапае. Дзяўчына засмуцілася, але не здалася. Верыла, што будзе і на яе вуліцы свята. 

Вярнулася ў калгас і адводзіла душу з коньмі. Іх на той час там было вельмі шмат. Ёй давяралі перавозіць розныя грузы, бульбу абганяць.

— А верхам ездзіла так, што хлопцы дагнаць не маглі, — з гонарам кажа Ніна Архіпаўна. — Коні мяне вельмі любілі. Адзін з іх па мянушцы Камлюк наогул слухаўся толькі мяне, нікога з мужыкоў не прызнаваў. 

 

Аднойчы іду на работу, мужчыны сядзяць, смяюцца: «Сёння Ніне дадзім Барыкаду». Кабыла была вельмі агрэсіўная, кусалася. А я з ёй пагаманіла, аброць надзела — і Барыкада пайшла за мной. Іду, а мужыкі ў здзіўленні кажуць: «Глядзіце, яна і Барыкаду ўзяла». Думалі, што я ўцякаць буду, а я яе запрэгла.

У 18 гадоў Ніна працавала ўжо на свінарніку. А пасля работы бегала глядзець кіно. Аднойчы каля афішы ўбачыла аб’яву: калгас запрашаў на трохмесячныя курсы для трактарыстаў. Прыбегла дамоў і танцуе: «Маці, тата, пайду на трактарыста вучыцца». Маці толькі плячыма паціснула: маўляў, што тут добрага — у мазуце хадзіць будзеш. А тата: ну, хоча, хай ідзе. Яны не ведалі, што старэйшы брат Аляксандр, які працаваў трактарыстам, ужо навучыў яе кіраваць тэхнікай. Яшчэ падлеткам яна бегла да яго ў поле, ён саджаў яе за руль і тлумачыў, што і як трэба націскаць. Курсы патрэбны былі Ніне, каб працаваць афіцыйна.

— Спачатку было цяжка: а палове чацвёртай на свінарнік уставала, да вечара там працавала, а потым бегла на курсы, дамоў вярталася ледзь не апоўначы, — расказвае яна. — На свінарніку загадчык шкадаваў мяне, бачыў, што не высыпаюся. Пагутарыў з Арлоўскім, каб мяне ў брыгаду перавялі. Там работы пазней пачыналіся.

 

Тое, што быць механізатарам пачэсна, Ніна адчула з першых дзён сваёй работы на трактары. Калі да Арлоўскага прыязджалі карэспандэнты, ён вёз іх у поле, каб паказаць сваю трактарыстку. Яна і іншых жанчын сваім прыкладам натхняла. Пасля яе яшчэ адна работніца села на трактар. За працавітасць і добрасумленнасць Ніну Бяляўскую вылучылі ў дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР. «Вельмі адказная місія была, ездзіла ў Мінск на сесіі», — успамінае суразмоўніца.

Кірыл Арлоўскі быў для калгаснай моладзі яркім прыкладам. Былы партызанскі камандзір, Герой Савецкага Саюза, Герой Сацыялістычнай Працы, ён заўсёды быў патрабавальны і да сябе, і да тых, хто працаваў з ім побач.

— У жыцці вельмі справядлівы быў і строгі, — успамінае Ніна Архіпаўна. — А палове чацвёртай раніцы ўстане, усю гаспадарку агледзіць, заўважыць, што не прыбрана, не дароблена. Прыйдзе, як дасць на разнарадцы брыгадзірам. Сам невялічкага росту, адной рукі не было, другая ледзь працавала — толькі распісацца мог, але дысцыпліну трымаў, усе яго слухаліся, баяліся. І вельмі паважалі. Калі мне прыз Пашы Ангелінай уручалі, папрасілі, каб я нешта пра яго расказала. Ён ужо з жыцця пайшоў, але яго ўсе помнілі і шанавалі. Я выйшла на сцэну, а эмоцыі так нахлынулі, што толькі расплакалася. Цяжка было казаць пра яго ў мінулым часе.

Пакаленне працаўнікоў

У хаце Ніны Архіпаўны адчуваецца яшчэ тая эпоха. Мэбля савецкага перыяду, вышыўкі на сценах. Гэта яе рук справа. І калі толькі паспявала? Па іх можна здагадацца, якое месца ў яе жыцці займалі коні. 

Яны прысутнічаюць ледзь не на кожнай карціне. А яшчэ шмат кніг на палічках. «Дрэнна спала па начах, кнігі ратавалі», — усміхаецца яна. З шафы на нас глядзіць бронзавая статуэтка Пашы Ангелінай. Быццам нагадвае аб працоўных подзвігах сваёй гаспадыні. Былая трактарыстка вельмі ганарыцца, што яе працу так высока ацанілі.

— Я вельмі старанная была, — кажа яна. — Сеяла гектарамі. Працавала ад відна да відна. 

У абед нешта хуценька ў кабіне перахаплю — і зноў за руль. Сеяла кукурузу, гуркі, моркву, нават мак. Не ведала, што такое бальнічны, хоць аднойчы прыйшлося пару тыдняў дома пасядзець. Убірала гарох і авёс, як раптам дым з-пад капоту пайшоў, вада закіпела. Ведала, што нельга адразу яго адкрываць, але як хто за руку пацягнуў. Адкрыла — і гарачай парай апякло ўсю. Боль быў страшны. Але неяк прыехала на мехдвор, касілку паставіла, і дамоў на веласіпедзе памчалася. 

Пляменніца як убачыла мяне, спужалася. А я яшчэ на работу збіралася ісці. Яна стала на дзвярах — нікуды, крычыць, не пушчу. Прыйшлося дома пабыць, падлячыцца. Да спіны нельга было дакрануцца: агнём пякло...

 

У сямейным архіве Ніны Бяляўскай шмат цікавых фота, дзе яна на трактары, на ўзнагароджванні ў Маскве, сярод моладзі, дэпутатаў. На сцяне — партрэты, зробленыя фотакарэспандэнтам часопіса «Сялянка», які пісаў пра подзвігі маладой механізатаркі.

— Вас не бянтэжыла, што ўвесь час даводзілася ў пыле працаваць, грукаце? — цікаўлюся ў стаханаўкі.

— Мне падабалася, я і працавала. Сяброўкі смяяліся, што я як мужчына ў штанах на трактары. Гэта цяпер жанчыны ўвесь час у штанах, а тады толькі сукенкі насілі. 

І я сукенку адзела. Злазіла з трактара, ды і зачапілася ёй за жалезку. Нагамі зямлю дастаць не магла. Шморгала спадніцу, пакуль не парвалася. 

З таго часу больш сукенку на работу не адзявала.

— Напэўна, за цяжкую працу і плацілі добра?

— Для мяне гэта не было галоўным. Я грошы наогул не лічыла. Толькі калі сям’я з’явілася, дзеці пайшлі, стала гэтаму ўвагу ўдзяляць.

— Муж таксама быў трактарыстам?

— Спачатку ён у брыгадзе працаваў. А калі са мной пазнаёміўся, паехаў у Бабруйск і тры гады вучыўся на трактарыста. 

З суседняй вёскі да мяне на спатканні прыязджаў на веласіпедзе. Ён таксама са шматдзетнай сям’і, бацька на вайне загінуў. Калі сказаў маці, што са мной збіраецца ажаніцца, яна спачатку супраць была. Я ж незалежная, увесь час працавала ў мужчынскай кампаніі. Некаторыя людзі прыдумвалі пра мяне ўсякія небыліцы. Жаніх мой Антон упэўнены быў ува мне, а вось яго маці да апошняга сумнявалася. Толькі калі з бацькамі маімі пагутарыла, памякчэла.

— А як выхадныя праводзілі, святы?

— Якія яшчэ выхадныя, нават на Вялікдзень працавала, у нас пасяўная была. А цэрквы ў раёне разбурылі яшчэ пры Арлоўскім. З рэлігіяй так змагаліся. І святамі асабліва не цікавілася. Не было на гэта часу. Нават на танцы не хадзіла, толькі ў кіно. І тое да таго, як замуж выйшла. Дома трымала свіней, карову, птушку. Тады ва ўсіх гаспадарка была. Першынца свайго ледзь не на трактары нарадзіла. Тры месяцы пабыла ў дэкрэце — і на работу. Такой раскошы, як сёння — тры гады з малым сядзець, — не было. Бабуля дзіця даглядала.

— З якімі пытаннямі да вас звярталіся як да дэпутата?

— Глабальных праблем не вырашала, але нікому не адмаўляла ў дапамозе. Аднойчы ў поле працавала, а да мяне жанчына прыбегла. Плача, што муж за ёй з нажом ганяўся. Патэлефанавала ў Кіраўск у міліцыю, прыехаў нарад і прыструніў яго.

«Баба за рулём?»

У савецкі час убачыць жанчыну за рулём легкавой машыны было дзіўна. І Ніна Бяляўская па тых часах была больш выключэннем, чым правілам. Калі стала дэпутатам, мела магчымасць без чаргі набыць матацыкл К-750. Трэба было шмат круціцца па справах. Потым прыдбала «Ладу 2101». 

Вельмі хацела мець уласны аўтамабіль. Кожную капейку на ашчадную кніжку клала. Машыну ў Бабруйску купляла. Калі прыехала на той аўтарынак, вочы разбегліся. Як толькі ўбачыла чырвоную машыну, падбегла да яе і адразу ж аб’явіла: «Мая». Яна была першая жанчына ў раёне, якая села за руль свайго аўто. З усмешкай расказвае, што хацела неяк мясцовую жыхарку падвезці, а тая як убачыла яе за рулём, толькі адмахнулася: «Вой, баба за рулём? Не, не паеду».

На сваёй «капеечцы» Ніна Архіпаўна шмат гарадоў аб’ехала. Была ў Закарпацці, вазіла сям’ю ў госці да сватоў сястры. І ў Мінск ездзіла да брата мужа, і па Мінску. Успамінае, што настолькі ўпэўненая была ў сабе і машыне, што нічога не баялася.

Ніна Архіпаўна і сёння ўся ў дзеянні. Пакуль маладыя суседзі спяць, яна ўвесь свой агарод абыдзе, парадак навядзе, птушку пакорміць. Не прывыкла сядзець склаўшы рукі. «Наша пакаленне не шукала сабе ні лёгкага хлеба, ні лёгкіх дарог. Бо самае дарагое, самае цудоўнае ў нашым жыцці — гэта самаадданая праца на карысць любімай Радзімы». Гэтыя словы Пашы Ангелінай, пазначаныя на прызе, сталі для Ніны Бяляўскай дэвізам жыцця.

Нэлі ЗІГУЛЯ

фота аўтара

Кіраўскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пачым галоўны «зімовы прадукт»?

Пачым галоўны «зімовы прадукт»?

Давайце высветлім, пачым сёння наш галоўны прадукт «зімовага рацыёна», што ў асартыменце ў гэтым лістападзе і які від сала карыстаецца цяпер найбольшым попытам.

Грамадства

Не разбегліся падчас рамонту — жыць вам заўсёды разам

Не разбегліся падчас рамонту — жыць вам заўсёды разам

...Як ламае сумеснае актыўнае пераабсталяванне жылля добрыя сем’і, я ведаю не па чутках.

Эканоміка

Адзіны маёмасны плацеж

Адзіны маёмасны плацеж

Яго неабходна заплаціць да 15 лістапада.