Арганізаваны Саветам Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі і Міжпарламенцкай Асамблеяй дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў ІV Еўразійскі жаночы форум прайшоў у Санкт-Пецярбургу 18–20 верасня. У маштабным мерапрыемстве ўдзельнічалі прадстаўніцы 126 краін. Беларускую дэлегацыю ўзначальвала Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, якая выступіла на пленарным пасяджэнні форуму. У сваёй прамове яна адзначыла дасягненні Беларусі і міралюбівы характар палітыкі нашай краіны, падкрэсліла асаблівую місію жанчын у новым глабальным свеце, важнасць захавання сямейных, традыцыйных каштоўнасцяў, заклікала да аб’яднання ўсіх сіл добрай волі ў імя захавання чалавецтва.
Шчырыя і адкрытыя словы Старшыні Савета Рэспублікі і актуальнасць узнятых пытанняў выклікалі ва ўдзельніц форуму непадроблены інтарэс як да нашай дэлегацыі, так і да Беларусі ў цэлым. Таксама Наталля Качанава правяла шэраг двухбаковых сустрэч: са старшынёй Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расіі Валянцінай Матвіенка, старшынёй Сената Олій Мажліса Узбекістана Танзілай Нарбаевай, віцэ-прэзідэнтам Уганды Джэсікай Алупа, генеральным дырэктарам групы «Расійскі экспартны цэнтр» Веранікай Нікішынай і іншымі. Былі наладжаны кантакты з урадавымі і грамадскімі арганізацыямі шэрагу краін, бізнес-супольнасцямі.
Менавіта з мэтай абагульніць, сістэматызаваць і прааналізаваць усё, што адбылося на форуме ў Савеце Рэспублікі, прайшло пасяджэнне па выніках удзелу ў ім беларускай дэлегацыі. «Аб тым, што форум прайшоў даволі паспяхова, сведчаць колькасць краін-удзельніц і тыя пытанні, якія там абмяркоўваліся. Для нас сёння важна, каб мы акумулявалі пытанні і дамоўленасці, якія закраналіся падчас форуму», — адзначыла Наталля Качанава на пачатку сустрэчы. Яна падкрэсліла, што на палях форуму прадстаўніцы нашай краіны ўдзельнічалі ў стратэгічных сесіях і дыялогавых пляцоўках форуму, працавалі ў шматлікіх секцыях і, вядома, было вельмі шмат кантактаў. «Мы павінны сёння іх закумуляваць і па выніках нарады скласці план, паводле якога можна будзе працягваць гэтую работу. Вельмі важна не прапусціць ніводнай ініцыятывы. Магчыма, былі нейкія дамоўленасці, і мы павінны іх прасоўваць. У адукацыі, ахове здароўя, сацыяльнай сферы, лёгкай прамысловасці. Дзе трэба — накіраваць запрашэнні і ўжо сёння працаваць над афіцыйнымі візітамі», — звярнула ўвагу спікер.
Удзельніцы пасяджэння ў сваю чаргу паведамілі аб найбольш цікавых, па іх меркаваннях, ініцыятывах і прапановах. Так, старшыня канцэрна «Беллегпрам» Таццяна Лугіна расказала аб удзеле ў секцыі па лёгкай прамысловасці. Яна адзначыла, што ёсць папярэднія дамоўленасці аб візіце ў Беларусь з кіраўніком буйной індыйскай гарбарнай кампаніі. Гэта прадпрыемства ўваходзіць у сусветную дзясятку кампаній па перапрацоўцы скуры і вытворчасці абутку з яе. «Мы дамовіліся аб тым, што яна наведае нашу краіну, каб паглядзець нашы гарбарныя прадпрыемствы. І спадзяёмся, што заключым пэўныя дагаворы аб кааперацыі. Гэтая кампанія працуе ў 35 краінах, і супрацоўніцтва з ёй можа адкрыць перад намі вялікія перспектывы», — заўважыла Таццяна Лугіна.
Таксама сярод цікавых ініцыятыў яна назвала кітайскі вопыт вытворчасці штучных нітак з драўніны.
Свае прапановы выказала і рэктар Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Наталля Лапцева, якая брала ўдзел у трох секцыях. Яна адзначыла, што напрацоўкі МДЛУ ў пытаннях настаўніцтва (а менавіта гэтыя пытанні выклікалі ў яе найбольшую цікаўнасць), у прыватнасці для маладых спецыялістаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу, выклікалі жывы інтарэс у замежных калег. Як вынік — ёсць пэўныя кантакты, дамоўленасці, якія дадуць магчымасць рэалізоўваць сумесныя гуманітарныя праекты ва ўдасканаленні гэтага кірунку.
Яшчэ адзін цікавы кірунак — развіццё школы савета маладых вучоных, а таксама цэнтраў па вывучэнні Беларусі. «У будучыні мы маглі б рэалізаваць праект па адкрыцці цэнтраў беларусазнаўства пры міністэрствах адукацыі ў краінах, з якімі супрацоўнічаем. Сумесна з КНР у нас ужо дзейнічае 11 такіх цэнтраў, 6 з якіх патрануе наш універсітэт. Але гэты вопыт можа быць распаўсюджаны і на афрыканскія краіны, там, дзе мы цяпер заключаем дагаворы аб узаемадзеянні. Мяркую, гэта будзе цікава для ўсіх», — зазначыла Наталля Лапцева.
Яна таксама звярнула ўвагу на развіццё штучнага інтэлекту, у распрацоўцы і ўкараненні інструментаў якога прымаюць удзел і жанчыны. Дарэчы, па словах рэктара МДЛУ, у наступным годзе ва ўніверсітэце з’явіцца новая спецыяльнасць — «Лічбавая лінгвістыка», дзе будуць рыхтаваць супрацоўнікаў, якія змогуць валодаць прыладамі штучнага інтэлекту для рэалізацыі ў прафесійнай дзейнасці па розных кірунках.
Старшыня Беларускага саюза жанчын, дырэктар прадстаўніцтва МТРК «Мір» у Беларусі Вольга Шпілеўская звярнула ўвагу ўдзельнікаў пасяджэння на глабальную мэту Еўразійскага жаночага форуму і на ролю Беларусі ў сусветных працэсах. Яна адзначыла, што жаночы рух набірае абароты і сёння ў свеце да жанчын ставяцца вельмі ўважліва, таму любыя міжнародныя форумы вельмі важныя. Такога роду мерапрыемствы дапамагаюць абмяняцца вопытам, абмеркаваць праекты, даведацца аб праблемах, якія ёсць у іншых краінах, сумесна выпрацаваць шляхі вырашэння гэтых праблем. «На форумах становіцца зразумела, чым мы можам быць карыснымі жанчынам свету і чым яны могуць быць карысныя нам. І таму шмат пацвярджэнняў, — зазначыла старшыня БСЖ. — Гэта і Беларуска-ўзбекскі форум жанчын-прадпрымальнікаў, і той жа Еўразійскі жаночы форум. Калі ў мерапрыемстве ўдзельнічае 126 краін і больш за дзве тысячы прадстаўніц, кожная са сваімі пытаннямі, праблемамі і прапановамі, то зразумела, што гэтая канструктыўнасць адбіваецца не толькі на развіцці асобнай краіны, але і на ўвесь свет».
На заканчэнне сустрэчы Наталля Качанава яшчэ раз нагадала аб неабходнасці грунтоўна прапрацаваць усе дамоўленасці і падыходзіць да іх рэалізацыі ўважліва і адказна.
Уладзімір ВЯРЭНІЧ
Фота: БелТА
Традыцыя Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Пенсіі працоўным — без абмежаванняў, дадатковая падтрымка — сем’ям.
У апошнія гады колькасць чаргавікоў істотна памяншаецца
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.