Вы тут

Што сучасная медыяпрастора нам рыхтуе?


Шмат студэнтаў журфака (і не толькі) мараць стаць медыйнымі, стварыць свой папулярны і значны рэсурс на абшарах глабальнай сеткі. Але як гэтага дабіцца ў XXІ стагоддзі, калі ствараецца адчуванне, нібы ўсе нішы ўжо занятыя. Рукі, вядома, апускаць не варта, бо многія сумневы — усяго толькі страхі і стэрэатыпы, якія нам дапамагла развеяць шэф-рэдактар расійскага медыяхолдынга «Рыдаўка» Ксенія Міронава падчас стратэгічнай сесіі-сустрэчы ў рамках XVІІ фестывалю «Моладзь — за Саюзную дзяржаву».


Поспех — толькі ў мегаполісе?

Вядома, гэта не так. Сама «Рыдаўка» пачынала ў 2011 годзе з невялікага пабліка «УКантакце» аб рэгіянальных навінах Смаленска. А ўжо ў 2017 годзе ў іх з’явіўся федэральны сайт, які з таго часу асвятляе падзеі ў Расіі і свеце. Асноўнай пляцоўкай стаў ТГ-канал «Readovka», які сёння мае больш за 2,7 мільёна падпісчыкаў.

— Няма меж, і ўсё роўна, з якога ты горада ці краіны. Нават жыхары зусім маленькага пасёлка могуць дасягнуць шмат у медыяасяроддзі дзякуючы сваёй упартасці. Увогуле, пара ўключаць галаву і ісці скараць вяршыні, — заключыла Ксенія Міронава.

Па словах эксперта, сёння Telegram — самая актуальная пляцоўка, на якой могуць працаваць як журналісты, так і іншыя аўтары.

— Сакрэт яго папулярнасці — у зручнасці. Ёсць тры складнікі поспеху, якія дае гэтая пляцоўка для журналістаў і аўтараў любога кантэнту: хуткасць, прастата і рэакцыя. Мы, дзякуючы Telegram, сталі вельмі хутка атрымліваць навіны. Аўдыторыя гэтым ужо вельмі распешчаная, і пакуль іншых аналагаў няма.

 

Аднак у сучасным свеце заўсёды варта трымаць руку на пульсе.

— Апошнія падзеі з затрыманнем Паўла Дурава ў Францыі кажуць аб тым, што, магчыма, нас будуць чакаць некаторыя змены. Але час пакажа, — дадала журналістка.

 

З чаго пачаць

Найперш, вельмі важна вызначыцца з тэматыкай. Так, калі ты хочаш весці ТГ-канал пра падарожжы, то абавязкова павінна быць разыначка, якая б адрознівала яго ад канкурэнтаў. А далей — праца, праца і яшчэ раз праца.

 

— Нельга прападаць. Кожны дзень выпускайце хоць бы адну публікацыю. Гэта вельмі важна на пачатковым этапе, — дзеліцца Ксенія Міронава. — Калі казаць аб аўдыторыі, то для пачатку дадайце туды ўсіх вашых сяброў, блізкіх, знаёмых. Так вы будзеце адчуваць, што ёсць для каго працаваць. Калі на канале дзесяць падпісчыкаў, то, напэўна, не хочацца кожны дзень туды нешта пісаць і ўкладаць сілы.

Пасля таго як набярэцца прыкладна 500 падпісчыкаў, можна пазнаёміцца з аўтарамі ТГ-каналаў сумежнай тэматыкі.

 

— Напрыклад, калі вы захацелі зрабіць ТГ-канал аб горадзе, то знаходзьце іншых, хто асвятляе падобную тэму, і проста пішыце ім з прапановай пазнаёміцца. Я вас запэўніваю, з дзесяці чалавек можа адзін адмовіцца, але ўсе астатнія захочуць супрацоўнічаць, таму што гэта ўсім цікава, — распавяла Ксенія Міронава. — Вось так набіраеце кола знаёмстваў у медыяасяроддзі і дамаўляйцеся для пачатку аб узаемным піяры. Яны рэпосцяць вашу публікацыю, а вы — іх альбо робіце рэкламны пост, але бясплатны, пакуль у вас невялікая аўдыторыя.

Дзякуючы ўзаемнаму піяру канал абавязкова будзе расці і ў нейкі момант дойдзе да такіх значэнняў, што можна будзе замаўляць рэкламу ў тых ТГ-каналаў, якія вам падабаюцца, на платнай аснове.

 

— Галоўнае — праверыць, каб там была жывая аўдыторыя. Для гэтага трэба звярнуць увагу на каментарыі і на статыстыку ў ТГ-стаце, — нагадала медыяэксперт.

Чым зачапіць аўдыторыю і дзе знайсці натхненне?

На думку Ксеніі Міронавай, найбольш запатрабаваны сярод падпісчыкаў гучныя сітуацыі экстраннага характару і сацыяльная несправядлівасць.

 

— У першым выпадку гэта тэрміновая неабходнасць атрымання інфармацыі. Таму, дарэчы, падчас розных надзвычайных падзей вельмі моцна растуць ТГ-каналы, падпісваецца велізарная колькасць людзей, якія становяцца вашай пастаяннай аўдыторыяй. У другім выпадку чапляе тое, што вы захочаце заступіцца за чалавека, да якога па нейкіх прычынах несправядліва ставяцца: пазбаўляюць дому, не аказваюць медыцынскую дапамогу і гэтак далей.

Наконт натхнення журналістка з усмешкай адказала, што шукаць гэты стан не заўсёды выпадае магчымасць.

— Мы вельмі шмат працуем. Я параўнала б нас з такім цягніком, які прабівае ўсе сцены, таму што вельмі высокія патрабаванні. Журналістыка, вядома, — творчая работа, але ў першую чаргу гэта ўнутраны матор ва ўсіх, хто ў вашай камандзе.

 

Яшчэ многіх цікавіла пытанне, якое месца займае штучны інтэлект у сучаснай журналістыцы. Гэтая тэма апошнім часам становіцца ўсё больш актуальнай. Так, у «Рыдаўцы» штучны інтэлект выкарыстоўваюць дызайнеры.

— Нешта адмалёўваюць уручную, недзе дапамагае штучны інтэлект, і яны ў такой цеснай звязцы працуюць. Дзякуючы гэтаму, мы набіраем хуткасць. Тое, на што ў дызайнераў сышло б некалькі дзён, штучны інтэлект робіць за хвіліны, — адзначыла Ксенія Міронава.

 

Аднак тэксты пішуць толькі жывыя людзі. Па словах журналісткі, яны выдатна спраўляюцца са сваімі задачамі і ў дапамозе штучнага інтэлекту на дадзены момант не бачаць неабходнасці.

— Зыходзячы з таго, што я бачу ў медыяпрасторы аб штучным інтэлекце, думаю, калісьці гэта пракрадзецца ва ўсе сферы нашага жыцця. Вось у нашым медыяхолдынгу гэта паволі перацякло ў аддзел дызайнераў, але я не ўпэўнена, што на тым усё скончыцца. Таму я была б уважлівай і абавязкова вывучала ўсе моманты, звязаныя са штучным інтэлектам, — падсумавала журналістка.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.  

Грамадства

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Мерапрыемства пачнецца на Віцебшчыне.

Грамадства

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці 

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.