У «Мастацкай літаратуры» выйшла новае выданне зборніка вершаў народнага паэта Беларусі Янкі Купалы.
Мы прызвычаіліся, што творчасць класікаў беларускай літаратуры новыя пакаленні чытачоў адкрываюць альбо па хрэстаматыях, школьных падручніках альбо па Зборах твораў ці на крайні выпадак — Зборах выбраных твораў у двух ці болей тамах. А часам узнікае жаданне мець пад рукою невялікі зборнічак, невялікую кніжачку, якая прадстаўляла б лепшыя, найболей запамінальныя, раней знаёмыя творы. І тыя, што песнямі гучаць, і тыя, што па памяці вучылі ў школьныя гады...
У «Мастацкай літаратуры», магчыма, ўлічваючы і гэтую акалічнасць, гэтую чытацкую запатрабаванасць, па заказе Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь выйшла кніга Янкі Купалы «Мая малітва». Пачынаецца зборнік славутым вершам «Мужык». «Што я мужык, усе тут знаюць,/ І, як ёсць гэты свет вялік,/ З мяне смяюцца, пагарджаюць, — / Бо я мужык, дурны мужык./ Чытаць, пісаць я не ўмею,/ Не ходзіць гладка мой язык,/ Бо толькі вечна ару, сею, — / Бо я мужык, дурны мужык./ Бо з працы хлеб свой здабываю...» А завяршае «Маю малітву» раздзел з паэмамі —"Курган", «Бандароўна», «Магіла льва». Заключная страфа з «Кургана», паэмы, якая напісана ў 1910 годзе: «Кажуць, каб хто калі зразумеў голас той,/ Не зазнаў бы ніколі ўжо гора.../ Можна тут веру даць, толькі слухаць душой.../ Курганы шмат чаго нам гавораць».
«Мая малітва», якую ўклаў паэт Алесь Бадак, выйшла ў афармленні Міхаіла Дайлідава (ён — і аўтар афармлення серыі) у серыі «Новая бібліятэка беларускай паэзіі». Паэзія генія беларускага слова заўсёды жывая і новая пры кожным яе новым прачытанні.
Набыць кнігу можна ў кнігарнях ААТ «Белкніга» па ўсёй краіне і ў Мінску ў кнігарні «Акадэмкніга» па адрасе: праспект Незалежнасці, 72. Новых чытацкіх сустрэч з Янкам Купалам!
Мікола БЕРЛЕЖ
Хораша там, дзе моладзь ёсць!
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.